Дзякуй Івану Шамякіну

У 1968—70 г. пасьля сканчэньня Менскай мастацкай вучэльні я працаваў на віна-гарэлачным заводзе “Крышталь” мастаком-аздабленцам — упрыгожваў да сьвятаў клюб, маляваў сьвяточныя пано, плякаты, рабіў розныя надпісы. Усю гэту візуальную інфармацыю я выконваў па-беларуску. Мяне ўгаворвалі, разьбіралі на плянёрках у дырэктара, мне пагражалі, парторг Латушка вёў са мной выхаваўчую працу. Але я непахісна рабіў сваю работу на беларускай мове. І гэтак цягнулася да 1 кастрычніка 1970 г., калі я пайшоў на заняткі ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

 

Сёньня я хачу распавесьці пра падзеі, якія разгарнуліся на летніх вакацыях пасьля першага курсу. Гэтыя падзеі зьвязаныя з папярэднімі, зьяўляюцца лягічным іх працягам. На час паступленьня ў БДТМІ у мяне ўжо была сям’я. І ў красавіку 1969 г. у нас нарадзілася дачушка. Сям’ю трэба было ўтрымліваць, і я працаваў ажно ў некалькіх месцах. Апрача працы на “Крышталі”, аздабляў кавярні, рэстаран “Менск” і інш.

У летнія вакацыі 1971 г. я знайшоў сабе чарговую працу: трэ было аздобіць партыйны кабінэт у Астрашыцкім Гарадку. У кампаньёны я ўзяў свайго прыяцеля — студэнта 3 курсу аддзяленьня “Інтэр’ер” Алеся Ступня з Горадні. Парторг нам выдаў працу — даволі вялікі аб’ём пустапарожняй афармілаўкі. Тут, вядома, былі і Ленін, і Маркс, і Гагарын… Але мы ўсё гэта перавярнулі на свой капыл. Тэматыку зьбеларушчылі наколькі маглі. У выніку клясыкі марксізму-ленінізму загаварылі па-беларуску, Гагарын быў прывязаны да творчай біяграфіі Янкі Купалы, дый самі Янка Купала зь Якубам Коласам зьявіліся... Мы працавалі больш за месяц. Заказчыкі асабліва не цікавіліся ходам справаў, але пры самым завяршэньні працы зьявіліся парторг і дырэктар саўгасу. Яны паводзілі сябе па-рознаму. Дырэктар, расеец, разумеючы далікатнасьць сытуацыі, маўчаў. Парторг жа — “тожа беларус” — ішоў у наступ: “Пачаму?! Хто вам разрашыл?! Мы здесь столька сіл патрацілі, штобы пасьледнюю беларускую школу закрыць! А вы нам тут што зьдзелалі?! Всё немедленна перапісаць! Пока не перапішэце на рускій язык — не палучыце аплату!” Так і ў пагадненьне ўпісалі: “Все тексты произвести на русском языке”

Вядома, перапісваць мы нічога не зьбіраліся і, скончыўшы ўсю працу, на наступны дзень зьехалі кожны да сваіх бацькоў: я — у Воршу, а Алесь — у Горадню.

Пра ўсё гэта я напісаў Ўладзімеру Караткевічу, зь якім напярэдадні пазнаёміўся. Ад Караткевіча хутка прыйшоў адказ. Пісьменьнік раіў мне зьвярнуцца са скаргай да Старшыні Вярхоўнага Савету БССР Івана Шамякіна, напісаць яму пра гэты канфлікт. Я так і зрабіў.

І во дзіва! Празь нейкі час мне звоніць з Астрашыцкага Гарадка гэты самы парторг і кажа: “Можаце прыехаць і палучыць свае дзеньгі ў касе…”

Калі мы атрымалі свой законны заробак, парторг, не хаваючы злосьці, якая падвойвалася ад відавочнай паразы, кінуў нам: “Долга эта не павісіт, мы скора ўсё гэта выкінем, как толька прыдзёт урэмя…” Яны дзеля зьнішчэньня беларушчыны не спыніліся б нават перад тым, каб выкінуць сваіх Маркса і Леніна… Спыніць іх магла сапраўдная беларуская ўлада, якая ў асобе Івана Шамякіна і паўстала на іхным шляху.

Гэты выпадак сьведчыць, як важна ня здрадзіць, не збаяцца, не саступіць гвалту. Гэта была невялікая, але такая неабходная нам перамога. Неістотна, што вялося пра кабінэт палітасьветы, важна, што быў дадзены прыклад абароны і ўкараненьня роднай мовы.

У маім жыцьці і раней, і пазьней былі і клясы, і кабінэты, і школы, і кавярні, і заводы; былі і паразы, і перамогі. Але ніколі і нідзе не было выказана такога шалёнага супраціву беларушчыне, як тут. І беларуская ўлада паўстала ў абарону беларускай мовы. Я ня ведаю, што гаварыў гэтаму парторгу Іван Шамякін і ці ён зь ім гаварыў увогуле. Але зразумела, што сутнасьць пазыцыі была даведзена адназначна, бо і парторг, і дырэктар саўгасу вымушаныя былі разысьціся з намі па-добраму.

Пасьля гэты факт сьцёрся ў маёй памяці, і пры сустрэчы з Іванам Шамякіным я ня згадваў пра гэта… Але надышоў час зьбіраньня камянёў, і я лічу неабходным праз 30 гадоў выказаць яму шчырую падзяку за рэальную падтрымку беларускай мовы ў моры беззаконьня; сказаць дзякуй за такі неабходны крок, які мы ўсе разам зрабілі тады, на прадвесьні Новага Адраджэньня Беларусі.

Мікола Купава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0