Велікоднае пасланьне айца Аляксандра Надсана, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа

Ці быў ты там, калі ўкрыжавалі Госпада?

Словы зь сярэднявечнай велікапоснай містэрыі ня страцілі сваёй надзённасьці і ў наш час. Чытаючы эвангельскі аповед пра тыя трагічныя падзеі ў Ерусаліме, нельга пазьбегнуць уражаньня, што ля Крыжа Гасподняга сабраўся ўвесь сьвет, які ня розьніўся ад нашага. Найбольшую групу ўтвараў натоўп — бяздумны, бязвольны і зьменлівы, які хітры і здольны дэмагог мог пахіліць у любы бок, як вецер трысьціну: нядаўна ён вітаў Хрыста воклікамі “Гасанна!”, а цяпер крычаў “Укрыжуй Яго!” Былі там і тыя, што ўважалі сябе за правадыроў народу. Прыкрываючыся клопатам пра агульнае дабро, яны аддалі на сьмерць Нявіннага толькі за тое, што Ён быў прыкры ды нявыгадны ім і не ўкладаўся ў рамкі іхных уяўленьняў: “Што нам рабіць з гэтым чалавекам: калі яго пакінем так, дык усе ўвераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і зьнішчаць нашае сьвятое месца і ўвесь народ” (Ян 11:47-48). “Парадачныя людзі” разумелі несправядлівасьць таго, што здарылася, але, як Пілат, яны “памылі рукі” ад усяго, адмаўляючы сваю адказнасьць (Гл. Мц. 27:24). І нарэшце — тыя, што былі найбліжэй да Хрыста, Ягоныя вучні і спадарожнікі, якіх Ён сам паклікаў. У найбольш крытычную хвіліну яны спалохаліся, схаваліся, а некаторыя нават пачалі сумнявацца: “А мы спадзяваліся, што Ён мае аднавіць Ізраіль” (Лк 24:21).

Сярод усёй гэтай масы людзей выдзялялася невялікая група жанчынаў. Яны таксама хадзілі за Хрыстом, чулі, як Ён навучаў пра Бога, нябеснага Айца; бачылі Ягоную спагаду да людзей, да іхных слабасьцяў і цяжкасьцяў; былі сьведкамі таго, як Ён вярнуў удаве памерлага сына; адмовіўся асудзіць жанчыну, злоўленую на граху; і, нават вісячы на крыжы, маліўся: “Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што робяць” (Лк 23:24). Магчыма, ня так розумам, як сэрцам яны адчулі, што тут нехта большы за звычайнага чалавека. Яны балюча перажылі несправядлівасьць таго, што зрабілі зь ім правадыры іхнага народу, засудзіўшы Яго на ганебную сьмерць, быццам злачынцу, і зрабіўшы ўсё, каб памяць пра Яго не засталася сярод людзей.

І вось гэтыя жанчыны, перамогшы страх, вырашылі зрабіць Хрысту апошнюю паслугу: памазаць цела Ягонае духмянымі алейкамі. Яны не чакалі нічога для сябе, апрача прыкрасьцяў і небясьпекі. Дый што можна было чакаць ад памерлага? Гэта быў акт бескарысьлівай і безумоўнай любові. Гэта быў таксама акт маральнай мужнасьці, якая ў атмасфэры агульнага страху і варожасьці ставіць тое, што ўважае сваім абавязкам, вышэй за асабістую бяспеку.

Сталася нечаканае: жанчыны пайшлі зрабіць апошнюю паслугу памерламу і замест сьмерці знайшлі Жыцьцё. Яны сталіся першымі з тых, хто абвясьціў сьвету пра паўстаньне зь мёртвых Хрыста і пачатак новага жыцьця ў Богу ўсяго роду людзкога.

На пытаньне “Ці быў ты там, калі ўкрыжавалі Госпада” кожны з нас павінен даць свой адказ.

На гэтым месцы я хацеў бы толькі прыгадаць невялікую групу беларускіх юнакоў і дзяўчатаў, якія ўжо паўгоду як трымаюць варту ў Курапатах, каб захаваць ад прафанацыі месцы пахаваньня тысячаў дачок і сыноў беларускага народу — нявінных ахвяраў тых, хто на іхных касьцях будаваў “сьветлую будучыню” для ўсяго чалавецтва. Жаданьнем тых, што іх забівалі, было пазбавіць іх ня толькі жыцьця, але і людзкое годнасьці ды месца ў памяці наступных пакаленьняў.

Кожнае параўнаньне хавае ў сабе небясьпеку быць ня так зразуметым. Тым ня менш асьмелюся выказаць думку, што ёсьць падабенства між жанчынамі, якія прыйшлі на магілу Хрыста, і абаронцамі Курапатаў. Сваім учынкам і годнымі паводзінамі яны ратуюць гонар беларускага народу. У гэты сьветлы велікодны дзень хочацца пажадаць, каб яны сталіся вестунамі лепшай будучыні, калі беларусы побач зь іншымі народамі сьвету зоймуць сваё належнае месца ў валадарстве Таго, хто сваёй сьмерцю перамог сьмерць.

Хрыстос уваскрэс!

а.Аляксандар Надсан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0