Дзявяты тур чэмпіянату Беларусі па футболе запомніўся гульнёй у Салігорску, дзе «Шахцёр» прымаў лідэра чэмпіянату барысаўскі БАТЭ.

Летась каманды сышліся ў апошнім туры першынства, калі вырашаўся лёс мэдалёў. Салігорцы, прайграючы 0:2, выйгралі ў барысаўцаў 3:2 і заваявалі бронзу.

Ня дзіва, што БАТЭ прагнуў рэваншу. Аднак матч пачаў складвацца па сцэнары «Шахцёру». У пачатку другога тайму салігорцы, дзякуючы дублю Лявончыка і голу Кліменкі, выйгравалі зь лікам 3:1. Здавалася, што «Шахцёр» мусіць спакойна давесьці матч да лягічнай перамогі. Аднак у гэты момант за справу ўзяўся лепшы тандэм форвардаў чэмпіянату Віталь Радзівонаў і Генадзь Блізьнюк. На двух яны зрабілі тры галы. БАТЭ, праявіўшы сапраўдную волю, перамог 4:3.

Адарвацца яшчэ на большую адлегласьць ад канкурэнтаў БАТЭ ня змог. Таксама прайграючы па ходу матчу, перамогі з аднолькавым лікам 2:1 атрымалі асноўныя канкурэнты барысаўцаў «Гомель», МТЗ‑РІПА і жодзінскае «Тарпэда», яны аказаліся мацней адпаведна за «Віцебск», «Менск» і «Дарыду».

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Нафтан» – «Смургоні» 0:1, «Дынама» (Берасьце) – «Нёман» 0:0, «Дынама» (Менск) – «Дняпро» 1:0.

Турнірная табліца пасьля дзявяці тураў выглядае наступным чынам: БАТЭ – 24 пункты, МТЗ‑РІПА – 17, «Тарпэда» – 16, «Гомель» – 15, «Нёман» – 14, «Смургоні» – 13, «Шахцёр» – 12, «Дынама» (Менск) – 11, «Дняпро», «Віцебск», «Дынама» (Берасьце) – па 9, «Дарыда» – 8, «Нафтан» – 7, «Менск» – 6.

Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца Генадзь Блізьнюк (БАТЭ) – 11 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?