…спрачаліся беларусы й літоўцы падчас вандроўкі па Вяльлі, па сьлядох экспэдыцыі графа К.Тышкевіча.

17 чэрвеня на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі прыплыла падарожная выправа па рацэ Вяльлі. Гэта экспэдыцыя наладжаная ў гонар 150‑х угодкаў экспэдыцыі графа К.Тышкевіча па Вяльлі. Вяльля і яе берагі — для мяне таксама дарагія мясьціны. Гэта мая радзіма. Тут я ня раз хадзіла ў краязнаўчыя вандроўкі зь сябрамі. Мы шукалі гару Замкоўку (цяпер Астравеччына), пячоры насупраць вёскі Скерсабалі (цяпер Літва), пра якія пісаў яшчэ Тышкевіч. Таму я з падвойнай цікавасьцю паехала сустрэць гэтую экспэдыцыю.

Да Буйвідзяў мы дабраліся без прыгод, агледзелі вёску, мясцовы касьцёл. Распыталіся ў мясцовых, як праехаць да Вяльлі. Нам патлумачылі дарогу на добрай беларускай мове, і мы паехалі да месца сустрэчы.

Першым расчараваньнем быў фірмовы блакітны сьцяжок, на якім было напісана «Вилiя‑Neris». Зьдзівіла форма Вилія — на якой гэта мове? Па‑беларуску? Па‑польску? Бо ў польскай мове ва ўсіх словах націск ставіцца на другі галосны з канца. Таму яны гавораць і пішуць «Wilija». А беларусы сваю рэчку называюць Вяльля, націск на апошняе «я». А яшчэ зьдзівіла, што ў слове Вилія адно «і» было напісана па‑расейску, другое — па‑беларуску. Што‑што, а ўжо сёньня ў Вільні даведацца, як пішацца па‑беларуску маленькае слова, — дакладна не праблема.

Але пакінем убаку філялягічныя спрэчкі — у нас добры настрой, мы сустракаем сяброў і ставім сьцягі: чырвоны з Пагоняю і бел‑чырвона‑белы. Усё б добра, ды тут пачаўся дэтэктыў: да нас адразу падышоў стараста вясковай самаўправы: «Ці не зашкодзіць гэта справе?» Такое пытаньне нас зьдзівіла. У незалежнай Літве чалавек вольны і мае права свабодна выказваць свае думкі. Пад бел‑чырвона‑белым сьцягам мы ў 1990‑я тут, у Вільні, дапамагалі літоўцам у барацьбе за незалежнасьць. Але стараста, чалавек ужо немалады, усё ж зрабіў тэлефонны званок сябру польскай фракцыі ў літоўскім сэйме. Той не знайшоў нічога дрэннага ў нашым учынку.

Наш прыклад не застаўся незаўважаным — побач зьявіліся літоўскі трохкалёр і сьцяг Віленскага раёну.

Нам не было нудна, пакуль мы чакалі ўдзельнікаў экспэдыцыі: мы пазнаёміліся зь мясцовымі людзьмі, арганізатарамі воднай выправы і ўдзельнікамі, якія далучацца ўжо на літоўскім баку.

Пад 16‑ю гадзіну пачалі падцягвацца вясковыя. «У вёсцы гэта падзея, — тлумачаць нам. — Даўно не было ніякіх імпрэзаў».

Загучала музыка. Усялякая: беларуская, літоўская і нават «падмаскоўныя вечары». Калі ўрэшце паказаліся нашы героі, радасьць была ўсеагульная. Але дэтэктыў са сьцягамі працягваўся: калі да берагу прыстаў першы плыт, у імгненьне воку зь яго выскачыў мужчына, вырваў наш бел‑чырвона‑белы сьцяг і даўся праз кусты. На нейкі момант мы анямелі. Але хутка ачомаліся і кінуліся ў пагоню. Як ні дзіўна, гэта аказаўся адзін зь літоўскіх падарожнікаў. Ён патлумачыў свой учынак тым, што сярод удзельнікаў ёсьць два прадстаўнікі беларускай улады. Нашы тлумачэньні, што мы грамадзяне Літвы і маем права выказваць свае думкі, нават калі яны супярэчаць беларускай уладзе, ня мелі плёну. Мы забралі сьцяг і паставілі яго воддаль, на гары. Пазьней мясцовыя хлопцы добра яго замацавалі, і сярод многіх падарожнікаў і буйвідзянцаў нашы сьцягі карысталіся папулярнасьцю і пашанай. Шмат хто фатаграфаваўся на іх фоне.

Але спрэчка з тым чалавекам, што вырваў наш сьцяг, ня скончылася. Узяўшы ў падмогу кабетку, ён яшчэ раз спрабаваў нас пераканаць, але тут нас падтрымалі літоўцы. Адзін з тых, хто нам дапамагаў, дарэчы, тлумачыў нашым дзецям, як яшчэ ў 1950‑я гады літоўская моладзь выступала супраць савецкай улады. Ён распавядаў пра свайго брата, які быў паплечнікам Каланты. У рэшце рэшт, беларускі сьцяг мы ўсё‑ткі абаранілі.

Пазьней, калі мы размаўлялі з нашымі сябрамі, удзельнікамі вандроўкі, яны распавядалі, што сьцяг пасьпелі разгледзець здалёк (мы не дарэмна стараліся, шасток, на якім вісеў сьцяг, быў досыць высокім). Яны дамовіліся, што як толькі ступяць на зямлю, засьпяваюць «Пагоню». Зьдзівіліся, падплыўшы, што няма сьцягу… На другім плыце літоўскія калегі вучылі сваіх беларускіх суседзяў: «Прыбярыце начальства, а пасьля мяняйце сьцяг». Але ж у Літве было наадварот: адразу сьцяг памянялі, а потым уладу. Начальства прыходзіць і сыходзіць. Сьцяг застаецца вечным.

Уся гэтая дэтэктыўная эпапэя са сьцягамі навеяла не зусім сьвяточныя думкі. З самых высокіх трыбунаў чуваць дэклярацыі, што Літва хоча дапамагчы Беларусі стаць свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай. Але ці атрымаецца гэта, калі кожны з нас, літоўскіх грамадзянаў, у вось такіх жыцьцёвых сытуацыях ня будзе кіравацца прынцыпамі свабоды, дэмакратычнасьці, эўрапейскасьці?

Ды хопіць тых сур’ёзных развагаў. Вяльля цячэ, сонца сьвеціць, экспэдыцыя плыве. А ўсьлед падарожнікам лунаюць на беразе сьцягі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?