Паштовая скрынка

Алесю Л. з Івацэвічаў. Вы пішаце пра спэктакль, але не пазначаеце, калі ён будзе і дзе. Бяз гэтага навіна губляе сэнс.

Дзёндзічу зь Менску. “Крык” для газэты замарудны. Многа ў ім аўтарскіх недагаворак, прапушчаныя рэчы, неабходныя для разуменьня твору. Гэта абясцэньвае цікавыя эпізоды.

Дзянісу С. з Магілёва. Дзякуй за рашучасьць і падтрымку.

Аляксандру І. зь Берасьця, Міхасю М. з Баранавічаў. Спрэчкі пра тое, ці пісаў Паўлюк Багрым вершы і ці быў такі чалавек наагул, трываюць ужо доўгі час. Сваім артыкулам вы, на жаль, ня здолелі да іх нічога новага дадаць. Сьцьвярджаючы, што сапраўдны аўтар верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” — Уладзіслаў Сыракомля, вы не падаяце ніякіх дакумэнтальных доказаў.

Яўгену Б. зь Менску. Задужа ў Вашым матэрыяле экспрэсіі. Часам дзеля слоўнае прыгажосьці перакручваеце факты. Ня варта пераносіць сёньняшнія геапалітычныя рэаліі на мінулае: пра якую Расею ці Беларусь магла ісьці гаворка ў часы Аляксандра Неўскага? А, напрыклад, расейска-татарскія адносіны ў інтэрпрэтацыі Гумілёва вельмі ўскосна тычацца абранай Вамі тэмы. А каб разважаць пра Беларусь, беларусаў, нацыянальныя міты й нацыянальны характар, недастаткова прачытаць кніжку Абдзіраловіча й артыкулы Чобата ў “НН”. Пачытайце яшчэ хоць бы кнігі Сяргея Дубаўца і працы Андрэя Екадумава ў “ARCHE”.

Андрэю В. з Горадні. У матэрыяле пра Вацлава Пануцэвіча няма асабістага падыходу. Біяграфія выкладзеная выдатна, але незразумела, чаму яе павінны ведаць усе.

Паўлу С. з Магілёва. Апытаньне пра гімн ня будзе мець ніякае карысьці, бо адборам варыянтаў займаецца ўрадавая камісія, а ня нашая рэдакцыя. Што да тэлепраграмы, дык яна падаецца ў слупок таму, што інакш не пасьпявалі б яе вярстаць. Рабіць яе так, як Вы прапануеце, мы ня ў сілах: рэдакцыя малая і мы не пасьпявалі б друкаваць газэту ў тэрмін.

Чытачу з imaph.bas-net.by. Цэнзуры бясплатных прыватных абвестак ня робім, апроч выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам: такое рашэньне рэдакцыі.

Віктару А. зь Менску. Плацячы 352 рублі за нумар (такая цана абумоўленая сабекоштам), Вы чытаеце незалежную газэту. Газэта магла б патаньнець толькі цаной зьмяншэньня гэтае незалежнасьці. Той, хто фундаваў бы розьніцу між сабекоштам і цаной, непазьбежна абмяжоўваў бы і свабоду газэты.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0