Лісты ў рэдакцыю

 

лісты ў рэдакцыю

Без імпэрыі лепей

Зь вялікай цікавасьцю чытаю газэту “Наша Ніва”. Мяне занепакоіла вестка пра радыёперадачу “Голас душы”. Я прыпамінаю свае дзіцячыя гады ў Заходняй Беларусі, якая ў той час была акупаваная палякамі. У вёсцы Гінюшы за 7 км ад Усялюбу па дарозе на Іўе (Наваградчына) жыло насельніцтва — палова каталікоў і палова праваслаўных, і ўсе яны згодна жылі і гаварылі паміж сабою толькі па-беларуску.

Адна розьніца была, што ў школе дзяцей вучылі па-польску. Адзін раз у месяц прыяжджаў з Усялюбу ксёндз, які, зразумела, гаварыў і вучыў каталіцкіх дзяцей рэлігіі па-польску, а для праваслаўных дзяцей, паміж якімі і я быў, прыяжджаў з гэтага самага Ўсялюбу праваслаўны сьвятар (былы царскі афіцэр), які гаварыў і вучыў рэлігіі толькі па-расейску. Гэта была такая палітыка польскіх уладаў тых часоў, каб падзяліць беларусаў паводле рэлігіі. Але ў краіне польскай беларусы былі меншасьцю, а цяпер у Беларусі беларусы ёсьць большасьцю, аднак гэтая самая палітыка праводзіцца ў другім напрамку, і гэта ёсьць трагедыяй беларускага народу. Сам я ад 55 гадоў жыву ў Англіі – дэмакратычнай краіне, дзе за гэты час бачыў шмат зьменаў, калі ангельская імпэрыя развалілася і засталася толькі Вялікая Брытанія. Яны ня вельмі ахвотна, апрача Індыі, здавалі свае ўладаньні за мяжой і фактычна змагаліся за іх з насельніцтвам тых краінаў. Нягледзячы на тое што цяпер няма імпэрыі, бальшыня людзей жыве шмат лепей і мае лепшую сацыяльную апеку. А тлумачыцца гэта тым, што на ўтрыманьне імпэрыі вымагаліся вялікія фінансы, якія Англія мусіла пакрыць. Палепшала таксама для такіх меншасьцяў Вялікай Брытаніі, як Валія і Шатляндыя, якія атрымалі большую незалежнасьць ад Лёндану і цяпер маюць свае парлямэнты. У Валіі ўсе школы на валійскай мове. Гэтаксама для другіх народных меншасьцяў, якія маюць права на свае школы, свае газэты, свае радыёперадачы і на гэтыя мэты атрымліваюць ад ураду фінансы. Дай Божа, каб так было і ў Беларусі.

М.Баяроўскі, Бромсграўв (Вялікая Брытанія)

Абрыдлі “віншаваньні”

Неўзабаве надыдзе 23 лютага. У гэты дзень, каб не псаваць сабе настрою, лепей самому не выходзіць з кватэры і не адчыняць дзьвярэй іншым. Бо “моцная” палова насельніцтва нашай краіны ў гэты дзень ледзьве трымаецца на нагах. Асабліва млосна і агідна робіцца на душы, калі падагрэтыя гарэлкай знаёмыя, суседзі, былыя калегі па вайсковай службе стараюцца шчыра павіншаваць зь няісным “сьвятам”. Ня скупяцца і на віншавальныя паштоўкі, думаючы, што робяць мне прыемную справу, а я гэтае “віншаваньне” ўспрымаю горш за абразу.

 

Бо дакладна вядома, і архівы сьведчаць пра тое, што 23 лютага 1918 г. ніякіх перамог ні над кім Чырвоная армія не атрымлівала. А калі б нават такое і было, дык гэта ня справа нашай беларускай дзяржавы. Напрыклад, Беларусь жа не сьвяткуе пермогі Ізраілю ў шасьцідзённай вайне з арабскімі краінамі.

Але архіўныя зьвесткі сьведчаць зусім пра іншыя падзеі. Дакладна вядома, што 23 лютага 1918 г. Ленін ухваліў рашэньне аб прыняцьці германскіх умоваў, паводле якіх землі, што ляжалі на захад ад мяжы Дзьвінск–Сьвянцяны–Ліда–Зэльва–Пружаны–Відамля, адыходзілі Нямеччыне. Сьвяткуем і віншуем адзін аднаго з тае радасьці, што два ваяўнічыя бакі – Расея й Нямеччына – гандлявалі беларускім народам як семкамі.

23 лютага 1928 г. у Заходняй Беларусі пачаўся суд над 56-ю дзеячамі БСРГ. Можа, мы гэта сьвяткуем, як тыя крумкачы на касьцях астрожнікаў? Ёсьць жа ў нашага народа сапраўдныя сьвяты, якія ўвайшлі ў кроў і гены беларусаў. Так, напрыклад, Днём беларускай вайсковай славы лічыцца 8 верасьня, дзень бітвы пад Воршай. І гэтая дата будзе сьвятая да таго часу, пакуль на зямлі будзе жыць хоць адзін беларус у адпаведным сэнсе гэтага слова.

І калі пачынаеш тлумачыць сваім гэтым шчырым “віншавальнікам”, што 23 лютага – ніякае ня сьвята, а зь вялікай літары Хлусьня, узьведзеная ў ранг дзяржаўнай важкасьці, яны на такое тлумачэньне лыпаюць асавелымі вачыма, махаюць рукамі, нібы тыя ветракі, мацюкаючыся, адыходзяць убок і там абдымаюцца з гэткімі самымі “віншавальнікамі”.

Мікола Жук, афіцэр у адстаўцы. Пружаны

Шаноўная спадарыня Сурвілла!

Дзякую Вам за адказ на мой ліст. За тое, што Вы не засталіся абыякавай да бяды, якая напаткала нашую сям’ю. Я веру, што праца, якая праводзіцца Вамі і сябрамі Рады БНР у ЗША і краінах Эўропы, праца з урадамі тых краінаў, у якіх жывуць беларусы, прынясе адчувальныя вынікі дзеля вырашэньня праблемы выкраданьня палітыкаў у Беларусі. Думаю, што Ваш аўтарытэт і ўплыў аб’яднаюць высілкі беларусаў усяго сьвету супраць гвалту і палітычнага тэрору на іхнай гістарычнай Радзіме. Спадзяюся, што нашыя супольныя намаганьні будуць садзейнічаць зьмене сытуацыі ў нашай краіне і прымусяць праваахоўныя органы Беларусі знайсьці й пакараць вінаватых у гэтых злачынствах.

З павагай і надзеяй на Вашую далейшую падтрымку,

Зінаіда Ганчар, Менск

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0