іn memoriam
Рэабілітацыі не дачакаў
14 сьнежня ў Наваградку на 79-м годзе жыцьця памёр паэт Самсон Пярловіч. Памёр шчыры беларус. Памёр пясьняр-самавучка з Наваградчыны.
Гітлераўскія і сталінскія лягеры ня зьнішчылі ў ім сумленьня, любові да роднай Наваградзкай зямлі, да беларускага слова.
Самсон Пярловіч (а разам зь ім 18 сяброў, у тым ліку і я) 29—30 жніўня 1947 г. вайсковым трыбуналам Баранавіч былі асуджаны на 8—25 гадоў зьняволеньня за прыналежнасьць да падпольнай патрыятычнай арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі” (СВБ). Самсон атрымаў 10 гадоў.
Пры арышце ў яго быў знойдзены верш “Паднімаецца крыўда”, за які зь менскай “амэрыканкі” Пярловіча вадзілі пад канвоем да самога Цанавы. Вельмі ж таму хацелася пабачыць юнака, які пасьмеў узьняць голас супраць Сталіна і ягоных падхалімаў.
Я разам зь Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усьць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам зь ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складаў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні.
У 1956 г. Пярловіч вярнуўся ў свой Наваградак, працаваў, пісаў вершы. Выйшлі з друку ягоныя зборнікі “Заяц на бярозе”, “Чарадзейны агонь”, “Бясьсьмертнік”. Самсон рыхтаваў матэрыялы яшчэ для аднаго зборніка. Не пасьпеў...
Рэабілітацыі не дачакаў.
З 18 сяброў СВБ цяпер засталіся ў жывых толькі тры.
Хочацца верыць, што прыйдзе час, Наваградчына ўшануе імя свайго слаўнага сына і зерне, пасеянае ім, узыдзе буйным коласам.
Няхай яму яго любая Наваградзкая зямелька будзе пухам.
Кастусь Рамановіч, Пінск
Самсон Пярловіч
Паднімаецца крыўда
І ноччу, і днём падхалімы скуляць
Пра росквіт жыцьця, пра свабоду.
Ад гэтай “свабоды” аж стогне зямля,
У “росквіце” тым – сьмерць народу,
Бо Сталін-тыран, і старых, і малых
Запрэгшы ў прыгонныя ёрмы,
Нявіннай крывёй суцяшае іклы,
Каму колькі жыць, ставіць нормы.
Людзей каб прымусіць пакорна маўчаць
Пад страхам, як вязьняў бяспраўных,
Са зграяй сваёю пачаў вынішчаць
Народу сыноў самых слаўных.
А каб заслужыць і праклёны, і боль,
Кляймом страшным – “вораг народу”
Кляймяць чалавека, ды ўсё штораз больш
Зьнішчаюць людзей з кожным годам.
Калі б удалося ўсе косьці сабраць
Усюды, дзе палі ахвяры,
З касьцей тых, напэўна, узьнялася б гара,
Што рвала б вяршыняю хмары.
А сьлёзы і кроў, што замучаны люд
У горы бязьлітасным выліў,
Каб не пранікалі ў матулю-зямлю.
І сонца, мабыць, патушылі б.
Ці ж выцерпіць крыўда? Мільёнам галоў
Яна яшчэ грозна паўстане!
Хіба хто апошнім сумленьнем аглох,
Той толькі мо сьцерпіць маўчаньне.
Наваградак, 1947 г.