Алесь Чобат

Беларусь у Эўропе

эсэ

Underdogi

Нашае “вяртаньне ў Эўропу” чымсьці нагадвае калянізацыю Амэрыкі. Спачатку Бостан зь Нью-Ёркам апанавалі англасаксы, для якіх каляністы наступнай хвалі — немцы альбо ірляндцы — былі недачалавекамі, “падсабачнікамі”. Потым палякі й украінцы былі такімі ж недачалавекамі адносна немцаў з ірляндцамі. Нарэшце, пуэртарыканцы і другія “лацінасы” выявіліся недачалавекамі адносна палякаў. Цяпер “падсабачнік” адносна пуэртарыканца — гэта “выхадзец з былога СССР”…

Тое самае зь “вяртаньнем у Эўропу”. Спачатку палякі, чэхі і вугорцы. Потым славенцы, харваты і славакі. За імі эстонцы, латышы і літоўцы. Пасьля румыны з баўгарамі. А вось украінцы, беларусы, сэрбы, македонцы і ўся Расейская Фэдэрацыя — гэта па-ранейшаму нават не “падсабачнікі”, але Блізкі Ўсход.

Расея

Нам абрыдла ўласная самарусіфікацыя, якая сталася незваротнай, нас душаць начамі кашмары. Што будзе зь беднымі беларусамі, калі расейскі драпежніцкі капітал іх прыватызуе? Беларусы проста ўпэўненыя, што з прыватызаванага прадпрыемства многія павылятаюць… А як жа ж! Бо мы ўтрох адну лямпачку закручваем — адзін стаіць на падстаўцы і трымае лямпачку, другі тую падстаўку круціць, а трэці бегае вакол і махае рукамі, каб роўна заходзіла…

Без расейскага капіталу беларуская гаспадарка проста лясьнецца. Ёй грошы патрэбныя. А грошы ня маюць нацыянальнасьці.

Расейская Фэдэрацыя пачатку ХХІ ст. і Расейская Імпэрыя канца ХІХ ст. — гэта дзьве розныя дзяржавы. А без “імпэрыялізму” Расея рассыпецца. І будзе не адна вайна ў Чачэніі, а дзясятак… паўсюдна.

А “расейскі капітал” не абавязкова ёсьць правадніком імпэрыялізму. Бо які ж гэты капітал “расейскі”? Пры той глябалізацыі нават брокер, маклер і злодзей не разьбяруцца, што каму належыць. “Газпрам” — гэта не Расея. “Газпрам” — гэта “Газпрам”.

Польшча

Польшча таксама даўно ўжо ня Рэч Паспалітая, сухапутная імпэрыя, якая стагодзьдзямі канкуравала з Масквой і Турцыяй за дамінаваньне на Ўсходзе. Польшча шчасьліва прайграла і па-за асобнымі рэцыдывамі амаль пазбылася імпэрскіх комплексаў. Адзін касьцёл спрабуе гуляць у місіянэрства на ўсходзе, вывучаючы па дарозе беларускую мову. А палітычная лінія яшчэ ад часоў Герка выразна павярнулася на Захад.

Беларусь у пошуках месца

Толькі цяпер, па дэкадзе 1991—2001, усім зразумела, што нідзе тая Рэспубліка Беларусь не падзенецца, бо нікому яна не патрэбная. Хоць ты СНД прыдумай, хоць “саюз чатырох”, хоць “саюз з Расеяй”…

Гэтак званая лібэралізацыя вярхоў “антынароднага і таталітарнага” (толькі вярхоў, не райцэнтраў!) цяпер непазьбежная. Пачнуцца спацелыя і нудныя пошукі, чаго б такога пазычыць у пабітай апазыцыі (ад “першага БНФ” пачынаючы!) — з геапалітычных ідэяў, гістарычна-нацыянальных легендаў... А пазычыць там… няма чаго. Настальгія там. Дысэртацыі абароненыя і неабароненыя. “Позірк назад…” На свой уласны, трэба думаць.

А што наперадзе? З чым ісьці ў тую Эўропу? З калгасамі? Каго ўводзіць у NАТО? Савецкіх палітрукоў? Чым гандляваць? Сыравінай? (Бо капраляктам, поліэтылен і сталёвы дрот — гэта для нас прадукцыя, а для Эўропы сыравіна!). Нарэшце, якія такія навуковыя, мастацкія і літаратурныя здабыткі прапанаваць можам? У якіх гатэлях і зь якой абслугай турыстаў прымаць зьбіраемся? Пытаньняў больш, чым адказаў… Цывілізацыйны адрыў беларусаў ад сьвету вылез бокам менавіта ў часы незалежнасьці. Калі няма больш ні савецкага, ні расейскага камуфляжу. Можа, таму і лямантуе апазыцыя дзікім голасам пра хуткую “інтэграцыю” ды “расейскую акупацыю”, бо з тым камуфляжам нам усім было спакайней.

Беларусы шукаюць ня “месца ў Эўропе”, а проста спакойнага месца. Перасядзець ліхі час і дурную свабоду.

Спосаб Эўропы
на Беларусь

Эўропа будзе займацца намі не таму, што хоча, але таму, што мусіць. Таму гэты інтарэс будзе сонны і нудны, доўгі й няўстойлівы. Цяперашнюю лінію паводзінаў, перадусім Польшчы і Нямеччыны, прагназаваць лёгка. Трэба мець кантакты зь Беларусяй, але не з “рэжымам Лукашэнкі”. Трэба навязваць кантакты з той Рэспублікай Беларусяй у дробнагандлёвых гешэфтах (накшталт “Клаўсу” ў Лідзе). Трэба абяцаць, а часам і даваць дробную фінансавую дапамогу — экалёгія, інфраструктура, пазыкі пад імпарт etc. Але — старанна абмяжоўваць “палітычныя” кантакты — што з “рэжымам”, што з “апазыцыяй”. Бо колькі можна даваць грошы першаму, каб ён стаяў, а другой — каб яна ў працэсе змаганьня будавала сабе катэджы…

Эўропа цяпер зарыентаваная на “разьмякчэньне” тутэйшых парадкаў праз гаспадарчы ўплыў за доўгі час. Паўстане мноства фондаў, цэнтраў, катэдраў, будуць новыя і пэўныя рабочыя месцы для вечна галодных палітолягаў і сацыёлягаў etc.

Беларусь ня Сэрбія, а Лукашэнка не Мілошавіч. Беларусь не пагражае Эўропе грамадзянскай вайной і сотнямі тысяч уцекачоў. Гніе паціху тая Беларусь — і няхай гніе. Кожны мае права здохнуць так, як ён хоча.

Ад нашага беларускага балота побыту Эўропа спакойна адгародзіцца сваім балотам бюракратыі.

Спосаб Беларусі
на Эўропу

Нам Эўропа патрэбная больш, чым мы ёй. Эўропа патрэбная Беларусі проста ад расейскага страху. Раптам пераменіцца заўтра лінія ў Крамлі? Бо спачатку Расея з Амэрыкай зьнюхаліся, каб падняць “Курск”, цяпер зьнюхаліся, каб разьмяняць Чачэнію на Аўганістан, а заўтра возьмуць ды зьнюхаюцца на нашым “невялікім калхозе”… Таму Эўропа патрэбная Беларусі як “трэцяя сіла”, гатовая падтрымаць нашу “стабільнасьць”. А нам, беларусам, трэба толькі давесьці, што менавіта наш вайскова-міліцэйска-калгасны лад і парадак адпавядае тут яе, Эўропы, сьвятым інтарэсам.

Чым далей, тым болей немцы будуць прывабныя для беларусаў больш за амэрыканцаў, а палякі больш за немцаў.

Такім чынам, беларускі спосаб на Эўропу — аддацца ёй у доўгатэрміновую арэнду. Але пад поўным кантролем “нашага правіцяльства”. Альбо — мы чакаем, просім і клічам усіх. Але ўсе, хто трапіць у нашыя лапы, маюць жыць і гуляць па нашых правілах. Скажаце, так па ўсім сьвеце? Так. Толькі правілы гульні да таго розныя, што цэлы сьвет мае нас за ідыётаў, а мы ўважаем усіх за гультаёў-“таргашоў” ды імпэрыялістаў-зладзеяў.

Беларускі спосаб жыцьця вельмі просты. “Нам і так добра…” Гэць, маскалі і эўрасрулі!

Спосаб Расеі на Беларусь

Новай Расеі, яе Пуціну, Касьянаву, Кудрыну і Грэфу, існаваньне незалежнай Рэспублікі Беларусі надзвычай карыснае. Не “паглыбленьне інтэграцыі” ў галаве, ня ціхае паглынаньне яе з сувэрэнітэтам разам, а менавіта аддаленьне, “мацаваньне” таго сувэрэнітэту. Тут ня ў сораме за такую вясковую маньку-сяброўку справа, а ў тым, што новай Расеі Рэспубліка Беларусь патрэбная як стары Савецкі Саюз. Каб было каму плакацца расейскім бальшавікам-пэнсіянэрам, каб было з кім сябраваць расейскім правінцыйным “бацькам” накшталт Кандраценкі ці Старадубцава. Каб жылі яны ў замілаваньні тым аскалепкам СССР, жылі толькі ў ілюзіях і мроях, што ўсё “яшчэ вернецца” — як абяцаў вярнуцца фраер, якога скінулі зь дзявятага паверху. Каб у той новай Расеі ціха і гладка новы лад усталёўваўся — без калгасных сабатажаў, шахцёрскіх страйкаў, правінцыйна-сэпаратысцкіх ГКЧП, генэральскіх змоваў пад небам Чачэніі. Няхай лепш гэтыя рэлікты глядзяць на Рэспубліку Беларусь і думаюць, што зараз так будзе ў Расеі. А Пуцін, Касьянаў, Грэф і Кудрын, чые дзеці ўжо лепш гавораць па-ангельску, чым па-расейску, спакойна сабе дабудуюць прыстойны расейскі капіталізм. Трэба ж у рэшце рэшт давесьці справу Вітэ-Сталыпіна да лягічнага канца.

Другая расейская выгада існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусі ў тым, што ёсьць куды ўцячы фінансава-крымінальным зладзеям (маленькае Прыднястроўе ўсіх ужо не зьмяшчае!), якіх з самых розных прычынаў хапаць і судзіць расейскім уладам нявыгадна. Бо занадта шмат ведаюць. А забіваць непрыгожа — няхай ужо яны ў крайняй патрэбе “ціха зьнікаюць” у Беларусі. Бо Эўропа, як толькі зразумела, што людзі “ціха зьнікаюць” у Беларусі, адразу забылася на ціхія і не зусім тысячы сьмерцяў у Расеі.

Маленькая, але таксама выгада.

І трэцяя выгада — паколькі беларусы маюць сябе за працаўнікоў, а расейцаў за алькашоў і гультаёў, дык ад такога дурнога розуму згодныя рабіць за палавінную плату. Нават кваліфікаваныя будаўнікі, якіх толькі з Магілёва зьбіраецца да Лужкова ў Маскву блізка дзьвюх тысяч чалавек…

А даглядаць той беларускі акварыюм з прыручанымі рыбкамі для Расеі нядорага. Зразумела, пры добрых цэнах на нафту і газ ды салідным прафіцыце бюджэту, як сёлета. А калі дэфіцыт прыйдзе замест прафіцыту? Што ж, здохнуць рыбкі. Шкада, вядома, але такое жыцьцё.

Post Scriptum

Пададзеныя вышэй аналізы і высновы тычацца не часова актуальнага палітычнага ці гаспадарчага становішча, не канкрэтных моцных гэтага сьвету, але самога чалавека, ягонай псыхалёгіі. Бо няма нічога такога ўстойлівага на гэтым няўстойлівым сьвеце, як слабы маленькі чалавек.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0