Інтэгратары
не сьпяшаюцца

Рознагалосьсі сярод распрацоўшчыкаў “канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы” сьведчаць аб крызысе беларуска-расейскай інтэграцыі

Ледзь ня год таму, 2 красавіка, Лукашэнка і Пуцін афіцыйна заявілі аб неабходнасьці ўтварыць працоўную групу па падрыхтоўцы праекту “канстытуцыйнага акту саюзу Беларусі й Расеі”. Група была створана ў кастрычніку, а яе першае паседжаньне адбылося толькі 14 студзеня. Мяркуючы па такіх тэмпах, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Леанід Козік упэўнены, што “канстытуцыйнага акту ня будзе і ў красавіку, траўні, чэрвені”.

Зрэшты, праектаў канстытуцыйнага акту, збольшага расейскага аўтарства, пры жаданьні можна знайсьці зь дзясятак. На сумесным паседжаньні беларускі бок гатовы разгледзець толькі тры зь іх. Яшчэ адзін дасланы афіцыйна праект разглядацца наагул ня будзе. Тым ня менш менавіта ён (дарэчы, яго аўтар невядомы) вельмі добра характарызуе жаданьні расейскіх інтэгратараў. Імі прадугледжваецца, што пасаду кіраўніка саюзнай дзяржавы можа займаць толькі расейскі прэзыдэнт. Выкананьне такога праекту прывяло б да зьмены канстытуцыйнага ладу Беларусі і яе ўваходжаньня ў склад Расеі.

Наўрад ці могуць задаволіць беларускія ўлады і іншыя два прарасейскія варыянты акту. Першы зь іх распрацаваны нібыта парлямэнцкім сходам СБР, аднак беларускія дэпутаты ў ягонай распрацоўцы амаль ня ўдзельнічалі. У прыватнасьці, летась на закрытым пасяджэньні палаты прадстаўнікоў, дэпутаты Архіпаў і Шпілеўскі скардзіліся менавіта на гэтую акалічнасьць. Сам праект уяўляе сабой даволі аб’ёмісты дакумэнт, што збольшага дублюе дамову аб утварэньні саюзнай дзяржавы.

Яшчэ больш нэгатыўна беларускі бок успрымае праект пастаяннага камітэту, які называюць не інакш як “барадзінскім”. Паводле яго, саюз мусіць быць дзяржаўным аб’яднаньнем канфэдэрацыйнага тыпу, якое паступова ператворыцца ў новую фэдэрацыю. Аўтары прапануюць тры варыянты кіраваньня дзяржавай. У першым выпадку сумесна могуць існаваць пасады прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта, якія замацоўваюцца за кіраўнікамі Расеі і Беларусі. У другім — прэзыдэнт зьмяняецца віцэ-прэзыдэнтам кожныя два гады. У трэцім варыянце галоўным органам саюзнай дзяржавы павінна стаць Найвышэйшая дзяржаўная рада, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў, урадаў і палатаў парлямэнту. Нават дэпутатка Натальля Машэрава, адна з актыўных удзельніц інтэграцыйных працэсаў, аднойчы ня вытрымала й назвала праекты парлямэнцкага сходу і Барадзіна “ашуканствам”.

Яшчэ больш выразна аб стаўленьні ўладаў Беларусі да расейскіх праектаў сьведчыць выказваньне старшыні беларускай групы па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту Козіка. На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў: “Я не магу гэта назваць дакумэнтам” — і рэзка назваў гэтыя варыянты “фількінымі граматамі”.

Праект беларускага боку, распрацаваны ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі, мае назву “Прынцыпы пабудовы канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы”. Козік ня вельмі ахвотна казаў пра ягоны зьмест, заявіўшы толькі, што для беларускага боку вельмі важна, каб акт адпавядаў міжнароднаму праву і дамове аб саюзнай дзяржаве.

Асноўным спрэчным момантам застаецца пытаньне кіраўніцтва новым утварэньнем. Сёньня Лукашэнку задавальне стан рэчаў: як-ніяк, ён — старшыня дзяржрады саюзнай дзяржавы. Таму нічыйны варыянт акту, калі пытаньне кіраўніцтва вырашыцца на існых сёньня дамоўленасьцях, яго можа задаволіць. Пуцін наўрад ці будзе абцяжарваць сябе фармальнымі клопатамі сама меней цягам яшчэ аднаго прэзыдэнцкага тэрміну. Аднак пры такім раскладзе пытаньне кіраўніцтва ў любым выпадку ўзьнікне праз пэўны тэрмін. Таму расейцы і жадаюць інтэгравацца радыкальным чынам. Лукашэнку такія пэрспэктывы не падабаюцца, бо ён тады робіцца звычайным губэрнатарам. Таму й гандлюецца ён за кожнае слова праекту. Час на гэта ёсьць: да сканчэньня прэзыдэнцтва яшчэ чатыры гады. Падобна, што нават сам кіраўнік Беларусі ня ведае, як мусіць выглядаць выдуманы ім саюз.

Нягледзячы на заявы беларускіх чыноўнікаў, што інтэграцыя перайшла ў эканамічнае рэчышча, асноўнымі заўсёды заставаліся пытаньні палітычныя. Нават заявіўшы аб лібэралізацыі эканомікі, што прадугледжвае прыход замежных інвэстараў, улады не сьпяшаюцца саступіць ім ні кроплі сваіх выгод.

Яскравы прыклад — становішча з “Балтыкай”. На паседжаньні Рады міністраў у аўторак Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі ня будзе ні “Балтыкі”, ні якіх іншых расейскіх фірмаў, калі яны будуць навязваць Беларусі свае правілы гульні, і заклікаў расейскіх інвэстараў гуляць па ягоных правілах, г.зн. пакінуць дзяржаве кантрольны пакет акцыяў. У адказ віцэ-прэзыдэнт “Балтыкі” Тлехурай заявіў, што пачынае працэдуру вяртаньня інвэстыцыйных сродкаў зь Беларусі. Канчаткова сытуацыя павінна высьветліцца на нарадзе ў Лукашэнкі, заплянаванай на блізкі час.

Калі ўжо Лукашэнка ня можа з удзелам расейскага капіталу прыватызаваць адно прадпрыемства, можна толькі здагадвацца, што будзе, калі пачнецца прыватызацыя нафтахімічнага комплексу. Гульня пойдзе значна больш сур’ёзная, бо Лукашэнку патрэбна заручыцца трывалай падтрымкай з боку расейскага бізнэсу на выпадак магчымага “інтэграцыйнага ціску” з боку Расеі. Хоць нават у выпадку, калі гэта яму ўдасца, ягоныя шанцы на саюзнае прэзыдэнцтва мізэрныя.

Валянцін Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0