З усёй краіны

 

Голас душы
мусіць гучаць

З Новага году змоўкла радыёпраграма “Голас душы”. Паўтараць, што яе любілі ня толькі шчырыя каталікі, але й шчырыя праваслаўныя, ня трэба. Пра папулярнасьць перадачы сьведчыць хоць бы тое, што перад выбарамі ўлада павялічыла час ейнага вяшчаньня ўдвая.

Праграма айца Завальнюка як ніякая іншая спрыяла ўмацаваньню пачуцьця еднасьці між праваслаўнымі й каталікамі. Не тае “цярпімасьці”, якой ад часу аднаўленьня незалежнасьці запоўненыя афіцыйныя прамовы клерыкаў — часта няшчырыя, — а глыбіннага паразуменьня, прызнаньня патрэбнасьці іншага. “Голас душы” разбураў стэрэатып “ворага-каталіка”, які вякамі стваралі ў сьвядомасьці праваслаўных імпэрскія ідэолягі, каб лягчэй было падзяляць наш народ і папіхаць ім. Малітвы а.Завальнюка і ягоных парафіянаў за братоў-праваслаўных, іхная радасьць у дні праваслаўных сьвятаў лепш за што іншае паказвалі праваслаўным: каталікі такія ж беларусы, як і вы, моляцца за тое самае, за што й вы, яны патрыёты тае ж краіны.

Для Беларусі такое паразуменьне — справа дзяржаўнае важнасьці. Бо праваслаўныя і каталікі — дзьве рукі аднаго цела, і гэтае цела ня можа паўнавартасна функцыянаваць без аднае зь іх. Гэта аснова беларускае дзяржаўнасьці.

Якімі б аргумэнтамі ні апраўдваліся кіраўнікі радыё, закрыцьцё “Голасу душы” — даўняя задума тых, хто хоча, каб варажнеча між праваслаўнымі й каталікамі тлела ў нас вечна, хто на нянавісьці будуе свае палітычныя кар’еры. Людзі добрае волі ня могуць такога дазволіць.

“Голас душы”, адзіная беларускамоўная хрысьціянская праграма Беларускага радыё, мусіць загучаць ізноў. Калі праграму ўжо раз зачынілі колькі гадоў таму, 30 тысяч подпісаў хапіла, каб яе вярнулі ў сетку вяшчаньня. Мусіць хапіць і цяпер. Таму мы заклікаем усіх чытачоў “НН” паставіць свае подпісы за аднаўленьне праграмы “Голас душы”. Пэўныя, што да акцыі ў абарону “Голасу” далучацца праваслаўныя прыходы й каталіцкія парафіі, суполкі беларускіх партыяў і гурткі недзяржаўных арганізацыяў. Наша нацыянальная непаўторнасьць тчэцца зь нітачак, адной зь якіх ёсьць “Голас душы”. Нітачкі не павінны перарывацца.

Падпішэцеся і прапануйце падпісацца Вашым сябрам, выражце гэты купон і дашлеце на адрас “НН”, мы перадамо вашыя подпісы на радыё, а копіі — айцу Завальнюку.

 

Маўчанка

Каб даведацца, зь якой прычыны зьнялі з этэру радыёпраграму “Голас душы”, я патэлефанаваў у прэс-службу кіраўніка Беларусі.

 

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з “Голасам душы” адказала так: «Ну пры чым тут прэзыдэнт? Усе пытаньні — да Белдзяржтэлерадыёкампаніі». Дзіўна: Лукашэнка на сустрэчах з супрацоўнікамі тэлерадыёкампаніі неаднаразова даводзіў, што яна ў нас праваднік дзяржаўнай палітыкі і ідэалёгіі.

А мне адказваюць: “А пры чым тут?..”

У Беларускім экзархаце Расейскай праваслаўнай царквы робяць выгляд, што нічога ня ведаюць пра закрыцьцё “Голасу душы”. Прэс-сакратар мітрапаліта Філарэта Андрэй Петрашкевіч заявіў, што пра гэта ня чуў. Пасьля таго як яму патлумачылі сытуацыю, ён сказаў, што ня можа “камэнтаваць гэта на сваім узроўні”, але паабяцаў пераадрасаваць нашую просьбу ўладыку Філарэту. Такім чынам, афіцыйную рэакцыю Мітраполіі паведамім Вам на наступным тыдні.

Улады маўчаць і муляцца, адцягваюць час разьбіральніцтва. Мо гэта такі спосаб зандажу грамадзтва — ці моцна абурылася, як і наколькі доўга ды інтэнсіўна зьбіраецца пратэставаць? Пабачаць, што народ супраць, дый сыграюць у “добрага цара”: закіне слова за аднаўленьне перадачы і Філарэт, і кіраўнік дзяржавы, апарат якога “Голас душы” й задушыў. Такім чынам, ад нас з вамі залежыць, пачуем мы айца Завальнюка на Радыё-1 ці не.

Ігнат Чакацкі

 

Расейскі рубель, згодна з прагнозамі кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча, будзе ўведзены ў Беларусі ў 2005 г. Гэта азначала б поўную страту краінай эканамічнага сувэрэнітэту і разьвітаньне з надзеяй на далучэньне да Эўразьвязу. Раней беларускія ўлады хацелі стварыць новую супольную валюту Беларусі і Расеі ці ў горшым выпадку атрымаць роўныя правы на друк расейскага рубля. Зараз, па словах Пракаповіча, урад пагадзіўся з патрабаваньнямі расейцаў аб адзіным эмісійным цэнтры.

“Чарнобыльскія” надбаўкі вырасьлі на траціну. Цяпер у “зонах” з радыяцыяй ад 5 да 10 кюры на чалавека плацяць 1111 руб., ад 10 да 40 кюры — 1441 руб., а дзе больш за 40 кюры — 2160 руб. штомесяц.

Падаражэла стаўка за карыстаньне крэдытамі Нацбанку. Раней яна складала 48% у год, цяпер — 66%. Падвышаючы кошт беларускіх грошай, урад спрабуе зьбіць рост курсу даляра. Пакрысе ідзе вяртаньне да некалькіх курсаў валютаў — рынкавы курс даляра ужо на 5% большы, чым у Нацбанку.

На 5% патаньнеў бэнзын на аўтазапраўках дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. У канцэрне гэта тлумачаць зьніжэньнем сусьветных цэнаў на нафту.

Штрафаваць за засыпаныя сьнегам аўтамабілі і пляцоўкі вакол іх распачнуць у Менску. Штраф складае ад 1 да 3 мінімалак.

Уводзіцца банкнота 20 тысяч рублёў. На галоўным баку банкноты зьмяшчаецца выява палацу Паскевічаў у Гомелі. З адваротнага боку — рэпрадукцыя карціны “Выгляд палацу й парку” архітэктара Адама Ідзкоўскага, аўтара праекту перабудовы палацу. Банкнота ў 10 тыс. рублёў была ўведзеная ў абарачэньне 16 красавіка 2001 г.

Крэдыты ў далярах хутка змогуць атрымаць для будаўніцтва ці набыцьця жыльля грамадзяне Беларусі. Банкаўскія крэдыты ў валюце будуць выдавацца з наступным яе продажам на біржы. Атрыманыя ад продажу замежнай валюты беларускія рублі павінны накіроўвацца ў безнаяўным парадку на мэты, прадугледжаныя крэдытнай дамовай, не трапляючы на рахунак крэдытаатрымальніка. Вяртаць пазыку і працэнты можна будзе як у безнаяўнай форме, так і гатоўкай.

Аэрапорт “Менск-1” адновіць рэйсы ў Вільню, Рыгу, Кішынэў, Калінінград, Варонеж, Арол ды Белгарад. Рэйсы туды скасавалі ў 1995—96 г., бо попыт на іх быў малы.

Свабоднымі зробяцца закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, кажа міністар сельскай гаспадаркі сп.Русы. Адбудзецца гэта ўвесну. Але сёлета, папярэдзіў міністар, урад ня сьпіша даўгоў калгасам і саўгасам.

Бяз фосфарных угнаеньняў могуць застацца вяскоўцы. Адзіны іх вытворца ў Беларусі, Гомельскі хімзавод, амаль спыніўся, бо вінен расейцам за апатыты пад 2 млн. даляраў. У сваю чаргу, з заводам не разьлічыліся калгасы й саўгасы.

падаражэла гарэлка, інфляцыя скокнула. Цана беленькае падвысілася на 2,5%. Зараз бутэлька “Крышталю-100” абыдзецца паспалітаму беларусу ў 2102 рублі, “Белай Русі” і “Крышталю-люкс” — 2171 руб., “Белай Русі-люкс”, “Крышталю-люкс новага” — 2249 руб. Агульны рост цэнаў за першы тыдзень студзеня склаў 1,8%. У Кіргізіі за ўвесь мінулы год рост цэнаў быў усяго ўдвая большы.

Лібанцы купілі чвэрць “Плянэты”. 25% акцыяў менскага ААТ “Гатэль “Плянэта” прададзена лібанскай фірме “Рубі Роўз Груп”. Лібанскія інвэстары плянуюць праз тры гады зрабіць “Плянэту” як мінімум 4-зоркавым, а калі менскія ўлады дазволяць зрабіць прыбудову, дык і 5-зоркавым гатэлем. Тая самая група набыла частку акцыяў унівэрсаму “Сталічны”.

Сяржук Іваноўскі і ўл.інф.

Безабаронны анёл-абаронца

Скульптура “Анёл-абаронца”, зробленая скульптарам Голубевым, была дэмантаваная з аршанскіх брацкіх воінскіх могілак па вул. Пралетарскай. Такое рашэньне ўлады Воршы прынялі пасьля таго, як помнік пачалі паціху расьцягваць ахвотнікі да дармавога каляровага мэталу. Спачатку зьнікла сьвечка, якую анёл трымаў у руцэ, потым — адно за адным — крылы, рукі, ступакі. Каб спыніць працэс зьнішчэньня скульптуры, яе зьнялі з пастамэнту і адвезьлі ў музэйнае сховішча. Цяпер думаюць, што рабіць з помнікам: захаваць як сымбаль нашага бязглуздага часу і экспанаваць у музэі або ўсталяваць адноўленую скульптуру ў офісе гарадзкога аб’яднаньня “Ахова”. Пра вяртаньне анёла на ранейшае месца нават гаворкі няма.

Каштоўнасьць з крыламі

Гістарычна-культурнай каштоўнасьцю абвешчаны “Помнік дальняй авіяцыі — самалёт ТУ-16”, які ў 1987 г. быў усталяваны ў ваенным гарадку Балбасава пад Воршай. ТУ-16 — першы савецкі рэактыўны стратэгічны бамбавальнік, які мог несьці ядзерную зброю.

Віктар Лютынскі, Ворша

Школаў менее

Ужо сёлета на Астравеччыне плянуюць закрыць пяць пачатковых школак і адзін дзіцячы садок. Летась гэткі самы лёс напаткаў дзьве школы. Закрываюць іх з-за недахопу грошай. Крыўдна й тое, што ўсе гэтыя школы вясковыя і навучаньне ў іх вядзецца па-беларуску.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Дзікуны ў Валожыне

За чатыры дні да Новага году ў Валожыне памерла 82-гадовая Марыя Шакун. Мужа і дзяцей у яе не было, і хаваць яе ўзялася пляменьніца-алькагалічка. Яна і атрымала матэрыяльную дапамогу на хаўтуры. Цяжка сказаць, што яна рабіла тыдзень, але хаваць цётку наважылася толькі 4 студзеня. Труну зь целам занесла на могілкі й крыху прысыпала сьвежым сьнегам. Закапалі труну ўражаныя дзікунствам валожынцы.

Паводле “Рэгіянальнай газэты”

Асьвяцілі дом дырэктара

Каталіцкая царква актывізавала працу з насельніцтвам усходняе Беларусі. Так, у вёсках Фашчаўка й Княжыцы мясцовыя жыхары зрабілі часовыя каплічкі, дзе праводзіць службы ксёндз шклоўскага касьцёлу Сьв.Пятра і Паўла Аляксандар Багдановіч. А ў Фашчаўцы ўпершыню за апошнія 70 год быў асьвечаны дом, прычым не абы-каго, а дырэктара саўгасу й сябра ПКБ.

Аляксандар Шчарбак, Шклоў

Парушальнікі хуткасьці не праскочаць

У асобым батальёне дарожна-патрульнай службы Берасьцейскай абласной ДАІ зьявіліся новыя радары, здольныя вылучыць з плыні машынаў адразу некалькі парушальнікаў хуткасьці. Ранейшая тэхніка дазваляла сачыць толькі за адным аўтамабілем.

Талачня па таннае

Ледзь не разьнесьлі пакупнікі пінскую фірмовую краму Баранавіцкай птушкафабрыкі “Дружба”, дзе ішла рэалізацыя 20 тонаў танных куранятаў. Тавар нават не выносілі ў гандлёвую залю, а прадавалі з чорнага ходу, старыя дзьверы якога ледзь стрымлівалі напор ня надта багатых аматараў курыных кумпячкоў.

На прарыў

У мінулым годзе берасьцейскія памежнікі затрымалі 375 парушальнікаў мяжы і 158 нелегальных мігрантаў. Часьцей за ўсё нелегальна спрабавалі перайсьці мяжу жыхары Малдовы (іх затрымалі 65 чалавек) і Віетнаму (40).

І.Хведаровіч, Кобрынь

Карпенкі эмігруюць

Сям’я Генадзя Карпенкі папрасіла палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Удава палітыка Людміла Карпенка кажа, што ня мае больш моцы жыць у Беларусі.

Паседжаньне КСАПП

Учора Кансультацыйны савет апазыцыйных палітычных партыяў (КСАПП) зацьвердзіў асноўныя палажэньні сваёй абноўленай пляцформы. Галоўнай сваёй мэтай КСАПП лічыць правядзеньне ў краіне свабодных і справядлівых выбараў: парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх, мясцовых, а дзеля гэтага трэба наладзіць дыялёг паміж уладай і палітычнай апазыцыяй.

Грамадзкасьць крытыкуе стан Белавежы

Прадстаўнікі “Асацыяцыі беларускіх зялёных”, Беларускага таварыства аховы прыроды, Беларускага геаграфічнага таварыства, “Хартыі’97”, БХК, цэнтру “Вясна” і руху “Зубр” заклікалі Раду Эўропы не працягваць дзеяньня дыплёму нацыянальнага парку “Белавеская пушча”. Бо, маўляў, замест таго каб ахоўваць Белавескую пушчу, беларускія ўлады няспынна эксплюатуюць ейныя багацьці.

Ва Ўнутраных — паўтара году

Чаканае скарачэньне тэрміну вайсковай службы не закране Ўнутраных войскаў МУС. Падрыхтоўка маладога чалавека да службы па ахове грамадзкага парадку, барацьбе са злачыннасьцю, канваяваньні злачынцаў займае нямала часу, і, калі скараціць тэрмін да году, на ўласна службу застанецца ўсяго два-тры месяцы. Разам з тым кіраўніцтва МУС выказваецца за павелічэньне ва Ўнутраных войсках колькасьці кантрактнікаў.

Перастаноўкі ў Мінабароны

Шэраг кадравых зьменаў адбыўся ў Міністэрстве абароны Беларусі. 10 студзеня прэзыдэнт прызначыў палкоўніка Генадзя Шаўрова начальнікам ракетных войскаў і артылерыі Ўзброеных сіл; палкоўніка Мікалая Скобелева — камандзірам 11-й гвардэйскай асобнай мэханізаванай брыгады Ўзброеных сілаў; генэрал-маёра Сяргея Багдасарава — начальнікам Менскага сувораўскага вучылішча. Палкоўнік Шаўроў да прызначэньня быў начальнікам аддзелу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня Мінабароны, палкоўнік Скобелеў — камандзірам 30-й брыгады захоўваньня ўзбраеньня і тэхнікі Мінабароны (Мар’іна Горка), генэрал Багдасараў — камандзірам 51-й цэнтральнай групы артылерыйскага ўзмацненьня (Асіпавічы).

Мытнікі будуць змагацца за зоркі

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі мяркуе, што супрацоўнікі беларускіх мытняў павінны мець афіцэрскія званьні. На ягоную думку, магчымасьць “змагацца за зоркі” будзе добрым стымулам для супрацоўнікаў мытняў і зробіць іх больш згуртаванымі. Пакуль жа супрацоўнікі гэтых службаў называюцца дарадцамі.

Э.Л.

сэнсацыя

“Магутны Божа” стане гімнам?

У аўторак рабочая камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дражына зацьвердзіла ўмовы конкурсу на словы і музыку новага гімну РБ. Да 1 красавіка грамадзкія арганізацыі, творчыя саюзы і простыя грамадзяне могуць прадстаўляць у камісію свае варыянты. Пяць найлепшых будуць запісаныя духавым аркестрам. Пасьля з гэтых пяцёх будуць выбраныя тры і, урэшце, з трох — адзін найлепшы.

Новы беларускі гімн мусіць упершыню прагучаць на сьвяткаваньні 3 ліпеня. У інтэрвію Беларускай тэлевізіі міністар культуры Леанід Гуляка ня выключыў, што музыка гімну застанецца ранейшай, а словы будуць новыя. У свой час гэтак быў прыняты цяперашні расейскі гімн.

Крыніцы ў Міністэрстве культуры не выключаюць, што на музыку Н.Сакалоўскага будзе прапанавана пакласьці тэкст “Магутны Божа” Н.Арсеньневай.

Мікола Бугай

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0