Бела-чырвоныя бардзюры

1992 год. 31 сьнежня. Холадна. Стаім на пляцы. Ад зялёных лейтэнантаў да апошняга мухамора-палкоўніка. Мерзьнем, пры размове саграваючы твар суседа сьвежым перагарам. Прымаем прысягу на вернасьць Беларусі. Прыстукваючы нага аб нагу, згадваю, як настройваўся з самай раніцы на гэтую ўрачыстасьць. Незалежнасьць Бацькаўшчыны для мяне не абы-што. На пляц пад гукі маршу, як ветразь, выплывае бел-чырвона-белы сьцяг.

— “Сала-мяса-сала”, — крыкнуў хахол-старлей недалёка ад мяне. Га-га-га. Потым нешта пра прасьціну пасьля першай шлюбнай ночы. Зноў — га-га-га. Азірнуўся вакол. Поўная абыякавасьць. Да шчымленьня ў сэрцы разумею: асноўная частка тых, хто стаіць побач, будзе прысягаць толькі кутам сваёй кватэры, якую ў пэрспэктыве можна будзе прадаць ці абмяняць, каб зьехаць на сваю сапраўдную радзіму…

На зьнявагі сьцягу змаўчаў. Не навучыўся яшчэ тады агрызацца. Сьвядомасьці не хапала. Ня ведаў і сам, адкуль узяліся тыя яскравыя колеры дзяржаўнай сымболікі…

Прысяга скончылася. Відаць, ужо тады вышэйшыя сілы штучна аддзялілі мяне ад пакалённага натоўпу: маё прозьвішча забыліся ўнесьці ў сьпісы. Свой подпіс пад прысягай я ставіў у цёплым штабным кабінэце, так і ня вымавіўшы слоў клятвы ў голас…

 

1993 год. Студзень. Дывізія, дзе прымаў прысягу, рэфармуецца. Трэба шукаць месца бліжэй да дому. Разам з таварышам па службе знаходзім тое, што шукалі. У аддзеле кадраў пасылаюць на размову да начальніка штабу палка. Першае пытаньне:

— Хто па нацыянальнасьці?

— Беларус.

— Добра, добра, — палкоўнік працягнуў мне потную руку.

На тое ж пытаньне мой “таварыш” бойка празьвінеў: “А як жа ж, таксама беларус”…

Праз пару тыдняў мы ўжо служылі ў “прыдворнай” дывізіі ў Менску. А праз колькі год, калі ўлада ў краіне і ў войску сталася антыбеларускай, я зрабіў для сябе сумнае адкрыцьцё. Мой былы таварыш па службе, які зь пенаю ля рота крычаў, што ён беларус, каб узялі на тое месца, бліжэй да бацькоў, потым з крывой ухмылкай распавядаў, што зь беларусамі ён і побач не стаяў і за асобную нацыю іх не ўспрымае. Цікава, што і той “сьвядомы” начальнік таксама выявіўся не туэйшага роду і потым прыкладаў вялікія намаганьні ў аплёўваньні годнасьці беларусаў.

 

1994 год. Піўны ларок. Стаім з камандзірам суседняга ўзводу. Мурзатыя, стомленыя, цэдзім піва з паўлітровых слоікаў. Аб сім-тым балакаем. Падплывае палкоўнік. На добрым падпітку, амбіцыі начальніка схаваныя ў чорнай скураной тэчцы пад пахай. Кашкет — кукардай над левым вокам. Шукае зносінаў з афіцэрскім маладняком.

— Пи-во пьем, лейтенанты? Как служба? Командиры взводов? Да! — зьнянацку. — Вот вы, кто по национальности?

— Беларус.

— Рускі.

— Вот то-то, — тыцнуў пальцам у грудзі суседа. — Тебе ротным не быть.

— А вот он, — сувора на мяне, — далеко пойдет.

— Ды што вы! Пры чым тут гэта?

Я в министерстве, б…, работаю. Все знаю. Теперь русским, б…, в армии — кирдык.

Злосна плюнуў пад ногі і пахістаўся ў бок сваёй, напэўна, утульнай кватэры ў паралелях ваеннага гарадка.

 

1995 год. Люты. Пераступіў КПП свайго новага месца службы. Прыемна падскочыў, аддаючы воінскае прывітаньне, дзяжурны за шклом. У марозным паветры жаўнерыкі дзяруць горла пра родны Менск… Прызначаны камандзірам мотастралковага ўзводу. Чакаю свайго новага камбата ў пакоі “адпачынку і інфармацыі” (былым ленінскім). Пад дзяржаўнай Пагоняй, аточанай стэндамі зь беларускамоўнымі тэкстамі, знаходжу самаробны альбом аб вайсковай славе беларусаў, пачынаючы са старажытнасьці. Прывабны, зроблены з павагай і любоўю. Нататкі з газэтаў і часопісаў. Гэта ж колькі “макулятуры” пералапаціў нампаліт…

 

Год 1995. Травень. Канцылярыя. Аб крайнюю белую палоску сьцяга, прыхіленага ў кутку, пасьля абеду, падмацаванага пляшкай гарэлкі, выцірае тлустыя ад сала пальцы ротны…

Шчодрымі ручаямі ліюцца са слоікаў, бляшанак і вёдраў чырвоная й зялёная фарбы. Нампаліт, які два гады таму так заўзята зьбіраў у альбом нататкі аб вайсковай славе беларусаў, зараз выкінуў гэты альбом на сьметнік. А праз паўгоду, калі яго падвысяць у званьні, будзе шныпарыць па канцылярыях палка з мэтай праверкі зьнішчэньня зьненавіднай сымболікі.

Сёньня толькі бардзюры, пафарбаваныя ў бела-чырвоныя колеры*, нагадваюць, што яшчэ ня ўсюды лягло пільнае вока нампалітаў-пярэваратняў.

А над гэтымі бардзюрамі і шыхтом жаўнерыкаў на пляцы, як пенаплястам па шкле, песьня: “Священные слова “Москва за нами” мы помним со времен Бородина”.

 

Вясна 2000 году. У войску велічэзная нястача кадраў. Пэўную частку вакансіяў запаўняюць “кантрактнікі”. Мала хто застаецца пасьля “тэрміновай”. У асноўным прыходзяць “уцекачы” ад цывільнай галечы. Звычайна болей за паўгоду трымаюцца адзінкі. Шэрагі “кантрактнікаў” нішчыць любоў да “зялёнага зьмея”…

Нейкімі невядомымі сьцяжынамі трапіў да нас у батальён прафэсійны мастак гадоў пад трыццаць. Малюнкаў яго ацаніць мне не пашчасьціла. Колькі месяцаў пратырчаў ён на палігоне, падмалёўваючы танчыкі на мэталёвых стэндах. Казалі, прыбіральню палігонную намаляваў вельмі падобна. Згубіла цяга да гарэлкі. Усе, хто зь ім гаманіў, асабліва за чаркай, потым са сьмехам дзяліліся ўражаньнямі. Падпіўшы, ён, нярэдка замазюкаўшыся званітаванай палігоннай ежай, пераходзіў на чысьцюткую беларускую мову, толькі з п’яным картавым акцэнтам. Ды ўсё кідаўся лёзунгамі. “Я прыйшоў, каб падняць духоўную моц у войску, прывіць любоў да роднае мовы, адрадзіць любоў да бацькаўшчыны”, — і гэтак далей. Напіваўся дазваньня, а ўсе вакол толькі рагаталі з “адраджэнца” і ягонай мовы…

Асабіста мы сутыкнуліся ўжо пры канцы ягонай няўдалай “адраджэнскай” місіі ў войску, калі я афармляў дакумэнты на ягонае звальненьне за п’янства. Сорамна і прыкра чамусьці было мне...

 

2000 год. Лета. Апошняя трэніроўка перад прыняцьцем прысягі. Удасканальваем выхады са строю, падыход да стала, дзе ляжыць папка з тэкстам прысягі, і гэтак далей. Калі раней, яшчэ за савецкім часам, тэкст прысягі забівалі ў галаву як мінімум на найбліжэйшыя два гады, зараз на гэта часу не хапае. Усё спрошчана. Падышоў, узяў папку, знайшоў знаёмыя літары (тэкст прысягі надрукаваны на дзьвюх мовах), прабубнеў, паставіў хоць крыжык насупраць прозьвішча — і ты ўжо сапраўдны жаўнер. Дык вось, на гэтай апошняй трэніроўцы адзін са строю пытаецца, на якой мове чытаць прысягу.

— Хто якой нацыі, на той мове і прысягае, — адказваю я.

На той час (паводле асабовых справаў) я дакладна ведаў, што сярод трох дзясяткаў хлопцаў усе, акрамя аднаго, — беларусы. А гэты адзін быў габрэй Абрамовіч. У ягонай асабовай справе нехта з ваенкаматчыкаў насупраць “адукацыі” вывеў тлустымі літарамі “еврей”. Ой, і цяжка ж яму прыйдзецца з такой “адукацыяй” у войску!

Наступны дзень. …Выходзілі па чарзе адзін да аднаго падобныя, перапужаныя жаўнерыкі з аўтамацікамі на грудзёх, бубняць добра калі палову расейскамоўнага тэксту і задаволеныя вяртаюцца ў строй. Сярод аднастайных дакладаў, камандаў і гоману бацькоў маладых жаўнераў я пачуў: “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусі…”

Адзіным жаўнерам, які ўголас прачытаў тэкст прысягі па-беларуску, быў шараговы Абрамовіч, той самы “вучоны” габрэй…

Віталь Чырвінскі, Менск

 

* У вайсковых гарадках бардзюры фарбуюць у бела-чырвоныя колеры – для абазначэньня тэрыторыі, а можа, каб неяк розьніцца ад “цывільных” бардзюраў.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0