Бабін век

Усьціньні Журнаяк зь Пінску споўнілася сёлета 116 гадоў. Яна — самы стары чалавек у Беларусі й у сьвеце.

 

Зафіксаванаму Гінэсам японскаму доўгажыхару Юкічы Чугандзі толькі 112 гадоў. Баба Ўсьціньня жыве ў дачкі ў Пінску, а нарадзілася яна ў вёсцы Будзішча на Лепельшчыне. Сям’я ў бацькі была вялікая і заможная. Хапала сілы ня толькі рабіць сваю зямлю, але й да пана ў найміты хадзіць. Пан быў справядлівы і за працу добра плаціў. У школе спадарыня Ўсьціньня не вучылася: бацька вырашыў, што ня трэба ёй гэтага. Калі выйшла замуж, падараваў зямлю, каб было маладым з чаго жыць. У 30-я давялося аддаць яе ў калгас. У калектывізацыю ж Усьціньня аўдавела: мужа забілі, пераблытаўшы са старшынём. Замуж выйшла другі раз за ўдаўца, выхоўвала семярых дзяцей — сваіх трое і ягоных чацьвёра. Пасьля вайны працавала, як і ўсе ў калгасе, за “палачкі”. Зарабіла на пэнсію, якая напачатку складала 12 рублёў.

Малодшая дачка спадарыні Ўсьціньні згадвае, што работы па гаспадарцы ў маці заўсёды хапала. З усім яна імкнулася справіцца сама, нават у 80 год яшчэ капала бульбу. Хваробаў старая ніколі ня ведала. Адно што зубы страціла ў 50 гадоў, а зараз яшчэ й зрок пачаў слабець. Сама спадарыня Ўсьціньня пэўная, што вочы ёй “счаравалі”, і выпраўляе ўвесь час дачку па сьвятую ваду ад сурокаў. Вось такі беларускі лёс — тры вайны, калектывізацыя, дзеці, працадні, 12 рублёў пэнсіі... Жалезнае пакаленьне. На іхных нястачах паўстаў быў той машэраўскі дабрабыт.

Людміла Гулюк

Чэмпіёны па доўгажыхарстве

Год таму Беларусь трымала лідэрства па доўгажыхарстве: тады самым старым чалавекам плянэты была Марыя Шарая зь вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёну, якая пражыла 124 гады й сканала на пачатку леташняга сакавіка. І вось ізноў беларусы выйшлі ў чэмпіёны па доўгажыхарстве. Найстарэйшая жыхарка Зямлі на сёньня жыве ў Пінску. Увогуле, доўгажыхароў у нас багата. Перапіс 1999 г. адзначыў 877 жанчынаў і 104 мужчынаў, старэйшых за 100 гадоў. Большая іх частка — 230 чалавек — жыла на Гарадзеншчыне. Зь дзьве траціны доўгажыхароў — вяскоўцы. Амаль усе яны — жанчыны. Што тут казаць, трывушчыя нашыя кабеты.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0