Саюз палякаў у Беларусі патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці галоўнага рэдактара газеты «Рэспубліка» — друкаванага органа Савета міністраў Беларусі — Анатоля Лемяшонка і аўтара гэтага выдання Антона Андрэенку.

У заяве, накіраванай 16 чэрвеня ў Генеральную пракуратуру, Савет СПБ выказвае меркаванне, што, апублікаваўшы і распаўсюдзіўшы на тэрыторыі Беларусі артыкул «Новыя крыжаносцы», рэдактар і аўтар газеты здзейснілі злачынства, прадугледжанае арт. 130 Крымінальнага кодэкса — «Распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці і розні».

Скандальны матэрыял «Новыя крыжаносцы» быў надрукаваны за подпісам Антона Андрэенкі ў нумары 109 газеты «Рэспубліка» ад 15 чэрвеня 2007 года.

«Дадзены артыкул утрымлівае шэраг зняважлівых выпадаў на адрас каталіцкай царквы і Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Місіянерская дзейнасць каталіцкай царквы ва ўрадавай газеце параўноўваецца з крыжовымі паходамі», — паведамляецца ў прынятай на паседжанні Савета СПБ заяве. Далей прыводзяцца цытаты з артыкула, які выклікаў абурэнне прадстаўнікоў польскай дыяспары:

«Очередной «Дранг нах Остен» символически стал преемником пресловутого первого «крестового похода германцев против славян», провозглашенного в 1147 году Папой Евгением III…

— Что же касается самого римского первосвященника, то и здесь не все совсем понятно. Если бы мирянин Кароль Войтыла принимал даже самое активное (например, как Валенса) участие в свержении существовавшего тогда польского правительства (законного правительства) как поляк и гражданин, это можно было бы как‑то попытаться понять. Однако он уже в качестве «наместника Бога на Земле» и пастыря всех католиков, невзирая на их национальность, сотрудничал напрямую с шефом ЦРУ У. Кейси, т.е. предавался не просто земным, а низменным, так сказать, бесовским предприятиям.»

Паводле распаўсюджанай СПБ заявы, гэтыя і іншыя сцверджанні, апублікаваныя ва ўрадавай газеце, «накіраваныя на знявагу і прыніжэнне ўсіх католікаў Беларусі. Вынікам такіх публікацый з’яўляецца распальванне варожасці паміж вернікамі розных канфесій, якія пражываюць у Беларусі».

«Папа Рымскі — вышэйшы маральны аўтарытэт і для католікаў, і для ўсіх хрысціян. Гэтыя выказванні — абраза ўсіх веруючых людзей свету, і падобныя ўчынкі не павінны заставацца непакаранымі. Мы патрабуем узбуджэння і разгляду справы згодна з беларускім заканадаўствам. Мы чакаем адказу і адпаведнага рэагавання на наш зварот ад генеральнага пракурора Пятра Міклашэвіча», — паведаміў прэс‑службе БАЖ віцэ‑прэзідэнт Саюза палякаў Беларусі Юзэф Пажэцкі.

Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0