МУЗЫКА

 

“Сэрца Эўропы in rock

Розныя выканаўцы. (p) 2001. BMAgroup 007

“Эх, гэткай удалай ідэі яшчэ б адпаведнае напаўненьне!” — падумаў я, праслухаўшы альбом, які расчараваў менавіта зьместам, хоць на ўкладцы якіх толькі добрых словаў ні напісана пра ўдзельнікаў праекту.

Нешта ня тое з сэрцам. Зноў нейкія мэдыцынскія аналёгіі просяцца. Бо калі гурт “Алесюкі” называць “супэрзоркаю”, дык варта пайсьці да лекара і праверыць слых. Група “Rima”, двойчы прадстаўленая ў альбоме, — таксама не зусім эўрапэйскі ўзровень. Адно добра: песьні ў іх кароткія. Гурт “Гоман” гучыць як добрая студэнцкая самадзейнасьць без прэтэнзіяў на супэрзорнасьць. Песьня гурту “Кардон” успрымаецца як чысты патрыятычны кіч.

Добрыя ўражаньні пакідаюць інтэлігентны “Белы сон”, Яцэк Тэлюс, “Red Light” са сваімі тонка ўвасобленымі “Пазытыўнымі вібрацыямі”. NRM на польмове зьмянілася амаль да непазнавальнасьці. Файны нумар! Запомніліся й стылёвы такі “Пралетарыят”, экстрэмальна-рэпавы Памідораў, сьціплыя й выразныя “The Dzwiery”, прафэсійны “Firoflay”. “ZZygimont VAZA” ўпэўнена пачуваецца ў “Новых сытуацыях”, пераносячы іх у звыклую для сябе стылістыку, аднак прысмак жарту ўсё ж адчувальны.

Але вырашыць праблему зьместу ўкладальнікі альбому да канца ня здолелі. Падтрымліваць добрую ідэю варта, але заплюшчваць вочы ды вушы на выканальніцкія хібы — значыць кампрамэтаваць тую ідэю.

Яшчэ маецца ў альбоме чыстая загадка: замазаны чорнай фарбай на вокладцы № 7 праграмы. Што гэта — цэнзура ці які друкарскі ляп? Узяў я скальпэль, асьцярожна зьняў фарбу, ды ўсё адно апрача слова “Беларусь” нічога не прачытаў. А сьпявае гурт, між тым, па-польску і чыста.

Сардэчны Слухач

 

“П’яныя госьці”

“Узровень жыцьця”. (р) 2001. “Каўчэг”

Сьвежачок! Толькі што з-пад прэсу! Першы ў жыцьці аўтарскі альбом Алекса Памідорава! Адразу варта папярэдзіць: нельга верыць ніводнаму надрукаванаму на вокладцы слову і амаль ніводнаму з тых, што сьпяваюцца. Аўтар прадбачліва і інтэлігентна сам папярэджвае: багата тут міжнароднае ненарматыўнае лексыкі, а аўтарскае права на яе не распаўсюджваецца. Карацей, суцэльная ідэалягічная правакацыя.

Гэта запіс канцэрту, што адбыўся 19 сакавіка 1998 г. у менскім клюбе “Рэзэрвацыя”. Дапамагаў Памідораву гітарыст Балахонаў ды іншыя музыкі, аб’яднаныя вобразам і водарамі п’яных гасьцей. Атрымалася нешта кшталту “кватэрніка”. Такія альбомы для Беларусі надзвычай рэдкія, тым больш што “Ўзровень жыцьця” мае прысмак гукавога дакумэнту гісторыі — адлюстроўвае “несьвядомы” этап жыцьця й творчасьці Памідорава: у альбоме толькі адна выразна беларускамоўная кампазыцыя — “Песьня на мове № 2”, якая трымаецца на рэмінісцэнцыі тэмы крамаўскай песьні “Бяжы, хлопец” і таму даволі арыгінальна глядзіцца. Альбом дапоўнены чатырма бонусамі, запісанымі ўжо ў студыйных умовах, але стылёва блізкімі да асноўнага матэрыялу.

А ён даволі разнастайны — ад блюзаў (“Тая, што чакае”) і рокавых опусаў (“Дзяўчынка”) да балядаў. Найбольш тыповыя для альбому песьні — гэта “Ты памерла”, “Любоў” и “Песьня дохлай Мэрылін”.

Бонусы куды лепшыя па якасьці запісу і па інструмэнтале. “Наастатак” — такі сабе народны эпас, не без іроніі й натуралізму. А вось ангельскамоўная “Me Bad” зроблена вельмі ўдала, тонка нават, калі так можна сказаць, гледзячы на магутную постаць несубтыльнага Памідорава. Завяршае альбом песьня з арыгінальнай назваю “ХцэнзураЯ”, зьмест якой прадыктаваны самой назваю. Не для дзяцей і не для прыхільнікаў Саладухі. Як і ўвесь альбом — для аматараў вечна жывога слова, хоць пазьнейшая творчасьць Памідорава ўяўляецца мне куды больш плённай і каштоўнай.

СцэнзураЧ

 

“Hard life heavy music”

Розныя выканаўцы. (p) 2001, BMAgroup 008

Я не вялікі аматар экстрэмальнае музыкі, хоць некаторых прадстаўленых на гэтым альбоме выканаўцаў некалі слухаў не без прыемнасьці. Гэтая зборка сьведчыць пра тое, што, па-першае, урокі сальфэджыё нашым рокерам ды мэталерам не зашкодзілі б. Па-другое, цяжкая беларуская музыка мае яўны гукавы акцэнт, запазычаны ў народнай традыцыі.

Найперш пра самае вялікае расчараваньне — “Gods Tower”. Ці то песьню выбралі няўдалую, ці то нехта проста не ў гуморы быў, але “Ўхвала сонца” бязьлітасна кампрамэтуе гэты неабыякі гурт. Партыя гітары гучыць настолькі няўпэўнена, што ствараецца ўражаньне, быццам гітарыст толькі ўчора прыдбаў інструмэнт!

Вось хто файна валодае інструмэнтамі, дык гэта дуэтчыкі Сьпіцын-Чармэн: бліскучае, ці ня ўзорнае выкананьне і, дзякаваць Богу, без вакалу. Бо дарослыя, бо разумеюць: ня варта рабіць тое, што атрымліваецца не найлепшым чынам. Некаторыя ж іншыя — робяць. “Apraxia”, напрыклад. Інструмэнтальнае суправаджэньне ў іхнай песьні цікавае, але ж вакал!.. Тая самая праблема з мужчынскім голасам у гуртоў “Gateward”, “Slavir”. Той, хто думае, што хард&хэві — такая музыка, дзе трэба раўсьці, а не сьпяваць, глыбока памыляецца. Так што называць усе прадстаўленыя на дыску гурты “супэрзоркамі”, як пазначана на вокладцы, я б паасьцярогся.

Але ня ўсё тут змрочна ды безнадзейна. Добрая песьня ў “Зьніча”, музыкі гурту “Alatyr” паказваюць, што гітары ў руках трымаюць яўна ня першы дзень, “Vicious Crusade”, мяркуючы па адной песьні, маюць добрае адчуваньне формы і ўмеюць напоўніць яе адпаведным зьместам.

Усяго альбом гучыць 80 хвілінаў. Спачатку думаў — ня вытрымаю, і “НН” давядзецца рыхтаваць нэкралёг па заўчасна страчаным для грамадзтва Слухачу. Не! Выжыў і месцамі нават атрымаў задавальненьне. Так што альбом успрымаю як ваду можа й не зусім жывую, але ня мёртвую — дакладна!

Х&Х Слухач

 

“Сузор’е”

“Нэлі Дзянісава + “Сузор’е”. “Рок-тэрапія”. Гурт “Сузор’е”. (р) 2001. Аўтарскія дэмавыданьні

Абодва кампакты выйшлі з нагоды часовай рэанімацыі “Сузор’я” — гурту, зь якога пачалася гісторыя беларускага року. Няхай не крыўдуюць “Песьняры”, але выконвалі яны збольшага біг-біт, ужываючы элемэнты року толькі як адну са стылёвых фарбаў. “Сузор’е” ж было першым рок-калектывам, прызнаным афіцыйна і запрошаным на прафэсійную філярманічную сцэну.

У альбом “Нэлі Дзянісава + “Сузор’е” ўвайшлі песьні з кружэлкі “Верасьнёўская рака”, выдадзенай “Мэлёдыяй”, тры адаптаваныя інструмэнтальныя фрагмэнты з “Полацкага сшытку” ды кампазыцыі на тэксты зь “Песьні пра зубра” Міколы Гусоўскага.

Альбом ня страціў актуальнасьці гучаньня, хоць у аснове музыкі — ня дужа цяпер запатрабаваны гард-рок. Колькі песьняў з гэтай зборкі й сёньня зьяўляюцца безумоўнымі шлягерамі — “Пакуль ня згас агонь”, “Ва ўсе часы”, “Верасьнёўская рака”, “Кароль і блазан”. А вакал Нэлі Дзянісавай дагэтуль можа быць узорным для беларускіх рок-сьпявачак.

Другі альбом — гэта дапоўнены двума бонус-трэкамі запіс 1984 г., які шырока разышоўся па тагачасным СССР. “Рок-тэрапію” пісалі на два бытавыя магнітафоны “Тэмбр” у сутарэньнях тэатральна-мастацкага інстытуту — у студыі гурту “Студыя 7”, дзе гралі тады Іван Маркаў ды Ігар Варашкевіч. У альбом увайшлі песьні, якія “Сузор’е” выконвала на прафэсійнай сцэне, ганебна закрытай для яго ў 1983 г. Можа, з-за гэтага тыя запісы не ўспрымаюцца сёньня як нейкі забаронены экзатычны плод. Аднагодкі беларускай групы — “ДДТ”, “Акварыюм”, “Машына часу” — прафэсійнай сцэны тады ня мелі і змушаныя былі шмат запісвацца, каб трапіць да слухача. “Сузор’е” ж запісвалася мала. Таму вельмі многія ягоныя песьні сёньня страціліся. У нетрах дзяржаўнага радыё, напрыклад, зьнікла арыгінальная вэрсія “Зоркі Вэнэры”, у амаль безнадзейным стане напаўаматарскі запіс вялікай арт-рокавай кампазыцыі “На шляху дзікіх гусей” (У.Буднік — М.Танк). Большая частка музыкі з “Полацкага сшытку”, з-за якой музыкаў яшчэ ў 1983 годзе абвінавацілі ў “нацыяналізьме”, наагул не была запісаная.

Вось чаму гэтыя рэстаўраваныя запісы групы цяпер успрымаюцца як рарытэт. Але не як анахранізм. Доказам гэтаму можа быць той факт, што імі вельмі зацікавілася фірма “Вэст-рэкардз”, якая цяпер вядзе перамовы з музыкамі “Сузор’я” адносна фабрычнага тыражаваньня гэтых двух альбомаў.

Той яшчэ Слухач

 

Я – супраць вайны

Размова са Сьюзэн Вэгай

— Вы нарадзіліся ў Нью-Ёрку, расьлі ў атмасфэры нью-ёрскай багемы… Што Вам даў гэты горад?

— Індывідуальнасьць, характар, нават пачуцьцё гумару, у чым пераконваешся, размаўляючы зь людзьмі зь іншых месцаў. Можа, таму я намагаюся не замыкацца ў атмасфэры роднага гораду. Мяркую, што на маёй новай кружэлцы Songs about Red and Gray чуваць подых акіяну, вецер вандраваньняў. Апрача Нью-Ёрку люблю Лёндан. Люблю нават самыя жахлівыя гарады, у якіх мне давялося пабываць. Усё залежыць ад таго, якія зь імі зьвязаныя перажываньні, згадкі.

— Наколькі Вас зьмяніла тэрарыстычная атака?

— Я жыву за дзесяць дамоў ад Сусьветнага гандлёвага цэнтру. За тыдзень перад трагедыяй майго брата ўзялі былі на працу ў будынак паміж вежамі. Калі я ўбачыла па тэлевізары тараны самалётаў, кінулася да тэлефону званіць яму. Гэта быў сапраўдны цуд: у той дзень ён захварэў. Але сваякі маіх сяброў загінулі. Мы спрабуем выйсьці з дэпрэсіі, але гэта надзвычай цяжка.

— Амэрыканскія артысты, асабліва пасьля вайны ў Віетнаме, — заўзятыя пацыфісты. Дылан сьпяваў Masters Of War нават пасьля нападу Іраку на Кувэйт. Ці пачалі Вы і Вашыя калегі цяпер лічыць вайну прымальным спосабам вырашэньня канфліктаў?

— Мае сябры мяркуюць, што вайна — гэта няўдалы адказ на агрэсію. Аднак большасьць амэрыканцаў маюць іншую думку. Іх атакавалі ў іх уласнай краіне, і яны хочуць абараняцца, нават за яе межамі. Раней ваенныя захады ўраду не маглі разьлічваць на такую падтрымку.

— Амэрыканскія артысты падтрымліваюць прэзыдэнта Буша, якога раней крытыкавалі?

— Многія з нас галасавалі за Гора. Але настаў час, калі мы мусім аб’яднацца. Мала хто зь ньюёрскіх артыстаў заяўляе, што вайна ў Аўганістане іх ня тычыцца.

— Вашы песьні, напрыклад Luca, апавядаюць пра няшчасных дзяцей, чалавечую адзіноту, нібыта Вы, насуперак сваёй дзейнасьці ў Amnesty International, лічыце, што чалавек ня здольны дапамагчы сам сабе, што ён адзінокі.

— Я спадзяюся, што можа быць іначай. Людзі могуць быць шчасьлівыя. Можа, мае песьні не найлепшы доказ гэтаму, але, калі я пішу, мяне апаноўваюць іншыя пачуцьці. Калі молішся, немагчыма адначасова сьмяяцца.

Некалі я захаплялася ў песьнях сваёй незалежнасьцю, ганарылася ёю. А калі пасталела, дык выявілася, што найважнейшая рэч для мяне — жывыя зносіны зь іншымі людзьмі. Наведнікам маіх канцэртаў пра гэта вядома даўно. Я размаўляю зь імі, сьмяюся, жартую. Мне гэта вельмі падабаецца.

— Вы разьвяліся зь Мітчэлам Фрумам, які быў прадусарам Вашых альбомаў. Гэта дало Вам свабоду і як сьпявачцы?

— Развод яшчэ ня скончаны, але мы жывём асобна. Не магу сказаць, што, калі мы працавалі ў студыі ці на канцэрце, Мітчэл быў тыранам. Але пасьля расстаньня зь ім я адчуваю сябе свабоднай ад вялікага канвэеру. У любую хвіліну я магу ўзяць гітару і засьпяваць тое, што хачу.

Паводле Rzeczpospolitej

 

Сьюзэн Вэга

Амэрыканская сьпявачка. Папулярнасьць ёй прынесла кампазыцыя Wooden Heart. Галоўная тэма яе творчасьці — “адзінота сярод людзей”. Любоў да музыкі Сьюзэн прышчапіў яе айчым, вядомы амэрыканскі пісьменьнік Эдзі Вэга. Спачатку яна займалася клясычнымі танцамі ў High School of Performing, затым у снабісцкай атмасфэры каледжу імя Бэрнарда вывучала літаратуру. У 70-я яна напісала першыя свае песьні-баляды, навеяныя творчасьцю знакамітых амэрыканскіх бардаў, у тым ліку Леанарда Кохена, а таксама Джоні Мітчэл і Лоў Рыда. Дэбютавала яна ў музычных клюбах раёну Greenwich Village у Нью-Ёрку.

У часы, калі пераважаў цяжкі рок, Сьюзэн выступіла з камэрнымі запісамі ціхіх сьпеваў мелянхалічным голасам. Сусьветную славу здабыла яе песьня Luca — гісторыя пра адзінокага хлопчыка, зь якога зьдзекуюцца бацькі. Адстойваць правы дзіцяці сьпявачка пачала, працуючы ў арганізацыі Amnesty International. Яна зьяўляецца членам журы літаратурнай узнагароды The Orange Prize for Fiction, якая прысуджаецца выключна пісьменьніцам.

Нядаўна Сьюзэн Вэга выдала зборнік паэзіі The Passio.

Некалькі тыдняў таму яна пабывала з гастролямі ў Варшаве.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0