дыскусія

Манаполія на спадчыну Багдановіча?

У “НН” ідзе спрэчка пра тое, друкаваць ці не друкаваць “інтымны дзёньнік” Максіма Багдановіча. Матэрыял “Дзёньнікавая загадка Максіма Багдановіча” (“НН”, 15 сакавіка) уразіў сваёю дырэктыўна-катэгарычнаю танальнасьцю. Гэты твор трэба ўспрымаць як прадукт калектыўнае творчасьці людзей, што манапалізавалі права на спадчыну генія. Праўда, яны пасаромеліся падпісацца сваімі імёнамі, і мы маем справу з ананімнымі “супрацоўнікамі Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча”.

 

“Супрацоўнкі” саромеюцца назваць свае імёны, бо адчуваюць, што іхная пазыцыя, мякка кажучы, патыхае застаялым правінцыялізмам, выпрацаваным у галовах нацыяналістаў і камуністаў уяўленьнем аб цнатлівасьці беларускага народу. Калі пачытаць і адных, і другіх, дык сапраўды атрымліваецца, што “ў нас сэксу няма”. Мне ўжо даводзілася пісаць (“Arche-Скарына”, 2000, № 6), што нам, беларусам, пакуль што лягчэй камэнтаваць Генры Мілера, высьвятляць дэталі інтымнага жыцьця Артура Рэмбо, смакаваць творы Івана Баркова, чым выдрукаваць Багдановічаваў дзёньнік або поўныя тэксты лістоў Паўлюка Труса да Пятра Глебкі. Падглядаем у шчыліну, каб бачыць, што робяць іншыя, і адначасова жадаем выглядаць сьвятымі ў вачох гэтых іншых (рыхтык дэвоткі).

У хлопца, якога звалі Максімам Багдановічам, былі натуральныя “маладыя жаданьні” і ўчынкі. Чырвоны маладзік прымушаў яго згадаць пра “...рад уздыхаў прыглушоных, / І мук любоўных крык, / І цела гібкага шалёнасьць, ізьвіваньне, / І п’яны, душны пах...”. Ён ведаў, як “У грудзях сьціскаецца гарачае дыханьне, / Кроў хваляй б’е ў нагах”, не саромеўся пісаць пра “семя бурнае муское”... Таму натуральна, што ў гэтага юнака “ўстаў” і што ён хадзіў “з прыўзьнятым” (тут і далей цытую паводле “НН” ад 25 студзеня 2002 г.). Ненармальным было б адваротнае.

Пра цікавасьць паэта да праблемаў сэксу і працягу роду я ведаю й бязь “дзёньніка”: для гэтага дастаткова прачытаць усе ягоныя вершы. Аднак цытаты зь “дзёньніка” даюць мне магчымасьць пераканацца, што паэт ня толькі цікавіўся сэксам. На прыкладзе Багдановіча пацьвярджаецца й эмпірычная ісьціна: сухотныя і схільныя да сухотаў выяўляюць падвышаную сэксуальную актыўнасьць.

Вось такія мае высновы. Чалавек, які валодае мэтодыкай псыхааналізу, зробіць свае высновы, біхевіярыст — свае. Урэшце, гэта дазволіць нам мець псыхалягічны партрэт паэта (а ў нас няма псыхалягічнага партрэта ніводнага клясыка, што зьяўляецца адзнакаю адсталасьці навукі).

Пасьля прачытаньня эратычных вершаў і цытатаў зь “дзёньніка” я аніяк не памяняў (дый ніхто з прыхільнікаў ягонага генію, мяркую, не памяняе) думку пра Багдановіча як пра вялікага паэта. Як і пушкінскае “В чужой п... соломинку ты видишь, / А у себя не видишь и бревна” ды іншыя “скаромныя” радкі анітрохі не зьніжаюць маёй (і чыёй яшчэ) павагі да расейскага клясыка. Але пушкінскія радкі ў Расеі можна прачытаць у кнігах, а ў нас багдановічаўскія – нельга. З дасьледаваньняў расейскіх літаратуразнаўцаў я магу ведаць, як Пушкін краўся на інтымнае спатканьне з жонкаю аўстрыйскага амбасадара, што было ў яго з Ганнаю Керн, каго ён обрюхатил, у нас жа пра тое, як Багдановіч “паваліў яе на падлогу” і “падняў ёй спадніцу”, ведаць нельга: “супрацоўнікі” не дазваляюць (раней не дазвалялі “дырэктыўныя органы”).

У пісьменьнікаў, мастакоў, палітыкаў не бывае інтымных дзёньнікаў (запісаў, нататак і г.д.), якія б не падлягалі публікацыі, бо гэта людзі публічныя. Іншая справа, калі тэксты знаходзяцца ў распараджэньні жонкі, дзяцей або калі маецца адпаведны тэстамэнт аўтара. Калі ж аўтар хоча пазьбегнуць публікацыі наагул, ён – паводле прыкладу Мікалая Гогаля – паліць тэкст. Багдановіч тэстамэнту не пакінуў, а тэксту не спаліў. З другога боку, трэба мець звышнахабства, каб сьцьвярджаць, што ты ведаеш спадчыну пісьменьніка, не прачытаўшы ўсіх ягоных твораў, вядомых на гэты момант. З ласкі “супрацоўнікаў” знаёмствам з усімі тэкстамі Багдановіча ў нас ня можа пахваліцца, бадай, ніводзін студэнт, асьпірант, выкладчык ці дасьледчык. Як я зразумеў зь ліста, “супрацоўнікі” маюць намер манапалізаваць такое права (”хачу – дам, хачу – ня дам”).

Няма ніякага сумневу, што дзеля навуковых мэтаў тэкст “дзёньніка” павінен быць апублікаваны. У поўным, акадэмічным зборы твораў, якога мы пакуль што ня маем. Хоць Інстытут літаратуры (дадам: і датычны да выданьня Музэй Багдановіча) назваў Збор твораў паэта ў трох тамох Поўным зборам твораў, гэта – скажэньне праўды. У тамох няма “дзёньніка”. Апрача таго, у іх, па савецкай завядзёнцы, творы Максіма (прынамсі адзін) надрукавалі з купюрамі.

Вось прыклад. У 3-м томе маецца ліст Багдановіча ад 1 жніўня 1912 г. Першы абзац ліста заканчваецца вострымі дужкамі са шматкроп’ем у іх. Купюра. Што ж выкасавалі звышпільныя рэдактары, які сэкс? Адказ знойдзем у артыкуле Антона Луцкевіча “Зь недрукаванае спадчыны па М.Багдановічу” (“Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні”, 1933). Цытую гэты абзац у Луцкевічавай вэрсіі: “Дзякую п.Ластоўскаму за тэмы, што ён мне надаслаў. Я канешне апрацую колькі зь іх, але ня ўсе, бо яны ахапляюць толькі першыя часы жыцьця Беларусі, калі яна мала розьнілася ад іншай Русі. Ці ёсьць у ХІ–ХІІ вяках сур’ёзная розьніца між бытам якіх-небудзь дрыгавічоў і напр. вяцічаў? Пэўне, што няма. Куды цікаўша апісваць Беларусь XVI і XVII сталецій! Тады і мясцовая, карэнная культура адстаялася і выкрысталізавалася ў цьвёрдыя, своеабразныя формы...” Тут у “Поўным зборы твораў” купюра. У Луцкевіча ж стаіць кропка з коскаю, а далей такі “крамольны” працяг: “ды і з Заходнай Еўропы прыплыло тады ў нашу культуру незамала чаго. Вось калі было ў нас жывое, рознакалёрнае, своеначальнае жыцьцё,... (колькі слоў на згібе страніцы вырваны. – А<нтон> Л<уцкевіч>. ) паставілі Ф.Скарыны, каторы быў доктарам і бакаляўрам! Ці ж мог быць у Маскоўшчыне таго часу (у Яраслаўлі, Растове, альбо і ў самай Маскве) доктар Праскага або Лейпцыгскага ўнівэрсытэту? Гэта ж проста нямысьліма. Вось Вам дробная крэсачка, каторая, аднак, намякае на карэнную разьніцу між Маскоўшчынай і Літоўскай Русьсю тых часоў”.

Вось такія ў нас “поўныя зборы твораў”, такая навука і такія вучоныя.

Анатоль Сідарэвіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0