Кожны дзень з 16 гадзін велапатруль заступае на ахову раённага цэнтра з дапамогай двухколых сяброў. Да надыходу цемры міліцыянты дзяжураць на мясцовым водасховішчы, а затым — у месцах адпачынку моладзі, цэнтральным пляцы і гарадскім парку. Двухколы транспарт дазваляе міліцыянтам быць больш мабільнымі і своечасова рэагаваць на паведамленні аб правапарушэннях, бо трапіць на месца здарэння на веласіпедзе значна хутчэй, чым пехам. Акрамя мабільнасці, у тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія карыстаюцца веласіпедамі, ёсьць рэальная мажлівасць падтрымаць на добрым узроўні сваю фізічную форму.

На жаль, фінансавыя сродкі, якімі валодае Ваўкавыскі раённы аддзел унутраных спраў, дазволілі набыць толькі два горныя веласіпеды. У свой час ваўкавыскія міліцыянты паведамілі кіраўніцтву, што сядуць на веласіпеды толькі ў тым выпадку, калі яны будуць замежнай вытворчасці: выкарыстоўваць у аператыўнай працы беларускія веласіпеды міліцыянты катэгарычна адмовіліся, спасылаючыся на іх непрыглядны эстэтычны выгляд і дрэнныя тэхнічныя магчымасці.

Цяпер кіраўніцтва Ваўкавыскага раённага аддзела ўнутраных спраў шукае спонсараў, якія б дапамаглі набыць яшчэ некалькі веласіпедаў. Але іх пакуль не знаходзіцца, у сувязі з чым мясцовыя міліцыянты добрым словам успамінаюць вядомага бізнэсоўца і мецэната Мікалая Аўтуховіча, які заўсёды падтрымліваў разумныя ініцыятывы, але зараз адбывае тэрмін зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У свой час прадпрымальнік спрабаваў выкрыць факты хабару з боку старшыні падатковай інспекцыі, за што і патрапіў за краты.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0