Ева Вежнавец

Візыт Архіварыюса

Прыходзіў у госьці Архіварыюс і распавядаў, як людцы замаўляюць у архіве радаводы. Там усё ёсьць, у тым архіве, што не пагарэла ў войнах. Запісвалі нашых продкаў у касьцёлах, цэрквах, судох ды мэтрыках розных: хто нарадзіўся, памёр, ажаніўся, хрысьціўся, украў, забіў, данос напісаў. І мастак ёсьць, які вам ваш радавод намалюе ў выглядзе разлапістага дрэва. Толькі грошы плаці.

І расказваў мой сябра, што ўсе людзі, нават салідныя бабры, уяўляюць сваіх продкаў як людзей добрых. Ніхто ня хоча пра сваіх зладзюганаў ведаць.

Прыходзіць раз мужчына, пыхаты, натапыраны ўвесь, і гаворыць з выкшталтам расейскім: “Я потомственный учитель, все в моём роду были учителя. Из поколения в поколения передаются у нас рассказы о прапрадеде. Мы все равняемся на него. Он был директором гимназии в 18-таком-то году, известен как человек большой души, помогавший бедным и убогим, заботившийся об учениках, философ, знал пять языков, красавец с аристократическими чертами. Я прошу вас всё-всё разузнать о нём”. И сышоў кліент, духоўнасьцю тамімы.

Такія замовы завуцца “тэматычны запыт” і каштуюць грошай. Сталі мы капацца, а былі яшчэ нявучаныя горкім досьведам і не ўзялі авансу. ХІХ стагодзьдзе — лічы, нашыя дні, яшчэ дыхаюць, і нам з судовых архіваў стала ўсё вядома пра гэтага гіганта духу. Нават літаграфія захавалася.

Выявілася, што:

а) прапра быў фіскалам, які пісаў даносы на вучняў і выкладчыкаў у “пяты аддзел”, выкрываў “польскую крамолу” і “вольнодумство”;

б) быў завэрбаваны пасьля рэвізіі, якая выявіла, што “отец-благодетель” краў у гімназістаў-пансыянэраў “коровье масло” фунтамі;

в) знайшліся лісты гімназістаў, якія скардзіліся на прыставаньні й гвалты з боку дырэктара;

г) зь пяці моваў ён ведаў па пяць словаў, да якіх жыўцом прыточваў расейскія афіксы; даносы ягоныя абсалютна непісьменныя;

д) твар меў таўстаносы й нізкалобы, глядзеў з дурною пыхаю, і літаграфіст гэта сумленна адбіў.

Дырэктарка вынесла нашчадку пульхную тэчку і ўрачыста прамовіла: “Віншую Вас! Нам удалося знайсьці небывала шмат матэрыялу. Ваш продак сапраўды выявіўся незвычайнаю асобай”. Настаўнік пагартаў тэчку, адсунуў яе і невыразна прамовіў: “Я этого не видел”. Ён сышоў, не заплаціўшы за двухтыднёвую працу цэлага аддзелу. Напэўна, і зараз заклікае сваіх дзетак раўняцца на ідэал.

Архіварыюс кажа, што подласьць, дабрыня, вар’яцтва перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. У кожным родзе раз на пакаленьне нараджаецца “падлюга” і “сьвяты”, “вар’ят” і “вучоны”, “дзялок” і “летуценьнік”. Мала таго, ланцуг роду замкнёны і мае паўторныя зьвёны. Так, сынам і дочкам даюцца аднолькавыя імёны. Так, у адным родзе старэйшых дачок падсьвядома называлі Касямі аж з ХІХ ст. — Катарына, Katarzyna, Екатерина. У іншай сям’і малодшыя сыны былі Язэпы, Ёсіпы, Иосифы альбо Jozefy й паміралі ў маленстве. Супрацоўнікі архіву параілі маладой жанчыне, што замовіла радавод, пазьбягаць гэтага імя. У трэцім родзе на працягу чатырох пакаленьняў маткі трацілі левае вока.

Людзі, якія лічаць сябе “истинными русскими дворянами”, з горыччу даведваюцца, што да 1830 г. тут такіх не было. А былі літоўскія нобілі, магнаты, шляхта, зямяне (дробная шляхта) ды земляробы-сяляне. Шмат хто адпрэчвае радавод, калі выяўляецца, што продкі ў Сярэднявеччы былі ня нобілі, не магнаты, ня шляхта і не зямяне. Многія перажываюць шок, зьведаўшы, што ў родзе былі сэрыйныя забойцы, каты, зладзеі, прасталыткі, славутыя канакрады й фальшываманэтнікі. Славянафілы млеюць ад таго, што іхныя продкі пераважна габрэі.

Пра ўсё гэта архівы адстаронена паведамляюць. Будзьце гатовыя, ідучы замаўляць радавод.

Пара старых НКВДыстаў, якія (парадокс!) ганарыліся сваім дваранствам, вырашылі зрабіць сыну-кадэбісту падарунак у выглядзе радаводу. Сям’я вылучалася фэнамэнальнай нянавісьцю да ўсяго беларускага. Выявілася, што іхныя продкі, уніяты й каталікі, жылі пад Улою, акуратна бралі ўдзел ва ўсіх антырасейскіх войнах і закалотах, а зваліся Марцінамі, Цыпрыянамі, Дамінікамі, Крыстынамі, Малгрэтамі, Схалядкамі, Філямэнамі й да т.п. Сантымэнтальныя каты дрыготкаю рукою адсунулі радавод і прашалясьцелі: “Вы ошиблись”.

Архіў ня можа памыляцца. Там усё строга, у архівах. Нашчадкі ўсё ўведаюць, а значыць і нам трэба быць лапачкамі. Зь іншага боку, ня ўсё ад нас залежыць. Мы толькі зьвёны ў ланцугу, мы бездапаможныя дзеці перад лічылкаю: лялечка, балетніца, каралева, сплетніца, падлюга, сьвяты, вар’ят, вучоны, дзялок, летуценьнік, здраднік і герой, прасталытка й мадонна, ну, вы зразумелі маю думку.

Такая своеасаблівая рэінкарнацыя.

Нехта адпрэчыць сваё дрэва, на якім расьлі атрутныя дулі, а нехта прыме — Бог усім бацька.

Стаяць без каранёў ці цягнуць імі з глебы гной і лой? Глядзі сам.

Сыходзячы, Архіварыюс сьмяецца — адна бабулька даслала запыт на радавод: “Я нічога ня ведаю пра сваіх продкаў, але вы лёгка знойдзеце іх па тым факце, што на іхнай зямлі пад ігрушаю Марыя нарадзіла Езуса”.

Сьвятыя Дзяды, хадзеце сюды!

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0