Чадовіч супраць Чахоўскага

Вось новая тэма для тваёй рубрыкі “Грамадзкі клопат”, шаноўная “Наша Ніва”.

 

ТАА “Стары Менск”, якое ўжо расправілася з большай часткай архітэктурных помнікаў Верхняга гораду, вясну распачало чарговым подзьвігам. Будынак колішняга бэрнардынскага касьцёлу да 40-х апярэзвалі паўколам гандлёвыя рады, гэтак званыя “віленчукі”. Ад іх асноўнае часткі на сёньня захаваліся падмуркі XVII–XVIII ст. Яны неаднаразова раскопваліся й дасьледаваліся археолягамі. Была створаная канцэпцыя аднаўленьня “віленчукоў”, як і цэлага комплексу Верхняга гораду. Адбывалася тое на пачатку 90-х. Файная была канцэпцыя. У адноўленых камяніцах меліся разьмясьціцца крамкі, кавярні, музэі.

Цяпер падмуркі крышацца адбойным малатком і выбіраюцца каўшом экскаватара. Па раскопе поўзае бульдозэр, завіхаюцца будаўнікі з ламамі й рыдлёўкамі. Паводле пляну будаўнікоў, арыгінальныя падмуркі, апрача аднаго невялічкага фрагмэнту, мусяць быць зьнішчаныя. Маўляў, старая цэгла спарахнела. Выбіраецца ўсё чыста. Паўстае натуральнае пытаньне: якім чынам будуць адпавядаць хаця б памеры ды прапорцыі новых падмуркаў арыгінальным памерам, калі ад старых абрысаў не застаецца нічагусенькі? На месцы ўтворанае яміны, якую зальюць бэтонам, паўстане муляж, у якім ня будзе анічога арыгінальнага. Галоўным архітэктарам Менску Чадовічам раскручваецца праект, паводле якога ад дому па вул.Герцэна застанецца адно галоўны фасад, за якім мае ўзьняцца “сучасны” шматпавярховы гмах. На Нямізе неўзабаве распачнецца будаўніцтва паркінгу, які накрые сабою падмуркі старых камяніцаў ды Халоднае сынагогі, што былі спляжаныя раней. З будынку былога кляштару бэрнардынаў неўзабаве мае выехаць вайсковая камэндатура-пракуратура. Што будзе з будынкам, і без таго даведзеным вайскоўцамі да поўнага заняпаду, страшна падумаць. У найлепшым выпадку застануцца фрагмэнты муроў.

Губляем апошняе, а ўзнаўляць некалі давядзецца з нуля.

Яраш Малішэўскі, Менск

Камэнтар гісторыка Ўладзімера Дзянісава, дасьледчыка гісторыі Менску

Гандлёвыя рады ў Верхнім горадзе былі пабудаваныя ў пачатку XIX ст. у стылі клясыцызму паводле праекту менскага губэрнскага архітэктара Міхаіла Чахоўскага. Пры гэтым была выкарыстаная традыцыйная тэхналёгія работ, засвоеная майстрамі будаўнічага цэху ў XVII ст. Былі пабудаваныя падземныя памяшканьні, так званыя мураваныя скляпеньні. Гандлёвыя рады, што належалі кляштару бэрнардынцаў, вельмі ўдала дапоўнілі архітэктурны барочны ансамбль кляштару XVII—XVIII ст. Пазьней яны займелі назву “віленчукі”, бо арандаваліся віленскімі купцамі. У сярэдзіне ХІХ ст. гандлёвыя рады былі рэканструяваныя паводле праекту архітэктара Казіміра Крышчановіча.

Яны яшчэ каштоўныя тым, што за імі знаходзяцца бэрнардынскія могілкі, дзе хавалі фундатараў і манахаў XVII—XVIII ст. З дазволу тагачасных уладаў могілкі выйшлі за межы кляштару, і пад іх нават была аддадзеная частка гарадзкой зямлі.

Падчас нямецкай акупацыі помнік быў пашкоджаны — згарэлі дахі. Пасьля гэтага і пачалося руйнаваньне радоў. А ў 80-х з дасьледаваньня гандлёвых радоў пачалося дасьледаваньне Верхняга гораду. Частка гандлёвых радоў тады была музэяфікаваная. Нават усе партыйныя кіраўнікі Менску наведвалі комплекс, спускаліся ў скляпеньні. У канцы 80-х узьнік праект аднаўленьня. Але, калі пабудовы Верхняга гораду перадалі акцыянэрнаму таварыству “Стары Менск”, стаўленьне да спадчыны кардынальна зьмянілася.

У другой палове 90-х узьнік праект аднаўленьня гандлёвых радоў па праекце Вераб’ёва, які прадугледжваў зьнішчэньне аўтэнтычных канструкцый. Грамадзкасьць абурылася, пайшлі лісты ў Міністэрства культуры, гарвыканкам, камітэт па ахове помнікаў. З Інстытуту гісторыі Акадэміі навук прыйшло экспэртнае заключэньне, паводле якога прадугледвалася закансэрваваць рады, захаваць скляпеньні і паціху распачаць рэканструкцыю. Таксама прадугледжвалася захаваць старажытныя могілкі, правесьці эксгумацыю і ўрачыста перапахаваць нябожчыкаў з удзелам сьвятароў.

На жаль, патрабаваньні Інстытуту гісторыі былі праігнараваныя. Цяпер будаўнічыя работы цалкам зьнішчаюць помнік археалёгіі й архітэктуры. Зьнішчаюцца ўнікальныя могілкі, а косткі выкідаюцца на сьметнік.

У 1988 г. гэты аб’ект набыў статус помніку архітэктуры і археалёгіі рэспубліканскага значэньня. Верхні горад быў унесены ў сьпіс помнікаў архітэктуры пад нумарам 1, як помнік міжнароднага значэньня. Але “Стары Менск” цалкам зьнішчае горад. А работамі асабіста кіруе яго былы дырэктар Мікалай Вадап’янаў.

Той муляж, які плянуюць пабудаваць, ужо ня будзе помнікам архітэктуры й археалёгіі і страціць каштоўнасьць.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0