Камяні

Віктар Шніп

 

Мне было гадоў пяць, і я гадаваўся ў бабулі Ганны ў Лягезах. Вёска невялічкая — хат дзесяць. Дзяцей у Лягезах амаль не было, і мне часьцей за ўсё даводзілася гуляць аднаму. Тады па радыё і ў размовах старэйшых мне даводзілася чуць пра нейкую Амэрыку, што знаходзіцца недзе пад намі і дзе жывуць вельмі дрэнныя людзі, якія хочуць зьнішчыць ня толькі нас, але і ўсіх, хто жыве на зямлі. Наслухаўшыся пра дрэнных амэрыканцаў, мая дзіцячая галава высьпеліла ідэю: у суседкі ў садзе ёсьць глыбокі (відаць, праз усю зямлю) калодзеж, празь які можна пабамбіць амэрыканцаў камянямі, якіх навалам на палях. І я, назьбіраўшы камянёў, падцікаўся, як партызан, у суседчын сад да калодзежа і пачаў бамбіць Амэрыку. Ня ведаю, ці патрапіў у Амэрыку, але суседцы на вочы — дакладна. І яна мяне прагнала. Я вельмі пакрыўдзіўся на цётку — як жа гэта яна не разумее, што я раблю карысную справу! І ад крыўды прыдумаўся пра цётку вершык, зь якім заўтра зноў прыйшоў да калодзежа кідаць камяні ў дрэнных амэрыканцаў. А суседка зноў прагнала мяне ад калодзежа. І я, адбегшыся, прачытаў цётцы вершык. Цётка вырвала пук крапівы і, дагнаўшы мяне, добра адсьвянцала. А я не разумеў, за што...

Сяджу на беразе Яршоўкі, якая аддзяляе мае Лягезы ад суседняй вёскі Крапіўнікі. Мне хочацца на той бераг, але я памятаю словы бабулі Ганны: “Глядзі, калі ўтопішся, дамоў не прыходзь...” Я гляджу на ціхую і празрыстую плынь ракі, якую мне ні за што не перайсьці. І раптам бачу: нейкі дзядзька, зрабіўшы ўсяго некалькі шырокіх крокаў, амаль не змачыўшы ног, перайшоў рачулку і зьнік у прырэчным кустоўі. І я ўспомніў бабулін расповед пра Ісуса Хрыста, які хадзіў па вадзе, як па сухім... Пазьней, за некалькі гадоў, я таксама змог перайсьці Яршоўку, амаль не змачыўшы ног, — у вадзе ляжалі камяні, якія не адразу можна было заўважыць.

Каля Русакоў у сажалцы вадзілася рыба. І я там часта падоўгу сядзеў. Часам нейкіх карасікаў і падчэпліваў, але найбольш мой паплавок гойдаўся на хвалях безвынікова. І ўсё ж я дачакаўся вялізнай рыбіны. І тут пачалося — зьбеглася ўся русакоўская дзятва, хто з кашом, хто зь вядром, хто з калом, а хто і з камянямі, і давай “лавіць” рыбу. А я сяджу каля вады са сваёй рыбінай і ня ведаю, што рабіць. І тут падбег нейкі хлапчук і кінуў камень проста мне ў галаву. Я паваліўся і выпусьціў з рук рыбіну. Падбеглі хлопцы, схапілі маю здабычу і, укінуўшы яе ў кошык, разьбегліся хто куды. А я ляжаў ля сажалкі і глядзеў на камень, на якім цямнелася чырвоная плямка — мая кроў.

З бацькам на возе едзем у Гарадок, здаваць жыду агрэст. Вязем тры мяхі. Павінна быць немалая капейка, а чым большая яна будзе, тым больш бацька абяцаў патраціць на мяне. І я перад дарогай, пакуль бацька быў у хаце, у кожны мех з агрэстам для вагі паклаў па некалькі камянёў. Дарога перад Гарадком брукаваная, і воз наш трасецца, як шалёны. А я гляджу на дарогу і думаю: “Вось бы ў агрэст падкласьці пару камянёў з брукаванкі. Была б капейка яшчэ большая...” Жыд зважыў нашы мяхі з агрэстам, нешта напісаў алоўкам на паперы і выдаў бацьку грошы. Бацька палічыў і пацікавіўся: “Чаму пяцідзесяці капеек не дадаў?” “А гэта мне на камяні ў агрэсьце...” — адказаў жыд і падміргнуў мне.

З мамай выехалі ў Ракава на кірмаш. Ад аўтастанцыі ісьці далекавата, і я ўсё спрабую загітаваць маму пайсьці празь невялічкі сасоньнік. “Не выдумляй!” — не згаджаецца мама і вядзе па дарозе, па якой ходзяць усе. “Пайшлі наўпрост. Там сярод камянёў ёсьць сьцяжынка...” — не сьціхаю я. І мама кажа: “Там не камяні. Там жыдоўскія могілкі...”

Ідучы да дзеда, у дарожным пыле знайшоў гадзіньнік. Прынёс знаходку дзеду, спадзяюся, што той пахваліць мяне, дасьць капеек на цукеркі. Дзед паглядзеў на гадзіньнік і сказаў: “Гадзіньнік, відаць, быў нядрэнны, але цяпер у ім двух камянёў не хапае...” “Якіх?” — пацікавіўся я. “А хаця б вунь тых, што ляжаць пад плотам. Аднаго зьнізу, а другога зьверху...” — адказаў дзед і аддаў мне назад маю знаходку.

Пасьля ўрокаў на сажалцы, што каля школы, мы амаль кожны дзень гулялі ў хакей. Клюшкі — з крывых бярозак, а шайбы — каменьне — шукалі на дарозе-насыпанцы. Добра, калі зіма выпадала маласьнежнай і “шайбаў” на дарозе было колькі захочаш, але былі і сьнежныя зімы. І вось у адну такую зіму мы засталіся бяз шайбаў. Ня ведаю, як бы мы гулялі ў хакей, калі б ня Мішка Зосін, які шчэ восеньню назьбіраў каменных шайбаў і амаль кожны дзень нам іх прадаваў. Цяпер Мішка Зосін — бізнэсмэн, гандлюе на стадыёне “Дынама” жаночымі ўпрыгожаньнямі.

Гадоў дваццаць пяць таму на лузе каля лесу ляжаў велізарны камень. Пасучы каровы, пастухі каля яго раскладалі вогнішча, грэліся. І камень быў чорны, як чорт. Бацька мой каля гэтага каменя ніколі цяпельца ня клаў і мне не дазваляў. І я пацікавіўся: “Чаму нельга каля каменя пагрэцца?” Бацька расказаў гісторыю, якую яму яшчэ ягоны дзед расказваў: камень зваліўся зь неба, і прыйдзе час, калі ён паляціць туды, адкуль прыляцеў, таму цяпер нельга яго чапаць, можа здарыцца бяда. Цяпер на лузе таго каменя няма...

Бацька сабраўся заводзіць самагонку. Падрыхтаваў усё, што трэба, распаліў печ, а мяне паслаў на вуліцу прынесьці пару камянёў. Я, доўга не шукаючы, ухапіў ля ганку пару каменьчыкаў. Бацька раззлаваўся: “Што ты мне прынёс! Прынясі нармальных!” Давялося ісьці да дарогі. Камяні бацька паклаў у печ, у агонь. Недзе праз гадзіну дастаў нагрэтыя камяні, укінуў іх у бітон у заведзеную брагу і сказаў: “Ну, цяпер брага будзе працаваць...”, — а затым дадаў: “Ты ж нікому пра тое, што мы тут з табой рабілі, не кажы...” Нікому нічога я не сказаў, але доўга ў ляску за хатай спрабаваў з малодшымі братам і сястрой выгнаць з каменьня самагонку.

З электрычкі іду ў Пугачы. Прайшоўшы Дубравы, мінаю Дзявочую гару, на якой ляжаць вялікія камяні. Пад камянямі, кажуць, пахаваная прыгожая дзяўчына і яе хлопцы, якія кацілі гэтыя камяні на гару, каб той, хто першы закоціць, стаўся ейным мужам. Камяні хлопцы на гару ўскацілі, але іх сэрцы ад натугі разарваліся. Даведаліся пра гэта людзі, схапілі дзяўчыну і жывую разам з хлопцамі на гары закапалі. Я быў на Дзявочай гары, стаяў ля камянёў, і мне здавалася, што гэта я іх сюды закаціў...

 

Пятнаццаты камень

Людміла Рублеўская

 

У Беларусі кажуць, што камяні колісь расьлі, пакуль Маці Божая не пабіла аб адзін зь іх нагу.

Іншая беларуская легенда расказвае, што людзі ўтварыліся ад камянёў — водгульле антычнага міту пра сусьветны патоп, які Зэўс учыніў пасьля дзёрзкага крадзяжу Прамэтэя. Ацалелыя мужчына і жанчына скарыліся Зэўсу і прыніжана малілі выратаваць людзей. Зэўс зьлітаваўся. Камяні, што кідала цераз плячо жанчына, ператвараліся ў жанчынаў, кінутыя мужчынам — у мужчынаў.

У “Беларускай энцыкляпэдыі” няма артыкулу “камень”. Ёсьць каменныя рэкі, ёсьць камень філярэтаў і камень каханьня, ёсьць каменямёт — старажытная ліцьвінская зброя. Ёсьць нават камень як адзінка вагі ў ВКЛ — 40 фунтаў, каля 15 кіляграмаў. А вось каменя як такога — няма... Можа, яго залічылі да паняткаў, якім немагчыма даць тлумачэньне? Вось у старым беларускім тлумачальным слоўніку камень ёсьць — гэта ўсякая цьвёрдая горная парода (за выключэньнем мэталу) у выглядзе суцэльнай масы або асобных кавалкаў. Або абломак такой пароды ці рэч, вырабленая зь яе. Ёсьцека і яшчэ значэньні: вінны камень — асадак, які ўтвараецца ў віне, сіні камень — народная назва меднага купарвасу і г.д.

Камень — мэтафара гары, зь якой чалавек толькі й можа зьвяртацца да Бога. Таму — гранітныя трыбуны правадыроў. Слова, сказанае з каменя, лічылася асьвечаным нетутэйшай моцай.

Японцы кожны камень насяляюць духам.

У японскім садзе камянёў — пятнаццаць валуноў на белым пяску, які раўняюць граблямі, прыпадабняючы да хваляў. Але зь якога боку ні глянь — убачыш толькі чатырнаццаць камянёў. Пятнаццаты заўсёды будзе схаваны за іншымі. Але ты ведаеш, што ён ёсьць.

У Японіі рыхтаваць камяні для ўпрыгожваньня садоў — пачэсная, патомная прафэсія. Прыродны камень рэдка выглядае дастаткова “дзікім”. Чалавек мусіць раскрыць ягоную натуру.

Нашы далёкія продкі шанавалі ўсё, што можа служыць арыенцірам на доўгіх шляхах пакаленьняў, — магутнае дрэва, гару, вялікі камень... У пустэльні насыпалі крушні. Сёньняшні наш зямляк усё разгладжвае, руйнуе, здрабняе. Занадта высокія дрэвы высякаюцца — а раптам паваліцца, драты абарве? Кудысьці зьнікаюць валуны... Брукаванкі заліваюцца асфальтам. Праўда, апошнім часам у горадзе пайшла новая мода — эрзац-эўрапейская. Замест асфальту ў найбольш важных месцах кладуцца маленькія бэтонныя плітачкі, што мусяць імітаваць колішнія камяні. Маленькія магільныя пліты нашай гісторыі.

Неяк вычытала ў газэце, што ў тоўшчы пліты эгіпецкай піраміды знайшлі чалавечы волас.

На магіле Караткевіча — камень. Каб мы не зблудзілі сярод бронзавых бюстаў.

Дзе бываю — стараюся прывезьці адтуль каменьчык ці цаглінку. Яны нібыта палоньнікі з розных краінаў, сагнаныя на скрыжаваньне. Кавалак Бэрлінскай сьцяны ляжыць ля паўкруглага аскалепка ад маскоўскага Васіля Бажавольнага, а побач кавалачак Мірскага замку. Як пасьля Армагедону.

У нас выхоўвалі пазытыўнае стаўленьне да “булыжніка — зброі пралетарыяту”. Як атрымалася, што архетып бяззбройнага юнака з заціснутым каменем перад узброеным жандарам, Давыда перад Галіяфам, раптам пачаў трактавацца адмоўна?

Прамэтэй на памяць пра доўгія пакуты на скале насіў на руцэ мэталёвы пярсьцёнак з часткі ланцуга і аскепка скалы, да якой быў прыкаваны. Адсюль пайшла легкаважная мода на пярсьцёнкі і бранзалеты з камянямі. Зямля — гэта цьвердзь. Цьвердзь — камень. Тонкі слой глебы — ня больш чым пот на каменнай скуры плянэты.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0