БІБЛІЯТЭКА

 

Друкаваны пернік

Алесь Марціновіч. Сімяон, сын Полацку. — Менск: “Юнацтва”, 2001. Для малодшага школьнага веку.

Кніга гэтая зарыентаваная на дзяцей малодшага школьнага веку і мусіць служыць мэтам адукацыі. Між тым, можна з пэўнасьцю сказаць, што самому аўтару кнігі бракуе элемэнтарных ведаў зь беларускай гісторыі, агульнай гісторыі й гісторыі беларускай літаратуры. Так, спасылаючыся на “Сімяона…”, дзеці змогуць цалкам упэўнена даводзіць сваім настаўнікам гісторыі, што фэдэрацыйныя часткі Рэчы Паспалітай па-простаму называліся “Карона” і “Каралеўства” (с.9). Як княства зрабілася каралеўствам — загадка, адказ на якую ведаюць толькі аўтар ды рэдактары кнігі.

А на с.28 аўтар мала таго што згадвае нейкі твор Сакрата, дык яшчэ й называе яго “выдатным узорам красамоўства”. І гэта пры тым, што Сакрат, як вядома, нічога не запісваў: усе філязофскія сэнтэнцыі мудраца дайшлі да нас у выглядзе анэкдотаў ці ў пераказе Плятона. Іншаму знакамітаму грэку не пашанцавала зь імем. У інтэрпрэтацыі Алеся Марціновіча яно гучыць як “Дамасфэн” (с.79). Здаецца, суцэльнага аканьня ў запазычаных словах у нас пакуль што няма... Але куды ж у такім разе падзелася “э” ў першым складзе? Ствараецца ўражаньне, што імёны ды назвы выклікаюць у аўтара найбольшую складанасьць: “Назва “езуіты” паходзіць ад лацінскага слова “Іезус”, што ў перакладзе азначае Ісус Хрыстос...” (с.51). Вычарпальны камэнтар, нічога ня скажаш…

Такіх хібаў можна было б пазьбегнуць, каб быў у кнігі абазнаны навуковы рэдактар. Ён бы патлумачыў аўтару, што галоўны герой кнігі наўрад ці мог у маленстве трымаць у руках “Слова пра паход Ігаравы” (с.23), знойдзенае праз 100 гадоў пасьля сьмерці Сімяона Полацкага. Патлумачыў бы, што “Полацкі” — гэта не псэўданім манаха Сімяона. Што ня ўсе выпускнікі брацкіх школаў “у далейшым зьвязвалі свой лёс са служэньнем Богу” (с.28). Што ў XVII ст. дыялектыка і філязофія былі якраз “багаслоўскімі навукамі”, гэтаксама як царкоўнаславянская, грэцкая і лацінская мовы (с.93).

А некаторыя хібы маглі паправіць і звычайныя рэдактары. Напрыклад, зацеміць, што псальмы — гэта вершы (с.88) і што гэта не патрабуе асобнага пацьвярджэньня. Адзначыць, што калі ўжо Самуіл Пятроўскі (будучы Сіямон Полацкі) уступіў у грэцка-каталіцкі ордэн базылянаў на старонцы 51, дык ня можа ён на старонках 61—63 пакутаваць: рабіцца праваслаўным манахам ці весьці сьвецкае жыцьцё?

Асобная гаворка пра хібы, выкліканыя прарасейскімі пазыцыямі, зь якіх напісаная кніга. Аўтар сьцьвярджае, што “Полацкага непакоіла засільле іншаземных выкладчыкаў” на Русі (с.92). А сам ён хто быў у той Масковіі, як не іншаземец? Такі ж наежджы, як немцы, грэкі ды іншыя. (І дзяўблі ж яго там за лацінскія ўплывы ў разуменьні асноваў веры, вершаскладаньні!)

Неаднакроць у кнізе згадваюцца беларускія майстры: кафляры, разьбяры й інш., якія “пераехалі” ў Маскву пры цару Аляксею. Дык пераехалі самі ці ўсё ж былі вывезеныя?

Чытаецца кніга цяжка, няроўна: сказы то доўгія, грувасткія, малазразумелыя ў “малодшым школьным узросьце”, то абарваныя, няпоўныя. Сустракаюцца русізмы, якія цяжка апраўдаць: слова “спазаранку” (с.16) у беларускай літаратурнай мове няма — ёсьць “з самага ранку”, “зранку”, “на досьвітку”. Няведаньне некаторых рэаліяў прыводзіць да такіх казусаў, як, напрыклад, “друкаваны пернік” (с.70). На якім жа, цікава, варштаце друкавалі тыя пернікі? Пячатанымі яны заўжды зваліся, бо на іх быў малюнак, “пячатка”.

А як рэдактару можна было прапусьціць у друк такую “пэрліну”: “...зразумець вартасьць тых каштоўнасьцей, вартасьць якіх з гадамі не зьмяншаецца” (с.22)? І няўжо рэдактары й карэктары выдавецтва “Юнацтва” шчыра перакананыя, што слова “сьвятар” паходзіць ад слова “сьвет” і ў родным склоне будзе пісацца “сьветара” (с.70)?

...Вось такія ўражаньні пакінула ў мяне кніга “Сімяон, сын Полацку”. Калі падагульніць адным сказам: “Адкрыў прыгожую вокладку, а пад ёй — Алесь Марцiновіч”.

Ар.Шанскі

 

Чатыры кнігі
пра нашы лапці

Цiтоў В. Этнаграфiчная спадчына: Беларусь: Краiна i людзi. – 2-е выд. – Менск: Беларусь, 2001. – 208 с.: iл.

 

Цiтоў В. Этнаграфiчная спадчына: Беларусь: Традыцыйна-бытавая культура. – 2-е выд. – Менск: Беларусь, 2001. – 207 с.: iл.

 

У апошнiя гады цiкавасьць да пытаньняў этнаграфii вырасла, і гэта вiдавочна радуе. Дзьве манаграфii аднаго аўтара ў форме навучальнага дапаможнiка. Зьмест — асновы этнаграфiчных ведаў пра беларускi народ i ягоную старажытную культуру, падзяляецца на главы i параграфы ў iх. У межах асобных падразьдзелаў — вызначэньне тэрмiнаў i тлумачэньне зьяваў. Як напамiн пра надакучлiвыя школьныя падручнiкi — пералiк пытаньняў i заданьняў пасьля кожнае часткi. Такая падача матэрыялу можа паспрыяць лепшаму засваеньню новых ведаў — натрэнiраваная школкамi падсьвядомасьць адгукаецца на знаёмую форму i дае сыгнал запамiнаць.

Першая кнiжка прысьвечаная агульным пытаньням беларускай этналёгii i распавядае пра асаблiвасьцi нашага этнагенэзу, геапалiтычнае становiшча, мiжэтнiчныя адносiны зь iншымi народамi. Шмат у ёй лiчбаў i фактаў, дзякуючы якiм выданьне набывае даведачны характар. Другая кнiга напiсаная больш жывой мовай, распавядаецца ў ёй пра жытло, промыслы i рамёствы, ежу i харчаваньне, вопратку, транспартныя сродкi, звычаi i абрады беларусаў. Добра чытаецца, калi ўпершыню адкрываеш для сябе побыт продкаў. Калi ж ужо штосьцi ведаеш, застаецца адчуваньне “дэжа вю”: дзесьцi, маўляў, ужо чулi, нiчога новага. Усьцешвае вялiкая колькасьць iлюстрацыяў, шкада толькi, што не каляровых. Ёсьць таксама мапы й таблiцы. Але iнфармацыя насамрэч толькi агульная — неабходны мiнiмум навукова абгрунтаваных ведаў пра традыцыйную культуру. Чалавеку, якi прагне заглыбiцца ў якое-небудзь адгалiнаваньне гэтае культуры, варта пачытаць што-небудзь iншае.

 

Васіль Лiцьвiнка. Сьвяты i абрады беларусаў. — 3-е выд. — Менск: Беларусь, 2001. — 190 с.: iл.


Гэтая кнiга вызначаецца ў анатацыi як дапаможнiк для настаўнiкаў, выхавальнікаў дзiцячых садкоў i кiраўнiкоў фальклёрных калектываў. Насьцярожана чакаеш расьпiсаных да дробязяў сцэнароў, прачытаўшы якiя застанецца адно разьмеркаваць ролi ды рабiць выгляд, што паўтарэньне прапанаваных радкоў тоеснае разуменьню глыбiннага сэнсу традыцыi. Аднак кніга прыемна зьдзiўляе. Настаўнiкi i выхавальнікі могуць хiба атрымаць тут парады, якi з варыянтаў сьвяткаваньня больш прыдатны для сцэны, або выкарыстаць у сваёй пастаноўцы фальклёрныя тэксты, якiх у кніжцы багата. Дый варыянты гульняў аўтар вiдавочна падбiраў такiя, каб дзецям было цiкава. У астатнiм кнiга ўяўляе сабой гадавы пералiк асноўных каляндарных сьвятаў i абрадаў. Іх у выданьнi чатырнаццаць. Побач з агульнавядомымi, такiмi, як Вялiкдзень, Купальле або Дзяды, распавядаецца i пра Грамнiцы, Камаедзiцу, апiсваюцца абрады пахаваньня стралы ды жанiцьбы комiна. Паколькi традыцыйна розным мясцовасьцям уласьцiвыя розныя сьвяты, асобныя зь iх могуць стацца адкрыцьцём для пэўнага кола чытачоў. Агульнае разуменьне месца сьвята ў календары i ў жыцьцi людзей дапаўняецца апiсаньнямi найбольш цiкавых момантаў, рытуалаў, дзеяньняў у час таго цi iншага сьвята. Нiякiх штампаў i шаблёнаў: перад кожным, хто зацiкавiцца, — спрадвечная аснова сьвята, вялiкая прастора для ўласнае фантазіi ў кампанаваньнi розных элемэнтаў i сьпiс дадатковай лiтаратуры ды аўдыё- або вiдэазапiсаў. Застаецца толькi пажадаць уважлiва ставiцца да традыцыi i не пераносiць сьвята або абраду ў неўласьцiвую яму мясцовасьць. Прыкладам, ня варта гукаць вясну на захадзе краiны або валачобнiчаць на Палесьсi.

 

Народныя мастацкiя рамёствы Беларусi / Уклад. Я.М.Сахута. – 2-е выд. – Менск: Беларусь, 2001. – 168 с.: iл.

 

У адрозьненьне ад папярэднiх кнiжак, гэта не манаграфiя, а зборнiк артыкулаў, у якіх аўтары дзеляцца з чытачамi сакрэтамi свайго майстэрства: пляценьня з лазы i саломы, вышываньня, выразаньня па дрэве, рабленьня выцiнанак, ляпленьня з глiны, маляваньня пiсанак i тканьня народных паясоў. Наўрад цi ў вас хопiць цярплiвасьцi й жаданьня займацца ўсiмi рамёствамi адразу, але штосьці адно ўмець было б варта. З прычыны навагодніх ды калядных сьвятаў можна параiць пачаць з выцiнанак. Усе мы ў дзяцiнстве выразалі з паперак сьняжынкi ды гiрлянды. Проста, прыгожа i, як высьветлiлася, цалкам адпавядае народным традыцыям. Кнiга пабудаваная такiм чынам, што нават самымi складанымi з прапанаваных рамёстваў зможа авалодаць кожны чытач: пасьля зьмешчанага на пачатку агульнага апiсаньня рамяства i ягонае гiсторыi iдзе падрабязны расповед пра неабходныя прылады, матэрыялы i тэхнiку выкананьня, прычым са схемамi i малюнкамi. Таму, калi няма магчымасьцi вучыцца ад бабулi зь дзядулем, можна выкарыстоўваць гэты дапаможнiк.

 

Проза ад УП
“Палёт душы”

Мiхась Южык. Мёртвае дрэва: апавяданьнi, аповесьць. – Менск: УП “Палёт душы”, 2001. – 264 с.


Прозу Мiхася Южыка, сабраную ў гэтай кнiзе, можна ахарактарызаваць праз наступную трыяду: хрысьцiянская мараль, псыхалягiзм, простасьць. У выданьнi сем апавяданьняў i адна аповесьць — з рознымi героямi й праблемамi, не зьвязанымi мiжсобку падзеямi. Аднак кнiга не ўспрымаецца як выпадковы зьвяз празаiчных зацемаў аўтара, бо ўсе творы аб’яднаныя пэўнай звышыдэяй, якую можна акрэсьлiць як шлях герояў да сябе, да ўнутранай свабоды i чысьцiнi праз боль, страты, сутыкненьне зь несправядлiвасьцю. Амаль кожнае апавяданьне сканчаецца маральнай сэнтэнцыяй, роздумам героя або аўтара пра сэнс жыцьця. Пры гэтым моцна адчуваецца аўтарская шчырасьць i ўпэўненасьць у тым, што ён кажа. Узрушвае аповесьць “Чую цябе” — гiсторыя каханьня ў кантэксьце жыцьця беларускага студэнцтва канца 80-х мінулага стагодзьдзя. Чымсьцi нагадвае Караткевiчаву “Ў сьнягах драмае вясна”, хаця ўсiм былым студэнтам падасца хутчэй напамiнам пра ўласныя прыгоды i хваляваньнi. Кніга напiсаная проста. Чытачу-гурману, выхаванаму на творах Джойса, Картасара або Павiча, ня будзе хапаць у ёй гульнi, стварэньня iншых рэальнасьцяў, складаных сынтаксычных пабудоваў. Калі ў пачатку ХХІ ст. пытаньне, пра што расказаць, яшчэ можа быць больш важным за праблему, як гэта зрабiць, свайго ўдзячнага чытача, якi з задавальненьнем перажыве з героямi iх праблемы i лёсы, кнiжка Мiхася Южыка знойдзе.

Вольга Гурло

 

падзеі культуры

Гарадзенскія Каляды

На праваслаўнае Раство ў Горадні зьбіралася сябрына, у якой шануецца постаць сьвятога Губэрта — патрона гораду.

 

Спатканьне адбылося ў майстэрні Ірыны і Аляксандра Сільвановічаў: яна — гаспадыня прыватнай галерэі, ён — вядомы ў горадзе мастак. Публіка сустрэлася ўвечары ў Старым горадзе і з запаленымі ліхтарыкамі накіравалася ў майстэрню. Тамака іх чакала сьвяточная пачостка, зафундаваная грамадзкім аб’яднаньнем “Ратуша”.

Напачатку гаварылі пра кельтаў, іхную спадчыну і калядныя вершы шатляндзкага паэта Джорджа Макея Браўна. Цытавалі ўрывак пра Куцьцю са “Шляхціца Завальні” Баршчэўскага.

Скульптар Уладзімер Панцялееў на просьбу зачытаў урывак з паэмы “Пра Панцялея-рыбака”, напісанай сталічным тэатральным рэжысэрам Лагодам і выдадзенай кніжачкай. Акадэмік Панцялееў на сёньняшні дзень, бадай, адзіны з 300 тысячаў гарадзенцаў, якому прысьвечаная цэлая паэма. Напісаная яна па-беларуску й вызначаецца наяўнасьцю нелітаратурнай лексыкі.

Гаварылі й пра помнікі. Прагучала гісторыя пра тое, як гарадзенскія партыйныя ўлады прывезьлі з Масквы, з майстэрні савецкага мэтра Вучэціча, формы 8-мэтровай ленінскай статуі. Аднак высьветлілася, што ў формы няма рук, не захаваліся. А гарадзенскія скульптары прынцыпова адмовіліся рамантаваць форму. Тады ўлады паставілі азгураўскага Леніна.

Публіка ўспамінала й адзінага гарадзкога жабрака савецкіх часоў — Люціка, або Лютака. Спрачаліся, жывы ён ці памёр. Лютак стаў своеасаблівым сымбалем Старога гораду. Сёньня мастакі малююць яго на фоне старасьвецкіх камяніцаў.

А прысутным нават заманулася паставіць яму помнік. Існуюць жа, маўляў, неідэалягізаваныя скульптуры ў менскім Міхайлаўскім сквэры... Аднак пасьля Леніна ўлады не паставілі ў Горадні ніводнага помніка! Зьявіўся толькі бюст Адаму Міцкевічу, але выключна дбаньнямі Саюзу палякаў, ганаровы старшыня якога Тадэвуш Гавін, дарэчы, удзельнічаў у спатканьні сябрыны.

Хаця важней было б паставіць помнік сьвятому Губэрту і аленю, пагадзіліся прысутныя. А адзін зь іх пад воплескі часова пераўвасобіўся ў аленя сьвятога Губэрта. Сьвяточную імпрэзу наведалі таксама калядоўшчыкі, якія, як мае быць, сьпявалі і атрымалі дарункі.

Сяргей Краўцоў, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0