З УСІХ СТАРОН

 

шпіёнскі скандал у Сэрбіі

Каштуніца даў амэрыканцам па руках

Група супрацоўнікаў сэрбскай вайсковай контравыведкі ў мінулы чацьвер увечары арыштавала ў рэстарацыі пад Бялградам адстаўнога генэрала, віцэ-прэм’ера краіны Мамчылу Пэрышыча й першага сакратара пасольства ЗША ў Бялградзе Джона Дэйвіда Нэйбара. Амэрыканца праз 15 гадзінаў адпусьцілі, а генэрал сядзеў да суботы. Абодвух абвінавацілі ў шпіянажы.

Што ж перадаваў Нэйбару адстаўны генэрал, паядаючы катлету па-мілянску? Галоўная вэрсія — таемныя пратаколы паседжаньняў Генштабу з часоў Мілошавіча, якія могуць ускладніць становішча экс-прэзыдэнта на працэсе ў Гаазе. Бялградзкія ж “Вячэрнье новасьці” пішуць, што Пэрышыч прынёс Нэйбару таксама сакрэтны сьпіс тэлефонаў найвышэйшых чыноўнікаў краіны. Пэрышыч жа адмаўляе факт перадачы Нэйбару якіх-кольвек дакумэнтаў, і амэрыканскі дыплямат сьцьвярджае, што нічога не атрымліваў — дакумэнты яму падклалі, калі падчас арышту адабралі партфэль.

Акцыяй затрыманьня кіраваў дарадца прэзыдэнта Каштуніцы па вайсковых пытаньнях генэрал Булатавіч. Пра затрыманьне ня ведаў нават начальнік Генштабу, а прэм’ер-міністар Джынджыч даведаўся пра яго з радыёперадачы.

Сачыць за Пэрышычам пачалі мінулым летам, калі вайсковая служба бясьпекі заўважыла ў некаторых матэрыялах сэрбскіх СМІ асобныя сынтаксычныя канструкцыі, што дакладна паўтаралі тыя, якія гучалі на паседжаньнях Генэральнага штабу. Пад назіраньне трапілі ўсе ўдзельнікі паседжаньняў, і ўрэшце высьветлілася, што вінаваты старшы лейтэнант Міядраг Сэкуліч, адказны за аўдыёзапіс. Выявілася, што асобныя сакрэтныя дакумэнты праз Сэкуліча трапляюць да Пэрышыча. Клубок пачаў разблытвацца… Югаслаўская вайсковая служба бясьпекі заяўляе, што валодае “сотнямі хвілінаў аўдыё- і відэазапісаў” сустрэчаў былога генэрала з амэрыканскім дыпляматам, якія пацьвярджаюць віну генэрала.

Сэрбскі прэм’ер Джынджыч расцаніў затрыманьне як скандал “міжнароднага маштабу”, а Каштуніца лічыць дзеяньні службы бясьпекі правамоцнымі. Праўрадавая прэса кпіць з вайсковай контравыведкі: маўляў, няўжо ейныя супрацоўнікі дагэтуль вераць, што шпіёны прадаюць дзяржаўныя таямніцы ў правінцыйных рэстаранах, у той час як амэрыканцы маюць неабмежаваныя магчымасьці электроннага праслухоўваньня. А што да падазроных тэмаў, якія абмяркоўвалі абвінавачаныя, дык і на гэта ў прыхільнікаў Джынджыча ёсьць адказ. Аглядальнік “Палітыкі” зьедліва заўважыў, што наступнымі варта было б арыштаваць міністра замежных справаў і пасла ЗША, бо яны заўсёды абмяркоўваюць “далікатныя тэмы”.

Затрыманьне Пэрышыча сталася чарговым этапам процістаяньня паміж Каштуніцам і Джынджычам. Пэрышыч лічыцца даверанай асобай прэм’ер-міністра. Генэрал мае рэальны ўплыў на вайскоўцаў, якім ня могуць пахваліцца прэзыдэнт з прэм’ерам. Ён здабыў сабе папулярнасьць у час войнаў у Харватыі і Босьніі (харвацкі суд нават засудзіў яго да 20 гадоў зьняволеньня). Да лістапада 1998 г. Пэрышыч быў начальнікам югаслаўскага Генштабу, пакуль Мілошавіч ня выправіў яго ў адстаўку за крытыку палітыкі бялградзкага ўраду ў Косаве. Генэрал перайшоў у адкрытую апазыцыю, стварыў сваю партыю, быў дарадцам празаходняга ўраду Чарнагорыі ў пытаньнях бясьпекі, а ў студзені стаў віцэ-прэм’ерам Сэрбіі па пытаньнях бясьпекі і абароны.

Скандал вакол генэрала кампрамэтуе ўвесь сэрбскі ўрад. Пасьля арышту Пэрышыча прыхільнікі Каштуніцы ў чарговы раз запатрабавалі ад Джынджыча пайсьці ў адстаўку. Джынджыч адмовіўся, але пасьля скандалу з Пэрышычам ягоны ўплыў наўрад ці адновіцца.

Каштуніца не збаяўся даць па руках амэрыканцам, дзякуючы дапамозе якіх яму ўдалося прыйсьці да ўлады ў 2000 г. Гэта можа быць непрыемна Вашынгтону, але, несумненна, толькі такога Каштуніцу — нацыяналіста — маглі падтрымаць на выбарах сэрбы і толькі такі чалавек мог скінуць цынічную дыктатуру Мілошавіча. Дэмакратычным сілам Сэрбіі прыходзіцца прымірыцца з рэчаіснасьцю: Сэрбія ня стала за адзін год часткай заходняга сьвету. У ёй распаўсюджаныя антыамэрыканскія настроі, а сапраўды саюзьніцкія адносіны з Амэрыкай стануць магчымыя толькі ў выпадку, калі адбудзецца пералом у сьвядомасьці “сярэдняга сэрба”, на якога і арыентуецца сёньня Каштуніца.

Язапат Змысла

 


Швэды ідуць

22 сакавіка ў Менску адчыняецца Швэдзкі адукацыйны цэнтар.

 

Удзельнікі праекту — Швэдзкі інстытут, які займаецца падтрымкай скандынаўскае культуры ў сьвеце, унівэрсытэт “Sodertorns Hogskola” і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Мэта — навучаньне студэнтаў швэдзкай мове, вывучэньне гісторыі Швэцыі, ейнай эканомікі й палітыкі й г.д. Праект разьлічаны на 2 гады. На яго падрыхтоўку спатрэбіўся цэлы год. Адукацыйны цэнтар — спроба швэдзкага бізнэсу прамацаць становішча ў Беларусі перад інвэставаньнем грошай у беларускую эканоміку. Год таму Беларусь была ўлучаная Швэдзкім інстытутам у лік краінаў Балтыйскага рэгіёну. Дабіцца гэтага “беларускаму лобі” ў Швэцыі было нялёгка. Моцна супраціўлялася “літоўскае лобі”. Затое зараз усе праграмы Швэдзкага інстытуту па Беларусі будуць працаваць на тых самых умовах, што ў Эстоніі, Літве, Латвіі й Санкт-Пецярбургу: студэнты змогуць вучыцца ў Швэцыі, навукоўцы — праводзіць дасьледаваньні, культурныя дзеячы — распрацоўваць праекты за кошт Швэдзкага інстытуту. Пра ўмовы можна даведацца на сайце www.si.se.

Аркадзь Шанскі

 


Уцечка мазгоў трывае

Расея страціла за апошнія гады каля 200 тысяч навукоўцаў, якія пакінулі краіну, і сёньня так званая ўцечка мазгоў працягваецца. На ўтрыманьне ж спэцыялістаў, што засталіся, Расея траціць у восем разоў менш, чым ЗША, і ў тры разы менш, чым Мэксыка. Сярэдні век расейскіх вучоных — 56 год, тады як сярэднестатыстычнаму замежнаму спэцыялісту ня больш за 45. Гэтыя зьвесткі прыводзяцца ў матэрыялах рабочай групы прэзыдыюму Дзяржрады Расеі.

Ізраіль узбройваецца

За апошнія тыдні ізраільскі ўрад выдаў цывільным грамадзянам 60 тысячаў новых дазволаў на валоданьне зброяй. Усяго ў краіне жыве каля 6 мільёнаў чалавек.

Дапамога Фідэлю

На гэтым тыдні Беларусь перадала кубінскім прадстаўнікам 15 тыс. даляраў. Грошы пойдуць на ліквідацыю наступстваў урагану, што абрынуўся на Кубу летась у лістападзе.

Украінцы ад беларусаў далёкія

Украінскае інтэрнэт-выданьне www.podrobnosti.com.ua зладзіла апытаньне грамадзкай думкі на тэму “Які народ самы блізкі ўкраінцам?”. Адказалі 446 чалавек. За расейцаў аддалі галасы 40%. За палякаў 22,%, за зьніклых старажытных атлянтаў 13%. Беларусы атрымалі 8%.

Мапу з чарапоў дэмантавалі

У Камбоджы разабралі адзін з галоўных сымбаляў генацыду, учыненага “чырвонымі кхмэрамі”, — складзеную зь людзкіх чарапоў мапу Камбоджы, што была выстаўленая ў астрозе Туол Слэнг. Яна мела плошчу 12 кв.м. і складалася з 300 чарапоў, змацаваных калючым дротам. Наведнікі крытыкавалі гэты экспанат Музэю генацыду. Замест вусьцішнага твору-помніка на сьцяну павесілі звычайную мапу з пазначанымі на ёй месцамі злачынстваў рэжыму. За 1975—79 г. “чырвоныя кхмэры” зьнішчылі ў Камбоджы 1,7 млн. людзей.

Пякельная рака Ганг

Індускія рэлігійныя лідэры заклікалі вернікаў не рабіць рытуальных абмываньняў у Гангу. Гэткае абмываньне індусы спрадвечна лічылі сродкам духоўнага ачышчэньня, але сьвятая рака так забрудзілася, што лезьці ў яе раўназначна самагубству. У Ганг штодня скідаюць сотні тонаў прамысловых адкідаў, а па ягонай плыні пасьля рытуальных крэмацыяў вандруе мноства абгарэлых трупаў. Урад ажыцьцяўляе праграму ачышчэньня ракі, але пакуль што марна. Таму на яго сыплецца крытыка рэлігійных колаў, якія вымушаныя прапаноўваць вернікам пазьбягаць абмывацца ў Гангу: “Наўрад ці мы трапім на неба, калі спачатку будзем акунацца ў пекла”.

Сяргей Рак

Імя ў пашпарце

Рыхтуецца пагадненьне між Польшчай і Літвой, якое замацуе напісаньне імёнаў і прозьвішчаў прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Літоўская меншасьць у Польшчы будзе мець у сваіх дакумэнтах запісы па-літоўску, а польская ў Літве — па польску. Абмежаваньні ды праблемы вынікаюць у асноўным з-за браку адпаведнай падтрымкі ў кампутарных праграмах. Да канца 2002 г. краіны павінны падпісаць тэхнічны пратакол, які акрэсьліць, як і калі будуць выкананыя адпаведныя тэхнічныя працэдуры.

Ян Мацур

 

навіны зь Вільні

Мэдыцына: хабар і забастоўкі

На мінулым тыдні Літоўскі саюз дактароў зладзіў папераджальную забастоўку працягласьцю дзьве гадзіны. Мэдыкі пратэстуюць супраць зьмяншэньня дзяржаўных асыгнаваньняў на сыстэму аховы здароўя. Улады не ўхвалялі правядзеньня забастоўкі, але й не перашкаджалі ёй. Тым часам у Літве разгараецца яшчэ адзін мэдычны скандал, зьвязаны з хабарніцтвам сярод літоўскіх лекараў і фармацэўтаў. Сярэдні памер хабару за лячэньне ў рэспубліканскіх больніцах Літвы складае 600—700 літаў (150—175 даляраў), у мясцовых шпіталях — 350 літаў (каля 90 даляраў) і ў паліклініках — 100 літаў (25 даляраў). Прычым грошы вымагаюць ня толькі ад пацыентаў. Хабар даюць і фармацэўтычныя кампаніі, каб мэдыкі прызначалі пацыентам менавіта іхныя лекі.

Насельніцтва меншае

Летась насельніцтва Літвы скарацілася на 11,5 тыс. чалавек і на пачатак 2002 г. склала 3482,3 тыс. У Літве, як і ў нас, зьніжаецца нараджальнасьць ды расьце сьмяротнасьць. Як і ў Беларусі, насельніцтва там ня толькі зьмяншаецца, але й старэе. Затое працягласьць жыцьця літоўцаў большае: у 2000 г. яна склала 77,9 году ў жанчынаў і 67,6 году ў мужчынаў, ці ў сярэднім 72,9 году. Усяго за 1991—2001 г. насельніцтва Літвы зьменшылася на 224 тыс. чалавек, або на 6,4%.

Разбэшчаны праваабаронца

У Коўне быў затрыманы заснавальнік Літоўскага саюзу праваабароны Эрвідас Чэканавічус (1949 г.н.). Ён падазраецца ў разбэшчваньні непаўналетняга. Жыхар Коўна, які зьвярнуўся ў паліцыю, паведаміў, што Эрвідас паказваў ягонаму сыну падазроныя відэазапісы. Чэканавічус любіць удаваць зь сябе доктара, хоць мае толькі сем клясаў адукацыі. У савецкі час яго судзілі за падробку дакумэнтаў, прымусова лячылі ў псыхіятрычнай больніцы. Ён сядзеў у турме за пэдэрастыю і атручваньне трох непаўналетніх невядомымі хімічнымі рэчывамі. Вызваліўся па амністыі. А цяпер во замаскаваўся пад праваабаронцу.

С.П.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0