Водгук

Пра паганства і Друвінгаў

Прачытаўшы ў мінулым нумары вашае газэты нататку пра прызнаньне паганства ў якасьці традыцыйнае рэлігіі ў Літве й сытуацыю з паганскімі суполкамі на Беларусі, хацеў бы як чалавек абазнаны ў гэтым абсягу зрабіць колькі ўдакладненьняў.

 

Па-першае, прыкладная лічба ў колькі соцень беларускіх паганцаў, якая фігуравала ў паведамленьні, надта заніжаная, бо ў Менску можна знайсьці яшчэ гэтулькі ж адно сярод перакананых беларускіх патрыётаў, ня кажучы ўжо аб іншых рэгіёнах ды катэгорыях жыхарства. Паганства, да прыкладу, надзвычай папулярнае ў асяродзьдзі прыхільнікаў цяжкой музыкі й нэафольку, скінгедаў, чальцоў гістарычных клюбаў. Зважаючы на расчараванасьць моладзі ў вядомых хрысьціянскіх канфэсіях, можна меркаваць, што колькасьць патэнцыйных адэптаў роднае веры прыкладна роўная колькасьці, скажам, уніяцкіх вернікаў.

Што тычыцца згадкі пра нейкіх эўразійска-прарасейскіх паганцаў, дык гэта выдае на нонсэнс, бо эўразійская ідэалёгія пярэчыць падставовым прынцыпам этнічнае традыцыі эўрапейцаў. Яна напоўніцу ўгрунтаваная на ўнівэрсалісцкіх й мэсіянскіх дактрынах праваслаўнага й ісламскага фундамэнталізму.

Адносна Цэнтру этнакасмалёгіі “KRYUJA” – пэўна, адзінай у нас сур’ёзнай арганізацыі паганістычнага кшталту, – дык гэта, перадусім, згуртаваньне мысьляроў, навукоўцаў, людзей мастацтва, якія ставяць на мэце дасьледаваньне, реканструкцыю й рэактуалізацыю этнічнага космасу крывічоў (беларусаў) ва ўсёй шматстайнасьці ягоных праяваў – ад максымальна сакралізаваных да самых простых і пабытовых. Дарэчы, пад рэдакцыяй і пры актыўным удзеле аднаго з заснавальнікаў “KRYUJA” – культуроляга Сяргея Санька падрыхтаваны энцыкляпэдычны даведнік “Беларуская міталёгія”, у стварэньні якога бралі ўдзел Ул.Лобач, А.Прохараў, Л.Дучыц, Э.Зайкоўскі, Л.Салавей ды інш. Калі да-зволіць фінансавае становішча, выданьне мае неўзабаве пабачыць сьвет.

Ня трэба думаць, што беларускі паганскі рух нейкі спрэс архаічны – у адваротным можна пераканацца, наведаўшы сеціўны рэсурс “Сьвятая Дуброва – Крыўскі Пяроспар”, гаспадары й суўдзельнікі якога ня толькі выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналёгіі, але й агулам адмаўляюцца ад ужываньня тэрмінаў “паганства”, “язычніцтва”, уважаючы іх за навязаныя, і называюць сябе Друвінгамі (ад яцьвяскага druvis – “вера”).

А што да нежаданьня найбольш уплывовых у нашым паганскім руху асобаў рэгістравацца ў якасьці рэлігійнага аб’яднаньня, дык гэта хоць і пазбаўляе іх афіцыйнага права на існаваньне, але ў той жа час дэманструе іхную пасьлядоўнасьць у адмаўленьні сучаснай сьвецкай і дэнацыяналізаванай дзяржавы, улада якой ня мае ў вачох нашчадкаў крывісаў ніякае легітымнасьці.

Аляксей Дзерманіс, [email protected]


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0