камэнтар рэдакцыі

Ганьба: Калугін у Навінках

Былога дырэктара заводу халадзільнікаў Леаніда Калугіна зьмясьцілі ў псыхіятрычную клініку ў Навінках. Робяць экспэртызу. Нават адвакатаў пра гэта не папярэдзілі, хоць мусілі б. Такая ў нас законнасьць.

Не сакрэт, на што Калугіна правяраюць: а ці ўсё ў яго ў парадку з галавой, што ён “такі праваслаўны”?

У Гомелі быў выпадак, калі сыну вядомай беларускай сьпявачкі псыхоляг у дзіцячым садку паставіла дыягназ “разумовая адсталасьць” толькі таму, што ён гаварыў па-беларуску, а па-расейску ня ўмеў. Вытанчаны зьдзек з Калугіна — зь іншай сфэры. Гэта нагадвае 70-я, калі ў краіне разьвітога сацыялізму прынцыповаму, бескампраміснаму марксісту таксама месца было толькі ў лякарні. Бо марксізм тады, як цяпер праваслаўе, быў толькі шырмай, казкай для народу.

Беларускі чыноўнік ня мае права гаварыць па-беларуску — хіба што рытуальна, ня мае ён права і верыць у Бога — хіба што для абраду. Чыноўнік ня мае сёньня права на гонар. Ня мае яго і царква. Інакш Мітраполія не цярпела б моўчкі, калі чалавека здаюць на псыхэкспэртызу толькі за тое, што ён утрапёны вернік.

І ва ўладных, і ў апазыцыйных колах можна пачуць: ну і добра, што Калугіна арыштавалі, што Лукашэнка прыціснуў гэтых праваслаўных, бо “праваслаўная партыя — гэта яшчэ страшней за Лукашэнку”, кажуць некаторыя нацыянал-дэмакраты. “Бо яна можа падарваць сувэрэнітэт краіны”, — такія думкі можна пачуць ад супрацоўнікаў прэзыдэнцкіх аналітычных структураў. І вось ужо лакеі ад журналістыкі сьпяшаюцца абліць брудам чалавека, якога раней 10 гадоў ставілі ў прыклад і ў псыхічнай паўнавартасьці якога не сумняваліся.

Рэдакцыя спадзяецца, што такія дурныя думкі не пераважаць і што беларускія праваабарончыя арганізацыі зробяць усё, каб пры расьсьледаваньні эканамічных злачынстваў ніхто не таптаў гонару й годнасьці падсьледных.

Наш час шмат чым нагадвае 70-я. І гэта сьведчыць, наколькі хісткая вонкавая стабільнасьць сёньняшняга ладу. Рассыпецца ўся гэтая вэртыкаль няпраўды, нібы Савецкі Саюз. Бо на ганьбе пабудаваная, на несправядлівасьці.

Гэта цяпер здаецца, што выпадкі з сынам беларускамоўнай сьпявачкі і дырэктарам заводу халадзільнікаў лучыць толькі беспакаранасьць тых, што зьдзекуюцца. Але не заўжды так будзе. У беларускім Грамадзянскім кодэксе напісана, што справы па абароне гонару і годнасьці ня маюць тэрміну даўнасьці. Што праз 10, 15, 20, 30 гадоў зьнявага можа быць пакараная судом. І нават калі бацькоў закатуюць, дык права на абарону гонару і годнасьці пераходзіць да дзяцей.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0