Вялікдзень даўжынёй у месяц

 

Беларускія каталікі і пратэстанты адсьвяткуюць Вялікдзень 31 сакавіка, праваслаўныя – 5 траўня. Чаму так? Розьніца ж між грыгарыянскім і юліянскім стылямі складае 13 дзён. І чаму летась Вялікадні супалі?

 

Пасха — габрэйскае сьвята, што адзначалася ў гонар зыходу народу Ізраілю з эгіпэцкай няволі. Штогод габрэі сьвяткуюць Пэсах у 14 дзень месяца нісана. У той самы дзень быў расьпяты Хрыстос. Ад таго часу хрысьціяне пачалі адзначаць свой Вялікдзень.

Да IV ст. яны карысталіся трыма пасхаліямі: александрыйскай, рымскай і сырыйскай. Апошняя супадала з габрэйскім месяцавым календаром. Першы Нікейскі ўсяленскі сабор (325 г.) забараніў карыстацца сырыйскай пасхаліяй, то бок сьвяткаваць разам з габрэямі. Было вырашана, што Вялікдзень мусіць абавязкова прыпадаць на першую нядзелю пасьля першай поўні, што ідзе за вясновым раўнадзенствам. Вось Вялікдзень і сьвяткуецца між 22 сакавіка і 25 красавіка. У юліянскім календары да гэтых датаў трэба дадаць 13 дзён.

Недакладнасьць юліянскага календара прывяла да таго, што ў 1582 г. розьніца з астранамічным календаром склала 10 дзён. На прапанову вучоных Люіджы і Антоніё Ліліё рымскі папа Грыгор ХІІІ увёў новы каляндар — грыгарыянскі.

24 лютага 1582 г. Грыгор ХІІІ выдаў булу “Inter gravissimas” (“Між найважнейшых”), у якой казалася: “Было клопатам нашым узнавіць раўнадзенства. Ад спрадвеку ўсталяванага ім месца Нікейскім саборам яно адышло на дзесяць дзён. І чатырнаццатаму Месяцу вярнуць ягонае месца, ад якога ён на пяць дзён адыходзіць, а таксама ўсталяваць правілы, каб і ў будучым раўнадзенства і чатырнаццаты Месяц зь месца не зрушаўся… А таму вярнуць вясновае раўнадзенства, якое айцы Нікейскага сабору ўсталявалі на 12-ы дзень перад красавіцкімі календамі (то бок 21 сакавіка), мы прадпісваем і загадваем з гэтага 1582 году”.

Праваслаўныя гісторыкі й тэолягі дагэтуль сьцьвярджаюць, што юліянскі стыль самы правільны. Каталікоў і пратэстантаў яны лічаць адступнікамі, бо іхны Вялікдзень супадае час ад часу зь юдэйскім. А праваслаўныя лічаць гэта недапушчальным, і пры такім супадзеньні пераносяць свой Вялікдзень на другую поўню. Так было ў 1986 г., 1989 г., і 1994 г.

Цікава, што пры канцы ХІХ ст. Расея зьбіралася “вярнуцца” у Эўропу. Актыўна абмяркоўвалася пытаньне пра пераход на грыгарыянскі каляндар. На адным з пасяджэньняў камісіі па рэформе календара ў 1899 г. прафэсар Санкт-Пецярбурзскай духоўнай акадэміі Болатаў заявіў наступнае: “Адмену юліянскага календара знаходжу непажаданай. Яго надзвычайная простасьць уяўляе навуковую перамогу перад астатнімі календарамі. Мяркую, што культурная місія Расеі ёсьць у тым, каб утрымаць юліянскі каляндар і церазь яго палегчыць вяртаньне заходніх народаў ад нікому не патрэбнага грыгарыянскага календара да несапсаванага юліянскага стылю”.

У 1918 г. савецкая Расея перайшла на грыгарыянскі стыль, але праваслаўная царква ўпарта стаіць на сваім. Вось беларусы і будуць адзначаць уваскрэсэньне Хрыста ў розны час. Як быццам Хрыстос уваскрэс двойчы.

Эдвард Людовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0