Правінцыя возьме рэванш

Яўген Вапа,
Марцін Рэмбач

 

Алесь Бяляцкі, каардынатар ініцыятывы “Незалежнае Назіраньне”, раптам зьніякавеў. Праз гадзіну пасьля закрыцьця выбарчых участкаў штаб Ганчарыка падаў вынікі выбараў. Паводле іх, Лукашэнка атрымаў 46% падтрымкі, а Ганчарык — 40,6%.

— Будзе другі тур, — трыюмфаваў Ганчарык перад пяцітысячным натоўпам, які сабраўся на Кастрычніцкай плошчы.

У той самы час афіцыйная беларуская тэлевізія інфармавала, што цяперашняму прэзыдэнту выказалі падтрымку каля 80% выбаршчыкаў.

— Гэта яшчэ не канчатковыя вынікі, але тэндэнцыя ўжо відавочная, — казала прадстаўніца Цэнтравыбаркаму, не хаваючы задавальненьня.

Ці ж магла яна паводзіць сябе іначай, калі за некалькі дзён да таго ейная начальніца Лідзія Ярмошына публічна сьцьвердзіла, што мажлівая выбарчая параза Лукашэнкі была б ейнай асабістай няўдачай?

Бяляцкі, у структурах якога працавалі 13 тыс. незалежных назіральнікаў, быў моцна ўражаны. Незалежныя назіральнікі яшчэ доўга не маглі падаць вынікі. Ва ўсіх рэгіянальных аддзяленьнях улада адключыла тэлефоны, электронную пошту, факсы. Назіральнікаў не дапускалі да пратаколаў выбарчых камісіяў. Гадзіну пасьля выбараў ня дзейнічалі ані сотавыя, ані спадарожнікавыя тэлефоны. Ніхто ня быў у стане даць незалежную ацэнку вынікаў.

— Мала таго, што Ярмошына дурыць нам галаву, яшчэ й Ганчарык... — нэрваваўся Бяляцкі, тэлефануючы ў штаб незалежнага кандыдата. Там ён дазнаўся, што Ганчарык укараніў у выбарчыя камісіі 700 сваіх глыбока закансьпіраваных назіральнікаў.

— Застаецца толькі падзякаваць за дапамогу, пра якую ніхто ня ведаў, — іранізаваў Бяляцкі. — Калі ня скажаце ўцямна, што зьвесткі пра 46 і 40,6% зыходзяць ад вашых назіральнікаў, а не ад незалежных, я падчас прэсавай канфэрэнцыі назаву вас хлусамі.

— Гэта пагроза? — пачуў ён у адказ.

Так праз гадзіну пасьля выбараў, якія меліся злучыць беларускую апазыцыю, у ейным асяродзьдзі паказаліся першыя расколіны.

Міт пра аб’яднаную апазыцыю

Усе ранейшыя паразы беларускай апазыцыі дэмакратычны сьвет тлумачыў ейным няўменьнем дзейнічаць супольна. Аляксандар Дабравольскі, адзін зь лідэраў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, падчас сустрэчы, на якой абмяркоўвалася стратэгія апазыцыйных сілаў перад выбарамі ў парлямэнт у 2000 г., казаў:

— Ня так важна, каб мы прынялі мудрае рашэньне. Ніхто з нас ня мае манаполіі на мудрасьць. Важней, каб мы прынялі супольнае рашэньне.

Апазыцыя зьбіралася байкатаваць тыя выбары, паколькі не было шанцаў пазьбегнуць падтасовак. Толькі Мікалай Статкевіч, лідэр Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, цьвердзіў, што выбары, якія б яны ні былі, даюць партыям шанец на існаваньне ў грамадзкай сьвядомасьці.

Грамада Статкевіча ўзяла ўдзел у выбарах 2000 г., не атрымала ніводнага мандату, зазнала астракізм з боку дэмакратычных асяродкаў і пачала развальвацца.

Такі лёс чакае ўсе дэмакратычныя арганізацыі, якія наважваюцца ісьці на выбары, афіцыйныя вынікі якіх залежаць толькі ад апарату, які падлічвае галасы. Аднак не такія высновы зрабіла з паразы Статкевіча беларуская апазыцыя. Пераважала думка, што няўдалы байкот выбараў і параза Грамады сталіся вынікам таго, што дэмакраты ня здолелі прыняць супольнага рашэньня. Ніхто не падумаў, што гэта ня мае ніякага значэньня, бо праціўнік наперад ведаў, што выйграе.

Вось жа, перад прэзыдэнцкімі выбарамі беларуская апазыцыя даведалася, што яна стаіць перад сьцяной.

— Зладзіць яшчэ адзін байкот мы ня здолеем, — казалі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў. — Трэба ўзяць удзел у выбарах, падтрымаць аднаго кандыдата і не даваць уладзе падтасаваць галасы.

Да такіх дзеяньняў заахвочвалі вынікі дасьледаваньняў, якія нязьменна паказвалі, што рэйтынг Лукашэнкі ўпаў да 30%.

Распачаўся працэс вылучэньня супольнага кандыдата. Працэс, як высьветлілася, цяжкі й багаты на дзівосныя павароты.

 

Правінцыя
ці мэтраполія?

Ужо доўгі час у асяродках беларускай апазыцыі паглыбляўся падзел на “недаацэненую” правінцыю і сталіцу, якая “думае толькі пра сябе й больш размаўляе з прадстаўнікамі Захаду, чым з уласнымі грамадзянамі”.

— Так, тут ціха, спакойна. Нібы да выбараў яшчэ пяць гадоў, — так іранізаваў над санлівай перадвыбарчай атмасфэрай у Менску Віктар Сазонаў, адзін зь лідэраў гарадзенскай апазыцыі.

Для Віктара візыты ў Менск — прычына раздражненьня й нагода для выказваньня пякучых словаў на адрас менскай эліты.

— Менск адно высмоктвае з нас сокі, нічога не даючы ўзамен.

Так думае не адзін Сазонаў. У апошнія гады напружанасьць паміж менскімі палітыкамі й дзеячамі зь беларускіх рэгіёнаў расьце. Прадмет спрэчкі — стратэгія апазыцыі. Спосаб вылучэньня дэмакратычнымі сіламі кандыдата на пасаду прэзыдэнта падліў алею ў агонь.

Нарастаньне канфлікту паміж рэгіёнамі й мэтрапольна-каляніяльным Менскам спыніў быў амбітны палітык Сямён Домаш, чый рух “Рэгіянальная Беларусь” аб’ядноўваў прадстаўніцтвы палітычных партый і няўрадавых арганізацый у рэгіёнах. Са зьяўленьнем “Рэгіянальнай Беларусі” Домаш стаўся паважнай палітычнай фігурай, якую ў Беларусі нельга было ігнараваць. Гарадзенскі палітык мог памірыць апазыцыйныя эліты, што сварыліся за пасады ў сваіх структурах, узмацніць менскія арганізацыі рэгіянальнай падтрымкай.

Домаш, аднак, усьведамляў, што атаясамленьне з адной групоўкай прывядзе яго да страты самастойнасьці. І ён вырашыў ісьці на выбары ў якасьці лідэра кааліцыі грамадзянскага супраціву. Адначасова незадаволеныя дзеячы рэгіянальных структураў убачылі ў Домашу кіраўніка, голас якога раней ці пазьней будзе запатрабаваны ў Менску.

Крызыс у сувязях паміж пэрыфэрыяй і цэнтрам узмацняўся разам з ростам ціску на асяродкі апазыцыі ў рэгіёнах з боку лукашэнкаўскай вэртыкалі. Сёньня ўжо ніхто ня мае сумневаў, што аб’ектам атакі прэзыдэнцкіх структураў у апошнія гады былі перадусім рэгіянальныя дэмакратычныя асяродкі. Затое рэпрэсіі ў Менску не ўзмацняліся. Вядома ж, апроч жорсткіх дзеяньняў, накіраваных пераважна (для перасьцярогі) супраць ранейшых хаўрусьнікаў Лукашэнкі. Такіх, як Ганчар, Захаранка, Старавойтаў, Лявонаў.

Рэпрэсіі супраць правінцыі ўзмацніліся ў апошнія тыдні выбарчай кампаніі. Так, у суседняй з Польшчай Гарадзеншчыне ўлады напярэдадні выбараў спынілі выхад адзінай беларускамоўнай рэгіянальнай газэты “Пагоня”, ператрэсьлі гарадзенскую сядзібу БНФ, а Сяргея Мальчыка, каардынатара “Незалежнага Назіраньня”, праслухоўваў КДБ.

Разам з узмацненьнем рэпрэсіяў расла надзея мясцовых дзеячоў на Менск. У правінцыі задумваліся, на якую дапамогу з боку цэнтру можа разьлічваць чалавек, пазбаўлены ўладай мажлівасьці працаваць, утрымліваць сябе й сям’ю. Для прыблізна 13 тыс. грамадзянаў, што ўзялі ўдзел у “Незалежным Назіраньні”, сёньня гэта жыцьцёва важнае пытаньне. Ці абароняць іх ад рэпрэсіяў дзяржавы? Гэта, можа быць, найважнейшае пытаньне для ўсёй беларускай апазыцыі, якая не пашырыць свайго ўплыву, калі ня возьме на сябе адказнасьці за лёс сваіх прыхільнікаў на месцах.

Віктар Сазонаў з Горадні настроены скептычна:

— Менск пакіне нас на волю лёсу. Прыгадае пра нас толькі перад наступнымі выбарамі.

 

Комплекс Лукашэнкі

За гады свайго кіраваньня Лукашэнка дабіўся некалькіх эфэктных унутрыпалітычных перамог. Ён сарваў спробу імпічмэнту, які рыхтавалі Сямён Шарэцкі і дэпутаты парлямэнту ХІІІ скліканьня, лёгка падоўжыў сабе тэрмін паўнамоцтваў на два гады, а спробу Віктара Ганчара арганізаваць прэзыдэнцкія выбары ў 1999 г. ператварыў у гратэск. Лукашэнка паводле ўласных законаў правёў выбары новага парлямэнту, дэпутаты якога, відаць, хутка стануцца адзінымі прадстаўнікамі беларускага парлямэнтарызму ў эўрапейскіх структурах. Сямён Шарэцкі, старшыня Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, тым часам пакінуў віленскую эміграцыю ды зьехаў у Злучаныя Штаты.

Досьвед прэзыдэнцкіх выбараў 1994-га вымушаў апазыцыю ў 2001-м шукаць новых асобаў, адпаведных уяўленьням беларускага грамадзтва пра свайго прэзыдэнта. У 1994 г. беларусы падтрымалі кандыдата правінцыі (Лукашэнка падчас выбарчай кампаніі ўсімі сіламі падкрэсьліваў сваё паходжаньне з Магілёўшчыны). Акрамя таго, ён абвяшчаў сябе праваслаўным атэістам, тады як ягоныя канкурэнты — Кебіч, Пазьняк і Шушкевіч — былі каталікамі зь Менску.

Рэлігійны і цывілізацыйны чыньнікі значна ўплываюць на вынікі выбараў у Беларусі. Аднак лідэры беларускай апазыцыі гэтага ня ўлічваюць. Тады як Лукашэнка падчас прэзыдэнцкай кампаніі пасьлядоўна выкарыстоўваў аўтарытэт праваслаўнай царквы. У дадатак, беларусы і ў 1994 г., і цяпер хацелі мець прэзыдэнта маладога, энэргічнага й не зьвязанага з пэўнай палітычнай партыяй. Таму Сямён Домаш быў сур’ёзным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкае крэсла. Калі б ён пайшоў на выбары, мы сталіся б сьведкамі змаганьня не абы-якіх спартоўцаў — Лукашэнкі, які парушае правілы гульні ня толькі ў палітыцы, але і на лядовым катку, і Домаша, што займаўся боксам у маладосьці й сьмела адказвае ўдарамі на ўдары, нават калі праціўнік наносіць іх ніжэй поясу. Трэ было толькі кінуць пальчатку і вызначыць правілы гульні.

Менск контратакуе

Для беларускай дэмакратычнай апазыцыі, увасобленай у БНФ, АГП і яшчэ пяцёрцы партыяў, невыканальнай задачай стала вылучэньне са сваіх шэрагаў кандыдата ў прэзыдэнты. Усе разумелі патрэбу кансалідацыі й еднасьці апазыцыі. Зьяўленьне Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў давала палітычна заангажаваным грамадзянам надзею на тое, што падзеі можна будзе прымусіць разьвівацца па сваім сцэнары.

Адсутнасьць уласнага кандыдата, атаясамленьне з дэмакратычнай апазыцыяй людзей з лукашэнкаўскай намэнклятуры, якія трапілі ў ягоную няласку, прывяло да размываньня выразнасьці панятку “дэмакратычныя сілы” ў грамадзкім уяўленьні. Такая сытуацыя спрыяла Домашу, які паходзіў з адміністрацыйнай намэнклятуры і адначасова меў статус апазыцыйнага палітыка. Дзякуючы незалежным мэдыям яго пачалі пазнаваць ва ўсёй Беларусі. Падарожнічаючы на ўсход і захад Эўропы, ён вучыўся салённых манэраў й заваёўваў давер розных палітычных колаў.

Узровень папулярнасьці Лукашэнкі марудна, але стабільна падаў. Беларуская постсавецкая намэнклятура, адсунутая прэзыдэнтам ад улады, заўважыла гэтыя працэсы і вырашыла ўлучыцца ў выбарчую гульню. Пры гэтым яе не задавальняла пазыцыя памочнікаў у гэтай гульні, яе прадстаўнікі прэтэндавалі на ролю галоўных хаўбэкаў. Зьяўленьне сярод патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра, шэфа афіцыйных прафсаюзаў Уладзімера Ганчарыка, былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, пасла Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча сьведчыла, што намэнклятурны істэблішмэнт ня меў намеру ў гэтай гульні даваць пасаў гарадзенскаму дэпутату Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Сямёну Домашу.

Пачалася намэнклятурная гонка за тытул адзінага кандыдата ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі.

Аляксандар Лукашэнка пляскаў у далоні ад такога разьвіцьця падзеяў і спакойна рыхтаваў выбарчы вынік, які ён меўся абвясьціць 9 верасьня.

Варыянт беларускі, сэрбскі...?

Працэс вылучэньня незалежнага кандыдата быў адпрацаваны падчас адхіленьня ад улады ў Сэрбіі Слабадана Мілошавіча. Для беларускай намэнклятуры які-кольвек рэвалюцыйны варыянт быў непрымальны. А вось некаторыя ўплывовыя апазыцыйныя асяродкі пачалі спэкуляваць на тэму магчымасьці рэалізацыі ў Беларусі сэрбскага варыянту. Гэтыя заявы, безумоўна, скарыстаў прапагандысцкі апарат Лукашэнкі. Апазыцыйныя акцыі пратэсту, Маршы Свабоды давалі рэжыму магчымасьць лякаць грамадзтва, якое дагэтуль адчувае боль другой сусьветнай, відзежай грамадзянскай вайны. Апазыцыя ж ня мела доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таму не магла выказацца наконт гэтага.

Сумным досьведам для беларусаў, якія бралі ўдзел у апошнім Чарнобыльскім Шляху, было тое, што на чале калёны не было патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, лідэраў палітычных партыяў. Галаву калёны склалі школьнікі і студэнты. Перад тым аніводзін з кандыдатаў ня ўзяў удзелу ў сьвяткаваньні 83-х угодкаў абвяшчэньня беларускай дзяржаўнасьці ў Менску.

Частка беларускіх дэмакратычных палітыкаў зразумела, што іх выкарыстоўваюць у намэнклятурных гульнях. Пачалі зьяўляцца роспачныя сцэнары. Была нават ідэя прасіць Васіля Быкава, які знаходзіцца ў эміграцыі, вярнуцца ў краіну і выставіць сваю кандыдатуру. Але такія задумы ўжо ня мелі аніякіх шанцаў на рэалізацыю. Выбарчая машына апазыцыі пачала працаваць на стварэньне палітычнага тандэму: Ганчарык — прэзыдэнт, Домаш — прэм’ер. Гэта мела быць спроба кансэнсусу паміж амбіцыямі намэклятуры й спадзяваньнямі беларускага грамадзтва.

Зьдзіўляе, што Сямён Домаш, які займеў найбольшую падтрымку рэгіянальных структураў і грамадзкай думкі, зьняў кандыдатуру на карысьць Ганчарыка. Гэтае ягонае рашэньне мела нэгатыўны ўплыў на і без таго кароткую выбарчую кампанію.

Многія спадзяваліся, што Ганчарык як шэф мільённых афіцыйных прафсаюзаў улучыць іх у актыўную выбарчую кампанію, а 9 верасьня выведзе сто тысячаў рабочых на плошчу перад Палацам Рэспублікі. Але неразваротлівыя ды абыякавыя прафсаюзныя структуры не ахвяравалі на карысьць свайго лідэра нічым, апроч манумэнтальнага палацу. Гэта сталася найбольшай драмай Уладзімера Ганчарыка й катастрофай канцэпцыі, згодна зь якой беларуская апазыцыя на выбарах мусіла падпарадкавацца былой намэнклятуры.

Выбарчыя ролі

Адсутнасьць у асяродках апазыцыі лідэра, які мог бы ўзяць на сябе цяжар кандыдацтва, выявіла, што падзел выбарчых роляў у зьвязе “намэнклятура-апазыцыя” выглядаў гэтак: прадстаўнік былой намэнклятуры выстаўляе сваю кандыдатуру і праводзіць кампанію, а апазыцыя дбае, каб не было фальсыфікацыяў з боку ўлады.

13 тыс. назіральнікаў мусілі лічыць, колькі грамадзянаў наведалі ўчасткі як у час датэрміновага галасаваньня (4—8 верасьня), так і ў дзень выбараў (9 верасьня). Трэ было праверыць, ці не прымушае ўлада выбарцаў да заўчаснага галасаваньня, бо якраз між 4 і 8 верасьня камісіям, падкантрольным апарату Лукашэнкі, найзручней было падмяніць галасы ў скрынях, якіх уначы ніхто не пільнаваў. Каб фальсыфікацыі дасягнулі патрэбнага аб’ёму, улада ўсяляк заахвочвала людзей да датэрміновага галасаваньня.

Другой задачай незалежных назіральнікаў быў збор зьвестак з выніковых пратаколаў камісіяў (ужо пасьля верагоднага фальшаваньня) і перадача іх вышэй — у раённыя, абласныя й сталічныя камітэты. Такім чынам “Незалежнае Назіраньне” мела прадухіліць падтасоўкі вынікаў у раённых, абласных і цэнтральнай выбарчых камісіях.

Дзеяньні адміністрацыі паказалі, якія наіўныя былі меркаваньні стваральнікаў сыстэмы незалежнага назіраньня. Ужо на другі дзень датэрміновага галасаваньня ў выбарчыя камісіі трапіла інструкцыя, якім чынам нэўтралізаваць дзеяньні назіральнікаў. Належала, між іншым, садзіць назіральнікаў на месца, зь якога не відаць выбарчых скрыняў, і не дапускаць іх да пратаколаў. Камісіі ў адміністрацыйным парадку падпарадкоўваліся гэтым рэкамэндацыям, а назіральнікам засталося падаваць у пракуратуру інфармацыю пра павальныя выпадкі парушэньня выбарчага права.

Шырока рэклямаваная ў грамадзтве сыстэма незалежнага кантролю за выбарамі спрычынілася да стварэньня ў выбарцаў уражаньня, што вынікі, якія абвесьціць Цэнтравыбаркам, будуць больш-менш верагоднымі.

У дзень выбараў цяжка было спаткаць у Менску чалавека, перакананага, што Лукашэнка выйграе ўжо ў першым туры. Прага зьмены ўлады была ў беларускім грамадзтве вельмі моцная. Грамадзтва паверыла, што гэтае зьмены можна дасягнуць з дапамогай выбарчага бюлетэня. Такога самага, як той, што сем гадоў таму даў Лукашэнку ўладу.

Таксіст тлумачыў нам у Менску 9 верасьня: Лукашэнка ня можа перамагчы.

— Я галасую за Ганчарыка, мая жонка, сваякі, усе знаёмцы, — казаў ён з запалам.

Менскія лідэры апазыцыі праектавалі варыянты дзейнасьці на выпадкі, калі ЦВК абвесьціць вынік Лукашэнкі на ўзроўні 48% ці 52%. Усе былі перакананыя, што грамадзкі ціск стрымае Лукашэнку ад абвяшчэньня непраўдзівых вынікаў.

Тым часам ужо праз гадзіну пасьля закрыцьця выбарчых участкаў цэнтральныя мэдыі Беларусі пачалі казаць пра 80%-ю перамогу прэзыдэнта. У чарговы раз выявілася, што Лукашэнка — шахматыст, які перакульвае дошку ўжо пры найменшай пагрозе.

Зьвесткі, пададзеныя ЦВК, шакавалі менскую інтэлігенцыю.

— Як гэта можа быць? 80%? Але якім чынам ён гэта сфальшаваў? Ёсьць жа ў скрынях галасы, нехта ж іх лічыць, перадае вышэй, гэта немажліва, — казаў нам адзін перакладчык польскай літаратуры.

Стваралася ўражаньне, нібы за адну хвіліну абрынулася ўсё ягонае ўяўленьне пра беларускую палітыку.

Тры чвэрці грамадзтва. Навошта яму
гэта было?

Усе аналітыкі пагаджаюцца, што гэтыя выбары Лукашэнка мог выйграць, нават нязначна сфальшаваўшы вынікі. Можа, нават без фальшаваньня. Ён абраў, аднак, варыянт разгромнай перамогі, у якую ніхто ў Беларусі ня верыў. Ён прынізіў тым самым і апазыцыю, і Ганчарыкаву намэнклятуру, і таксіста, і інтэлігента. Ён стварыў у грамадзтве агрэсіўны настрой, які можа прывесьці да стварэньня шырокага фронту грамадзянскага супраціву. Навошта яму гэта было?

Парадаксальна, але для Лукашэнкі менш важны ягоны асабісты вынік. Найважней, каб апазыцыйны кандыдат атрымаў падтрымку на тым самым узроўні, як сем гадоў таму Зянон Пазьняк. Гэта павінна стварыць уражаньне, што сіла апазыцыі не расьце. Лукашэнка шматкроць абвяшчаў, што цалкам прымае апазыцыю на роўні 15%. Такая апазыцыя не зашкодзіць яму зьмяніць канстытуцыю, каб падоўжыць тэрмін кіраваньня.

Але ёсьць яшчэ адзін аспэкт, што патрабаваў пераканаўчай перамогі Лукашэнкі. У дзень беларускіх выбараў Уладзімер Пуцін распачаў дыялёг з чачэнскімі партызанамі. За два гады да таго, змагаючыся за ўладу, ён падараваў Расеі найдаражэйшую выбарчую кампанію ў гісторыі дэмакратыі — вайну. Дзякуючы ёй і выйграў у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Атрымаў 52% падтрымкі. Лукашэнка ж, згодна са зьвесткамі Цэнтравыбаркаму, атрымаў больш за 75% галасоў, ня стрэліўшы па-за палігонам нават з цацачнага пісталета.

Праз тры гады прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. Можа быць — ужо зьяднанай зь Беларусяй. Сёньня занадта рана прарокаваць, хто атрымае на іх 15%. Тым часам Пуціну, які адразу ж зразумеў значнасьць выбараў у Беларусі, не заставалася нічога іншага, як павіншаваць Лукашэнку.

Восень патрыярха

“Наша Ніва”, уплывовы штотыднёвік беларускай інтэлігенцыі, у пасьлявыбарны панядзелак побач з лягатыпам ляканічна сьцьвердзіла: Ганчарык прайграў. На старонках выданьня зьявіліся два тэксты, назовы якіх у сваіх беспасярэдніх асацыяцыях зьвяртаюцца да лацінаамэрыканскай мадэлі ўлады. Гэта тэкст Валеркі Булгакава “Прэзыдэнт усіх крэолаў”, які аналізуе беларускую палітычную сцэну, і эсэ Сяргея Паўлоўскага “Восень патрыярха” — пра беларускую літаратуру, Габрыэля Маркеса й ягоны твор. Каля гэтага тэксту зьмешчаны маленькі здымак Аляксандра Лукашэнкі ў новапашытай да дня нараджэньня форме генэралісімуса. Партрэт ганарыстага ібэра-амэрыкана-беларускага аўтакрата мог бы стаць аздабленьнем чыноўніцкіх кабінэтаў, школаў, тэатраў і станцый мэтро. Праблема палягае толькі ў тым, што праекцыі самога Лукашэнкі наконт будучыні непрадказальныя, апроч аксіёмы, што яму хочацца мець і пашыраць уладу. Хіба толькі пісьменьнікі, а не палітолягі й аналітыкі, могуць прагназаваць паводзіны Лукашэнкі ў будучыні. Пра тое, што азначае прэзыдэнцтва Лукашэнкі для Беларусі й Эўропы, размаўлялі 9 верасьня ў Праскім Градзе чэскі прэзыдэнт, пісьменьнік Вацлаў Гавал і Васіль Быкаў — сумленьне беларускае нацыі.

Тым часам Лукашэнка на выбарчым участку, дадаючы яшчэ адзін голас да сваёй перамогі, засьведчыў пры нагодзе, што яго не цікавіць, прызнае Захад вынікі выбараў ці не. У такім самым духу адказаў шмат чым абавязаны яму Павал Барадзін, а палітычны дарадца прэзыдэнта Сяргей Посахаў у інтэрвію Белорусской Деловой Газете на адрас АБСЭ выказаў толькі грубыя вульгарызмы. А эўрапейскія назіральнікі на наступны дзень пасьля выбараў, апроч цьверджаньня, што выбары ў Беларусі былі недэмакратычныя, прызналі, што палітыка ізаляцыі таксама не прынесла аніякіх вынікаў і яе трэба зьмяніць.

Для Міхаіла Хвастова, міністра замежных справаў Беларусі, гэта найлепшы падарунак. Ён аддзячыў падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі цьверджаньнем, што мэтай беларускай замежнай палітыкі будзе імклівае збліжэньне з эўрапейскімі структурамі, а можа быць — нават удзел у Эўрапейскім Зьвязе.

Энтузіязм жа шараговых дзеячоў апазыцыі зьмяніўся чарговым расчараваньнем. Ва ўспрыманьні многіх актывістаў паводзіны палітыкаў прыпадабнілі апазыцыйныя эліты да постсавецкай намэнклятуры. Гэта можа выклікаць вялікія ператасоўкі на апазыцыйнай палітычнай сцэне Беларусі ўжо ў найбліжэйшы час.

Пераклад з польскай. Назва артыкулу ў арыгінале: Białoruskie warcaby wyborcze.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0