Стаў часткай гісторыі

Кулік
паховіны

Яўген Кулік памёр 12 студзеня на 65-м годзе жыцьця. Хавалі яго ў аўторак. У Палацы мастацтваў адбылася паніхіда. Некалькі сотняў чалавек прыйшлі разьвітацца са слынным мастаком. Для кагосьці ён быў сябрам, калегам, для кагосьці — вялікім настаўнікам, а для кагосьці — сымбалем змаганьня за Беларусь, чалавекам, які ўсё сваё сьвядомае жыцьцё гаварыў па-беларуску. Людзі несьлі вянкі, кветкі, труна патанала ў чырвоных ружах і белых хрызантэмах. У актавай залі Палацу мастацтваў, дзе праходзіла разьвітаньне, стаялі на варце паплечнікі майстра зь дзясяткам бел-чырвона-белых сьцягоў. Цела мастака пакрываў бел-чырвона-белы сьцяг.

У ганаровай варце зьмянялі адзін аднаго мастакі, палітыкі, сябры, цягнулася на сцэну залі, дзе спачывала труна, ручаіна людзей з кветкамі, словамі спачуваньня для блізкіх. У апошні шлях мастака праваджалі Алесь Разанаў, Генадзь Сагановіч, Зьміцер Санько, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Арлоў, Генадзь Бураўкін, Пятро Васілеўскі…

Адпяваў мастака а.Георгі Латушка, сьвятар Петрапаўлаўскай царквы. Паніхіда мусіла скончыцца а 13-й, але скончылася на гадзіну пазьней, столькі людзей хацелі разьвітацца.

Вынесьлі труну, ахінутую сьцягамі, з Палацу мастацтваў і панесьлі да праспэкту. Міліцыя перакрыла скрыжаваньне праспэкту і Казлова, каб жалобная машына і картэж аўтобусаў маглі праехаць. Правезьлі труну па вуліцы Кальварыйскай, паўз “чырвоны дом” на Танкавай, дзе была майстэрня мастака. Хавалі Яўгена Куліка на Кальварыі, побач з маці, як ён і прасіў.

Разьвітальнае слова казалі старшыня саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга, мастак Эдуард Агуновіч, палітыкі Юрась Беленькі і Вінцук Вячорка. Басалыга параўнаў Яўгена Куліка з ганцом, якога ў старажытныя часы высылалі з княскага войска несьці на бацькаўшчыну добрыя весткі. Кулік прынёс беларусам вестку пра Адраджэньне. Ніводзін з выступоўцаў ня змог стрымаць сьлёзаў. Гэты невысокі, згорблены чалавек з кароткім порсткім прозьвішчам быў з тае вялікае жменькі людзей, якія ўзгадавалі адраджэньне, адваявалі незалежнасьць. Зь вялікае жменькі нацыяналістаў-заснавальнікаў.

Эдвард Людовіч

 

“Мы займаліся самаадукацыяй і самавыхаваньнем. Мы трохі больш за іншых ведалі гісторыю, гісторыю ў шырокім сэнсе і гісторыю мастацтва. Фактычна гэта была ў асноўным культурніцкая работа, але мы абсалютна не цураліся праяваў грамадзкай працы. У нас не было ні Статуту, ні нейкіх праграмных дакумэнтаў, гэта я ўжо потым стаў старшынём культурніцкай камісіі БНФ, і тое, відаць, з прычыны свайго аўтарытэту, з-за таго, што мяне будуць слухацца. У грамадзкім пляне ўсё пачыналася з Купальля, з падпольных Купальляў, і гэта якраз прыпадала на самыя чорныя гады: 1973, 1974, 1976 г. Так, падчас сьвяткаваньня Купальля ў Заслаўі па ваколіцах хадзілі міліцыянты з аўчаркамі і стаялі пажарныя машыны, было вельмі вусьцішна”.

Яўген Кулік у гутарцы з карэспандэнтам “НН”. Сьнежань 2000 г.

 

Іn memoriam

Яўген Кулік — адзін з самых славутых беларускіх мастакоў канца ХХ стагодзьдзя. І адначасова — адзін з самых вядомых дзеячоў паваеннае беларушчыны.

Нарадзіўся ён у Менску 31 кастрычніка 1937 г. Па вайне скончыў Менскую мастакоўcкую вучэльню, а пасьля тагачасны Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Ад 1963 г. ён браў удзел у мастацкіх выставах.

Яўген Кулік ужо пры канцы 60-х быў вядомым кніжным графікам. Ён адзін зь першых прымяніў пры ілюстраваньні кнігаў прынцып каляжу, дзе нечакана для тае пары скарыстаў фота, друкарскія шрыфты й уласныя малюнкі. Першымі кнігамі, якія ён аздабляў, былі “Чарнічка” Артура Вольскага, збор Багдановічавай паэзіі “Маладзік”, падручнік “Беларуская мова”, па якім вучыліся тысячы й тысячы дзяцей.

Яўген Кулік заўсёды быў паважлівы да малых. Дзеці, пляменьнікі і ўнукі ягоных блізкіх будуць заўжды згадваць пра яго зь пяшчотаю. Дзе б ён ні быў, дзеці выяўлялі да яго цікавасьць, а ён да іх — дабрыню. Сваім настаўнікам яго сёньня могуць назваць сотні людзей. Гэта тлумачыцца таксама й тым, што Кулік быў надзвычай адукаваным чалавекам, асабліва ў пытаньнях беларушчыны. Тут да ягонае эрудыцыі мала хто мог дараўнацца.

Яўген Кулік быў вельмі мужны. Адкрыты і шчыры, ён не прымаў аніякага канфармізму, у першую чаргу ў справах беларускіх, і доўгія гады быў эталёнам маральнасьці для свайго атачэньня. Гэта ў ягонай майстэрні, што месьцілася на праспэкце насупраць будынку КГБ, у 60-я ўтварыўся нефармальны нацыяналістычны асяродак, што ад месцазнаходжаньня майстэрні атрымаў жартоўны назоў “На паддашку”. Людзі з таго асяродку, сябры Яўгена Куліка, пазьней ачолілі беларускі вызвольны рух, зрабіліся лідэрамі Беларускага Народнага Фронту. А сам мастак у 1991 г. быў сярод тых, хто распрацоўваў дзяржаўныя сымбалі новае Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Дзіва што большую частку свайго жыцьця ён пражыў пад пільнаваньнем КГБ.

Зь ягонага творчага даробку варта згадаць унікальныя графічныя нізкі “Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны”, “Замкі Беларусі”, “Паўстаньне 1863 году ў Беларусі”, якімі творца запачаткаваў цэлую плынь у беларускім мастацтве. Менавіта ад ягоных твораў бярэ пачатак гістарызм паваеннае пары. Ён аформіў у 70—80-я дзясяткі кніжак. Найлепшымі зь іх былі “Слова аб палку Ігаравым”, “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык” Багдановіча, “Ад гоману бароў” Александровіча, “Сонечны клубочак” Зуёнка. Але сапраўдным шэдэўрам Яўгена Куліка стала кніга “Песьня пра зубра” Міколы Гусоўскага. Ягонаму стылю былі ўласьцівыя ляканічнасьць, вельмі дакладны адбор мастацкіх сродкаў, глыбокае пранікненьне ў вобразы. Куліка вылучала надзвычайная мастацкая культура й дасканалае майстэрства. Цьвёрдай рукою, выводячы адну толькі непарыўную рысу, ён мог намаляваць і краявід, і бажніцу, і замак.

Абсяг ягоных творчых зацікаўленьняў быў вялікі — ад рэканструкцыяў гербаў беларускіх гарадоў да краявідаў мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём Язэпа Драздовіча, дзеля захаваньня памяці пра якога ён зрабіў надзвычай шмат. Дзякуючы Куліку й ягоным сябрам у беларускую культуру, апроч Драздовіча, было вернутае імя мастачкі Алены Кіш, якой мастак гэтаксама прысьвячаў свае творы.

Вечная памяць.

Сяргей Харэўскі

Памёр Яўген Кулік

12 студзеня пасьля цяжкай хваробы на 65-м годзе жыцьця пайшоў ад нас Яўген Кулік. Імя яго шырока вядомае беларускай грамадзкасьці. Выдатны мастак-графік, выхаванец беларускай мастацкай школы, сябра Саюзу мастакоў з 1965 г., ён быў нястомным рупліўцам на ніве беларушчыны. У гісторыю сучаснага беларускага адраджэньня Яўген Кулік увайшоў як гаспадар славутага дысыдэнцкага мастацкага асяродку “На паддашку”, сябра “Камітэту-58”, адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту. На працягу гадоў ён уваходзіў у склад кіраўніцтва БНФ, быў сябрам сойму. Арганізоўваў і актыўна працаваў у суполцы “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў. Чалавек выключнай эрудыцыі, інтэлігентны і добразычлівы, ён заўсёды быў надзейнай апорай для сяброў і паплечнікаў, маральным узорам як для малодшых калегаў, так і для аднагодкаў. Самыя шчырыя спачуваньні ягоным родным і блізкім, усім, хто яго ведаў, паважаў і любіў. Смуткуем разам з вамі.

Мы пахавалі яго на Кальварыі ў Менску, побач з магілай маці. Сьпі спакойна, дарагі Яўгене.

Сябры суполкі “Пагоня” БСМ

БНФ смуткуе

З глыбокім смуткам сустрэлі мы вестку пра заўчасную сьмерць аднаго з волатаў беларускага Адраджэньня канца ХХ ст. Яўгена Куліка.

Яўген Кулік быў чалавекам, які ніколі не баяўся выказваць свае думкі, нават калі яны разыходзіліся з афіцыйнай ідэалёгіяй. І ў савецкія часы, і цяпер, калі ўсталяваны ў Беларусі рэжым нішчыць усё сапраўды беларускае, гэты чалавек выразна акрэсьліваў сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, працаваў над першай Праграмай БНФ, быў адным са стваральнікаў сымболікі Фронту. Яўген Кулік – адзін з суаўтараў узору дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Беларусі (бел-чывона-белага сьцягу й гербу “Пагоня”). Крытэрам усялякай дзейнасьці – мастацкай, інтэлектуальнай або грамадзкай – для яго заўсёды была беларушчына.

Нарадзіўшыся ў самыя страшныя савецкія часы (у 1937 г.), ён зьведаў усе пакуты беларусаў, на якія было шчодрае ХХ стагодзьдзе. Лёс Яўгена Куліка – сапраўдны прыклад жыцьця чалавека, якому была надзвычай дарагая ягоная Бацькаўшчына.

Кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне” й Партыі БНФ выказвае спачуваньні родным мастака. Мы смуткуем разам з вамі!

Вечнай памяці Яўгена Куліка

Беларускіх адраджэнцаў і беларускае мастацтва напаткала вялікая бяда, беларусы панесьлі вялікую страту: памёр Яўген Сяргеевіч Кулік, слаўны беларускі мастак, адраджэнец, найадданейшы Беларусі чалавек, асноўны аўтар беларускага дзяржаўнага гербу “Пагоня”.

Ён быў актыўным удзельнікам і працаўніком на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэньня і беларускай палітыкі, уваходзіў ува ўсе Соймы Фронту, удзельнічаў у Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Яўген Сяргеевіч Кулік памёр на 65-м годзе жыцьця ад цяжкай хваробы. Гэта заўчасная сьмерць. Як шкада, што яна так рана забрала жыцьцё нашага сябра і творцы, крыштальна сумленнага чалавека. Цяжка ў гэта паверыць, зьмірыцца.

Ён жыў дзеля Беларусі і аддаў ёй сваё сэрца, талент і сілы. Ён адышоў – яе добры, адданы сын, – але назаўсёды застанецца ў памяці Беларусі, бо стаў часткай яе гісторыі і змаганьня.

Выказваю глыбокае спачуваньне ад сябе і ад сяброў БНФ родным і блізкім, сваякам і сябрам Яўгена Куліка.

Няхай хораша прыме яго родная беларуская зямля, якую ён гэтак паважаў, шанаваў і любіў.

Зянон Пазьняк, Вільня

* * *

Заўчасна пайшоў ад нас у лепшы сьвет Яўген Кулік. Яўген Кулік быў нязломным змагаром за Бацькаўшчыну. Яшчэ ў часы брэжнеўскага “застою” ён актыўна працаваў у шэрагах тых, хто ставіў перад сабой мэту адраджэньня Беларусі.

Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” выказвае глыбокія спачуваньні родным, блізкім, усёй беларускай інтэлігенцыі з прычыны заўчаснай сьмерці Яўгена Куліка.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Памёр патрыёт Беларусі

Памёр Яўген Сяргеевіч Кулік, выдатны беларускі мастак, патрыёт Беларусі, чалавек шчырай і спагадлівай душы. Калі ў кастрычніку 1988 г. пачалася народная рэвалюцыя, ён разам зь іншымі падстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ўвайшоў у склад аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, шмат гадоў быў сябрам Сойму, Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, актыўна ўдзельнічаў у палітычнай і культурна-асьветніцкай працы адраджэнскіх арганізацыяў. Падчас дэманстрацыяў і акцыяў ён заўсёды быў наперадзе, ягоная энэргія і мужнасьць натхнялі ўсіх нас. Творы Яўгена Куліка застануцца ў памяці людзей і ў скарбонцы нацыянальнай культуры. Сьветлая памяць і вечны спакой!

Сябры КХП БНФ

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0