Віктар Карніенка:

“Домашу паўза не на карысьць”

 

Карэспандэнт “НН” гутарыць зь лідэрам дэмакратычнага руху Гомельшчыны і намесьнікам кіраўніка незарэгістраванага аб’яднаньня “Рэгіянальная Беларусь” пра будучыя мясцовыя выбары.

 

“НН”: Мясцовыя выбары наступнага году стануць спаборніцтвам мясцовых адміністрацыйна-гаспадарчых кланаў. Як будуць рэагаваць на гэта апазыцыйныя асяродкі і інтэлігенцыя ў рэгіёнах?

В.К.: Калі ў сучаснай Беларусі існуе не адзін адміністрацыйна-гаспадарчы клан, а некалькі, то гэта ўжо няблага. Хоць нейкая структурызацыя грамадзтва. Сапраўды, дзе-нідзе можна прадбачыць такі сцэнар выбарчай кампаніі. Але барацьба паміж мясцовымі групоўкамі ня будзе жорсткай і бескампраміснай — ня тая матывацыя.

Наконт рэгіянальных апазыцыйных асяродкаў: ужо сёньня амаль усе палітычныя партыі заявілі аб сваім актыўным удзеле ў мясцовых выбарах. Асобныя палітыкі ўспрымаюць гэтую кампанію як нейкі шанец на рэабілітацыю за невыразныя паводзіны падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Чытаючы інтэрвію і артыкулы лідэраў партый, можна заўважыць іхнае жаданьне пайсьці на выбары самастойна. Маўляў, больш нікому не дазволім выкарыстаць свае структуры. У першую чаргу тут маецца на ўвазе якраз “Рэгіянальная Беларусь”. Але ж стварэньне “Рэгіянальнай Беларусі” як міжсэктаральнай кааліцыі мясцовых аддзяленьняў палітычных партыяў, няўрадавых і прафсаюзных арганізацыяў — праект натуральны і ўдалы. Па-другое, сёньня ў нашай краіне няма ніводнай самадастатковай палітычнай арганізацыі, здольнай ня тое што перамагчы на выбарах, а нават прыкметна ўплываць на грамадзкую думку. Пры нашай сыстэме выбараў па тэрытарыяльных акругах найлепшай “адзінкай кааліцыйнасьці” якраз і ёсьць выбарчая акруга.

Шлях мэханічнага зьліцьця арганізацыяў і рэсурсаў не падыходзіць, патрэбная каапэрацыя. Яшчэ адной задачай выбарчай кампаніі трэба лічыць паляпшэньне культуры ўзаемаадносінаў паміж рознымі апазыцыйнымі асяродкамі.

“НН”: Ці пойдзе “Рэгіянальная Беларусь” на выбары арганзавана?

В.К.: Калі Вы маеце на ўвазе ўдзел у выбарах у якасьці самастойнага суб’екту, то не павінна. Падчас выбараў патрэбны падзел працы. Кандыдатаў у дэпутаты мусяць вылучаць палітычныя партыі. Але я не ўяўляю, напрыклад, у Гомельскай вобласьці мясцовых выбараў без удзелу ў іх структур, якія ўваходзілі ў “Рэгіянальную Беларусь”.

“НН”: Ці застаецца лідэрам “непартыйнай апазыцыі” Домаш?

В.К.: Сямён Мікалаевіч сур’ёзны чалавек і сваю ролю вызначыць сам. Ня думаю, што яму на карысьць паўза ў актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці, што цягнецца з 9 верасьня. Такі перапынак быў вымушаны, і, наколькі я інфармаваны, цяпер Домаш сустракаецца з рэгіянальнымі апазыцыйнымі асяродкамі. Сваю “кваліфікацыю” любому лідэру трэба пэрыядычна пацьвярджаць, і ў гэтым сэнсе спадар Сямён не выключэньне.

“НН”: Ці гатовы зьмяніць Домаша ў якасьці лідэра Вы?

В.К.: Безумоўна, не! У мяне іншая сфэра інтарэсаў. Больш за ўсё мяне турбуюць праблемы рэгіянальнага разьвіцьця — тут і стварэньне няўрадавых арганізацый, і разнастайная дапамога ім, і падтрымка рэгіянальных СМІ, і дасьледаваньне праблемаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця тэрыторыяў. Гэта паляпшэньне камунікацыйных магчымасьцяў рэгіянальных асяродкаў, у тым ліку і праз далучэньне іх да сусьветных інфармацыйных сетак, і падтрымка мясцовай інтэлігенцыі. Вось тыя справы, якімі мы з калегамі займаемся ўжо ня першы год і ў якіх маем посьпехі. Без такой працы адносны посьпех “Рэгіянальнай Беларусі” падчас прэзыдэнцкай кампаніі быў бы немагчымы. Гэта якраз тое, чым я асабіста, а таксама мае калегі з аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і падобных структураў зь іншых абласьцей хацелі б займацца і надалей.

“НН”: Чаму Вы выйшлі з Аб’яднанай грамадзянскай партыі?

В.К.: У Вас недакладная інфармацыя. Я выйшаў з кіруючых органаў партыі, але застаўся яе шараговым сябрам. У гэтым маім рашэньні ёсьць пакрысе ўсяго. Па-першае, я 10 год узначальваў абласную партарганізацыю, што, вядома, пагражала “застоем”. Па-другое, я да гэтага часу нязгодны з ацэнкай кіраўніцтвам АГП прэзыдэнцкай кампаніі і ўдзелу ў ёй партыйных структур. Па-трэцяе, гэта вызначэньне ўласных прыярытэтаў. У найбліжэйшы час я не зьбіраюся вылучацца сам і не пляную падтрымліваць нейкіх асобных кандыдатаў у дэпутаты, а згодны працаваць толькі на інтарэсы магчымай кааліцыі. Рабіць гэта ў якасьці кіраўніка абласной партарганізацыі было б вельмі дзіўна. Я цалкам падзяляю ідэалёгію АГП, але лічу, што ўмовы для эфэктыўнай палітычнай працы ў Беларусі пакуль адсутнічаюць. З 1995 г. большасьць апазыцыйных партыяў не вылучае на выбарах сваіх кандыдатаў. Прычым робіць гэта аб’ектыўна вымушана. Палітычная дзейнасьць у сталіцы працякае ў выглядзе масавых акцыяў. У буйных гарадах такія акцыі адбываюцца ў пяць-дзесяць разоў радзей. А што такое партарганізацыя ў невялікім райцэнтры? У найлепшым выпадку — палітычны гурток. Таму размовы пра стабільна занятыя палітычныя нішы ў нашых умовах — яўнае перабольшаньне. Мы памылкова “здымаем калькі” з так званага цывілізаванага сьвету і лічым працэс палітычнага будаўніцтва імпэратыўным.

“НН”: Ваш выхад азначае прынцыповую адмову “непартыйнае” апазыцыі ад супрацоўніцтва з пэўнымі палітычнымі партыямі?

В.К.: Ні ў якім разе. Наадварот, мы гатовыя прапанаваць рэгіянальным палітычным актывістам удзел у праграмах і праектах грамадзкіх арганізацый, што будзе карысным для ўсіх. Мы згодныя разам працаваць і ў будучай выбарчай кампаніі. Ня трэба думаць, што я прапаную “адрываць” ад партый рэгіянальныя кавалкі ці ўвогуле адмаўляю ім у праве на існаваньне. Але, напрыклад, на Гомельшчыне колькасьць сяброў усіх апазыцыйных партыяў разам значна меншая за тысячу чалавек. Спадзявацца на хуткі колькасны і якасны рост шэрагаў не выпадае. Вырашаць сур’ёзныя пытаньні такімі сіламі немагчыма. Таму я перакананы ў неабходнасьці стварэньня кааліцыяў. Пры гэтым, у адрозьненьне ад партыяў, грамадзкія аб’яднаньні ніколі ня будуць мець прэтэнзіяў на ўладу.

“НН”: Чым канкрэтна займаецца цяпер беларускі трэці сэктар? Якая рэальная карысьць ад ягонай дзейнасьці?

В.К.: Няўрадавыя аб’яднаньні — гэта адна з формаў самаарганізацыі грамадзтва. Вялікую частку трэцяга сэктару складаюць арганізацыі, створаныя людзьмі для вырашэньня выключна сваіх праблемаў. Гэта разнастайныя аб’яднаньні інвалідаў, клюбы па інтарэсах і г.д. Няўрадавыя аб’яднаньні “агульнай карысьці” спрабуюць вырашаць ня ўласныя праблемы, а праблемы іншых людзей ці нават усяго грамадзтва (напрыклад, экалягічныя).

Можна ацаніць як пасьпяховую дзейнасьць у чарнобыльскай зоне шматлікіх няўрадавых арганізацыяў па аздараўленьні дзяцей за мяжой. Дзясяткі, нават сотні тысячаў маладых людзей пабачылі іншыя стандарты жыцьця. Заслугоўвае павагі дзейнасьць праваабарончых арганізацый, але па-сапраўднаму пачынаеш гэта разумець, толькі калі ў самога здарыцца нейкая бяда. Шмат добрых прыкладаў дае адукацыйная, асьветніцкая, краязнаўчая дзейнасьць. З агульнанацыянальных праектаў больш вядомы “Народны ўнівэрсытэт” і сэмінары па пытаньнях самакіраваньня.

У суседняй Польшчы грамадзкіх арганізацый — дзясяткі тысячаў. Па ацэнках Цэнтру грамадзянскай супольнасьці пры Лёнданскім інстытуце эканомікі, у Нямеччыне ў сярэдзіне 90-х у трэцім сэктары было занята 5% усяго працаздольнага насельніцтва, а ў Ірляндыі, Бэльгіі і Нідэрляндах гэтыя паказьнікі большыя за 10%! Натуральна, посьпехі калегаў па грамадзкай дзейнасьці з гэтых краін больш відавочныя.

Гутарыў Мікола Бугай

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0