разьвітаньне мужчынаў са сваёй няправільна зразуметай мужнасьцю?

Нямецкая жанчына – хто яна?

Алесь Эроціч

 

Кумірам № 1 для нямецкіх падлеткаў сёньня зьяўляецца акторка Ангеліна Джолі. Жывое ўвасабленьне Лары Крофт зьмяніла свой жа кампутарны эквівалент, які быў столькі год кумірам мільёнаў дзяцей і падлеткаў, што гуляюць у “Tomb Rider”1. Вытрывалая й рашучая, яна кулаком і пісталетам пракладае дарогу да праўды. Перад ёй была “бялявая бэстыя” — Нікіта, якая таксама валіла направа й налева “кепскіх” мужчынаў. Паралельна ішлі кампутарныя Конака, Джулія Страйнт, Каця Архерс...

Дзе вы, наіўныя й спагадлівыя гераіні Мэрылін Манро, загадкавыя й рамантычныя Ромі Шнайдэр, модніцы й гарэзы Брыджыт Бардо? Здаецца, ніхто зь іх ніколі ня ўдарыў нікога па твары, ня кажучы ўжо пра тое, каб застрэліць... Сёньня іх зьмянілі бясконцыя жанчыны-паліцыянткі ў нямецкіх сэрыялах, жанчыны-вайскоўкі ў амэрыканскіх...

А вось, напрыклад, назвы нямецкіх кніг: “Як стаць моцнай жанчынай”, “Моцная жанчына і мужчыны”, “Як дамагчыся ўлады над “моцным полам” і г.д. Вось парады нямецкага пісьменьніка Вільгельма Ёнэна з кнігі “Страх мужчыны перад моцнай жанчынай”: “Ранейшы вобраз мужчыны і ягоныя ўстаноўкі... безнадзейна састарэлі. Самым правільным шляхам у трэцяе тысячагодзьдзе для нашай цывілізацыі зьяўляецца ўстаноўка на блізкі да матрыярхальнага грамадзкі лад. Разьвітаньне мужчынаў са сваёй няправільна зразуметай мужнасьцю будзе адбывацца прыблізна яшчэ год дваццаць...”

Коратка й зразумела. А галоўнае — напісана мужчынам.

Вільгельм Ёнэн ідзе далей за тэарэтыкаў фэмінізму ХХ ст., ад Эмы Гольдман і Розы Люксэмбург да Андрэа Дворкін і Вольгі Варонінай. Ён адкрыта называе будучы грамадзкі лад матрыярхатам, і ён не такі ўжо й далёкі ад праўды. Матрыярхат існуе, напрыклад, у некаторых плямёнах індзейцаў Амэрыкі. Мужчыны там не палююць і не працуюць, жанчыны маюць правы на ўладаньне зямлёй, кіруюць у хаце. Цікава, што там вельмі высокі ўзровень дзіцячага крыміналу і наркаманіі.

Сьветапогляд і нормы, якія складаліся стагодзьдзямі, фэміністка зьбіла адной пстрычкай. Эмансыпацыя зарадзілася больш за сто год таму. Першым фэміністкам не падабаліся ролевыя абмежаваньні мужчын і жанчын. Думка пра тое, што ў жанчыны можа быць уласная прастора апроч кухні й працы, што яна таксама можа й павінна атрымліваць аргазм, выглядала заманліва. Рух жанчын за вызваленьне пачаўся як цалкам апраўданая рэакцыя на жорсткасьць мужчынаў. Жанчыны стаміліся ад неразуменьня й прыніжэньня. Але, на жаль, зь цягам часу гэты рух перарос у агульны бунт супраць усіх мужчынаў. Такое ўражаньне, што пачынаецца пэрыяд узаконенага мужчынаненавісьніцтва. Няўжо як Сярэднявечча зь ягоным жанчынаненавісьніцтвам дайшло да “Молату ведзьмаў” і спаленьня мільёнаў жанчын на вогнішчах, так і эпоха мужчынаненавісьніцтва дойдзе да такіх крайнасьцяў?

Сёньня паўстаў новы тып жанчыны, упэўненай у сабе, якая адкрыта ставіць пад сумнеў мужчынскі сьветапогляд, ацэнкі й уяўленьні пра сацыяльныя нормы. Перамога й свабода — іхныя галоўныя каштоўнасьці, а канкурэнцыя — асноўны жыцьцёвы прынцып. Яны баяцца выявіць сваю слабасьць — напрыклад, сьлёзы. Уявіць фэміністку ў сьлязах немагчыма. У жыцьці й узаемаадносінах яны намагаюцца адпавядаць вобразу “моцнай жанчыны”, непахіснай і ўладарнай. Адзін з бакоў сучаснага фэмінізму — непрызнаньне фізычнае розьніцы паміж мужчынам і жанчынай. Уся ў поце, жанчына будзе цягнуць свае валізы сама, і толькі паспрабуйце ёй дапамагчы! Сёньня Яна абавязаная быць героем і тварыць сваё жыцьцё, як змагар-адзінец. Арыентацыя на сілу ў мужчынскім разуменьні — гэта падрыў уласных эмацыйных сілаў.

Часта яны агрэсіўныя. Але агрэсія — прадукт страху. Іхная ўяўная сіла ёсьць ня больш чым спробай пазьбегнуць духоўных ацэнак і ізаляцыі. Многія зь іх жывуць ва ўласнаручна сканструяваным і расфарбаваным сьвеце са сваімі законамі й узаемасувязямі. Амаль заўсёды ў гэтых жанчын не складаецца асабістае жыцьцё. Глыбока незадаволеныя лёсам, яны не зважаюць на сапраўдныя прычыны сваіх бедаў (а гэта могуць быць генныя і эндакрынныя парушэньні, няправільнае выхаваньне, душэўная траўма ў дзяцінстве, проста няўменьне будаваць адносіны) і знаходзяць “крайняга” — мужчыну. У яе ўласнае сэксуальнае жыцьцё, яна мае права на актыўную ролю й створаная для каханьня, а ня проста для таго, каб прыносіць мужчыну задавальненьне. Ініцыятыва пераацэнкі адносінаў між поламі сёньня належыць жанчыне. Спадзяваньні на доўгатэрміновыя стасункі з мужчынам зьнікаюць звычайна ўжо зь першай няўдачай. Яны абапіраюцца на свой маленькі досьвед, амаль заўсёды заснаваны на памылкова-суб’ектыўных інтэрпрэтацыях: мужчына грубы, гвалтаўнік, хам, не адчувае і не разумее тонкасьцяў жаночай душы.

Спалучэньне страху й агрэсіі прымушае фэміністак яшчэ мацней замыкацца ў сваіх уяўленьнях. Гэтаму спрыяе й папулярны ў іхным асяродзьдзі лёзунг: “Усе мужчыны — сьвіньні”. Так узьнікае фантом мужчыны, што ня мае нічога супольнага з рэаліямі, на якія накладаецца скажонае ўспрыманьне. Пэрспэктыва ж жыцьця бяз мужа сёньня не палохае фэміністак — дзяржава падтрымае. Сёньня “моцная” жанчына падтрымліваецца й прапагандуецца праз фармаваньне грамадзкай думкі й сродкі масавай інфармацыі. Часта такая жанчына адкрыта даводзіць, што ня мае патрэбы ў мужчыну — паводле статыстыкі, разводы найчасьцей ініцыююцца жанчынамі.

З эмансыпацыяй шчыльна зьвязаны рух лесьбіянак, усе яны змагаюцца за правы меншасьцяў, часьцяком з задавальненьнем ігнаруючы правы большасьці. Ня дзіва, што апошнім часам вырасла колькасьць “блакітных” — гэта зваротная рэакцыя мужчынаў на жаночае дамінаваньне. Бо, згодна з вынікамі апытаньняў нямецкіх сэксолягаў, сёньня многія мужчыны маюць сур’ёзныя цяжкасьці пры кантакце з новай нямецкай жанчынай.

Вось тыповы прыклад жанчыны 30—40 год з бэрлінскага раёну Кройцбэрг. Яна жыве па-за модай. Яе завуць Біргіт. Яна носіць грубыя чаравікі накшталт вайсковых. Ейная вопратка зазвычай пакамечаная й неахайная, няпэўнага колеру, фасону і памеру. Усё гэта дзеля таго, каб схаваць жаноцкасьць формаў цела. Касмэтыка, крэмы, памады і г.д. ігнаруюцца цалкам. Валасоў на галаве можа ня быць зусім, можа быць рознакаляровы “іракез” ці косы-пачоскі. Нагавіцы, згодна з новай модай, цягнуцца па зямлі. Зрэдку апранаюцца сетчатыя-панчохі з дэманстратыўна вялізнымі дзіркамі. Вельмі часта — ружовая камбінашка з вайсковымі ботамі.

Мая знаёмая з Расеі трапіла неяк на міжнародны жаночы дзень ва ўнівэрсытэт імя Гумбальта, дзе сабраліся некалькі соцень гэтых паняў. Яна была ў шоку, задавалася пытаньнем, для каго ж існуюць каталёгі моднай вопраткі, буцікі й г.д.

Галоўны вораг — мужчына, усе беды — ад яго, лічаць фэміністкі Кройцбэргу. Вось колькі найбольш іхных распаўсюджаных сэнтэнцыяў: “Усе мужчыны дурныя, як дзеці”, “Мужчынаў цікавіць толькі сэкс”, ”Апроч футболу, ім ні да чога няма справы”, “Яны толькі і ведаюць, што швэндацца зь сябрукамі”, “Нічога разумнага ад іх не пачуеш”, “Мужчынамі трэба кіраваць”.

Калі мужчына і прысутнічае ў іхным жыцьці, дык пераважна ў якасьці сябра, але ня мужа, і толькі дзеля таго, каб цешыць адначасова фанабэрыю і пачуцьцёвасьць. З мужчынам можна разам выпіць, пакурыць траўкі, яго можна трахнуць. Слова “сэкс” тут не да месца, зь ім зьвязаныя асабліва зьненавідныя ў асяродку фэміністак словы “сэксіст” і “мачо”. Нараджаць дзяцей па-за шлюбам сёньня лічыцца звычайнай справай, некаторыя носяць іх толькі 7 месяцаў (а навошта мардаваць сябе 9 месяцаў?) і не даюць ім прозьвішча бацькі. Выхаваньне дзяцей у звычайным разуменьні гэтага слова адсутнічае цалкам…

Фэміністкі актыўна ўмешваюцца ў палітыку, эканоміку, войска. Іх любімы занятак у Кройцбэргу — хадзіць на “дэма” з чырвона-чорнымі сьцягамі, лаяць на сустрэчах буржуазнае грамадзтва й царкву, хваліць Мао і Троцкага ды патрабаваць вызваленьня турэцкіх жанчын, якія “топяцца” ў патрыярхальных сем’ях. Пад 40 год незадавальненьне жыцьцём пераймае ўсе іншыя пачуцьці. Ня дзіва, што многія зь іх — пацыенты псыхалякарняў. Трыццацігадовая жанчына, што выглядае на 40 год, — звыклая справа. І віной таму ня толькі недагледжаная скура твару. Зазвычай усе яны шмат паляць, часта гашыш і марыхуану. Багата алькагалічак.

Зьнявечыўшы сыстэму трох “К”2, што складалася стагодзьдзямі, новая нямецкая жанчына нічога не дала наўзамен. Ці зьяўляюцца яны носьбіткамі новых прагрэсіўных ідэяў? Зусім не. Усё гэта ўжо было. Яшчэ ў Расейскай Імпэрыі жанчыны кіравалі тэрарыстычнымі арганізацыямі і кідаліся з нажамі на губэрнатараў (у Нямеччыне гэта пачалося толькі ў 70—80-я гады ХХ ст.) Ужо ў першую сусьветную вайну ў Расеі былі жаночыя падразьдзяленьні, а ў рэвалюцыю і грамадзянскую прыгожы пол у камісарскіх скураных куртках вёў у атаку батальёны і душыў бунты на караблях. Жанчыны дапытвалі ворагаў у ЧК і сядзелі за кулямётам. Потым пераселі на трактары, за штурвалы самалётаў і караблёў. У другую сусьветную вайну яны — адважныя выведніцы, партызанкі, снайпэркі, лётчыцы. Усё гэта — частка спэктаклю, які жанчыны прапаноўвалі сабе і сьвету. Усяго гэтага ня ведала Нямеччына й іншыя краіны.

Мы жывем у пераходны пэрыяд, калі рэальнасьць зьмяняецца так хутка, што сьвядомасьць не пасьпявае адаптавацца. Духоўны, сацыяльны й іншыя крызысы перажывае цяпер увесь сьвет. Паўсюль расьце колькасьць разводаў. Інстытут сям’і пераглядаецца, а выраджэньне сям’і непазьбежна вядзе за сабой выраджэньне нацыі. Старыя традыцыі сыходзяць зь цяжкасьцю. І так лёгка прыйсьці ў адчай перад абліччам праблемаў, што захліснулі сьвет. І да таго часу, пакуль мы не зразумеем, што ўсе і кожны вартыя разьняволеньня і свабоды, што ўсе роўныя (і ў той жа час так інтрыгуюча розьнімся міжсобку), мы застанемся ў пастцы сваіх уяўленьняў і бар’ераў. Нам даводзіцца жыць у гэтым сьвеце, і кожны з нас здольны вызначыць сваю будучыню…

Па падліках спэцыялістаў, галоўнай глядацкай аўдыторыяй звышпапулярнага фільму “Тытанік” былі маладыя дзяўчаты. Некаторыя глядзелі яго па 2—3 разы. І гэта надае аптымізму. Прырода разумная, усё ў ёй падначалена законам гармоніі і ўсё цудоўна, а выродлівыя і трагічныя зьявы існуюць толькі з-за дзёрзкага і вар’яцкага памкненьня чалавека зьмяніць суадносіны прыродных сіл і частак, парушыць яе гармонію.

Бэрлін, Кройцбэрг

1 Модная кампутарная гульня. Лара Крофт — яе пэрсанаж.

2 “Kinder, Küchen, Kirche” — дзіця, кухня, царква (ням.).

Алесь Эроціч — беларускі мастак-нанканфарміст. У 90-х заснаваў у Менску мастацкую суполку “Галіна”, галерэю “Шостая лінія” й тэатар “Сталёвы аргазм”. Аўтар шэрагу стрыптыз-шоў. З 1999 г. стала жыве ў Бэрліне. Ягоная апошняя публікацыя — эсэ “Адзін погляд на Бэрлін з Крыжовай гары” (“ARCHE-Скарына”, № 3—2001).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0