У Менску зьявіцца мячэт

 

Татары ў Беларусі жывуць ужо 600 гадоў: яшчэ за Вітаўта яны бралі ўдзел у Грунвальдзкай бітве і абароне межаў. Колісь у ВКЛ мелася больш за паўсотню мячэтаў. Цяпер татар каля 11 тысяч. Больш за ўсё іх у Менску і на Меншчыне (4 тысячы) ды на Гарадзеншчыне (2 тысячы).

Пасьля другой сусьветнай вайны ў Беларусі працаваў толькі адзін мячэт — у Іўі. Астатнія пазачынялі. Цяпер беларускія татары моляцца ў 7 мячэтах: апрача Іўя, у Відзах, Клецку, Лоўчыцах (самы стары ва Ўсходняй Эўропе), Наваградку, Слоніме і Сьмілавічах. Малітвы чытаюцца пераважна па-арабску, казані — па-беларуску і па-расейску, бо многія вернікі арабскае мовы ня ведаюць. Яшчэ адзін мячэт зь вёскі Даўбучкі Смургонскага раёну ў разбураным выглядзе ляжыць у Музэі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

Быў мячэт і ў Менску — на ягоным месцы цяпер рэстарацыя гатэлю “Юбілейны”. Ён быў пабудаваны ў 1599 г. і прастаяў да канца ХІХ ст. Потым татарская грамада цягам дзесяці гадоў сабрала грошы і ў 1902 г. узьвяла замест драўлянага новы — мураваны. У 1936 г. мячэт ператварылі ў харчовыя склады, а пасьля вайны, падчас якой у ім ізноў маліліся, перадалі таварыству садзейнічаньня флёту. А ў 1962 г. увогуле зьнесьлі. Гатэль “Юбілейны” менскія татары да гэтай пары інакш як “шайтанскі дом” не называюць і марна просяць гарадзкія ўлады дазволіць павесіць тут памятны знак.

Менскія мусульмане здымаюць пад пятнічныя малітоўныя службы памяшканьне ў Доме прафсаюзаў. Мячэт яны плянуюць распачаць адбудоўваць увесну 2002 г. Паўстане ён на рагу вуліцаў Грыбаедава і Тарханава. У гэтым раёне калісьці знаходзіліся зьнесеныя ў 1967 г. татарскія могілкі (мізар). Пляцоўку пад будаўніцтва Менгарвыканкам выдзеліў яшчэ ў 1992 г., аднак тады ў татараў не было грошай. Цяпер зьявіўся спонсар — дабрачынная арганізацыя “Рабіта” з Саудаўскай Арабіі, якая дапамагае будаваць альбо аднаўляць мячэты па ўсім сьвеце. Каштаваць адбудова мячэту ў Менску будзе 1,5—2 мільёны даляраў.

Ігнат Чакацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0