З УСІХ СТАРОН
Галяндзкая хвароба расейскай эканомікі
Паводле зьвестак Дзяржкамстату Расеі, тэмпы росту прамысловай вытворчасьці ў студзені 2002 г. у гэтай краіне запаволіліся. Праўда, у параўнаньні зь леташнім студзенем вытворчасьць павялічылася на 2,2%, але адносна сьнежня быў зафіксаваны спад аж на 7,5%.
Дарадчык Пуціна па эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў зьвярнуў увагу на тое, што тэмпы вытворчасьці зьнізіліся перш за ўсё ў апрацоўчай прамысловасьці, тады як у галінах, занятых здабычай сыравіны, яны працягваюць павялічвацца. Гэткая зьява, кажа Іларыёнаў, завецца “галяндзкай хваробай”. На яе пакутуюць краіны, арыентаваныя на сыравінны экспарт: умацаваньне ўласнай валюты за кошт нафтадаляраў робіць неканкурэнтаздольнай мясцовую вытворчасьць і стымулюе пакупку імпартных тавараў. У выніку гэта б’е па экспарцёрах нафты. Утвараецца замкнёнае кола, разарваць якое можна пры дапамозе рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, як гэта было ў Расеі ў жніўні 1998 г. Так можна атрымаць рост вытворчасьці безь ніякіх рэформаў у эканоміцы, таму гэты спосаб, пры ўсёй яго траўматычнасьці, вельмі спакусьлівы для ўладаў. На думку Іларыёнава, для выхаду з тупіку трэба зьмяніць парамэтры бюджэту так, каб забясьпечыць поўны бюджэтны прафіцыт памерам, ня меншым за 5% ВУП. Але не за кошт падвышэньня падаткаў, а выключна за кошт скарачэньня непрацэнтных расходаў фэдэральнага бюджэту.
Толькі ці захоча слухаць парады Іларыёнава Дзяржаўная Дума? Так, днямі дэпутат Яўген Ішчанка прапанаваў аднавіць 75-працэнтны ўзровень абавязковага продажу экспартнай выручкі на Маскоўскай міжбанкаўскай валютнай біржы, каб папоўніць зьбяднелы пасьля падзеньня цэнаў на нафту прыток даляраў у эканоміку — і тым самым ускладніць “галяндзкую хваробу”. Ішчанка лічыць, што гэта дазволіць выключыць паўтор валютнага крызысу 1998 г. Аднак крызыс такога роду, на жаль, закладзены ў цяперашняй структуры расейскай эканомікі. А дэвальвацыйны сцэнар для ўладаў выглядае больш прывабным.
С.П.
Што такое “галяндзкая хвароба”
“Галяндзкая хвароба” звычайна ўзьнікае пасьля рэзкага росту даходаў краіны ад экспарту прыродных рэсурсаў. Інвэстыцыі пачынаюць перацякаць з апрацоўчага сэктару эканомікі ў рэсурсаздабыўны сэктар і сэктар паслуг, паколькі ўкладаць грошы туды робіцца выгадней дзякуючы больш хуткай аддачы і вышэйшым прыбыткам. А рэзкае ўмацаваньне нацыянальнай валюты і падвышэньне кошту працы робіць айчынныя тавары неканкурэнтаздольнымі. Усё гэта выклікае заняпад таварнай вытворчасьці. Краіна апынаецца перад выбарам паміж інтэнсіўнай эксплюатацыяй сваіх прыродных рэсурсаў цяпер, а пасьля – вечным адставаньнем у разьвіцьці з аднаго боку і асьцярожным выкарыстаньнем гэтых запасаў, але адстутнасьцю значнага запаволеньня эканамічнага росту – з другога.
Пры чым тут Галяндыя? Рэч у тым, што гэтая краіна – уладальнік найбуйнейшага ў Эўропе газавага радовішча Гронінген і многіх іншых радовішчаў у Паўночным моры. У 1960-я, у час нямецкага эканамічнага цуду, Гронінген, разьмешчаны за 400 км ад Руру, выявіўся сапраўднай залатой жылай. Аднак хутка пачалі праяўляцца непрыемныя эфэкты выкарыстаньня прыродных багацьцяў – інфляцыя (выкліканая інфляцыяй выдаткаў), спад вытворчасьці на фоне эканамічнага росту, беспрацоўе.
Бунт эмігрантаў
У чацьвер вечарам загарэўся Ярлвуд Цэнтар у Бэдфардшыры — адзін з самых дарагіх і найлепш абсталяваных у Брытаніі “дэтэншэн цэнтраў” для ўцекачоў, дзе ўтрымліваюцца тыя, хто чакае дэпартацыі, альбо ўцекачы, якіх улады палічылі за крымінальнікаў.
Усё пачалося пасьля таго, як 55-гадовая жанчына выказала сваё незадавальненьне тым, што ёй ужо тры дні не даюць патрэбных лекаў. Зрабіла яна гэта, відаць, надта агрэсіўна, бо афіцэр палічыў за патрэбнае надзець на ўцякачку кайданкі. Тады да спрэчкі далучыліся яшчэ дзьве жанчыны. Потым на афіцэра напалі каля 30-ці ўцекачоў-мужчынаў. У якасьці зброі яны выкарыстоўвалі жалезныя ножкі ад табурэтаў. Бунтаўшчыкі замкнулі пэрсанал цэнтру ў адным з пакояў, пабілі ўсе відэакамэры й падпалілі ў трох месцах памяшканьні.
У цэнтры пачалася паніка. Уцекачы таўкліся каля галоўных варотаў, заміналі адзін аднаму выбягаць на вуліцу. На дзень трагедыі ў цэнтры знаходзіліся 384 уцекачы. Цяпер няма на месцы каля 25 чалавек. Яны, як лічыць паліцыя, зьбеглі і схаваліся ў Лёндане. Некаторыя, праўда, маглі загінуць ці згарэць. Дакладных зьвестак яшчэ няма.
Афіцэры паліцыі вымушаныя былі бегаць па найбліжэйшых вёсках і папярэджваць мясцовых жыхароў, каб зачыніліся і не выходзілі з дому. Жыхары былі надзвычай напалоханыя і ўражаныя, бо ім абяцалі, што з пабудовай цэнтру спакой у іхным раёне ня будзе парушаны.
Пажарныя каманды, выкліканыя ажно зь пяці найбліжэйшых графстваў, здолелі патушыць агонь толькі ўвечары ў пятніцу. Цэнтар выпалены больш чым напалову. Пабудаваны ён быў толькі тры месяцы таму і каштаваў дзяржаве каля 35 млн. фунтаў. Тут, акрамя жылых памяшканьняў, меўся добры мэдычны цэнтар, пакоі для малітваў розных канфэсіяў, тэлезаля зь відэагульнямі, спартовая заля.
Арганізатарамі злачынства, паводле папярэдніх зьвестак, былі альбанцы, касавары і альжырцы. Беларусы не пацярпелі.
Лілія Сазанавец, Брадфард
Звыклы беспарадак
Аргентына вачыма беларусаў-эмігрантаў
Аргентынскія падзеі сьнежня 2001 г. выйшлі на першы плян у навінах інфармацыйных агенцтваў усяго сьвету. Палітыкі розных дзяржаваў выказваюць думку, што эканамічны крах і палітычныя непарадкі ў “Рэспубліцы срэбра” мусяць стацца ўрокам для ўрадаў усіх краінаў. Але тое, што адбылося ў Аргентыне, нельга разглядаць па-за кантэкстам тамтэйшага жыцьцёвага ладу. У сувязі з гэтым вялікую цікавасьць для нас набываюць расповеды пра Аргентыну беларускіх эмігрантаў, якія пераехалі туды з Заходняй Беларусі ў міжваенныя часы. Яны апісвалі чужую краіну ў лістах да родных і ў Таварыства па сувязях з суайчыньнікамі за мяжой “Радзіма”.
Паводле іхных згадак, карэнныя аргентынцы – гэта смуглыя крэолы з антрацытавымі вачыма, якія пярэста апранаюцца і маюць манеру пераходзіць праежджую частку вуліцы дзе і калі заўгодна. Працавітасьць не зьяўляецца тыповай рысай аргентынскага характару. Працадаўцы з большай ахвотай наймалі беларусаў, бо яны добрасумленна выконвалі работу. А жыць па-аргентынску, у разуменьні эмігрантаў, значыла цешыцца сёньняшнім днём: што зарабіў – тое і прагуляў. (Але нецьвярозых на вуліцах Буэнас-Айрэсу амаль няма: бадзяцца “пад мухай” лічыцца вялікім сорамам.)
Сьцяпан Самасюк родам зь Берасьцейшчыны адзначаў: “Нашы людзі тут сябе ніколі не адчуваюць аргентынцамі, мы тут чужынцы, і да нас ставяцца, як да чужынцаў. Ці ты бедны, ці ты заможны – усё роўна “грынга”. Нашы мала жэняцца з тутэйшымі. А калі (беларуская) дзяўчына выйдзе замуж за аргентынца, то да яе мала пашаны ад мужа. Ён сваю жонку адсылае на працу, а сам сядзіць дома, ды яшчэ разьвядзецца, калі ўжо маюць шмат дзяцей, бо сам не жадае працаваць”. У традыцыйных жа аргентынскіх сем’ях працуе муж, а жанчына занята сям’ёй ды хатняй гаспадаркай. У гарадзкіх раёнах нават ствараюцца своеасаблівыя жаночыя кланы, дзе жанчыны разам бавяць вольны час: п’юць матэ (парагвайскую гарбату), наведваюць кіно і г.д.
Характэрнай рысай аргентынскай псыхалёгіі зьяўляецца жаданьне жыць у сталіцы краіны. Аднак у Буэнас-Айрэсе няма працы. Працоўныя вакансіі ёсьць на поўдні, дзе знаходзяцца радовішчы карысных выкапняў. Хоць там і вышэйшыя заробкі, сталіца ўсё адно вабіць аргентынцаў больш за “некультурныя” правінцыі.
Аргентына – краіна з традыцыйна моцнай цэнтральнай уладай, якая кантралюе і эканамічнае жыццё. І побач з такой уладай заўжды ішла татальная карупцыя, якая стала для жыхароў звыклай і нават натуральнай. Той самы Самасюк у сярэдзіне 60-х пісаў: “Краіна вялікая і багатая, для ўсіх хапае, і для зладзеяў таксама”.
Падчас эканамічных катаклізмаў грамадзяне Аргентыны лічаць нармальным пераходзіць на шлях пагромаў і злачыннасьці. У 1988 г. Антон Мішчук паведамляў: “У Аргентыне вялікія беспарадкі. Краіна зладзеяў і спэкулянтаў, дзе ганебная ўлада давяла людзей да голаду. Няма працы, дык у мэтро ўлазяць і рабуюць пасажыраў. А да мяне ноччу прыйшлі, дзьверы паламалі і ўсю лепшую вопратку забралі”.
Зьмены ў вышэйшых органах улады ў Аргентыне часта выклікае не абраньне новага прэзыдэнта, а дзяржаўны пераварот. Калі ў 1990-м беларускі мастак Міхал Моўчан, былы рээмігрант, прыляцеў у Буэнас-Айрэс, то ўбачыў на вуліцах танкі, на якія ніхто не зьвяртаў увагі. Жыцьцё сталіцы не парушалася ні на хвіліну, і толькі надвячоркам з тэленавінаў жыхары даведаліся пра няўдалы дзяржаўны пераварот, падчас якога загінулі больш за дзесяць чалавек.
Зь сярэдзіны 50-х інфляцыя стала для Аргентыны звыклай. Напрыклад, А.Бубен у лісьце да сябра ў 1971 г. паведаміў, што з-за інфляцыі грошы зьмяніліся на 100%, бо скасавалі два нулі. А ў пачатку 80-х Антон Мішчук прадаў дом, каб пераехаць у СССР. Але з-за канфлікту між Ангельшчынай і Аргентынай за Мальвінскія выспы ня здолеў выехаць адразу, і інфляцыя зьела грошы на білет.
Разам з тым, аргентынскія беларусы адзначаюць, што ў краіне заўсёды былі танныя прадукты харчаваньня, існуе бясплатная мэдыцына і адукацыя. Нашы суайчыньнікі, звыклыя жыць ва ўмовах пэрманэнтнага росту цэнаў, прыйшлі да высновы: хто жадае зарабіць на жыцьцё, той заўсёды знойдзе гэткую магчымасьць. Цяперашні ж крызыс здаецца ім не такім ужо і жудасным на фоне былых крывавых дыктатураў: ён цалкам адпавядае звыкламу жыцьцю ў Аргентыне.
Сяргей Шабельцаў