СПОРТ

Самым яркім алімпійскім днём для беларусаў быў аўторак, калі нашыя хакеісты перамаглі зборную Францыі зь лікам 3:1. Беларусы першыя прапусьцілі шайбу — на 4-й хвіліне яе закінуў Марыс Разэнталь, але ўжо праз пяць хвілінаў нападнік “Северсталі” Андрэй Расолька зраўняў лік. На 18-й хвіліне другога пэрыяду Ўладзімер Цыплакоў з “Ак Барсу” закінуў другую шайбу, а за дзьве хвіліны да канца матча пераможную кропку паставіў нападнік новакузьнецкага “Мэталюргу” Зьміцер Панкоў. Ізноў выдатна згуляў і наш варатар Сяргей Шабанаў, аднаклюбнік Зьмітра Панкова. А ў першым матчы са зборнай Украіны, калі беларусы перамаглі 1:0, ён не прапусьціў ніводнай шайбы. Пераможную шайбу закінуў ветэран зборнай 38-гадовы Алег Мікульчык з васкрасенскага “Хіміка”.

Дзякуючы перамозе зборнай Украіны над Швайцарыяй (5:2) беларусы датэрмінова выйшлі ў наступны раўнд. Мы трапілі ў групу “D” і будзем гуляць з Расеяй, ЗША, Фінляндыяй. У групу “С” (Канада, Швэцыя, Чэхія) трапіла зборная Нямеччыны, яна ў апошнім матчы групавога турніру перамагла латышоў 4:1.

 

Радасьць хакеістаў, гора лыжнікаў

Алімпіяда для нашых атлетаў пачалася ў суботу лыжнымі гонкамі ў жанчынаў на 15 км. Чэмпіёнка Алімпіяды-88 Сьвятлана Нагейкіна прыйшла на фініш 6-й, прайграўшы алімпійскай чэмпіёнцы з Італіі Стэфаніі Бэльмонда 23 сэкунды. Беларуска (перабежчыца з Расеі) увесь час трымалася ў лідэрскай шасьцёрцы і змагалася за бронзу, але за чатыры кілямэтры да фінішу павалілася – яе “падрэзала” падчас абгону фінка Кайра Варыс. Страчаныя дарагія сэкунды – і толькі сьпіны суперніцаў перад сабой. Змарнаваны шанец заваяваць мэдаль, вядомая рэч, сапсаваў Сьвятлане настрой, і ў аўторак, у гонцы на 10 км клясычным стылем, Нагейкіна была толькі 16-й. Алімпійскае золата здабыла нарвэжка Бэнтэ Скары з часам 28 хвілін і 5,6 сэк, літаральна вырваўшы перамогу ў Вольгі Данілавай з Расеі.

Цікава выступілі ў суботу ў лыжных гонках сёстры-блізьняткі Вера і Натальля Зяцікавы. Яны нават на фініш прыйшлі побач з аднолькавым вынікам – 42.04,5, падзяліўшы 18–19-е месцы. А ў аўторак паўтарыць такое ня здолелі: занялі 29-е і 37-е месцы адпаведна.

У мужчынскай гонцы на 20 км найлепшым зь беларусаў быў Сяргей Далідовіч (15-е месца).

У нядзелю пачаліся самыя прыгожыя і захапляльныя спаборніцтвы – гарналыжны хуткасны спуск і скачкі на лыжах з трампліну. На жаль, не для беларусаў. У скачках Андрэй Лыскавец заняў 43-е месца з 50-ці магчымых. Ці варта было з такімі вынікамі ехаць на Алімпіяду?

На спаборніцтвах па скачках з трампліну прысутнічаў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса, які шчыра “хварэў” за нацыянальнага героя краіны Адама Малыша. Ня спраўдзіў Малыш надзеяў. Заняў трэцяе месца: скочыў двойчы выдатна на 98,5 і 98 мэтраў, але ў першай спробе прызямліўся з памылкай, і судзьдзі зьнялі колькі балаў. Цяпер спадзевы палякаў на 120-мэтровы трамплін.

У панядзелак пачаліся спаборніцтвы па біятлёне. У мужчынаў алімпійскае золата заваяваў нарвэжац Оле-Эйнар Б’ёрндален. Ён два разы спудлаваў (за кожнае “малако” дадаецца хвіліна штрафу), але дыстанцыю прайшоў у тэмпе кур’ерскага цягніка і прывёз Нарвэгіі золата, паказаўшы выдатны час – 51.03,3. І гэта пры тым, што ў суботу Б’ёрндален браў удзел у лыжных гонках у мужчынаў на 20 км і заняў шостае месца. Не адпачыў нават як сьлед.

Трэцяе месца ў расейца Віктара Майгурава (51.40,6), які на Алімпіядзе ў 1994 г. у Лілехамэры выступаў за беларускую зборную.

Найлепшым сярод беларусаў быў Вадзім Сашурын – заняў 9-е месца. Ён на чатырох агнявых рубяжах не зрабіў ніводнага промаху, але праехаў дыстанцыю за 52.52,6. А вось Аляксей Айдараў быў сямнаццатым: трасу прайшоў за 51 хвіліну 25 сэкундаў, але ў мішэнь не пацэліў тры разы. Беларусы нібы дапаўняюць адзін аднаго ў біятлёне: Сашурын добра страляе, але слабавата бегае, Айдараў, наадварот, добра бегае, а страляе горай. Тое самае ў Рыжанкова. Магчыма, такі зборны беларускі камбайн дасьць плён у мужчынскай эстафэце ў наступную сераду.

А беларускі-біятляністкі вызначыліся скандалам. Перад гонкай на 15 км расейская дэлегацыя выказала пратэст з нагоды ўключэньня ў беларускі стартавы склад Яўгеніі Куцапалавай і Алены Хрусталёвай. Выявілася, што дамова між беларускай і расейскай фэдэрацыямі біятлёну на пераезд спартовак у Беларусь існуе толькі на словах і юрыдычна не аформленая. Расейцы заявілі, што апратэстуюць вынікі, калі “новыя беларускі” выйдуць на старт. А гэта пагражала б штрафам і ўвогуле зьняцьцем беларускіх біятляністаў з гульняў. Беларусы вырашылі не выпрабоўваць лёсу і зьнялі дзяўчат са стартавага ліста, выклікаўшы з запасу Людмілу Ананка. Тая нават не даехала да фінішу, сышла з дыстанцыі.

Найлепшай сярод беларусак была Вольга Назарава (6-е месца), якая прайграла алімпійскай чэмпіёнцы зь Нямеччыны Андрэа Хенкель (47.29,1) роўна адну хвіліну. Другое месца заняла нарвэжка Ліў Грэт Пуарэ. Трэцяе месца ў Магдалены Форсбэрг са Швэцыі. Ксеня Зікункова — на 38-м месцы, Людміла Лысенка — на 51-м.

Скандал з Куцапалавай і Зікунковай быў не адзінай праблемай на Алімпіядзе. 10 лютага беларускія фрыстайлісты трапілі ў аварыю. Зьміцер Дашчынскі, Аляксей Грышын і Зьміцер Рак вярталіся з трэніроўкі ў алімпійскую вёску на мікрааўтобусе “Шэўрале”. За рулём была жанчына-валанцёр, расейка зь пяцігадовым стажам ваджэньня. На васьміпалоснай шашы другі мікрааўтобус “падрэзаў” “Шэўрале”. Машыну з нашымі спартоўцамі разьвярнула і вынесла на сустрэчную паласу.

Дзякуй богу, усё абышлося, ніхто не пацярпеў. Жанчына-валанцёр кінулася на машыне ў пагоню за парушальнікам, які ехаў з хуткасьцю амаль 200 км/г. Гнаўся за ім і таксіст, што ў момант аварыі ехаў за машынай беларускіх спартоўцаў. Ён выклікаў паліцыю па рацыі, і тая, узьняўшы колькі шрубалётаў, затрымала парушальніка. Гэта быў 35-гадовы мужчына, які ня меў правоў на ваджэньне аўтамабіля. Яго прывезьлі ў алімпійскую вёску, дзе ён плакаў і прасіў прабачэньня. Завялі справу.

Шэф беларускай місіі Яраслаў Барычка зьвярнуўся да амэрыканскага боку з просьбай замяніць пашкоджаны аўтамабіль, бо ўвесь левы бок машыны быў зьмяты. Арганізатары адмовіліся. Тады Барычка жартам прапанаваў выбраць: ці ён ідзе да прэзыдэнта ЗША, ці аб’яўляе галадоўку. Амэрыканцы спужаліся, і праз 30 хвілінаў у беларускіх фрыстайлістаў быў новы аўтамабіль, а шэфу беларускай місіі ўрачыста ўручылі ключы.

Быў скандал і з харчаваньнем біятляністаў. Трэнэры вырашылі дзеля зручнасьці перавезьці нашых спартоўцаў з алімпійскай вёскі бліжэй да месца спаборніцтваў. Амэрыканцы далі на гэта згоду, паабяцаўшы забясьпечыць добрай ежай. Але далей за абяцаньні справа не пайшла: беларусаў колькі разоў кармілі выключна супамі, кавай і бутэрбродамі. Каб нармальна харчавацца, давялося плаціць. Грошы дало беларускае пасольства ў ЗША па асабістым распараджэньні міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова

Зараз беларусы рыхтуюцца да пазасталых дысцыплінаў біятлёну і да фрыстайлу. У апошнім яны маюць рэальныя шанцы. Кваліфікацыя фрыстайлу будзе ў суботу. Фіналы ў жанчынаў – у панядзелак, у мужчынаў – у аўторак.

Далейшы расклад матчаў беларускай хакейнай дружыны такі (час беларускі):

 

Пятніца, 15 лютага.
Беларусь–Расея. 20.00

Нядзеля (раніца), 17 лютага.
Беларусь–Фінляндыя. 5.45

Панядзелак, 18 лютага.
Беларусь–ЗША. 20.00

 

У любым выпадку, нашыя будуць гуляць у чвэрцьфінале. Згодна з правіламі, каманда, што зойме чацьвертае месца ў групе “D”, згуляе зь першай камандай групы “С”, трэцяя каманда групы “D” – з другой камандай “С” і г.д.

Калі беларусы зоймуць чацьвертае месца ў сваёй групе, яны будуць гуляць 20 лютага (серада) у 20.00 па менскім часе, калі другое месца – у 22.00, калі трэцяе месца – у 1.00, калі першае месца – у 5.15 раніцы, ужо 21 лютага.

Э.Л.

Малыша-манія

У Польшчы за яго хварэе кожны. Не было яшчэ спартоўца, які б абуджаў такія адназначна цёплыя пачуцьці. Але ж праз радасны вэрхал віншаваньняў відаць: ад Мáлыша чакалі большага, чым проста бронзы. Занадта абнадзеіў ён, апярэдзіўшы ў Закапаным напярэдадні Алімпіяды свайго галоўнага канкурэнта Свэна Ганавальда, занадта закахаў у сябе, пацалаваўшы на каленях пасьля той перамогі закапанскі сьнег. Тады Польшча вярнула сабе надзею, галоўную надзею Алімпіяды, калі не адзіную...

 

А надоечы алімпійскія камэры толькі мелькам захапілі, як пры аб’яўленьні першага месца швайцарца Сымона Амана польскія заўзятары пачалі расчаравана згортваць сьцягі. Супрацьстаяньне двух майстроў стала настолькі звыклым, што зьяўленьне трэцяй асобы было ўспрынята як недарэчнасьць. “Золата швайцарца — гэта крыху неспадзяванка, — зьбянтэжана тлумачыў Адам Малыш, — але пэўна польскія заўзятары задаволеныя, бо ж ня немец выйграў”.

20-гадовы Сымон Аман — сэнсацыя гэтых Алімпійсікіх гульняў. У мінулым сэзоне ён займаў месца у трэцяй дзясятцы, а сёлета насуперак усім прагнозам нечакана вырваўся ў лідэры. На цырымоніі ўзнагароджаньня ён ажно скакаў на п’едэстале.

Тым ня менш, Польшча трыюмфуе, а журналісты не шкадуюць эпітэтаў. Бронза Малыша — гэта хоць і не журавель у руках, а ўсё ж першы мэдаль палякаў на зімовай Алімпіядзе пасьля доўгага перапынку. “Гэтай хвіліны я чакаў 30 гадоў”, — кажа залаты прызёр Алімпіяды 1972 г. у скачках з трампліну Войцех Фартуна. Малыш цяпер — самы папулярны спартовец Польшчы. 12,5 мільёна палякаў, або 72% тых, хто гэтым часам глядзеў тэлевізар, — траціна дарослага насельніцтва краю — сачылі за палётамі Малыша па тэлебачаньні.

Польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі ў сваёй віншавальнай тэлеграме Малышу паспрабаваў выказаць погляды і тых, хто лічыць трэцяе месца Малыша няўдачай, і тых, для каго гэта посьпех: “Віншую з заваёвай бронзавага мэдаля. Дзякую за ўсё, што мы змаглі перажыць дзякуючы Вам. Наперадзе — чарговыя спаборніцтвы. Мэдалі чакаюць…”

І вось учора Малыш заняў другое месца ў скачках з 120-мэтровага трампліну! А першы — зноў Аман.

Андрэй Чык

Буш на дроце

На ўрачыстым адкрыцьці гульняў амэрыканская фігурыстка Саша Коэн апынулася на трыбуне побач з Джорджам Бушам. Зрэагавала дзяўчына імгненна: дастала з кішэні сотавік і набрала нумар сваёй маці: “Мама, хочаш пагаварыць з прэзыдэнтам?”. Ахова чухала патыліцы, а Буш хвіліну добрасумленна размаўляў з маці фігурысткі.

Легенда Юты

Гарналыжная траса ў Сноўбэйсыне названая ў гонар мядзьведзя-грызьлі, які з 1911 па 1923 г. тэрарызаваў мясцовых фэрмэраў. За 13 гадоў трохмэтровы Стары Эфраім зарэзаў некалькі сотняў авечак, пакуль аднойчы паляўнічыя не здагналі грызьлі і шасьцю стрэламі забілі яго.

Проці Цупер будзе ня Купэр

Галоўная суперніца беларускай фрыстайлісткі Алы Цупер аўстралійка Джэкі Купэр зламала 11 лютага нагу. Яна на трэніроўцы спрабавала зрабіць акрабатычны скачок у тры абароты, але няўдала прызямлілася. Фрыстайлісткі пачынаюць спаборніцтвы 16 лютага, фінал — у панядзелак 18-га.

Паводле Інтэрнэту

19-даляравая мыльная опэра

Плюс чатыры тысячы дробязяў пра нутро сучаснага спорту і эстрады

Імя чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут апошнімі днямі мільгаціць на стужках навінаў. Былая зорка сусьветнай гімнастыкі спрабавала пакінуць супэрмаркет з прадуктамі на суму 19 даляраў, абвінавачвае амэрыканская паліцыя. Сума па амэрыканскіх мерках мізэрная (Корбут жыве ў ЗША з 1991 г., а выехала туды дзякуючы дапамозе беларускай эміграцыі). Сама яна тлумачыць, што забылася грошы ў машыне і выйшла па іх, каб вярнуцца і расплаціцца.

 

Да судовага паседжаньня Вольгу Корбут выпусьцілі пад заклад 600 USD. Але за пару дзён скандал разгарэўся далей: у доме, за які Вольга Корбут і ейны сын Рычард запазычыліся банку, былі знойдзеныя фальшывыя 4000 USD стодаляровымі купюрамі. Спартоўка гаворыць, што яна не зьяўлялася ў доме даўно і пра гэтыя купюры ня ведае…

Былы муж Лявон Барткевіч характарызуе Вольгу вельмі станоўча (“сумленны й цудоўны чалавек”) і ня верыць у ейную віну. (Цяпер Корбут замужам за амэрыканцам, былым менчуком.)

Прадстаўнікі беларускай эміграцыі не схацелі даваць камэнтароў з гэтай нагоды радыё “Свабода”: дапамагалі гэтым людзям, але цяпер успамінаць ня хочам. А не адных такіх Барткевічаў “вывезьлі” нашы добрае душы эмігранты за акіян на пачатку 90-х!

Уладальнік гімнастычнай школы Дэвід Дэй, які ў 1991 г. запрасіў Корбут на працу ў Атланту, зазначыў, што на гімнастку паўплывала жорсткасьць савецкай спартовай машыны. Гэтая жорсткасьць і сфармавала ейныя погляды на жыцьцё. Таму яна, маўляў, лічыць, што “ёй усе абавязаныя”.

З гэтай думкай лёгка пагадзіцца, бо прафэсійная жаночая гімнастыка даўно выклікае гарачыя спрэчкі: надта ж адмоўна ўплывае традыцыйная мэтодыка заняткаў на няўстойлівую дзіцячую псыхіку. А выступаюць жа на спаборніцтвах (прыгадайце!) дзяўчаткі 14—15 гадоў: 17—18-гадовыя лічацца ўжо “старымі”.

Можа, якраз у гімнастыцы і хаваюцца карані цяперашняга скандалу? Беларускі настаўнік Вольгі Корбут, заслужаны трэнэр СССР Рэнуальд Кныш у інтэрвію “Белорусской газете” не адмаўляў, што яго выхаванка магла зьдзейсьніць дробнае злачынства. Кныш нават намякае на тое, што Корбут — непапраўная клептаманка і расказвае пра падобныя выпадкі яшчэ з тых часоў, калі яна была школьніцай. Маўляў, ён ведаў пра гэтую ейную загану і пільнаваў увесь час, каб не нашкодзіла. Кныш моцна пакрыўджаны на былую выхаванку: у сваіх амэрыканскіх мэмуарах яна нібыта выставіла яго дурнем, алькаголікам, садыстам, які біў яе, каб дабіцца выкананьня сваіх трэнэрскіх установак.

Барткевіч сабраў у Менску спэцыяльную прэс-канфэрэнцыю, каб заявіць пра сумленнасьць былой жонкі. На сустрэчы з журналістамі ён паведаміў, што Вольга ўсё жыцьцё цярпела за сваю шчырасьць, а трэнэр Кныш быццам бы прыставаў да Вольгі і іншых гімнастак, калі працаваў зь імі. Нібыта за гэта Кныша і адхілілі ад працы. Экс-муж прывёў таксама прыклад, як у 1972 г. Корбут абвінавацілі ў крадзяжы, але ў выніку высьветлілася, што грошы Вользе падкінула канкурэнтка за права ўвайсьці ў алімпійскую каманду. Са словаў Барткевіча, яны з Корбут “пражылі разам 22 гады, але я люблю маладзенькіх”. У гэтым нібыта і прычына іхнага разводу.

Дзіка гэта ўсё...

“Я думаю, што інцыдэнт з Корбут вельмі сумны, — сказала Шэнан Мілер, якая дапамагла гімнастычнай камандзе ЗША выйграць алімпійскае золата ў 1996 г., — а яна натхніла многіх дзяўчынак заняцца гімнастыкай”.

Аркадзь Шанскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0