ТІBО’2002

“Golden Software” прэзэнтавала сваю чарговую распрацоўку — кампутарную сыстэму для гандляроў аўтазапчасткамі. Гэты вядомы беларускі распрацоўшчык праграмнага абсталяваньня чацьверты год запар афармляе стэнд выключна па-беларуску. Да таго ж клясычным правапісам. Пагадзіцеся, гэта варта было пабачыць.

 

З 2 да 5 красавіка ў выставачным павільёне на Янкі Купалы адбылася 9-я выстава інфармацыйных тэхналёгіяў “ТІВО’2002”. Яшчэ гады тры-чатыры таму Беларусь мела дзьве буйныя кампутарныя выставы на год: увесну — “ТІВО” і ўвосень — “Сучасны офіс і банк”, але потым з апошняй пачало рабіцца нешта незразумелае. Спачатку яна была аб’яднаная з новай выставай ПТС (“Пэрспэктыўныя тэхналёгіі й сыстэмы”), потым зьявілася яшчэ адна выстава — “Інфабел”. На тле гэных пературбацыяў “ТІВО” прываблівала сваёй стабільнасьцю, што ўрэшце і дазволіла ёй стаць найбуйнейшай падзеяй у кампутарным жыцьці Беларусі.

Сёлета ўдзельнікаў выставы пабольшала, падвысіліся й іхныя выдаткі на афармленьне стэндаў. Асабліва ўразіў стэнд кампаніі “Date Stream”, зроблены з габляваных дошак і нейкага хмызьняку. Адно што назоў кампаніі прыбілі завысока. Каб разгледзець, прыходзілася адыходзіцца ад павільёну.

Кантынгент удзельнікаў выставы досыць стабільны і амаль не зьмяняецца на працягу апошніх гадоў. Гэта правайдэры сотавай сувязі, Інтэрнэт-правайдэры, буйныя кампутарныя кампаніі й вытворцы ды прадаўцы праграмнага абсталяваньня.

Кампанія “Velcom”, адзіны апэратар сотавай сувязі ў стандарце GSM, нарэшце дала магчымасьць уладальнікам мабільнікаў карыстацца Сецівам па WAP. Цікава, што яшчэ колькі месяцаў таму кампанія заяўляла, што на гэтую паслугу ў Беларусі попыту ня будзе, але процілеглыя заявы з боку іншага апэратара — МТС, што павінен пачаць працаваць ужо ў гэтым месяцы, прымусілі “Velcom” радыкальна зьмяніць свае погляды.

“Адкрыты кантакт”, рэгістратар дамэнных імёнаў у зоне .by, адчыніў паштовы сэрвіс mail.by. Раней гэты дамэн знаходзіўся ў стоп-лісьце — ніхто ня мог зарэгістраваць такое імя, нават за грошы. Добра быць манапалістам: хочаш — забараняеш, хочаш — дазваляеш. Сабе... Гэтая ж кампанія зьяўляецца ўладальнікам пасьпяховай пляцоўкі электронных крамаў — shop.by. На выставе яна паабяцала хутка разгарнуць электронную плацежную сыстэму, але, азнаёміўшыся з дэталямі, цяжка паверыць у посьпех гэтае справы. Падпісваць асобную дамову з банкам і адкрываць спэцыяльны рахунак — зашмат турботаў, каб аплаціць якую кружэлку ці кнігу. Прасьцей і таньней разьлічыцца гатоўкай з кур’ерам, як гэта робіцца цяпер.

Кампутарныя кампаніі нічым асаблівым не зьдзівілі. Амаль усё дэманстраванае начыньне — звычайнае, яго можна набыць на любой фірме. Падвышаная цікавасьць была да маленькіх флэш-картаў памяці з USB-інтэрфэйсам. Гэта надзейны сродак для захоўваньня сакрэтнай фінансавай і ня толькі інфармацыі: уставіў у кампутар, папрацаваў, дастаў, паклаў у кішэню. Інфармацыя надзейна шыфруецца — ніякая падатковая не дакапаецца.

Колькасьць сафтвэрных кампаніяў-удзельнікаў паменела. Засталіся толькі самыя буйныя — “Galactic” ды “Golden Software”, а таксама прадстаўніцтва буйной заходняй, але ня вельмі вядомай у нас “Hansa Software”. Апошняя прадстаўляла бухгальтэрыю нават пад “макінтош” і “лінукс”, але моцнай цікавасьці гэта ня выклікала. Для Беларусі “лінукс” ня будзе актуальным, пакуль апошнюю вэрсію Windows у Ждановічах можна прыдбаць за тры даляры.

“Golden Software” (“Залатыя праграмы”) прэзэнтавала сваю чарговую распрацоўку — кампутарную сыстэму для гандляроў аўтазапчасткамі. Гэты вядомы беларускі распрацоўшчык праграмнага абсталяваньня ўжо чацьверты год запар афармляе стэнд выключна па-беларуску. Да таго ж клясычным правапісам. Пагадзіцеся, на гэта варта паглядзець.

На ганаровае адкрыцьцё ды фуршэт арганізатары звычайна запрашаюць беларускі музычны калектыў ці сьпевака. Але калі раней гэта былі, так бы мовіць, “намінальныя” беларусы кшталту Іны Афанасьевай ці “Беларускіх песьняроў”, што стваралі незаўважны фон і ня дужа перашкаджалі паглынаньню халяўных смакотаў ды моцных напояў, дык гэтым разам сьпяваў “Палац”. Ды так, што ў скокі пусьціліся нават харваты ад Эрыксана. Вось яна — моц беларускага.

А.К.