Абразкі і абрэзкі

Па салёне пуставатага нядзельнага аўтобуса ходзіць маладзіца-кандуктарка ў шараварах, хатніх шлёпанцах і белых вязаных шкарпэтках. Пэўна, гэтак ходзіць яна дома па кухні, мо гэтак і сьпіць у восеньскія халады. І сьніцца ёй неверагоднае: нарэшце ім выдалі спэцадзеньне — кабаты ды валёнкі з новымі бліскучымі галёшамі…

Кожны раз, улучаючы кампутар, успамінаю Казімера Малевіча. Геніяльны, відаць, быў мастак, калі яшчэ на пачатку ХХ ст. стварыў такую актуальную сёньня карціну. Штодня дзясяткі мільёнаў людзей, перш чым засьвецяцца іхныя дысплэі, бачаць перад сабой рэпрадукцыю знакамітай карціны нашага земляка — “Чорны квадрат”…

Рэдкая ў лістападзе сонечная раніца: халодна, лужыны добра прыхапіў мароз; жанчыны дружна апранулі зімовыя строі; зыркае сонца сьлепіць вочы, але зусім ня грэе — амаль як нашая радзіма-Беларусь. Але хай бы хоць сьвяціла, а грэцца мы будзем самі — хто будзённымі клопатамі, хто марамі аб будучыні, хто модным футрам, а хто добрым словам. Адагрэўшыся самі — адагрэем і яе…

Зноў давялося ісьці на рынак. Наколькі за савецкім часам ён быў цікавым месцам з самай несавецкай, стыхійнай і некантраляванай атмасфэрай, настолькі сёньня ён нецікавы — занудная людзкая гурма, гэткая квінтэсэнцыя “рынкавага сацыялізму” — тлумнага таптаньня на месцы ды марнаваньня часу і сілаў. Нахадзіў па базары кілямэтраў 4—5, але патрэбнай адзежыны не прыдбаў. Кажуць, не сэзон — чакайце лета…

Васіль Аўраменка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0