водгукі

Палітычная амнэзія

У нумары “НН” ад 28 сьнежня быў надрукаваны артыкул Алеся Чобата “Gloria Victis, альбо ліст да Сямёна Домаша”. Ня буду спрачацца з даволі супярэчлівымі ацэнкамі аўтарам цяперашняй палітычнай сытуацыі. Але лічу патрэбным выказацца адносна падзеяў беларускай гісторыі пачатку 90-х, якую сп.Чобат аздабляе сьцьвярджэньнямі, што не адпавядаюць фактам. Калі чытач, якому цяпер каля трыццаці, здольны параўнаць трактоўку аўтара з тым, што бачыў і чуў сам, дык маладзейшае пакаленьне можа ўспрыняць гісторыю паводле такіх скажоных інтэрпрэтацыяў, як падае сп.Чобат.

 

Тое, пра што піша Чобат, мне давялося назіраць зблізку: з 1991 па 1996 г. я была парлямэнцкім карэспандэнтам газэты “Добры вечар”, радыё “Рэха Масквы”, а затым беларускай службы радыё “Свабода”. Добра ведаю і пра дзейнасьць апазыцыі БНФ, якой Чобат прысьвяціў значную частку свайго артыкулу. Мой муж, Сяргей Навумчык, быў дэпутатам апазыцыі. Усё, пра што я буду пісаць ніжэй, грунтуецца ня толькі на ўласных успамінах, але і на дакумэнтах.

Дзеля зручнасьці, паспрабую пракамэнтаваць сьцьвярджэньні сп.Чобата паводле храналёгіі падзеяў.

1. Спадар Чобат піша, што “бойня пад тэлецэнтрам у Вільні ў студзені 1991 г., калі савецкія вайскоўцы забілі трынаццаць чалавек, пакінула беларусаў глыбока абыякавымі”.

Насамрэч прыкметай тых дзён у Беларусі была менавіта неабыякавая рэакцыя людзей. Стыхійныя мітынгі ў падтрымку Літвы праходзілі ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Зь Вярхоўнага Савету БССР у той тыдзень у Літву накіраваліся аж дзьве дэлегацыі: адна афіцыйная на чале зь Нілам Гілевічам, другая – ад апазыцыі БНФ. Апошняя прывезла ў парлямэнт Літвы ліст падтрымкі ад беларускіх дэпутатаў (літоўскія дэпутаты віталі яго стоячы). У ВС Беларусі тады ішлі тэлеграмы і рэзалюцыі зь мітынгаў – колькасьць удзельнікаў уражвала. Падтрымка, якую беларусы выказалі літоўскай дэмакратыі, была ніяк ня меншай за тую, што назіралася ў Расеі ці ва Ўкраіне. Вядома, “неабыякавасьць” выказала ня ўсё насельніцтва, але ўсё насельніцтва нідзе й ніколі актыўнасьці й не выяўляе. Дзеля прыкладу: сто тысячаў чалавек, якія ў “аксамітную рэвалюцыю” 1989 г. выйшлі на Вацлаўскае намесьце – гэта толькі дзясятая частка пражанаў і сотая – насельніцтва Чэхіі. Дадамо, што некалькі грамадзянаў Беларусі былі ўшанаваныя ўрадавымі ўзнагародамі Літвы за салідарнасьць зь літоўскай дэмакратыяй. Сярод іх – дэпутаты ад апазыцыі Барыс Гюнтар ды Ігар Пырх, першы рэдактар адноўленай “НН” Сяргей Дубавец.

Чобат піша, што апазыцыя БНФ зрабіла памылку, не паслухаўшы экс-сьпікера Дземянцея і пачаўшы не з Канстытуцыі, а з рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах.

Пры ўсёй схалястычнай крытыцы быццам бы “амёбападобнага” насельніцтва Беларусі ды абраных ім дэпутатаў сп.Чобат зусім ня згадвае падзей жніўня-верасьня 1991 г., калі ў Беларусі была адноўленая незалежнасьць. А між тым гэта ключавы этап для разуменьня палітычных працэсаў, якія і зараз доўжацца ў Беларусі.

У гісторыі парлямэнтарызму гэта быў сапраўды ўнікальны выпадак, калі адна дзясятая частка дэпутатаў здолела дамагчыся сваіх мэтаў, якія, заўважым, дыямэтральна разыходзіліся з мэтамі большасьці (прыпыненьне дзейнасьці КПБ-КПСС, аднаўленьне назалежнасьці, наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу “Пагоня” статусу дзяржаўных сымбаляў). Аднак гэта было б немагчыма без падтрымкі значнай часткі насельніцтва, і найперш – некалькіх дзясяткаў тысячаў людзей, што прыйшлі ў тыя дні да Дому ўраду. Была там і я. І для нас, хто быў тады на плошчы, незалежнасьць не звалілася зь неба – за яе даводзілася змагацца.

Адначасна з патрабаваньнем незалежнасьці апазыцыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком вылучыла патрабаваньне новых выбараў (паводле натуральнай формулі “новая дзяржава – новы парлямэнт”). Альтэрнатыўным гэтаму патрабаваньню варыянтам была якраз прапанова Дземянцея – прымаць Канстытуцыю. (Дарэчы, чым так не задаволены сп. Чобат? Парлямэнцкая большасьць прапанову Дземянцея рэалізавала ў поўнай адпаведнасьці з уласным разуменьнем канстытуцыйнага працэсу.) Урэшце ў 1994 г. Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю – з прэзыдэнцтвам. Супраць такога праекту Канстутуцыі выступала апазыцыя БНФ. Пазьняк тады заявіў, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва можа прывесьці да дыктатуры.

Пасьля таго як увосень 1991 г. ВС адмовіўся праводзіць новыя выбары, апазыцыі заставаўся толькі адзін варыянт – рэфэрэндум за датэрміновыя выбары. У выніку такіх выбараў большасьць новага парлямэнту склалі б дэмакраты, і гісторыя Беларусі пайшла б у іншым кірунку. БНФ сабраў 442 тысячы подпісаў (дастаткова было 250 тыс.). Вярхоўны Савет быў абавязаны прызначыць рэфэрэндум – паводле закону. У тым, што большасьць дэпутатаў пайшла на парушэньне закону, наўрад ці варта вінаваціць дэпутацкую меншасьць.

Рэфэрэндум быў адзіным шанцам у той сытуацыі, і ягоная страта абярнулася для краіны трагедыяй. Тут упершыню і выявіліся фігуры беларускіх палітыкаў-цынікаў, якія пасьля прывялі да ўлады Лукашэнку. Адной з ключавых фігур выступаў Дзьмітры Булахаў.

Чобат піша: “Я чыста выпадкова сустрэў на прахадной Дому ўраду мастака Ўладзімера Крукоўскага. Аказваецца, гэта ён з брыгадай у тэмпе раз-два рыхтаваў усю новую сымболіку… І вось ужо два месяцы Крукоўскі, як шабашнік за старшынём калгасу, хадзіў за нашымі дэмакратычнымі і патрыятычнымі дэпутатамі, якія тую работу замаўлялі, і ня мог атрымаць ні рубля. Больш таго, яму празрыста ківалі, што за такую “сьвятую справу” ўвогуле грэх браць грошы...”

Дзяржаўная сымболіка сапраўды распрацоўвалася на замову дэпутатаў апазыцыі БНФ. Праца ішла некалькі месяцаў – і зусім ня ў тэмпе “раз-два”. Што да аплаты, дэпутаты апазыцыі некалькі разоў зьвярталіся да кіраўніцтва ВС з просьбай аплаціць працу... Апазыцыя грашыма не распараджалася. Пазьняк жа не ўяўляў нават магчымым прыйсьці ў нейкую амбасаду і сказаць, да прыкладу: “Мы тут пішам Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, дык дайце нам грант”. А бізнэсоўцы апазыцыі практычна не дапамагалі. Яны супрацоўнічалі з уладамі. Яны не маглі прадбачыць, што праз колькі гадоў давядзецца прасіць прытулку за мяжой і сьцьвярджаць, што пасадзіць за краты іх хацелі не за фокусы з крэдытамі, а за дапамогу апазыцыі.

Чобат піша, што “ў 1994-м “нацыяналісты” і “дэмакраты”, а таксама “наш Вячаслаў Францавіч” бяздарна прагледзелі новую сацыяльную клясу, камсамольцаў сярэдняга зьвяна”, відавочна маючы на ўвазе найбольш яскравага прадстаўніка гэтай “клясы” – Лукашэнку.

У кастрычніку 1993 г., калі Лукашэнка выступіў у Джярждуме Расеі ад імя “клясы” супраць незалежнасьці, апазыцыя БНФ запатрабавала пазбавіць яго дэпутацкіх паўнамоцтваў. Калі б гэтая прапанова была прынятая падкантрольнай Кебічу парлямэнцкай большасьцю, не было б ні сумна вядомага “антыкарупцыйнага дакладу”, ні ўдзелу Лукашэнкі ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Аўтар піша: “Як толькі Лукашэнка раскапаў за сьпікерам нейкія неаплачаныя будматэрыялы, Шушкевіч паляцеў з нагрэтага месца. Пры поўнай усеагульнай згодзе”.

Адстаўка Шушкевіча была зусім не аднадушнай. У 93-м байкотам з пакіданьнем залі паседжаньняў апазыцыі ўдавалася зрываць галасаваньні па адстаўцы Шушкевіча, якую ініцыявалі камуністы. У студзені 94-га ініцыятарамі адстаўкі Шушкевіча выступілі Лукашэнка, Булахаў, Ганчар, падтрымала іх і група на чале з Карпенкам. Дэпутаты БНФ, хоць і мелі прэтэнзіі да Шушкевіча, рабілі ўсё магчымае, каб прадухіліць чарговае галасаваньне аб даверы сьпікеру.

Наагул, зводзіць адстаўку Шушкевіча да абвінавачаньня ў нібыта “скрадзенай скрыні цьвікоў” – значыць спрашчаць сытуацыю. “Цьвікі” – гэта тое, што было для радыётрансьляцыі. А ключавым падаецца іншае абвінавачаньне, якое прагучала на зачыненым пасяджэньні ВС, але адразу стала вядомае нам, парлямэнцкім журналістам. На тым пасяджэньні Лукашэнка заявіў, што ўлады ЗША запатрабавалі выслаць за дзейнасьць, несумяшчальную з дыпляматычнай, дваіх супрацоўнікаў прадстаўніцтва Беларусі ў ААН. Гэтыя “дыпляматы” былі насамрэч афіцэрамі расейскай выведкі.

Дэпутат Лукашэнка лічыў, што Шушкевіч быў абавязаны ўзьняць тэму расейскіх выведнікаў падчас візыту Біла Клінтана ў Менск, які адбыўся за тыдзень да гэтага закрытага пасяджэньня. Дарэмна дэпутаты апазыцыі даводзілі, што расейскія – ня значыць “нашы”. Менавіта пасьля гэтага была вынесеная прапанова аб даверы (альбо недаверы) Шушкевічу. Ужо ў той момант у дзеяньнях Лукашэнкі выразна выявіўся “расейскі фактар”, замяшаны на інтарэсах спэцслужбаў.

Як апошні сродак, апазыцыянэры паспрабавалі сарваць кворум, не апускаючы бюлетэняў у урны. Адзін такі бюлетэнь захоўваецца ў нас дома – на ім Станіслаў Станіслававіч пазьней з удзячнасьцю расьпісаўся.

“Ляцелі ўдалеч першыя дні Незалежнасьці... Ніхто ня ведаў, што зь ёй рабіць”. сьцьвярджае Чобат.

Ня ведаю, дзе ў тыя гады быў сп.Чобат і што рабіў ён, але аднаўленьне Незалежнасьці было ўспрынята як сыгнал да дзеяньня творчай інтэлігенцыяй, навукоўцамі, прадпрымальнікамі, журналістамі і г.д. Менавіта тады паўстала большасьць прыватных парадпрыемстваў, я ўжо не кажу пра новыя газэты і часопісы, пры кнігадрук, калі ў сьвет было выдадзена тое, што раней зьявіцца ў друкаваным выглядзе ніяк не магло (на жаль, цяпер таксама).

І, нарэшце, вельмі добра ведала, што трэба рабіць з незалежнасьцю, апазыцыя БНФ на чале з Пазьняком. Менавіта яна прапанавала Вярхоўнаму Савету канцэпцыю разьвіцьця новай дзяржавы – у тым ліку ў сфэры эканомікі, фінансавай сыстэмы, міжнародных зносінаў. Сп.Чобат гэтага не адмаўляе, выяўляючы, праўда, арыгінальнае разуменьне палітычных тэрмінаў.

Ён піша: “Трыццаць апазыцыйных дэпутатаў, якія супраць трохсот астатніх, маюць толькі прыходзіць на галасаваньні і галасаваць “супраць”. Трыбуну ж трэба выкарыстоўваць выключна для рэклямы і прапаганды. А наш БНФ мала таго што лез са сваімі трыццацьцю пальцамі ўсюды, ад міжнароднай палітыкі да лясной гаспадаркі, мала таго што бессэнсоўна дыскутаваў з вэтэранамі-маразматыкамі па праблемах кастрычніцкай рэвалюцыі, дык ён яшчэ праекты законаў пісаў невядома каму і навошта...А парлямэнцкую трыбуну ёсьць сэнс выкарыстоўваць, толькі калі ёсьць скандал”.

Парлямэнт існуе дзеля прыняцьця законаў, гэта ягоная асноўная функцыя ва ўсе часы і ва ўсіх краінах. Дзеля скандалаў існуюць і2ншыя месцы, дый ніколі яшчэ скандалы (напрыклад, фінансавыя) палітыкаў не ўпрыгожвалі.

І тое, што яшчэ засталося ў Беларусі беларускага, – было закладзена пераважна тады, з 91-га да 93-га, і менавіта з дапамогай дэпутатаў БНФ. Так, камісія ВС па культуры й адукацыі на чале зь Нілам Гілевічам (намесьнікі – дэпутаты ад БНФ Алег Трусаў і Лявон Баршчэўскі, сярод сяброў – Лявон Дзейка, Яўген Цумараў) стварылі падмурак новай, беларускай сыстэмы адукацыі, дамагліся новых, праўдзівых падручнікаў гісторыі і літаратуры. Па іх вучылася моладзь, якая і сталася цяпер актыўнай сілай супраціву. Міжнародная камісія, на чале якой былі дэпутаты апазыцыі Пятро Садоўскі і Валянцін Голубеў, выпрацавала кірункі самастойнай замежнай палітыкі. Праекты законаў аб уласнасьці, банках і банкаўскай сыстэме, Зямельны кодэкс распарацоўваліся дэпутатамі апазыцыі БНФ Уладзімерам Заблоцкім, Юрасём Беленькім, Лявонам Зданевічам. Была прапанаваная канцэпцыя разьвіцьця сродкаў масавай інфармацыі.

Тыя больш як трыццаць законапраектаў і некалькі сотняў заканадаўчых прапановаў, падрыхтаваных дэпутатамі апазыцыі, стваралі прававы падмурак дэмакратычнай дзяржавы з цывілізаванымі рынкавымі адносінамі. Большасьць зь іх была адрынутая – але пэўныя палажэньні ўсё ж увайшлі ў заканадаўчую базу, на якой паўстала і самастойная фінансавая сыстэма, і беларускае войска, і памежная служба, і ўсё тое, без чаго немагчыма ўявіць незалежную краіну.

Можна казаць і пра тое, што ня здолела зрабіць апазыцыя БНФ. Аднак у цывілізаваным сьвеце прынята ацэньваць палітыкаў паводле вынікаў. Вынік жа дзейнасьці апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком – стварэньне незалежнай Беларусі. Ніякім наступным “хвалям” апазыцыі не ўдалося пакуль і наблізіцца да такога палітычнага посьпеху.

І яшчэ я параіла б сп.Чобату не ацэньваць гэтак грэбліва беларусаў, паказваючы іх мала на што здольнымі. За пяць гадоў жыцьця ў ЗША на ўласныя вочы пераканалася, што беларусы, прыяжджаючы ў Нью-Ёрк часам з сотняй даляраў у кішэні, вельмі хутка ўладкоўваюць сваё жыцьцё ня горш (а часьцей і лепей) за палякаў, латышоў, габрэяў альбо расейцаў.

Галіна Навумчык, Нью-Ёрк

 

Кажух і валёнкі для “бандыта” Луцкевіча, або Наша беларуская міталягема

Прачытаўшы ў “НН” ад 19 лістапада гісторыю пра “кажух ад Купалы”, я пляскаў у ладкі: рэч ясная, што мы маем справу з міталягемаю — нашаю, беларускаю міталягемаю. Праўда, я зьбіраўся пісаць пра сваё маленькае адкрыцьцё ў новым эсэ для часопісу “Arche”, але вось 4 студзеня ў “НН” зьявіўся артыкул Ігара Лялькова, і маё перакананьне, што “кажух ад Купалы” – міталягема, яшчэ больш умацавалася.

 

Міталягему трэба адрозьніваць ад міту. Напрыклад, многія шчыра верылі: пабачыўшы, што НКВД рыхтуе расправу з, бадай, апошнімі беларускімі пісьменьнікамі ў БССР, у тым ліку з Купалам і Коласам, першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка кінуўся да Сталіна. З ласкі “найлепшага друга савецкіх пісьменьнікаў” ордэры нечакана памянялі на ордэны. Многія верылі ў гэтую прыгожую казачку, а скептыкі казалі: “Вось каб паперку якую, дакумэнцік які на гэты конт пачытаць”. З часам такі дакумэнт выявілі, прачыталі і жахнуліся: Панамарэнка насамрэч не ратаваў пісьменьнікаў, а капаў ім яму.

Гэта тыповы выпадак легенды, што пачала была набываць статус міту. Яе можна было пачуць з вуснаў дзясяткаў дзядзькоў і цётак, яе ўнесьмяроціў на пісьме Барыс Сачанка. Байка сталася б міталягемаю, калі б на той самы сюжэт апавядалі гісторыю з удзелам іншых асобаў (прыкладам, першага сакратара Гея і начальніка ГПУ БССР Рапапорта). А вось гісторыя з “кажухом ад Купалы” – тыповая міталягема. Бо я ўжо даўнавата чуў падобную гісторыю, якая нібыта адбывалася ў той самы час і ў тым самым горадзе, але не з Купалам ды Ўласавым, а з Купалам, Коласам ды Антонам Луцкевічам. Апавядаў яе на радыё “Свабода” прафэсар Мікола Іваноў.

Сюжэт такі: у 1940 г. Луцкевіч, трапіўшы па этапе зь Вільні ў Менск, адправіў з турмы на “волю” дзьве цыдулкі – Купалу ды Коласу. Колас адмаўчаўся, казаў Іваноў, а вось Купала перадаў Луцкевічу ў астрог кажух і валёнкі.

Мне не ўдалося навязаць кантакт з д-рам Івановым, каб высьветліць, на якіх дакумэнтах грунтуецца ягонае сьцьвярджэньне. Пачутае па радыё я апрабоўваў на дасьведчаных людзях. Што Колас адмаўчаўся, казалі мне, зразумела: трое дзяцей у чалавека было... Але й Купала ня мог перадаць кажушок ды валёнкі: збаяўся б. Хутчэй за ўсё гэта Купаліха зрабіла: яна была жанчына экспансіўная. Людзі ж, якія ў той час сядзелі, пыталіся ў мяне: як пісулька наагул магла трапіць на волю? Алоўкаў і паперы ў вязьняў не было, у перапоўненых камэрах стукачы... Але ўявім, працягвалі разважаць былыя зэкі, што пісулька трапіла да адрасата. Ці адважыліся б Купала ці Купаліха перадаць Луцкевічу кажух ды валёнкі? Не. Бо ў іх папыталіся б, адкуль, ад каго яны ведаюць, што Луцкевіч сядзіць менавіта ў гэтай турме. Калі б Купала ці Купаліха сказалі пра пісульку, вязьням і вохры менскіх “амэрыканкі” й “валадаркі” рэжым да гэтае падзеі здаўся б курортным...

Купала, Колас і Бядуля маглі хадайнічаць за Аляксандра Ўласава, бо мелі на руках “законны” ліст, але кажуха яму не перадавалі. За Луцкевіча яны наўрад ці хадайнічалі, бо я ня чуў ад сыноў прэм’ер-міністра БНР, каб хтосьці зь іх пісаў у Менск і прасіў дапамогі. Значыць, кажушка з валёнкамі Луцкевіч тым болей не мог атрымаць. Але легенды пра кажушкі хадзілі...

Цікава даведацца, як міт нараджаецца. У кожнае міталягемы ёсьць канкрэтныя аўтары. Шкада, няма сярод нас Генадзя Каханоўскага, які распавёў гісторыю пра кажух для Ўласава. Цяпер мы наўрад ці даведаемся, ад каго ён пачуў яе. Ня менш цікава даведацца, ад каго пачуў гісторыю пра кажушок і валёнкі для Луцкевіча прафэсар Іваноў. Каму гэтак хацелася прыхарошыць вобраз Купалы? Сумнеўна, каб Антон Луцкевіч, апынуўшыся ў менскім астрогу, зьвяртаўся да Купалы зь нейкаю просьбаю. Калі Беларускі музэй у Вільні атрымліваў “ЛіМ”, дык ягоны дырэктар Луцкевіч ня мог не зьвярнуць увагі на Купалаў артыкул “Успаміны” ў нумары за 6–7 лістапада 1937 г. У тым артыкуле паэт назваў прэм’ер-міністра БНР і ягонага брата Івана “бандаю Луцкевічаў” ды параўнаў іх з царскаю цэнзураю: маўляў, і цэнзура, і “банда Луцкевічаў” хацелі трымаць ягоную, Купалаву песьню ў кратах. Наўрад ці мог Луцкевіч забыцца на гэты артыкул і не разумець, у якім стане знаходзіцца Купала, якога ён, Луцкевіч, назваў прарокам адраджэньня. Зрэшты, Луцкевіч і бяз гэтага артыкулу ведаў, што дзеецца ў БССР і зь людзьмі, і з норавамі.

Якуб Колас збэсьціў Аляксандра Ўласава значна пазьней, чым Купала братоў Луцкевічаў: па другой сусьветнай вайне – у аповесьці “На ростанях”.

Анатоль Сідарэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0