Па сьлядах сьвятога Францішка

Jacques Le Goff. Święty Franciszek z Asyżu. — Warszawa: Czytelnik, 2001.

Да сьвятога Францішка з Асызы зьвярталіся гіпі й эколягі, вернікі й атэісты, прадстаўнікі розных рэлігіяў і культураў, рафінаваныя інтэлектуалы і пілігрымы. Нават камуністы зьбіраліся ў Асызы, каб чытаць лісты Брэжнева.

Каб зразумець, наколькі адрознымі могуць быць інтэрпрэтацыі вобразу Францішка, дастаткова супаставіць тры найбольш вядомыя фільмы пра Бедняка з Асызы — “Францішак, Боскі шарлятан” Рабэрта Расэліні, “Брат-сонца, сястра-поўня” Франка Дзэфірэлі і “Я, Францішак” Ліліяны Кавані. Апроч імя галоўнага героя іх мала што лучыць: Францішак у Расэліні (і ў Фэліні, які пісаў сцэнар) — увасабленьне эвангельскай простасьці; герой агіяграфічнай мэлядрамы Дзэфірэлі — экзальтаваны эстэт; у Кавані Францішак — інтэлектуал, які супастаўляе вонкавы сьвет зь ягонай існасьцю й прызначэньнем.

Усе пераказы дзеляць ягоную біяграфію на два пэрыяды — да навярненьня і пасьля яго. Францішак Бэрнардонэ нарадзіўся ў 1181 або 1182 г. Бацька хацеў зрабіць яго купцом, але ён вырваўся з-пад ягонае апекі і — мабыць, пад уплывам маці-францужанкі — вырашыў стаць рыцарам.

Зрэшты, ён ад прыроды меў схільнасьць да рыцарскіх заняткаў: быў надзвычай шчодры, ветлы, лёгка паддаваўся душэўным парываньням і вабнасьці паэзіі. У сярэднявечнай Італіі, дзе ўсьцяж набіралі вояў у крыжовыя паходы, а перасвараныя гарады раз-пораз пачыналі ваяваць міжсобку, нагодаў для небясьпечнай гульні ў рыцара было вельмі шмат. 20-гадовы Францішак бярэ ўдзел у бітве паміж Асызы й суседняй Пэруджай — і трапляе на год у палон.

Там адбываецца пералом у ягоных думках і ўяўленьнях. Пачынаецца амаль пяцігадовы пэрыяд пераменаў, які скончыўся хваробай Францішка і ягоным навярненьнем у палымяную веру. Гэта было адзначана эфэктным пэрформансам: ён прынародна выракся бацькі. Пад уплывам Хрыстовых словаў ён адбудоўвае разбураны касьцёл Сьв.Дам’яна, цалуе пракажонага, накрывае зьбяднелага рыцара сваёй кашуляй.

Другая, карацейшая, але і больш насычаная частка ягонага жыцьця — насьледаваньне Ісусу. Францішак славіць Госпада, набывае вучняў, якіх, як і ў Хрыста, спачатку было толькі 12.

Уплыў Бедняка быў настолькі вялікі, што мясцовы біскуп блізкі да таго, каб абвясьціць яго ератыком — у часы “беднякоў зь Ліёну”, катараў і альбігойцаў, крыжовых паходаў ня толькі ў Сьвятую Зямлю, але і ў Альпы атрымаць такое абвінавачаньне было няцяжка.

Гіерархічныя адрозьненьні — не перашкода для Францішка: ён ідзе ў Рым, трапляе на прыём да папы Інакенція ІІІ, расказвае яму свой улюбёны ўрывак з Эвангельля — і атрымлівае блаславеньне.

Абаронены папскім дазволам, ён пілігрымствуе, рассылае вучняў-місіянэраў; колькасьць ягоных аднадумцаў расьце зь неверагоднай хуткасьцю. Сярод іх маладая шляхцянка, якая ў 1212 г. уцякла з дому, каб жыць, як вучыць Бядняк, і неўзабаве стварыла ордэн Бедных Дзяўчатаў, якія й па сёньня называюцца клярысамі, у гонар яе.

Жыцьцё Францішка як сьвятога — адно доўгае падарожжа. Ён жыве ў самай суровай беднасьці. Хоча прыводзіць да Хрыста новых вернікаў, але ня так, як крыжакі, хцівасьць і жорсткасьць якіх выклікаюць у яго абурэньне.

Выпраўляецца ў Марока, дзе прагне толькі словам зрабіць султана хрысьціянінам. Ён надзвычай яскравая асоба, гатовая да ахвяраў, не абцяжараная звычаямі. Калі ён адчувае цялесныя спакусы, дык распранаецца й дурэе; калі яго пытаюць, ці трэба пасьціць у дзень Божага Нараджэньня, кажа, што ў дзень такой вялікай радасьці трэба націраць тлушчам нават сьцены, каб сабакі маглі іх лізаць...

Ён падоўгу посьціцца і моліцца. У 1224 г. у яго зьяўляюцца крывавыя стыгматы — сьляды ўкрыжаваньня на руках, нагах і баку. Усе ўспрымаюць гэта за бессумнеўны знак таго, што сам Хрыстос прызнаў яго. У хуткім часе Францішак слабне здароўем, амаль траціць зрок. Хворы й нямоглы, ён піша “Сонечную песьню” (называную таксама “Пахвалой істотаў”) — радасны твор, які простымі сродкамі паказвае Боскую гармонію прыроды й кожнага стварэньня. Увадначас “Песьня” — гэта першы верш, напісаны па-італьянску, а сам Францішак — першы італьянскі паэт. Для Дантэ ягоны верш быў добрай абаронай.

Францішак памёр у кастрычніку 1226 г. ва ўлюбёным Парцьюнкулі пад Асыза, слухаючы пра Хрыстовы пакуты з Эвангельля ад Яна, лежачы на валасяніцы, пасыпанай попелам. Празь няпоўныя два гады пасьля сьмерці Францішка папа Рыгор ІХ абвясьціў яго сьвятым.

Набліжэньне да праўды пра Францішка патрабуе адказу на некалькі пытаньняў. Якім быў сьвет пры яго нараджэньні, а якім — пры ягонай сьмерці? Чаму за непрыкметным чалавечкам людзі ішлі гурмою? Якой мовай ён прамаўляў, каб паразумецца зь імі? Ці гаварыў ён як неадукаваны прасьцяк, толькі інтуіцыйна альбо па натхненьні? Ці, можа, сьведама карыстаўся асновамі рыторыкі, дый ня толькі ў запале, але і знарок цытаваў словы Хрыста? На гэтыя пытаньні спрабуе адказаць Жак Лё Гоф у сваёй кнізе “Францішак з Асызы”.

Яна складаецца з чатырох тэкстаў, напісаных у розны час і з розных нагодаў. Першы распавядае пра палітычную й грамадзкую рэчаіснасьць, у якой давялося дзейнічаць Францішку, другі — пра францішканскія сацыяльныя катэгорыі і мадэлі культуры, трэці — пра тое, як заснавальнік францішканцаў паўплываў на іншыя манаскія ордэны ХІІІ ст. Апошні — гэта аповед пра жыцьцё сьвятога Францішка. На вывучэньне пісьмовых крыніцаў па тэме аўтар патраціў 50 гадоў.

Кнігі Лё Гофа вызначаюцца даступным выкладаньнем матэрыялу і часта дэтэктыўна закручаным сюжэтам. Дый сама неадназначная асоба сьвятога правакуе на нетрадыцыйныя трактоўкі.

Лё Гоф, зачараваны Бедняком, ня мае сумневу, што францішканства можа прынесьці нам шмат карысьці. “Адкрыцца сьвету й увадначас супраціўляцца яму, — піша гісторык, падводзячы высновы, — вось мадэль, праграма на ўчора, сёньня, а пэўна — што і на заўтра”.

Камэнтуючы гэтую кнігу, філёзаф і культуроляг Уладзімер Конан дадаў, што ідэі Францішка (спачуваньне ўсяму жывому, разважлівасьць, адсутнасьць імкненьня да багацьця), прынесеныя францішканцамі ў Беларусь, паўплывалі на беларускі мэнталітэт. Нездарма й вобраз беднага Лазара, да якога так часта зьвяртаўся сьвяты, вельмі папулярны ў беларускім фальклёры: этнографы запісалі пад 30 духоўных песьняў пра яго (адзін з варыянтаў запісаны на Нясьвіжчыне яшчэ Севярынам Малевічам — верагодна, бацькам Казімера).

На вялікі жаль, па-беларуску такое выданьне зможа пабачыць сьвет ня хутка. Як зазначыў гісторык і выдавец Генадзь Сагановіч, Беларусі бракуе гісторыкаў, якім ставала б ведаў для падбору й адпаведнага перакладу замежных навуковых тэкстаў. Давядзецца пакуль што чытаць па-польску. Альбо вучыць мову арыгіналу.

Аркадзь Шанскі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0