МУЗЫКА

 

Калядны рок

агляд сцэнічных падзеяў Менску

Канец сьнежня выдаўся досыць багатым на розныя музычныя імпрэзы. Камэрныя вечарыны ў клюбах чаргаваліся зь вялізнымі канцэртамі нашых рок-зорак. Усё зьмяшалася ў гукавую кашу, але сёе-тое ўсе ж засталося ў памяці.

Найперш, вядома, фэст беларускіх гітарыстаў, які праходзіў ужо трэці раз. Інтарэс да “Грыфаманіі” расьце з кожным годам, да яе выяўляюць цікавасьць як спонсары, так і простыя слухачы. Заля ДК МТЗ сёлета была перапоўненая. У хуткім часе дырэктару фэстывалю Юр’ю Рашэтнікаву трэба будзе арандаваць Палац спорту, каб задаволіць патрэбы аматараў гітарнай музыкі. Гралі ўдзельнікі фэсту ўсё — ад флямэнка да сьпід-мэталу. Асабліва зачараваў публіку “беларускі Блэкмар” Ігар Волкаў, які “бегаў” па грыфе адразу дзьвюма рукамі, ды мэтр Уладзімер Угольнік са сваім “Цяжкім блюзам”. Крыху панэрваваў арганізатараў джазмэн Іван Барысаў, але ён давёў, што прафэсіянал здольны рабіць сваю справу ў любым стане ап’яненьня.

Яшчэ згадваецца сольны перадкалядны канцэрт Аляксея Шадзько з гуртам “Сястра”, у які ўваходзяць музыканты з прэфіксам “супэр”. Анцішын, Люты, Шавандо й Каліноўскі цешылі публіку сваім майстэрствам — па чарзе ды ўсе разам. Шадзько сьпяваў пра тое, як ён паляціць на Марс, як ён кахае Марусю і як разьнясецца па сьвеце ягоная песьня каханьня ды разьвітаньня. Даўно трэба ўзнагародзіць гэтага прадстаўніка крэольскай музыкі званьнем кшталту “беларускі кароль рок-баляды”, бо лепшага за яго ў дадзеным напрамку не відаць і не чуваць. Калі б браў удзел у зборных фэстах, сьпяваў не для адной і той самай публікі ды рабіў тое, што патрабуюць законы шоў-бізнэсу, можа, нечым і адзначылі б. А Аляксей дае рэдкія сольныя канцэрты, сьпявае для сяброў, знаёмых і даўніх прыхільнікаў... за што яму насамрэч вялікі дзякуй.

А тым часам выплыла з памяці яшчэ адна музычная падзея — “comeback KRIWI”. Сэнсацыі з гэтага ніхто рабіць ня стаў, таму месца абралі адмысловае (клюб “База”), рэклямы не зрабілі ды падвысілі цану квіткоў. Таму здолелі патрапіць туды адно толькі набліжаныя да гурту людзі — усіх назьбіралася каля 20—30 чалавек. “Крыві” сьпявалі старыя песьні, Вайцюшкевіч не на ўсю моц выканаў рэшту са свайго і абяцаў выступіць з “Цацачнай крамай” яшчэ раз, а “стрып-зорка” Піт Паўлаў прыканцы прадэманстраваў аголеную канечнасьць. Пад “Я нарадзіўся тут” танчыла нават служба аховы, а “Агу, вясна” перайначылі ў “Агу, зіма”. Пасьля жывога выступленьня была дыскатэка — скакалі пад рэміксы песень “Крыві”.

Між іншым, у сакавіку гурту будзе пяць год. Мо сьвяткаваньне адбудзецца ў больш даступным месцы.

Яшчэ прыгадваецца калядная вечарына ў ДК МТЗ, якой БМА адмыслова надала этна-фолькавае адценьне. Першымі калядавалі госьці з Магілёву — “Акруга вольнага мастацтва”. Гурт грае надзвычай прыгожую й цікавую музыку (у Эўропе нешта падобнае гралі “Jethro Tull”). Адно што інтэрпрэтацыі “Рэчанькі” і “За туманам” у “АВМ” ня дужа атрымаліся: “За туманам”, выкананая зычным мужчынскім басам, не ўспрымалася. “Postscriptum” выступілі як заўсёды ўдала: знайшлі яны свой стыль і наўрад ці калі ад яго адмовяцца. Апагеем стаўся “Палац”, які выглядаў больш рокавым (пэўна, гітарыст “Крамы” Трухановіч, які грае зь імі, прыклаў намаганьні), больш сталым і нейкім узвышаным па-над усімі. Дарэчы, толькі іхная музыка прымусіла ўсю залю танчыць і сьпяваць старажытную “Стралу”, новы гіт “Чужыя дзеўкі” ды забытую народную “Божа, мой, Божа”. Прыканцы вядучы Аляксандар Памідораў засьпяваў свой “Цуд на Каляды”.

Апрача ўсяго, адбылася пакуль што закрытая прэзэнтацыя наступнага супольнага праекту (на вершы Караткевіча), а двухдзённы канцэрт NRM, што таксама меўся адбыцца ў калядныя дні, улады забаранілі. Вольскі паабяцаў выступіць у лютым.

А 6 студзеня ў клюбе “Акварыюм” адбыўся канцэрт “Блюз на Раство”. Хэдлайнэрамі былі “Mojo blues” — той самы гурт, дзе грае зараз колішні гітарыст “Рэю” ды “Крамы” Ільля Шэўчык.

Сяргей Будкін

 

зьмены на дзяржрадыё

Гаворыць Менск

Цягам апошніх сямі гадоў першую праграму беларускага радыё ніякія адчувальныя рэформы не закраналі. За гэты час у Менску зьявілася некалькі новых FM-станцыяў, па-беларуску вяшчаюць Прага, Беласток, Вільня — паспольства займела рэальную магчымасьць выбару. Першы канал, як часта любяць паўтараць і самі яго супрацоўнікі, апынуўся “па-за канкурэнцыяй”.

Але з прыходам новага кіраўніцтва на Беларускім радыё — значная рэформа. Ад 1 студзеня зьмянілася сама сетка вяшчаньня, “палягчэў” фармат, “Радыё-1” узяло курс на забаўляльнасьць, “папсовасьць”. Наагул скасаваныя рэдакцыі (музычная, літаратурная і г.д.) — іхныя месцы займаюць часовыя творчыя групы.

Нібыта ёсьць грошы на сучасныя кампутары, пульты, мікрафоны. Будзе запраграмаваны адмысловы этэрны кампутар з музыкай у фармаце МР3 на 500 гадзінаў гучаньня. Бо цяпер у Доме радыё такое архаічнае абсталяваньне, якога, мусіць, ня знойдзеш нідзе ў сьвеце. На першы плян выходзіць моладзь, дэкляруецца нечуваная свабода рэпэртуару. Мяркуецца больш перадачаў весьці ў жывым этэры, запрашаць ды-джэяў, ставіць музыку на замову слухачоў. Гэта можа нанесьці адчувальны ўдар па беларускай мове — значна лепшай пакуль што на радыё, чым на тэлевізіі. Дагэтуль кожная перадача, што выходзіла ў запісе, папярэдне раздрукоўвалася ў трох асобніках, некалькі разоў вычытвалася — і хібаў у мове было мала. Да таго ж будзе ўхваляцца шырэйшае карыстаньне расейшчынай.

Амаль цалкам зьнікнуць з этэру акадэмічная музыка, літаратура, сур’ёзныя культурніцкія праграмы. Мяркуецца, што большасьць зь іх пяройдзе на другі канал радыё... А я ўсё мару пра FM-станцыю з клясычнай музыкай. Уявіце: навіны, курс даляра, прагноз надвор’я, рэкляма — усё як мае быць, але замест усялякіх Hi-Fi, Алсу ды Кіркорава — такія гіты, як Трэці канцэрт Рахманінава, Другая сымфонія Малера, рамансы Шумана ці арыі Вэрдзі... І чыстая беларуская мова. Калі яшчэ тое будзе на абноўленым дзяржаўным радыё.

Віталь Стахіевіч

 

дыскаграфія

“Уваход да сябе”

Аляксей Шадзько і гурт “Сястра”. (р) 2001.

Мастакі Ўладзімер Цэсьлер ды Сяргей Войчанка аформілі гэты альбом з вытанчаным зьдзекам: усе, хто ўпершыню бярэ кампакт у рукі, шчыра вераць, што пад празрыстым плястыкам ляжыць білет на найбліжэйшы канцэрт Шадзька, насамрэч намаляваны на вокладцы.

Гэтаксама можна “купіцца” і на музыку. Пасьля даволі лагоднага папярэдняга альбому Аляксей выдаў рэзкую, агрэсіўную праграму, у якой упершыню не ўжывае клявішных інструмэнтаў. Альбом ад гэтага ня страціў анічога, бо і гэтым разам зь ім запісваліся калі не “тузы” ад музыкі, дык “каралі” – дакладна: гітарыст Сяргей Анцішын, бубнач Кірыла Шавандо і новая “сястра” – басіст Аляксандар Каліноўскі. Гук стварала цэлая брыгада: Барыс Далгіх, Аляксей Зайцаў ды Андрэй Субоцін. І дамагліся “цукерачкі”: гучыць альбом бездакорна!

Дый рэпэртуар сьведчыць пра тое, што Шадзько ўвайшоў менавіта ў свае дзьверы. Праграма збалянсаваная, роўная. Калі паспрабаваць вызначыць сярод гэтых гітоў супэргіт, я назваў бы “Раманс”, які выпадае з агульнае стылістыкі альбому, цалкам адпавядаючы пазначанаму ў назьве жанру.

У альбоме ёсьць дзьве новыя вэрсіі вядомых ужо песень: “Бывай, мой хлопчык” і “Па калена ў нябёсах”. Калі першая зь іх зьмянілася ў параўнаньні з арыгіналам нязначна, дык другая страціла тэмпавую арганізацыю, хоць яе мэлёдыя – яскравая і запамінальная. Правакацыйна гучыць “Калыханка”. Дзецям слухаць яе ня варта, як ня варта й самому інтэлігентнаму Шадзьку надалей выстаўляць на публічнае слуханьне ня дужа нарматыўнае слоўца. Мог і “бі-біп” зрабіць, як у папярэднім альбоме.

“Анёл”, “Малінавы сон”, “Голыя рыбы”, “Дай мне руку тваю” – усё гэта вартыя ўвагі моцныя песьні, якія даюць падставу сьцьвярджаць, што сёньня Аляксей Шадзько ў расейскамоўнай рок-музыцы Беларусі – безумоўны лідэр, які мог бы пры ўмове раскруткі паставіць на адпаведныя месцы многіх рок-выканаўцаў, якімі гэтак ганарыцца Расея.

Замкнёны Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0