Матэрыялы раскопак ва ўрочышчах Тры Слупы і Баркі на паўднёвай ускраіне Гомеля будзе вывучаць спецыяльная дзяржаўная камісія пры Гомельскім райвыканкаме. Пра гэта паведаміў 18 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Віктар Шумскі.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ён зазначыў, што згодна з загадам міністра абароны ад 9 красавіка 1997 года аб парадку правядзення палявых пошукавых работ усе астанкі і спадарожныя знаходкі перадаюцца мясцоваму распарадчаму і выканаўчаму органу. «Цяпер, — паведаміў В.Шумскі, — астанкі 66 загінулых разам з гільзамі і некалькімі гузікамі, знойдзенымі ваеннаслужачымі 52‑га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ўпраўлення, перададзены ў Прыбыткоўскі сельскі савет Гомельскага раёна».

Паводле слоў начальніка ўпраўлення, экспертнае заключэнне рыхтуюць не спецыялісты Мінабароны, а спецыяльная камісія пры Гомельскім райвыканкаме, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі пракуратуры, органаў унутраных спраў і музейных устаноў. «Акрамя таго, да працы камісіі могуць прыцягвацца спецыялісты розных, у тым ліку і экспертных, устаноў», — сказаў В.Шумскі.

Высновы па матэрыялах раскопак на паўднёвай ускраіне Гомеля зробяць адпаведныя экспертныя арганізацыі. «Што ж да нашых уражанняў, дык агучваць іх я не буду», — падкрэсліў начальнік упраўлення Мінабароны.

Трэба зазначыць, што прадстаўнікі грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінізму дабіваюцца прыёму ў старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона па пытанні ідэнтыфікацыі матэрыялаў раскопак ва ўрочышчах Тры Слупы і Баркі, з прычыны таго што існуе версія аб масавых расстрэлах у гэтым месцы супрацоўнікамі НКУС ахвяр сталінізму, у тым ліку жыхароў Украіны.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0