Лісты ў рэдакцыю

 

Вярніце вёску Цешкаў

Я родам зь вёскі Цешкаў Нараўлянскага раёну. Нас зь вёскі высялялі ў верасьні ў 1986 г., трэцім этапам. У траўні 1991 году Гомельскі гідрамет абсьледаваў в. Цешкаў на шчыльнасьць забруджаньня яе тэрыторыі і даў заключэньне пра тое, што ў населеным пункце в.Цешкаў шчыльнасьць забруджаньня цэзіем-137 на 13 траўня 1991 г. складае 9,16 кю/км2.

У 1992 г. быў прыняты закон “Пра абарону грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС”, у якім запісалі: у зоне 5–15 кю/км2 жыцьцё дазволена з правам на адсяленьне. Жыхары в.Цешкаў сабралі 80 подпісаў ахвотных вярнуцца ў свае дамы. Са сьпісам у руках я ў 92-м годзе быў на прыёме ў Сяргея Сьцяпанавіча Лінга. Я са сьпісам быў і ў Кеніка. Ён быў гаспадаром мёртвай зоны. Нам рээвакуацыі не дазволілі. Як я зразумеў, ім патрэбна мёртвая вёска і мёртвая зямля. У 94–95 гадох я два разы быў у прыёмнай прэзыдэнта, і паўсюль я атрымаў адказ ісьці да Кеніка. Каля ста адказаў я сабраў за гэтыя гады ад розных міністэрстваў і ўстановаў. У адных адказах ёсьць словы: “У в.Цешкаў пражываньне насельніцтва цалкам магчымае”. У другіх адказах мне паведамлялі, што н.п.Цешкаў рээвакуяваць немэтазгодна. У трэціх адказах мне тлумачаць: “У в.Цешкаў насельніцтва можа набраць дозавае апрамяненьне 1,44 мзв у год, а гэта перавышэньне аднаго мзв/год, усталяванага законам”. Карацей кажучы, нам рээвакуацыі даваць не жадаюць, надта шмат людзкіх лёсаў зламалі, шмат зьнішчылі скаціны, разьбілі вёску, біцьцём вокнаў абараняліся ад самасёлаў. Любым коштам утрымаць хацелі, каб вёска была мёртвай.

У Нараўлянскім раёне 17 вёсак трэ было адсяляць, а гэта 17000 чалавек, якія жывуць з болей чым 15 кю/км2. Гэта Нароўля (сярэдняе забруджаньне 18,96 кю/км2, максымальнае 66 кю/км2), Канатоп (23,69, максымум 49,50 кю/км2), Кіраў (27,80, максымум 53 кю/км2), Заракітнае (сярэдняе 24,66, максымальнае 56,00 кю/м2) і гэтак далей у астатніх 13 вёсках. Я не разумею тых чыноўнікаў, якія мне кажуць: “Кепскі ці добры закон, але яго трэба выконваць”. Раз гэта так, то чаму не выконваюць літары закону, які кажа, што, дзе ўзровень забруджаньня вышэйшы за 15 кюры, людзі павінны быць пераселеныя. А жыцьцё паказвае адваротнае: людзі жывуць на 30 кюры, перасяленьня людзей больш не вядзецца. Іван Кенік казаў журналістам: “Жыцьцё чалавека і ягонае здароўе даражэйшыя за ўсё”. Тады чаму людзей з 30 кюры не перасялялі? Выказваньне Кеніка “Жыцьцё чалавека даражэйшае за ўсё” – гэта проста для краснага слоўца.

Мікалай Гуц, Мазыр

Пра дзёньнік Багдановіча

Ці публікаваць дзёньнік Максіма Багдановіча, ці не? Адказ на гэта дае цытата з А.Пушкіна:

Пакуль ня просіць у паэта

Ахвяр сьвяшчэнных Апалён,

У сумятні турботаў сьвету

Ён маладушны ловіць плён.

Як усе жывыя істоты Зямлі, М.Багдановіч насіў у сваім арганізьме інстынкт размнажэньня. Калі б ён дажыў да сталага веку, дык такіх брыдкасьцяў аб сабе не пісаў бы. І не апека бацькі вісела над ім, а гуляла ў ім распуста маладосьці. Сэкс стаў вышэй за талент і свайго месца ня ўступіць нізкай (кідкай) цнатлівасьці. Добры розум у галаве – найлепшы цэнзар жыцьця. Ён ведае, што ня ўсё можна паказваць пабожнаму воку, што робіць твая рука. У кожнага чалавека ёсьць свая таямніца душы, якую ён надзейна хавае, нават ад свах інтымных успамінаў, ня кажучы ўжо аб паперы, якая на ўсё прыгодна, таксама для туалету. У чалавечым жыцьці ёсьць пэрыяды, у якіх абставіны вымушаюць рабіць тое, чаго ён ня можа рабіць у іншым, наступным пэрыядзе свайго жыцьця. Публікацыя брыдкіх паводзін чалавека не прыбаўляе яму хараства, а прыніжае яго дзейнасьць. Таму такія рэчы вялікіх людзей ляжаць пад цяжарам архіўных табу.

84-гадовы пэнсіянэр Б.Пяткевіч, Бабынічы (Полаччына)

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0