Сяргей Пясэцкі

Трактат пра урку

Вялікі урка нарадзіўся даўно і добра быў вядомы ў нізах грамадзтва. Лічыў сябе за “блатнога”, за злодзея-майстра, але быў хутчэй хуліганам ды паразытам пры зладзеях, якім яны пагарджалі, хоць і прызнавалі за свайго.

Урэшце, калі Расею захлынулі мутныя хвалі другой рэвалюцыі, урка выплыў на паверхню й апынуўся ў сваёй стыхіі — у брудзе, крыві ды ўладзе панурых вылюдкаў. Пачаў дваіцца, траіцца, множыцца й размножыўся ў мільёны. Стварыў сваю ідэалёгію, этыку і эстэтыку. Заняўся палітыкай. Панаваў на вяршынях, цараваў у нізах.

Галоўная рыса уркі — пагарда. Пагарда да дабрыні, да праўды, да гонару. Мэта ягоная — выгодна жыць з працы іншых людзей і спажываць столькі, колькі ўлезе. Дзеля гэтага заўжды імкнецца ён дарвацца да ўлады альбо да добрага становішча, атачыць сябе штабам іншых уркаў і зьдзекавацца зь людзей незарганізаваных. Урка не абавязкова мусіць займаць высокую пасаду. Можа ён распанавацца ў калгасе, у лягеры, нават у вязьніцы. Галоўнае для яго — жывучы нават у нястачы, сярод галечы, мець магчымасьць глуміцца са сваіх таварышаў ды існаваць на вышэйшым ад іх матэрыяльным узроўні.

Урка ня брыдзіцца здрадаю, даносам. Ахвотна імі карыстаецца, калі справа ідзе пра ягоны інтэрас. Ахвотна таксама слугуе ён і падлізваецца да тых, ад каго залежыць. Урка — вялікі актор: умее маскавацца, удаваць зычлівасьць і чакаць магчымасьці ўзяць за горла тых, каму служыць.

У імкненьні дасягнуць сваіх мэтаў урка ня лічыцца зь іншымі людзьмі. Калі ж сваіх мэтаў дасягне, не пашкадуе нават тых, хто яму нядаўна дапамагаў. У кожным урку жыве інстынкт садыста. Мае ён шмат хваравітых комплексаў. Зь ягонага комплексу непаўнавартасьці паўстае манія велічы, якою маскуе ён сваю нікчэмнасьць і бесхарактарнасьць.

Уркі прабіваюцца праз жыцьцё ня тое што “локцямі”, але нават ботамі. Лёгка дасягаюць высокіх становішчаў, але заўсёды і ўсюды застаюцца толькі уркамі. Часам уркі маюць добрае выхаваньне й манеры; бывае, паходзяць зь вядомых сем’яў; аднак псыхіка іхная заўсёды аднолькавая: гэта халодныя дрэні, якія шануюць толькі сілу, спрыт і багацьце.

У кожнай арганізацыі, у кожным згуртаваньні, у кожнай групе людзей могуць знайсьціся уркі, якія пільнуюць выпадак, каб заняць лепшыя месцы, асабліва калі месцы тыя прыбытковыя. Уркі любяць падпісваць пакты й дамовы: на словах — для дабра ці бясьпекі групы, да якой належаць, але па сутнасьці — дзеля сваёй карысьці. Дзе ёсьць “братва”, “карашы”, “дружбаны” — там заўсёды знойдуцца і уркі. Прыслоўе “рука руку мые, нага нагу падпірае” прыдумалі уркі. Палітыка — улюбёная галіна іхнай дзейнасьці, і да яе яны праяўляюць вялікія здольнасьці. Але уркі — стварэньні ўнівэрсальныя й лёгка апаноўваюць розныя сфэры чалавечага жыцьця. Знойдзеце урку і ў вайсковым мундзіры, і ў строі дыплямата. У такіх выпадках ён сьпявае як салавей, а думае й дзейнічае як кракадзіл. Узьнёслыя словы для яго — толькі сродак дасягненьня мэты: затуманіць іншым людзям вочы і атрымаць прыбытак.

Прыглядайцеся, выяўляйце вакол сябе уркаў ды старайцеся перашкаджаць ім. Бо, калі апануюць уркі ўсе сфэры жыцьця чалавечага, пазбавяць яго ўсялякай вартасьці.

 

Першая публікацыя: Wiadomości, Londyn, 1958, nr 44.

Пераклаў Вацлаў Арэшка

Сяргей Пясэцкі (1901—1964) нарадзіўся ў Беларусі, у Ляхавічах. Бацька ягоны лічыў сябе палякам (Пясэцкія перасяліліся ў Беларусь з Кароны ў XVI ст.), але быў праваслаўны. Маці была прыслужніцаю ў бацькавым доме й засталася па-за межамі жыцьця сына. Сам Сяргей Пясэцкі прызнаваўся, што папраўнай польскай мове вывучыўся толькі дарослым. І пісьменьнікам зрабіўся позна — у другой палове 1930-х, калі адбываў пятнаццацігадовае пакараньне за ўзброены рабунак. Да гэтага пасьпеў пабыць гімназістам, злодзеем, партызанам-зеленадубаўцам, жаўнерам Войска польскага, кантрабандыстам, шпегам польскай выведкі, бандытам... Але пры ўсім тым захаваў у душы шляхетнасьць і чысты юнацкі рамантызм. Як літаратар быў песьняром прыгодаў, каханьня й нянавісьці. Творы Пясэцкага, у якіх дзея нярэдка адбываецца ў Беларусі, перакладаліся на шмат моваў. У “народнай” Польшчы яны былі забароненыя й друкаваліся падпольна.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0