З УСІХ СТАРОН

 

Паўднёвы сусед зьвярэе

Жыхары Банковай вуліцы Кіева, дзе месьціцца Адміністрацыя прэзыдэнта, перапужаныя нашэсьцем пацукоў. Кажуць, што, разбудоўваючы цэнтар украінскае сталіцы, зварушылі іхныя гнёзды. А жартаўнікі сьмяюцца, што пацукі бягуць менавіта з Адміністрацыі. І гэта не адзіны эксцэс, зьвязаны з жывёльным сьветам украінскае сталіцы: з пачатку году сабакі пакусалі 6500 кіеўлянаў. Да праблемаў зь “меншымі братамі” на мінулым тыдні дадалася экалягічная катастрофа — на левым беразе Дняпра вылілася велізарная колькасьць іртуці. Не дадае ўкраінцам аптымізму й эканамічнае становішча. Інвэстыцыі ў краіну цякуць павольна. За мінулы год на прыватызацыі зарабілі толькі 2 млрд. грывень замест меркаваных 5,6 млрд. (за адзін даляр даюць 5,3 грыўні). Пра непрывабнасьць украінскіх прадпрыемстваў для замежных інвэстараў сьведчыць тое, што Львоўскі аўтазавод, вытворцу легендарных ЛАЗікаў, прадалі ўсяго за 30 млн. грывень. А ў дадатак ідзе сапраўдны абвал і на фондавым рынку. Акцыі ўкраінскіх прадпрыемстваў за мінулы ты-дзень упалі ў цане ў сярэднім на 10—15%.

Рэфэрэндум
аб незалежнасьці

У пятніцу прэзыдэнты Югаславіі ды Чарнагорыі — В.Каштуніца й М.Джуканавіч вырашылі вясной правесьці ў Чарнагорыі рэфэрэндум аб незалежнасьці краю. Красавіцкія выбары паказалі, што прыхільнікаў самастойнасьці там болей, чым праціўнікаў. Цяпер толькі ўсеагульны рэфэрэндум можа вырашыць, ці хочуць чарнагорцы заставацца ў саюзе.

 

Даведнік
пра Беларусь

У нямецкім выдавецтве Vandenhoek&Ruprecht выйшаў “Даведнік па гісторыі Беларусі” аўтарства нямецкіх прафэсараў Дытрыха Байрава і Райнэра Лінднэра. Кніга вялікая (больш за 500 старонак) і нятанная — 152 маркі (каля 70 даляраў), выклікала цікавасьць падчас міжнароднага кніжнага кірмашу ў Франкфурце-на-Майне.

 

На Дзяды
ў Польшчу
бяз ваўчэраў

У сувязі з Дзядамі з 24 кастрычніка да 4 лістапада парадак уезду ў Польшчу будзе спрошчаны. 12 дзён беларускія грамадзяне змогуць трапляць на польскую тэрыторыю проста на падставе замежнага пашпарту й даведкі ад Чырвонага Крыжа пра тое, што ў Польшчы ёсьць магілы іхных сваякоў.

Сяргей Рак

 

Землямеры наводзяць рэкеціраў

Газэта Lietuvos Rytas распавяла, як чыноўнікі-геадэзісты ў Віленскім павеце “здавалі” злачынцам тых, хто спрабаваў дамагчыся ад дзяржавы вяртаньня зямлі, што належала ім да другой сусьветнай вайны. Дагэтуль выяўлена больш за 50 гэткіх справаў.

Супрацоўнікі аддзелу геадэзіі за грошы інфармавалі мафію, хто мае права на вяртаньне зямлі і колькі яму належыць, а мафіёзі змушалі законных уладальнікаў перапісваць зямлю на сябе. Злачынцы прыходзілі да прэтэндэнтаў і абвяшчалі, што за колькі тысячаў літаў яны прысьпешаць працэс вяртаньня зямлі. Пасьля падрыхтоўкі дакумэнтаў злачынцы зьяўляліся зноў і патрабавалі, каб зямлю перапісалі на іх, ды пужалі, што іначай паведамяць паліцыі пра хабар. Гвалту не выкарыстоўвалі і, калі нехта адмаўляўся аддаць зямлю, задавальняліся й некалькімі тысячамі літаў за маўчаньне. Большасьць пацярпелых — палякі.

Праваахоўныя органы натрапілі на сьлед злачынцаў выпадкова — рэагуючы на абвінавачаньне ў падробцы дакумэнтаў, вылучанае супраць віленскага аддзелу геадэзіі.

У гэтую справу замяшаная адна з самых вядомых віленскіх злачынных груповак — “дамбраўскасы” (назва паходзіць ад імя аднаго зь ейных лідэраў), вядомая сваёй схільнасьцю да інтэлігентных злачынстваў і непрыхільнасьцю да гвалту. Найчасьцей гаворка ішла пра ўчасткі ў прэстыжных раёнах Вільні, накшталт Антокаля. Тамака за лапік зямлі памерам 10—20 сотак трэба плаціць каля 100 тысячаў даляраў.

Вяртаньне зямлі законным уладальнікам у Віленскім краі ўжо даўно сталася праблемай. Пасьля аднаўленьня незалежнасьці летувіскія ўлады не прызнавалі польскіх дакумэнтаў на ўласнасьць, выдадзеных перад вайной, кажучы, што Віленшчына была акупаваная Польшчай, а дакумэнты акупацыйнае ўлады сьведчаньнямі не зьяўляюцца. Пасьля ўмяшаньня Варшавы летувісы прызналі-такі даваенныя дакумэнты, але пачалі месяцамі шукаць у архівах патрэбныя паперы.

Гадамі гаспадары чакалі, пакуль геадэзічныя аддзелы адмераюць ім іхную зямлю, і часам аказвалася запозна, бо выяўлялася, што зямля знаходзіцца ўжо ў руках некага іншага, звычайна этнічнага летувіса. Напрыклад, Вітаўтас Ландсбэргіс 8 гектараў мацярыншчыны пад Коўнам “памяняў” на 16 га ў падвіленскім Няменчыне. У выніку былым гаспадарам даводзілася чакаць, пакуль дзяржава аддасьць ім належнае ў іншым месцы. За дзесяць год заявы на вяртаньне зямлі ў Віленскім павеце падалі больш за 100 тыс. чалавек, і дагэтуль права на зямлю (але не заўсёды — саму зямлю) вярнулі сабе толькі каля паловы зь іх. У іншых паветах вяртаньне зямлі ўжо скончылася ці вось-вось скончыцца.

Сяргей Богдан

 

Юбілей каранацыі Міндоўга

Літоўскі ўрад зацьвердзіў праграму сьвяткаваньня 750-годзьдзя каранацыі Міндоўга, якое будзе адзначацца 6 ліпеня 2003 г. З нагоды юбілею ў Вільні плянуецца збудаваць мост Караля Міндоўга церазь Вяльлю, паставіць помнік Міндоўгу, спарадкаваць праспэкт Гедыміна, арганізаваць у Літве выставу спадчыны ВКЛ з музэяў Расеі. Міндоўг быў каранаваны ў 1253 г. у Наваградку.

 

Смаленская АЭС

Знаходзіцца каля Дзеснагорску, спэцыяльна збудаванага гораду для работнікаў АЭС, на паўдарогі паміж Смаленскам і Бранскам. У Дзеснагорску жыве 40 тыс. чалавек. Дзеля забесьпячэньня працы АЭС на Дзясьне (церазь Беларусь не цячэ) збудавалі штучнае возера плошчаю 42 кв.км. На станцыі эксплюатуюцца 3 энэргаблёкі з рэактарамі РБМК-1000. Паводле праекту прадугледжвалася будаўніцтва яшчэ дзьвюх чэргаў па два блёкі кожная, але пасьля Чарнобылю ў 1986 г. будаўніцтва чацьвертага энэргаблёку спынілі. Іншыя смаленскія рэактары былі мадэрнізаваныя для павелічэньня іх бясьпечнасьці.

Сёлета скончаны плянавы капрамонт першага энэргаблёку станцыі, рамантуецца другі. Фінансавае становішча станцыі няпэўнае, бо выплаты за энэргію жывымі грашыма застаюцца на нізкім узроўні. Крэдыторская запазычанасьць станцыі перад банкам і бюджэтам высокая. Паліва для працы станцыя сёлета набывала толькі дзякуючы фінансавай падтрымцы канцэрну “Расэнэргаатам”. За гэты год станцыя мае выпрацаваць каля 19 млрд. кВт электраэнэргіі, на ўзроўні мінулых гадоў. Смаленская вобласьць сама спажывае толькі 15% гэтай энэргіі. Рэшта ідзе ў Маскву й Беларусь.

З 1991 да 2000 г. на Смаленскай АЭС адбылося 97 збояў у рабоце абсталяваньня. Сур’ёзных выцечак радыяцыі не было.

Няма абсалютна бясшкодных для асяродзьдзя атамных станцый, хоць атамшчыкі сьцьвярджаюць, што АЭС наносяць меншую шкоду прыродзе, чым цеплавыя. Сярэднядзённыя аэразольныя выкіды Смаленскай АЭС утрымліваюць (паводле зьвестак самой станцыі): інэртных радыеактыўных газаў 2,85% ад дапушчальнага; доўгажывучых нуклідаў 0,54% ад дапушчальнага; ёду 1,03% ад дапушчальнага. Гэтыя паказчыкі адпавядаюць узроўню большасьці эўрапейскіх АЭС.

 

Прэзыдэнт-шаман

абраны на выбарах праз барабан

На прэзыдэнцкіх выбарах у Гамбіі перамог дзейны кіраўнік дзяржавы 36-гадовы Яг’я Джамэг.

 

Жыхароў адных вёсак ён запалохваў, у другіх абяцаў купіць трактары і лёгка выйграў. Прэзыдэнтам Джамэг зрабіўся 22 ліпеня 1994 г., выпадкова ўчыніўшы дзяржаўны пераварот. Уваходзячы ў той дзень у прэзыдэнцкі палац, Джамэг з групай афіцэраў зьбіраўся толькі дамагчыся выплаты затрыманага заробку. Так атрымалася, што адзін з двух ахоўнікаў дыктатара Джавары, задрамаў, а другі быў адышоўся ў прыбіральню, і джамэгаўцы безь перашкодаў праніклі ў кабінэт прэзыдэнта. Перапужаны Джавара кінуўся ўцякаць з палацу праз акно, прыбег у порт, ускочыў на першы ж амэрыканскі карабель дый пераплыў у Сэнэгал. Болей ён не вярнуўся, нават калі ўсё высьветлілася.

Паручнік Джамэг, які прысвоіў сабе спачатку чын капітана, потым палкоўніка, а праз два гады, калі Захад пачаў выказваць незадаволенасьць, зладзіў выбары, якія лёгка выйграў у першым туры. На выбары зьявілася больш за 90% выбаршчыкаў, а міжнародныя аглядальнікі прызналі іх справядлівымі.

Яшчэ з каляніяльных часоў у Гамбіі ўсталявалася цікавая сыстэма галасаваньня. На кожным выбарчым участку замест скрыняў стаяць барабаны па колькасьці кандыдатаў, падпісаныя іхнымі імёнамі. Замест бюлетэняў выбаршчык кідае ў барабан упадабанага кандыдата выдадзены выбарчай камісіяй адмысловы каменьчык. Усярэдзіне барабана прымацаваны “кантрольны” званочак, каб ніхто ня кінуў больш за адзін камень. Таму ў дні выбараў гамбійцы ня маюць права езьдзіць паблізу выбарчых участкаў на роварах, бо іхныя званкі могуць увесьці ў аблуду чальцоў выбарчых камісіяў.

Простыя гамбійцы любіць прэзыдэнта Джамэга. А як яго не любіць? Ён наладзіў у краіне тэлебачаньне — забаўку, якой раней не было, прызнаў незалежнасьць Тайваню, беручы за гэта з тайваньцаў грошы, на якія будуе школы, шпіталі, стадыёны. Акрамя таго, Джамэг паходзіць з чараўніцкага роду, і людзі вераць у ягоныя звышнатуральныя здатнасьці. Прыкладам, што кулі праходзяць празь ягонае цела нібыта праз паветра, ня шкодзячы. Журналісту Newsweek-у гамбійскі прэзыдэнт сьціпла адказаў, што можа й насамрэч у гэтым цьверджаньні ёсьць доля праўды, хаця сьцьвярджаць з поўнай упэўненасьцю ён не бярэцца. Але, відаць, на сьвеце бываюць і мацнейшыя за яго ведуны, бо толькі летась былі раскрытыя два замахі на жыцьцё Джамэга.

Сяргей Радштэйн


Лісты зь Нямеччыны

Пра мову

Беларусь, хто зрабіў Табе такое ліха? Ты маеш сваю мову, Ты маеш сваю культуру, Ты ствараеш літаратурныя шэдэўры. Дзе ж Твая мова, хто размаўляе на ёй? Няўжо сапраўды толькі людзі ў вёсках валодаюць Тваёй моваю ды інтэлігенцыя, якая даглядае яе як хворага, спадзеючыся, што ён неўзабаве ачуняе, умацуецца, устане?

Белмова, Ты пайшла своеасаблівым шляхам. Твой народ вырашыў, што ў Цябе не стае сілаў, што Ты маеш патрэбу ў кімсьці, хто дапаможа Табе выйсьці зь цяжкага становішча. У прынцыпе, быў толькі адзін кандыдат. Великий и могучий русский язык, які заўсёды быў Тваім апекуном, які напэўна ведае Цябе лепш, чым Ты сама, які заўсёды быў у Цябе і з Табою, пры царах ды савецкіх правадырах. Расейская мова аказвала ўзьдзеяньне на Цябе, уплывала на Цябе і перадавала Табе свае элемэнты.

Дзе Ты цяпер знаходзішся, беларуская мова? Дзесьці на краі былой вялікай імпэрыі, на краі сусьветнай культуры, адасобленая. Польская мова, зь якой Ты некалі піла на брудэршафт, дапамагчы Табе таксама ня можа. Дый ня хоча, паколькі Ты для яе ўжо не цікавая. А ўкраінская мова проста зьдзекуецца зь Цябе.

– Хіба Ты ня бачыш, што расейская мова зрабіла зь Цябе? – яна зьедліва сьмяецца Табе ў твар.

А чэская і славацкая мовы толькі паціскаюць плячыма.

– Чаму Вы з расейскай мовай не маглі разысьціся ў згодзе? – пытаюцца яны ў адзін голас.

Літоўская мова мае зусім іншыя праблемы, чым клапаціцца пра Цябе. Яна хоча цалкам вызваліцца ад расейскага ўплыву. І на самой справе здаецца, што гэта ёй удасца.

Нямецкая, француская і італьянская мовы нават не здагадваюцца, што Ты ёсьць на гэтым сьвеце. Якая ганьба! Ангельская мова таксама ня хоча мець ніякіх адносін да Цябе.

– А Ты хто такая? – яна гучна сьмяецца.

Амэрыканская мова пыхлівая, яна нават расейскай мовы прызнаваць ня хоча.

Вось бачыш, Белмова. Ты, відаць, прапусьціла свой шанец. Трэба было мірна, але рашуча разьвітацца з расейскай мовай. Ня трэба было дазваляць ёй распараджацца Табой. Я спадзяюся, што яшчэ ня позна штосьці зьмяніць. Апамятайся, будзь моцнай, хай Твой народ любіць і паважае Цябе.

Андрэ Бём, Ляйпцыг


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0