Лісты ў рэдакцыю

 

Адважная і высакаякасная гульня

Мае віншаваньні супрацоўнікам “НН” і ўсім заўзятарам-беларусам зь перамогай нашых хлопцаў над швэдамі 4:3. Гэта важна перадусім для нас, беларусаў, а не для правадыра. Можам, калі захочам, абыграць адну з найлепшых камандаў у сьвеце.

Інтарэс да Беларусі ў Швэцыі за адзін вечар узрос на 1000%. Нехта пачаў з мапы, шукаючы, дзе такая краіна, нехта сеў за Інтэрнэт. Атрымаў колькі званкоў за вечар ад сяброў-швэдаў, якім я напярэдадні гульні казаў: “Вы, лютэране, ня верыце ў цуд, а мы – верым”.

Сёньня на ўсіх станцыях мэтро Стакгольму – кароткі надпіс вялікімі літарамі: “Fiasko Tre Kronor i matchen mot Vitryssland” (“Фіяска швэдзкай каманды ў матчы супраць Беларусі”) альбо “Vitryssland vann över Sverige” (“Беларусь абыграла Швэцыю”). Па ўсіх кутках Стакгольму відаць слова “Беларусь” – лепшае рэклямы няма.

Трэба аддаць належнае далікатнасьці швэдаў: усе камэнтары кажуць пра адважную і высокаякасную гульню Беларусі. Мяне павіншавалі ўсе (!) швэдзкія сябры, шмат тэлефанавалі ўчора адразу пасьля матчу.

Усё можна зрабіць, і краіну адбудаваць, трэба толькі даць веры, што гэта наша краіна і іншае няма.

A.К., Упсала (Швэцыя)

 

Перамаглі гуляючы

У гульні са швэдамі беларусам не было чаго губляць. І яны, раскутыя адсутнасьцю адказнасьці, паказалі свае сапраўдныя здольнасьці. Маглі і гол прыгожы забіць, і абводку чатырох швэдаў адным гульцом-майcтрам дрыблінгу паказаць, і шайбу пулялі ў швэдзкую браму амаль зь сярэдзіны поля. І хай сабе адзін з замежных камэнтатараў назваў наш чацьверты гол выпадковым: маўляў, шайба ляцела завысока і варта было галкіпэру швэдаў прыгнуцца… Трэці швэдзкі гол таксама быў забіты ў выніку памылкі Панкова… Гэта спорт, і прайграе той, хто памыляецца. Затое адзін чэскі камэнтатар сказаў, што беларускія хлопцы, маючы праблемы са складам каманды, гулялі на мяжы самаахвярнасьці. Іншы чэскі камэнтатар заўважыў, што на лаве запасных беларускай зборнай хакеісты ўвесь час бесклапотна сьмяяліся. Нашыя хлопцы пачалі верыць у сябе ўжо на лёдзе, сьмяяліся ня толькі на лаве запасных, але й пасьля галоў і перамаглі швэдаў, як кажуць, гуляючы.

Шмат дзесяцігодзьдзяў ніхто ня мог пахіснуць аўтарытэт і пазыцыі шасьці сусьветных грандаў хакею – ЗША, Канады, Расеі, Фінляндыі, Чэхіі і Швэцыі. Падчас усіх хакейных чэмпіянатаў сьвету і Алімпійскіх гульняў яны разыгрывалі між сабой паўфіналы і мэдалі. З 1954 г. толькі Швайцарыя двойчы займала чацьвертае месца на чэмпіянатах сьвету (1992 і 1998), а на Алімпійскіх гульнях з 1952 г. толькі каманда Заходняй Нямеччыны заняла аднойчы трэцяе месца (1976). Больш нікому не ўдавалася трапіць у паўфінал чэмпіянату сьвету ці Алімпійскіх гульняў. Беларусы зрабілі гэта! Цяжка назваць за апошнія гады нешта больш значнае для самасьцьвярджэньня ў сьвеце старой-новай краіны, зьняверанай палітыкамі і Чарнобылем.

Беларускія хлопцы на лёдзе ў Солт-Лэйк-Сыты бяз боек і гістэрык зрабілі для Беларусі і беларусаў больш, чым некалькі алімпійскіх мэдалёў у іншых відах спорту, больш, чым робяць зараз беларускія палітыкі і вайскоўцы. Яны вярнулі Беларусі і беларусам каліва надзеі на посьпех і ўпэўненасьці ў сваіх сілах.

Мы – у чацьверцы самых моцных.

Дзякуй!

Сяргей Абламейка, Прага

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0