КАЛЯНДАР

 

Усе чулі, але мала хто ведае

Пра эспэранта ўсе чулі, але мала хто ведае, як яна гучыць. Яшчэ меней людзей ведаюць, што ўзьнікла гэтая мова на беларускай зямлі — у Беластоку. У свой час прыхільнікамі эспэранта былі Цішка Гартны, Максім Танк і Янка Маўр. А беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн, аўтар незабыўных “Зорачак”, які ў апошнія гады жыцьця захапіўся гэтай моваю, нават напісаў гімн для сусьветнага зьвязу эспэрантыстаў.

 

Эспэранта й цяпер мае сваіх прыхільнікаў у нашай краіне. Найстарэйшаму зь іх, Міхаілу Мандрыку, споўнілася 100 гадоў. Спадар Міхаіл захапляецца эспэранта ўжо 80 гадоў. У 1930-я ён быў рэпрэсаваны, потым трапіў на фронт і ў нямецкі палон. Цяпер жыве ў вёсцы Гатовіна пад Менскам. Тут, у вёсцы, ён склаў ілюстраваны слоўнік і напісаў падручнік эспэранта. У 1997-м амэрыканскія эспэрантысты надрукавалі аўтабіяграфічную аповесьць Мандрыка “Гаркавая дарога жыцьця”.

Пэўны час на мове эспэранта вяла свае перадачы радыёстанцыя “Голас Амэрыкі”. Гісторыя эспэранта на гэтай радыёстанцыі мае прысмак кур’ёзу.

У 1959 г. пасьля “кухонных дэбатаў” з савецкім генэральным сакратаром Мікітам Хрушчовым тагачасны амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт Рычард Ніксан спыніўся ў Варшаве праездам дахаты ў ЗША. На адной з варшаўскіх вуліцаў Ніксан заўважыў натоўп людзей вакол вялікага будынку. Амаль усе яны мелі зялёную зорачку на грудзях. “А што гэта за людзі зь зялёнымі зоркамі?” — запытаўся Ніксан у дарадцы. —“Гэта эспэрантысты; цяпер тут адбываецца іхны сусьветны кангрэс”, — патлумачыў той. “От халера! — падумаў Ніксан. — Эспэрантысты зьбіраюцца ў камуністычнай краіне! Пэўна, камуністы хочуць перацягнуць эспэрантыстаў на свой бок. Мы мусім адрэагаваць!” І неўзабаве пасьля прыбыцьця Ніксана ў Штаты “Голас Амэрыкі” распачаў штотыднёвыя перадачы на эспэранта. Сэрыя перадачаў доўжылася да канца 1961 г., калі прэзыдэнтам зрабіўся Кенэдзі.

Цяпер усяго некалькі радыёстанцыяў сьвету вядуць перадачы на эспэранта. Так, Польскае радыё вяшчае на эспэранта з 1959 г. У польскім радыёэтэры эспэранта гучыць 3 разы на дзень і дадаткова ўранку паўтараецца ўчорашняя перадача. Слухаць перадачы на эспэранта можна праз спадарожнікавую антэну ці на кароткіх хвалях: а 16.30 па менскім часе на хвалі 41,18 м, ці 7285 кГц, і 41,23 м, ці 7275 кГц. А 21-й па менскім часе перадачы ідуць на хвалі 42,07 м, альбо 7130 кГц. Тыя, у каго ёсьць кампутар з выхадам у Інтэрнэт, маюць магчымасьць слухаць перадачы ў фармаце RealAudio, калі перадача ідзе ў этэры, ці ўзяць запіс з архіву (адрас у Інтэрнэце: www.wrn.org/ondemand/poland.html). Цяпер у сувязі з палітыкай жорсткай эканоміі, якую праводзіць урад Мілера, рэдакцыя польскага радыё на эспэранта апынулася пад пагрозай скарачэньня і зьвяртаецца да сваіх слухачоў з просьбай падтрымаць яе лістамі і тэлеграмамі.

Вядуць трансьляцыю на эспэранта таксама радыё Ватыкану (у нядзелі, серады і чацьвяргі — па паўгадзіны, а з нагоды каталіцкіх сьвятаў выходзяць дадатковыя перадачы), Аўстрыйскае міжнароднае радыё, станцыі ў Італіі (Рым), Кітаі (Пэкін), Карэі, Бразыліі, Кубе.

Зьміцер Лапцёнак

Эспэранта — гэта міжнародная мова, прызначаная, каб спрыяць кантактам паміж людзьмі розных краінаў. Гэтую мову ў 1887 г. распрацаваў доктар Людвік Замэнгоф зь Беластоку. Вучыць эспэранта значна лягчэй, чым нацыянальныя мовы, бо яно прасьцейшае й больш рацыянальнае. Слоўнік утвораны з каранёў, запазычаных з буйных эўрапейскіх моваў. Багатыя словаўтваральныя магчымасьці робяць штучную мову вельмі гнуткаю. Эспэранта — фанэтычная мова: кожнае слова вымаўляецца так, як пішацца. Гукавы склад эспэранта амаль цалкам адпавядае беларускай мове (за выключэньнем мяккіх зычных). Націск у словах фіксаваны — на перадапошнім складзе.

 

Чалавек травы

Міхаіл Мандрык, “Сіньёро Мікаэла”, як яго называюць прыхільнікі эспэранта і як ён прадстаўляўся мне падчас тэлефонных размоваў у 90-х, калі жыў у Менску... Унікальны чалавек, з кагорты людзей травы — якіх гнуць-прыгінаюць вятры лёсу, але зламаць ня могуць. Падаюць дрэвы, гараць, падпаленыя маланкамі. А трава выжывае і зелянее зноў. Ён пражыў свае 100 гадоў шырока, раскідзіста, як расьце трава: працаваў гідраўлікам, граў на мандаліне, маляваў алеем, пры дапамозе эспэранта кантактаваў з прадстаўнікамі розных народаў... Сьціпласьць — самая істотная і неадназначная рыса ягонага выпетранага вятрамі характару. Міхаіл Мандрык у маім паэтычным уяўленьні меў фізычнага і біяграфічнага двайніка — Сяргея Новіка-Пеюна, гэтаксама эспэрантыста.

Людка Сільнова

 

Наш першы псыхааналітык

Большасьць беларускіх грамадзкіх дзеячаў, палітыкаў пачатку і сярэдзіны ХХ ст. мелі мэдычную адукацыю ці вучыліся на мэдычных факультэтах Вільні, Варшавы, Прагі. Быць дохтурам азначала вырвацца з нэндзы і трывала стаць на ногі. Быў мэдыкам і Станіслаў Грынкевіч-старэйшы (“старэйшы” — бо меў пляменьніка Станіслава, таксама лекара). Нарадзіўся Грынкевіч-дзядзька 2 лютага 1902 г. у вёсцы Новы Двор на Сакольшчыне. Пад уплывам свайго дзядзькі, ксяндза Францішка Грышкевіча, Станіслаў зьбіраўся пасьля гімназіі паступаць у духоўную сэмінарыю. Але зрабіцца сьвятаром так і не наважыўся. Вырашыў стаць доктарам, каб лячыць людзей. Нагледзеўся на наступствы першай сусьветнай і савецка-польскай войнаў, на хворых і параненых.

Спачатку Грынкевіч студыяваў мэдыцыну ў Віленскім унівэрсытэце, але кінуў Вільню і давучваўся ў Познані. Скончыў вышэйшую школу з дыплёмам доктара псыхіятрыі і нэўралёгіі. Нейкі час працаваў у псыхіятрычнай клініцы у Харошчы за Беластокам. У тых краёх і ажаніўся. Ягоная жонка Ядвіга, стаматоляг, хоць і была полька, але пісала разам з мужам працы па-беларуску. У 1927 г. Грынкевічы пераехалі ў Вільню. У Ерузалімцы за горадам купілі дамок. Станіслаў працаваў у першай віленскай паліклініцы, быў актыўным дзеячом і нават віцэ-старшынём БХД. Разам з жонкай ён склаў кнігу “Рады хворым і здаровым”, дзе падрабязна расьпісаў, як трэба правільна харчавацца. Цэлы разьдзел быў прысьвечаны шкоднасьці частага ўжыцьця мяса. Яго Грынкевічы выкрасьлілі з свайго рацыёну.

Былі напісаныя кнігі “Алькагалізм”, “Умовы і загады, неабходныя для здароўя”, “Як лячыць хваробы хатнім спосабам”, “Гігіена псыхічная як праблема асноўных адносінаў да жыцьця”, “З зацемак аб характары беларусаў”.

Ня толькі мэдыцына цікавіла першага беларускага псыхааналітыка. Ён пераклаў на беларускую мову тэалягічную працу Тамаша Кемпійскага “Сьледам за Хрыстусам” (ХIV ст.), напісаў працу “Аб тэатры” і п’есу “Жанімства па радыё”. У 1936 г. выдаў кнігу “Асьвета” — пра ўціск беларускіх школаў на “крэсах” у 20—30-я. Польскія ўлады кінулі яго на некалькі тыдняў у турму, аштрафавалі, а кнігу сканфіскавалі.

Падчас нямецкай акупацыі Грынкевіч працягваў працаваць у больніцы, быў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэту, які бараніў правы беларусаў Віленшчыны. БНК муляў вочы літоўцам, што актыўна літуанізавалі горад. Па даносе старшыню БНК Баляслава Грабінскага разам са Станіславам Грынкевічам арыштавалі. Сядзеў у нямецкім канцлягеры на Панарах.

У адрозьненьне ад большасьці заходнебеларускіх інтэлігентаў-незалежнікаў, у 1944 г. на Захад Грынкевічы не падаліся. Думалі — не зачэпяць. Маючы чатырох дзяцей, цяжка выбірацца ў невядомы сьвет. Аднак ужо на трэці дзень савецкай акупацыі Станіслава арыштавала НКВД. Год яго трымалі ў менскай турме, а 25 ліпеня 1945 г. расстралялі пад Магілёвам.

Жонку і дзяцей бальшавікі не зачапілі, толькі сканфіскавалі хату і ўсю маёмасьць. Грынкевічыха зь дзецьмі выехала ў Польшчу. Сябры не казалі ёй пра сьмерць мужа, і яна да апошніх сваіх дзён (памерла ў 1963 г.) верыла, што ейны Стась жывы, што ён адседзеў сваё і дзесьці жыве. Нават свае навуковыя артыкулы Ядвіга Грынкевіч друкавала пад псэўданімам, каб раптам не нашкодзіць мужу.

Эдвард Людовіч

 

Невядомы герой паўстаньня

6 сакавіка споўнілася 100 год з дня сьмерці Флярыяна Даноўскага (1825 (34?)—1902), паўстанца і царскага паліткатаржаніна. Нарадзіўся ён у Панявежы, але ня ў 1834 г., як пазначана на ягоным надмагільлі на цьвінтары ля в.Каралінова на Пастаўшчыне, а ў 1825-м. Бо іначай атрымалася б, што ён скончыў Віленскі ўнівэрсытэт і зрабіўся актыўным сябрам таемнай арганізацыі “Братні зьвяз літоўскай моладзі” ў 14 гадоў (1848 г.). Дый ягоныя найбліжэйшыя сябры-паплечнікі Францішак і Аляксандар Далеўскія нарадзіліся, адпаведна, у 1825 і 1827 г.

Даноўскі, як і шмат іншых сяброў падпольнай арганізацыі, быў арыштаваны напярэдадні 5 красавіка 1849 г., калі яны меліся распачаць паўстаньне супраць расейскіх акупантаў. Сьледзтва цягнулася аж да 19 лістапада 1850 г. Згодна з выракам вайсковага суду, Даноўскага пакаралі шпіцрутэнамі (1000 або, паводле іншых зьвестак, 1500 удараў) на падворку вайсковага арсэналу на Антокалі, а потым выслалі на 10 год у катаржныя капальні. У Нерчынскім радовішчы, прыкуты да тачкі, мусіў ён трываць да каранацыйнага маніфэсту 1856 г. Але дадому Флярыян здолеў вярнуцца толькі пасьля 1858 г., прабыўшы два гады ў Табольску. Да 1862 г. жыў ён у маёнтку Шаты Вількамірскага павету.

Калі выбухнула паўстаньне Каліноўскага, Даноўскі зьнік са свайго маёнтку, і да траўня 1864 г. пра яго не было ніякіх зьвестак. Дзе ён знаходзіўся ў гэты вірлівы час і чым займаўся, можна толькі здагадвацца.

Пасьля разгрому паўстаньня яго арыштавалі. Два гады сьледзтва з выкарыстаньнем розных “гуманных” мэтадаў нічога не далі — нідзе ніякіх сьлядоў! Таму царскія далакопы былі вымушаныя асудзіць яго на “баніцыю” — выгнаньне з Радзімы. 26 верасьня 1866 г. Флярыян разьвітаўся з “гасьціннай” Дамініканскай вязьніцай і пакрочыў да болю знаёмымі этапамі ажно да Іркуцку, пад нявольніцкі бразгат кайданоў ды лаянку канваіраў.

І гэтае выгнаньне было з годнасьцю адужана. Згодна з новай амністыяй, у 1874 г. спакутаваны паўстанец вяртаецца на Радзіму.

З сардэчнай прыязнасьцю яго сустракаюць ацалелыя сябры і паплечнікі. Апошнія свае гады Даноўскі пражыў у маёнтку Каралінова Сьвянцянскага павету (Пастаўшчына), дзе яго прытулілі нашчадкі старадаўняга роду Ромэраў — Альфрэд-Ізыдор (1832—1897) і ягоная жонка Ванда (1853—1944) з роду Сулістроўскіх.

Разьвітваўся ён з гэтым сьветам, не пакінуўшы па сабе амаль нічога матэрыяльнага. Ні тоўстых фаліянтаў, ні родных сыноў ці дачок, ні іншых скарбаў. Але ягоная сьціплая магілка не зарастала пустазельлем. Людзі даглядалі яе, расьцілі кветкі, ставілі сьвечкі на Дзяды й Радаўніцу.

Летась кола сяброў, неабыякавых да нашай спадчыны, вырашыла годна, як дазваляюць нашы сьціплыя магчымасьці, ушанаваць гэтае сьвятое пахаваньне. Так, каб і воку было прывабна, і душы ўтульна. Спакваля выкрашталізаваўся праект, які ашчадзіў і стары помнік. Ужо шмат людзей у гэтай справе ўзялі ўдзел, зроблена ладна, але наперадзе ня меней.

Алесь Цыркуноў

Калі нічога не перашкодзіць, будзем радыя бачыць усіх добрых людзей на службе-асьвячэньні гэтага помніка сёлета 15 ліпеня, на дзень Грунвальдзкай сечы. Усіх тых, каго зацікавіў гэты беглы аповед, хто мае што дадаць ці падтрымаць матэрыяльна дабудову помніка, просім зьвяртацца на адрас: Менск, вул.Адзінцова, дом 36/1, кв.143, т. 257-93-11. Просім таксама дасылаць свае варыянты эпітафіі (прыкладна ў чатыры радкі), якая будзе выгравіраваная на граніце. Усім, хто ўжо спрычыніўся да пабудовы гэтага помніка, даслаўшы сваю дапамогу, выказваецца глыбокая ўдзячнасьць.

 

in memoriam

Пражыў 102 гады

Ганс-Георг Гадамэр
(11 лютага 1900 — 13 сакавіка 2002)

У дачыненьнi да выбiтных мысьляроў недарэчнымi выглядаюць велiчныя хаўтурныя прамовы ды словы “на памяць”, паколькi тое, што насамрэч выслаўляе такіх людзей, працягвае жыць нават па iхнае сьмерцi. Гансу-Георгу Гадамэру пашчасьцiла пражыць паважны век, i да апошнiх дзён ён заставаўся адным з найбольш шанаваных ды вызначальных мысьляроў Нямеччыны й сьвету. Гэта быў чалавек, якога безь перабольшаньня можна назваць сьведкам стагодзьдзя, бо ягоныя iдэi паўстаюць зусiм натуральна у кантэксьце фiлязофскiх iнтуiцыяў ХХ ст. i ўспрымаюць значную частку iхнага патэнцыялу. Вучань Марцiна Гайдэгера, ён да апошнiх дзён заставаўся вельмi актыўным ды цiкаўным мысьляром з блiскучым аратарскiм талентам, што, мусiць, трохi замiнала пiсьменьнiцкай дзейнасьцi, але затое рабiла Гадамэра найцiкавейшым суразмоўцам і ўплывовым выхавальнікам новай генэрацыi iнтэлектуалаў Эўропы ды Паўночнай Амэрыкi.

Павал Баркоўскi

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0