Водгукі

 

Радыё без Душы

Летась у канцы лістапада я атрымаў зь беларускага радыё прапанову на супрацоўніцтва. Ліст пачынаўся словамі:

“Шаноўнае спадарства!

Магчыма, у гэта цяжка паверыць, але на Нацыянальным радыё Рэспублiкi Беларусі iдзе вялiзная перабудова. Уводзiцца новая сетка вяшчаньня, сыходзяць з этэру афiцыйныя дыктарскiя тэксты ды iншы нафталiн, узьнiкаюць новыя праекты i маладыя галасы. Ня ўсё, канечне, iдзе гладка, але гэта пакуль хваробы росту, а надзея на посьпех ёсьць”.

Ад тае прапановы прамінула паўтара месяца. “Вялізная перабудова” радыё выявілася ва ўзмацненьні “бодрячества”, зь якім падаецца той самы “нафталін”. Журналісты засталіся на тым самым інтэлектуальным пятачку, у тым самым сьветапоглядным і тэматычным гета, межы якога працягваюць звужацца. Прафанацыя гісторыі, культуры, самое чалавечае Душы дасягнула апагею. Дзе яшчэ ў сьвеце на дзяржаўным радыё могуць ладзіць апытаньне моладзі на тэму: “нравится ли вам разговаривать на белорусском языке” (ці падабаецца вам дзяржаўная мова)? Для паўнаты “вялізнай перабудовы” я б параіў шаноўным запытацца ў дзяцей: “Хороша ли собой ваша мать?

Зрэшты, ускосна на дзяржаўным радыё такое пытаньне ўжо задалі і самі на яго адказалі, ні ў кога не пытаючыся. Маю на ўвазе яшчэ адзін “здабытак вялізнай перабудовы” — закрыцьцё праграмы “Голас душы”. З кожным годам усё менш прафэсійнае і даўно ўжо няшчырае радыё страціла апошні ў сваім этэры праўдзівы голас, якога чакалі й да якога прыпадалі тысячы слухачоў. Дапускаю, што такіх слухачоў была большасьць сярод усіх падаткаплатнікаў, на чые грошы ўтрымліваецца дзяржаўнае радыё. Прываблівала іх у “Голасе Душы” ня столькі рэлігійнасьць, колькі незаангажаваная шчырая і чалавечная мудрасьць. Аднак, зачыняючы праграму, якраз у іх ніхто й не спытаўся. Цяпер сярод “бодрячества”, другасных навінаў, расейскае папсы й дэбільных апытаньняў пра “не нравится белорусский язык” на дзяржаўным радыё застанецца толькі адзін — самотны і асіплы — голас. Але ня будзе ўжо ані каліва праўды, шчырае мудрасьці й Душы.

Спадзяюся, я ўцямна адказаў на пытаньне, чаму лічу супрацоўніцтва зь дзяржаўным радыё пасьля гэткае “вялізнае перабудовы” немагчымым.

Сяргей Дубавец

 

калёнка Алеся Бяляцкага

Нябачная вайна

“Голас душы” быў ня проста перадачай. Беларускамоўная служба ў рымска-каталіцкім Чырвоным касьцёле, якая трансьлявалася на ўсю краіну, была паказьнікам стаўленьня Касьцёлу да беларускай мовы, да беларускай культуры і традыцыі.

Нагадаю, што менавіта так — “Голас душы” — зваўся малітоўнік для беларусаў-каталікоў, падрыхтаваны ксяндзом і паэтам Казімірам Сваяком у 1926-м, які затым вытрымаў яшчэ пяць перавыданьняў. Аўтар у прадмове да малітоўніка пісаў: “Мілы Браце Беларусе! …Мо слова якое будзе выдавацца менш падходным, не сумуй! Дасьць Бог, што, як станем роднай мовай Яго хваліці, будуць і слоўцы да таго гладзейшыя”. Ён разумеў, што жыцьцё мовы ў сьвятынях дае ёй неўміручасьць.

Існаваньне “Голасу душы” было пэўным сыгналам для ўсіх каталікоў краіны, раней, пры саветах, штучна зарыентаваных на польскую мову. Сыгналам на адраджэньне ўласнай тоеснасьці й самабытнасьці, а таксама сыгналам пра пазіцыю рымска-каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі для ўладаў і для іншых цэркваў. Самая ўнівэрсальная ў сьвеце рымска-каталіцкая царква з пачатку 90-х у Беларусі была пасьлядоўна самай народнай, самай беларускай Царквой.

І вось жа, як Казіміру Сваяку ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя ўлады забаранілі ўжываць беларускую мову ў набажэнствах, гэтаксама і сёньняшняя ўлада спрычынілася да забароны беларускамоўнага радыёнабажэнства. І тыя, і гэтыя рупліва праводзілі і праводзяць акупацыйную палітыку ў адносінах да беларускага народу. Ідзе вайна, ідзе нябачная вайна.

Перадача, якая пачала жыць перад прыходам Лукашэнкі да ўлады, перадача, якая, па сутнасьці, пярэчыць ягонаму стаўленьню да ўсяго беларускага як да нечага нявартага і другараднага, на падкантрольным такім уладам радыё проста не магла існаваць. Раней ці пазьней яе павінны былі ліквідаваць, як ліквідавалі сотні беларускіх школаў, нацыянальную сымболіку, як зьнялі купалаўскіх “Тутэйшых”, як спрабуюць ліквідаваць нашую незалежнасьць.

Паводле ўяўленьня гэтых мамлюкаў і мандарынаў, па-беларуску належна апавядаць толькі показкі а-ля “Тарас на Парнасе”, а весьці набажэнства ў бажніцы ці выкладаць вышэйшую матэматыку ва ўнівэрсытэце — не-е-е-е…

Трэба запамінаць і супрацьстаяць.

Супрацьстаяць гэтай “хамскай уладзе” (трапны выраз Віктара Шалкевіча) можна толькі праз уласную пазіцыю. Ніхто тут новых рэцэптаў не падкажа. Ужывайце беларускую мову, не саромцеся: размаўляйце, пішыце, прапагандуйце яе, давайце беларускай мове ход, глядзіце, каб вашыя дзеці размаўлялі па-беларуску і хадзілі ў беларускія клясы, працярэблівайце беларускамоўную прастору і мацуйце яе. Бо ў кожнага ёсьць такія магчымасьці.

Згадваю нядаўні тэлерэпартаж па СТВ (вось дзе яшчэ адзін расейскамоўны запаведнік!): маладая журналістачка бярэ інтэрвію ў праваднічкі нейкага там узорнага вагону на чыгунцы, і тая на расейскамоўныя пытаньні, як ёй удаецца так добра даглядаць свой вагон, старанна і ўпарта адказвае па-беларуску.

Яны зачынілі “Голас душы” — значыць, слушна мы ўсё робім — духоўна, маральна, прыгожа і вартасна. Не сумуйма. Так падбадзёрвае нас Казімір Сваяк. Мабыць, надышоў ужо час Касьцёлу адчыніць сваю FM-станцыю.

Алесь Бяляцкі

лісты ў рэдакцыю

Шаноўны спадару рэдактар,

глыбока ўзрушаная інфармацыяй (Gazeta Wyborcza, 10 студзеня 2002), што дзяржаўнае радыё Рэспублікі Беларусі спыніла трансьляцыю беларускамоўнай нядзельнай малітвы для вернікаў-каталікоў, ставячы на тое месца папулярную музыку. Дасылаю ў “Нашу Ніву” са згоды аўтара ліст Ганны Энгелькінг, які я толькі што атрымала і які добра сьведчыць аб натуральнай рэакцыі сяброў Беларусі ў Польшчы на гэтую ганебную падзею. Дзяржаўнае радыё пазбавіла хворых і жыхароў адлеглых ад касьцёлу мясьцінаў магчымасьці ўдзельнічаць у сьвятой імшы. А гэта ж была толькі частка імшы, якая ў цэлым займае ня больш за 30 хвілін!

Хачу верыць, што пастанова, якую разглядаю як палітычную хібу адносна сур’ёзнай колькасьці беларускіх грамадзян, якім застаецца ў гэтых умовах толькі польскае радыё, будзе адмененая беларускім урадам.

Эльжбета Смулкова, Варшава

Дарагія мае,

прачытала сёньня ў Gazecie Wyborczej сумную вестку пра ліквідацыю праграмы “Голас душы”, альбо імшы беларускай (матэрыял Ц.Галінскага).

Мушу сказаць, што мяне гэта вельмі ўразіла. На працягу апошніх бадай 10 год я мела магчымасьць назіраць у вёсках Гарадзеншчыны, як зьмяняюцца адносіны людзей да імшы: ад нежаданьня альбо абыякавасьці (бо імша мусіць быць па-польску) да прыязных і нават вельмі станоўчых адносінаў (імша на сваёй мове як бальсан, як мёд на сэрца). На маю думку, ксёндз Завальнюк – не зважаючы на сфэру чыста рэлігійную і без увагі на тое, што імша трансьлявалася скарочаная: рабіў вельмі добрую справу для беларускасьці. Бачыла, як расьце прэстыж беларускай мовы – людзі паступова пачыналі ўспрымаць яе як мову набажэнстваў. І калі чытаю ў газэце, што імша на радыё замененая расейскай эстраднай музыкай, усьведамляю, што гэта добра прадуманы ўдар у сэрца Беларусі. Жудасны, цынічны зьдзек. Неяк ня дужа мне верыцца, што імша зьнятая з-за таго, што пратэставалі слухачы. У сваю чаргу, цікава, ці даведаемся мы калі, як было насамрэч. І цікава, і разам з тым уражвае, як можна ня мець сораму. Перад сваім народам і перад сьветам.

Пішу гэта ўсё, каб Вам распавесьці, што пра гэта думаю і як ў сувязі з тым пачуваюся. Адчуваю гаркоту, абурэньне й бездапаможнасьць. Бо нічога не магу зрабіць, апроч як напісаць гэтыя колькі словаў. Бо што яшчэ? Якіясьці дзеяньні? Пратэсты? Дык ня зь іншай жа краіны. Гэта хіба што ў Вас – так, як тыя людзі, што ўкрылі жалобнай чорнай тканінай алтар у Чырвоным касьцёле.

Ганна Энгелькінг, Варшава

Добры дзень,

шаноўны ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк.

Піша Вам адна жанчына, якая ня так даўно прыйшла ў касьцёл. Дзякуй Вам за ўсю асьветніцкую й культурную працу, асабліва за радыёперадачу “Голас душы”. Як яна патрэбна тым, хто ня можа наведваць касьцёл, хворым, адзінокім і састарэлым людзям! Іх твары сьвецяцца радасьцю, яны маладзеюць і здаравеюць, яны гавораць пра Вас зь любоўю і захапленьнем.

Яўгенія Дубіловіч, Муляры (Пастаўшчына)

Шаноўнае спадарства!

Найвялікшай каштоўнасьцю беларускай нацыі ёсьць беларускі народ. Народ – гэта цела Нацыі. Рэлігія – гэта душа народу, вытворная духу й дзейнасьці. У гэткай супольнасьці душы й цела толькі й можа існаваць народ. Радыёперадача “Голас душы” клапоціцца пра стварэньне ўмоваў існаваньня для народу й даляглядаў ягонага разьвіцьця.

Самавыміраньне пачынаецца з разбурэньня Храму, у нашых варунках – з забароны радыёперадачы “Голас душы”. Падчас вяшчаньня радыёперадачы вуліцы пусьцелі – людзі ішлі да адбудовы Храму, найперш у сабе. “Голас душы” стаўся галоўнаю перашкодаю да вяртаньня ганебнага мінулага, калі хрысьцілі ў лесе, бралі шлюб уначы, сварыліся ў сем’ях з-за таго, што дзеці ахрышчаныя па-каталіцку й па-праваслаўнаму, і г.д. – прыкладаў бязглузьдзіцы ў гісторыі Беларусі хапае.

Самаахвярныя высілкі Ўладзіслава Завальнюка і ягоных аднадумцаў, што запачаткавалі радыёперадачу “Голас душы”, вымагаюць ад уладаў адпаведнага ўзроўню, прынамсі, апошнія мусяць адчуваць сябе часткаю народу й мець асабістую адказнасьць за лёс краіны.

Нагадайма, што пасьля разбурэньня Храму руйнуецца Дом, гэта значыць адбываецца страта маёмасьці, дзяржаўнасьці, разбэшчаньне грамадзтва і г.д.

Паважаныя, не сячыце сук, на якім седзіце, узнавіце “Голас душы”!

Алесь Кір’янаў, Менск

 

удакладненьне

У “НН” ад 11 студзеня на с.7 замест “Памёр Уладзімер Адамчык” трэба чытаць “Памёр Вячаслаў Адамчык”. Перапрашаем за памылку.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0