ДЫСКАГРАФІЯ

 

“Хавайся ў бульбу”

Гурт “Крама”. “Bulba Records”, 2001

Дачакалі! Перадавое чалавецтва мае нарэшце шанец наталіцца новай порцыяй моцнага беларускага рытм-энд-блюзу, выгнанага з найлепшага беларускага фрукту — бульбы. І заклік той, “Хавайся ў бульбу!”, варта прыняць да ведама: праграму “Крама” стварыла вартую, ці не найлепшую ў сваёй гісторыі як па музычным матэрыяле, так і па тэхнічнай якасьці.

Усяго 9 песьняў увайшло ў альбом. Іхныя назвы на чырвоным фоне вокладкі прачытаць яшчэ можна, а вось імёны аўтараў і іншая інфармацыя амаль нечытэльныя. Песьні гэтыя розныя, рытм-энд-блюз — хутчэй пазнака агульнай стылёвай скіраванасьці альбому, чым дакладная стылёвая ж характарыстыка.

“Сябра мой Вярэніч Лёнік” — ня вельмі выразная песьня, прысьвячэньне знакамітаму гітарысту, які тут мо ўпершыню ў жыцьці выступае на CD з блюзавым сола. Тытульная “Хавайся ў бульбу” — яскравы, энэргічны твор, безумоўны шлягер з наступальным акампанэмэнтам. “Дай мне шанец” — зь ліку дыхтоўных “крамаўскіх” песьняў. “Падае дождж” — выкід філязафічнай энэргетыкі, сур’ёзны, нават знакавы для Ігара Варашкевіча твор, які можа сьведчыць пра выхад “Крамы” на якасна новы творчы ўзровень. У песьні “Свабоды мне дай” з рэзкім, імпульсыўным прыпевам адчуваецца яўнае рэха ранейшай творчасьці гурту (“Што дапаможа нам?”, “Сьветлы анёл”). “Той час” крыху траціць ад залішне акцэнтаванага гітарнага суправаджэньня. Запісаная ў больш павольным тэмпе, песьня ўспрымалася б лепш. “Ведай, гэта наш блюз” — думаю, найлепшы ў альбоме твор з дакладна, густоўна расьпісанымі партыямі, удалымі мэлёдыяй і тэкстам. Завяршаюць альбом два рэмэйкі — “Стары сабака” ды “Гэй там, налівай”, што я з задавальненьнем і зрабіў, калі Варашкевіч у апошні раз нагадаў пра тую прыемную апэрацыю.

Што піў? Зразумела, з бульбы гнаную. І пры гэтым ні асалоды, ні пачуцьця законнага гонару не хаваў. Часьцей былі б такія нагоды!

Бульбяны Слухач

 

“Келіх кола”, “Вір”

Гурт “Стары Ольса”. “Каўчэг”, 2001

Сама спроба рэстаўрацыі сярэднявечнай беларускай музыкі ўжо выклікае павагу і цікавасьць. Лідэр “Старога Ольсы” Зьміцер Сасноўскі здолеў зьберагчы тую раўнавагу густу, калі слухаць рэстаўрацыю этна цікава ня толькі спэцыялістам, але й шырокай аўдыторыі. Уражвае, што часам самы мінімальны інструмэнтальны склад дазваляе музыкам стварыць вельмі ёмістую, густую, насычаную гукавую тканіну (“Закляцьце”). Пры гэтым аніякага адчуваньня архаічнасьці, якога рэальна можна было б чакаць, не ўзьнікае.

У першым з названых альбомаў ёсьць ня толькі музыка інструмэнтальная, але й песьні. “Стары Ольса” валодае адразу пазнавальнай манерай выкананьня. Уключыўшы ў альбом малавядомыя творы, музыкі яшчэ раз пацьвердзілі, наколькі багаты народны арсэнал: “Келіх кола”, “Што й па мору” — гэта гатовыя шлягеры!

Другі альбом дае ўяўленьне пра тое, што музыкі не спыняюцца на дасягнутым, разьвіваюць свой праект. Зьяўляюцца новыя партнэры — ансамбль “КонтраДанс”, адчуваецца нават прысутнасьць ды-джэя, дый у рэпэртуары ёсьць аўтарскія кампазыцыі, што не выпадаюць з агульнае стылістыкі. Ня ўсё ў “Старога Ольсы” атрымалася: калі “Пена піва” сягае рангу шлягеру, дык “Нямон” крыху супярэчыць агульнаму напрамку, выдае ў нечым наўмысную “робленасьць” музыкі.

Упрыгожвае альбом і натуральнае гучаньне асноўных інструмэнтаў. “Стары Ольса” мае ўсе шанцы для далейшага разьвіцьця.

Стары Слухач

 

Swing station

Ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”. “West Records”, 2001

Зьявілася яшчэ адна фірма, якая спрабуе рабіць бізнэс на айчыннай музыцы, прычым некамэрцыйнай. “West Records” зрабіла стаўку на беларускі джаз і не памылілася: другі ў гісторыі ансамблю “Рэнэсанс” альбом атрымаўся вельмі ўдалы.

Музыкі выконваюць жыцьцярадасную, аптымістычную папулярную музыку збольшага 20—30 гадоў ХХ ст. (у тыя часы іншае “папсы” не існавала), але беларускія джазмэны надзвычай творча паставіліся да спадчыны Гершвіна, Элінгтана, Прымы ды іншых зорак мінулага. Практычна ўсе ўключаныя ў альбом п’есы вызначаюцца ня “зьнятымі” з арыгінальных вэрсіяў аранжаваньнямі, а аўтарскімі прачытаньнямі папулярных твораў традыцыйнага джазу. Гэта выгодна адрозьнівае “Рэнэсанс” ад большасьці сёньняшніх джазавых ансамбляў.

Адкрываецца альбом тэмай “Washington And Lee Swing” у аранжаваньні Генадзя Крэмера, першага кіраўніка ансамблю. У якасьці аранжавальнікаў выступілі й іншыя музыкі “Рэнэсансу” — цяперашні грамадзянін Ізраілю Сямён Гарэлік, трубач Мікалай Федарэнка (шыкоўныя сола!), піяністы Алекс Цюцюноў (жыве ў ЗША) і Андрэй Лабчэўскі, а таксама малавядомы на радзіме, аднак надзвычай прафэсійны кампазытар Леанід Гуцін. Чаго вартае ягонае прачытаньне традыцыйнай беларускай тэмы “Чаму ж мне ня пець?”! Гуцін разбудаваў неўласьцівую джазу структуру мэлёдыі да прымальных парамэтраў, а самі музыкі дадалі сюды дасьціпнасьці, прасьпяваўшы ў канцы “Чаму ж мне ня піць?” і скончыўшы п’есу біцьцём посуду. Атрымалася арыгінальна й весела.

“Рэнэсанс” — адзіны ў Беларусі джазавы калектыў, які здабыў Гран-пры міжнароднага джазавага конкурсу: у 1998 г. менчукі перамаглі на XXVIII міжнародным конкурсе “Złota tarka” ў польскім горадзе Ілава. Яны былі анансаваныя ў якасьці гасьцей на афішах XXX фэстывалю, аднак запрашэньня чамусьці не дачакаліся. Дастаткова паслухаць, як “Рэнэсанс” выконвае “Solitude” Элінгтана ці “Oh, Lady Be Good” Гершвіна, каб пераканацца, што гэтыя музыкі ня будуць апошнімі на любым эўрапейскім джазавым фэстывалі. Дай бог ім спонсараў на гэтыя паездкі!

Адроджаны Слухач

 

“Музыка для роздумаў”

Аляксандар Софікс. Аўтарскае выданьне, 2001

Гэта цікавая й рэдкая для Беларусі праграма, якая ўкладаецца ў стылістыку музыкі нью-эйдж. Нетаропкая, мэлядычная манэра выкладаньня музычнага матэрыялу з дапамогай электронных клявішных настройвае на спагадлівасьць і асэнсаванасьць кожнага жэсту, кроку, бо гэта — музыка безумоўна фонавая. Такога кшталту праекты існуюць у Беларусі, але на шырокую публіку выхаду ніколі ня мелі. Ці то адвечны скептыцызм у адносінах да айчынных выканаўцаў адыгрывае ролю, ці то проста няма адпаведных сродкаў для “раскруткі” такой музыкі. Бо нью-эйдж карыстаецца няхай і ня дужа вялікім, затое сталым попытам. А тут яшчэ — беларуская прадукцыя!

Нью-эйдж, як і джаз збольшага, — музыка касмапалітычная. Можна напісаць нешта ў гэтай стылістыцы, карыстаючыся пазнавальнымі беларускімі матывамі, але такога ніхто пакуль не рабіў. Вось і Аляксандар Софікс выступае як аўтар традыцыйнага ў нью-эйджы кірунку, калі тэма той ці іншай часткі ўсёй сюіты заяўляецца ў пачатку і пасьля шмат разоў зь нязначнымі варыяцыямі абыгрываецца, ствараючы ў выніку гэткае павуціністае, мяккае гукавае палатно. Рытм тут не акцэнтуецца, ён адно падкрэсьлівае ўнутраную энэргетычную насычанасьць тэмы. Адно хацелася б шырэйшай тэмбравай палітры і сьмялейшых распрацовак тэмаў, бо, напрыклад, “Дождж (працяг)” занадта аднастайны, многа ў ім паўтораў.

Але, нягледзячы на гэтыя мінусы, праграма ў гамельчука Аляксандра Софікса атрымалася вартая ўвагі. Гэтаму паспрыяла й тое, што мастэрынг запісаў зрабіў Леанід Нарушэвіч (“Князь Мышкін”), абазнаны ў нетрадыцыйнай музыцы чалавек.

Філасофіксны Слухач

 

DTS JAZZ

Гурт “DTS Band”. Аўтарскае выданьне, МС. (дыстрыбуцыя — “Каўчэг”). 2001

DTS Band” — гэта квінтэт салістаў Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі на чале з басістам Аляксандрам Каліноўскім, спраўным выканаўцам і адметным кампазытарам. Ён — аўтар усіх 10 п’есаў альбому, якія ў большасьці пісаліся жыўцом у студыі нямецкага гораду Лінген у 1999 г. Разам з Аляксандрам працавалі бубнач Андрэй Славінскі, трамбаніст Зьміцер Бударын, піяніст Сяргей Аляксандраў, саксафаніст Ігар Мішура й піяніст Альберт Кандрач’ян.

Гэты калектыў са зьменным складам існуе ўжо некалькі год і вызначаецца цікавымі па тэматыцы творамі, у якіх, аднак, на першым часе тэхнічнасьць часта забівала эмоцыі. У гэтым альбоме такіх перакосаў няма: ён слухаецца на адным дыханьні, хоць і складаны па музыцы. Альбом вытрыманы ў стылістыцы ф’южн — джазавага кірунку без выразных, як апошнім часам у “Apple Tea”, акцэнтаў на фольк і этна. Гэта не недахоп, а сьведчаньне адпаведнасьці “DTS Band” джазавым тэндэнцыям Эўропы, дзе выкананьне менавіта аўтарскіх твораў ухваляецца перш за ўсё. Напісаная Каліноўскім музыка дае неабходную для ўсіх салістаў прастору, у якой яны маюць шанец выказацца, як тое робіць Сяргей Аляксандраў у п’есе “Before and After”. Тэма “Spider” — найбольш паказальная ў альбоме, тут акцэнт зроблены на гучаньні духавых. “I Believe” — твор, прасякнуты філязофска-лірычным зьместам, а вось “To My Friend” — прыгожая, дасканала распрацаваная баляда.

Будзе шкада, калі гэты зьмястоўны альбом ня знойдзе свайго слухача.

Джазануты Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0