З усёй краіны
Беларускамоўная кавярня
У Горках запрацавала беларускамоўная дзіцячая кавярня. Яе адчыніла Аршанская суполка ТБМ разам з горацкай жаночай арганізацыяй “Любава”. Улады бясплатна далі пад кавярню пусты будыначак. Недзяржаўныя аб’яднаньні адрамантавалі памяшканьне і ладзяць там, як расказвае грамадзкі дзяяч з Воршы Алесь Шутаў, народныя сьвяты, спэктаклі ды іншыя забаўкі для малодшых дзетак і падлеткаў.
Паводле “Нашага слова”
Удаву пашкадавалі
Смургонская міліцыя ўзялася разганяць бабулек, што гандлююць ля базару яйкамі, малаком, морквай, яблыкамі, не заплаціўшы за месцы. Бабулькі паўцякалі, толькі адна засталася. Казала: “Мне трэба агароджу мужу-нябожчыку ставіць, а пэнсія малая. Нікуды не пайду”. І міліцыянты адступіліся.
Будуць мабільнікі
У хуткім часе ў Смургонях зьявяцца мабільнікі. Сотавая сетка ахопіць горад і часткова раён. Усталяваньне апарата будзе каштаваць прыкладна 200 тыс., абанэнтная плата — 15—17 тыс. у месяц.
Страціў прытомнасьць
Днямі ля пошты сабраліся людзі: глядзелі, як “хуткая” забірае чалавека з акрываўленай галавой, што раптам страціў прытомнасьць, упаў і пабіўся. Яго адвезьлі ў шпіталь. Перавязалі галаву і адпусьцілі. Хацелася б сказаць “дахаты”, ды гэты недарэка — бомж. У яго знайшлі вошы і каросту. Але гэтых хвароб яму ня вылечылі. Бо ў нас няма санпрапускніка (як у Горадні ці ў Менску). Вось і ходзіць ён па горадзе ды чухаецца.
Тацяна Скарынкіна, Смургоні
Ламаносаў пад судом
Супраць дырэктара Баранавіцкай узбуйненай друкарні Яўгена Ламаносава ўзбудзілі крымінальную справу. Вінавацяць яго ў крадзяжах у асабліва буйных памерах.
Руслан Равяка, Баранавічы
“02” не працуе
У Кобрыні некалькі сутак маўчала частка тэлефонаў райаддзелу міліцыі. Адлучылі іх, бо міліцыянты вінныя вузлу электрасувязі 1,6 млн. рублёў.
Батарэі лопнулі
Тысяча рубаў батарэяў спатрэбіцца, каб аднавіць ацяпляльную сыстэму ў жылых дамах Пінску пасьля аварыі. У сетках рэзка ўзьняўся ціск, аварыйная ж аўтаматыка зь невядомай прычыны не спрацавала.
Бомбы каля Стрэльны
Каля вёскі Стрэльна (Янаўшчына) лясьнік знайшоў дзьве 25-кіляграмовыя авіябомбы часоў другой сусьветнай вайны. Прыехалі сапёры і знайшлі побач яшчэ 9 бомбаў. Усе яны былі ўзарваны на месцы.
Новы правайдэр
На Берасьцейшчыне зьявіўся новы Інтэрнэт-правайдэр — “Hi Technology Еvolution HTE”. Тарыфы ў яго меншыя за “белпакаўскія”, аднак карыстальнікам з вобласьці яшчэ даводзіцца даплачваць за міжгародняе злучэньне зь Берасьцем.
І.Хведаровіч, Берасьце
На Леніна з малатком
Зруйнаваць усе помнікі Леніну ды пасадзіць на іх месцы дрэвы й кветкі вырашыў адзін з жыхароў Воршы. Першым аб’ектам нападу сталася скульптура на плошчы перад Палацам культуры льнокамбінату. Пастамэнт там невысокі, і зламысьнік узьлез на яго ды гахнуў бронзаваму Ільлічу малатком па сьпіне. Але тут прыбеглі міліцыянты і не далі яму давесьці справу да канца. Як высьветлілася, затрыманы Ш. — чалавек псыхічна хворы ды неаднаразова судзімы. “Сьледчага па асабліва важных справах даўно мінулых часоў”, як ён сябе называе, адправілі на лячэньне ў Лепель.
Усё не супакояцца
Станцыйны прыпынак Пагост на чыгуначнай лініі Менск—Ворша перайменавалі ў Сонечны. Вёска, што месьціцца побач, пакуль засталася Пагостам.
Віктар Лютынскі, Ворша
І зь мёртвых, і з жывых
З 20 сакавіка з тых, хто трапляе ў стацыянар Клімавіцкай ЦРБ і сельскіх участковых больніцаў, бяруць грошы за пасьцельную бялізну і сподняе. Пры жаданьні пацыент можа ўзяць усё гэта з хаты. Паслугі патолягаанатамічнага аддзяленьня таксама платныя: ускрыцьцё мужчынскага трупа — 960 руб., жаночага — 1280; апрананьне і выдача мужчынскага трупа — 2879 руб., жаночага — 3519 руб.
“Родная ніва”, Клімавічы
Міліцыя разагнала вяскоўцаў
У Воршы міліцыянты разагналі стыхійны рынак малочных прадуктаў, які штораніцы разгортваўся ля прыступак пераходнага мосту на Прывакзальнай плошчы. Сюды на прыгарадных цягніках зьяжджаліся людзі з навакольных вёсак, зьбіраліся пакупнікі. Трохлітровы слоік малака тут можна было купіць за тысячу рублёў. Такі гандаль выгадны і для вяскоўцаў, бо Аршанскі малаказавод прымае малако па нізкіх цэнах, а грошай даводзіцца чакаць 3—4 месяцы. Вяскоўцы пасьля разгону гандлююць на самім мосьце, дзе іх пакуль ніхто не чапае. Раней аршанскія ўлады спынілі гандаль танным хлебам, які са Смаленску прывозіў прыватны прадпрымальнік. Расейскі хлеб каштаваў на сто рублёў меней за аршанскі.
Заробкі — мясам
У Воршы ходзяць чуткі, што хутка заробкі пачнуць выплачваць адмысловымі талёнамі на айчынныя тавары. А пакуль што на натуральную аплату — мяснымі кансэрвамі — пераведзены калектыў Аршанскага мясакамбінату.
Міхал Чарвінскі, Віцебск
Глыбокі сьлед
на зямлі
Ёсьць людзі, якія за сваё жыцьцё пакідаюць глыбокі сьлед на зямлі дзеля служэньня свайму народу і на яго карысьць. Да такіх людзей можна аднесьці і Апанаса Цыхуна, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусі, пісьменьніка, гісторыка і актыўнага грамадзкага дзеяча, якому 5 траўня споўніцца 92 гады.
У сваіх вершах Апанас Цыхун бічуе тых, хто схільны парушаць нашу мараль, п’янствуе, жыве за кошт ашуканства ці сваімі паводзінамі руйнуе грамадзкі парадак, разбурае сям’ю, перашкаджае людзям нармальна жыць і працаваць.
Апанас Пятровіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Кунцаўшчына, што ў Гарадзенскім раёне. Больш за паўстагодзьдзя настаўнічаў, удзельнічаў у другой сусьветнай, мае ўзнагароды. Нягледзячы на інваліднасьць і гады, Апанас Цыхун захаваў фізычную і творчую здольнасьць, захапляецца ігрой на скрыпцы, якой многія дзесяцігодзьдзі весяліў і працягвае весяліць людзей.
Ільля Барысаў, Скідзель
Беларуса выкралі
ў Мурманску
Цэлы тыдзень, з 26 сакавіка да 3 красавіка, беларускі прадпрымальнік прасядзеў замкнёным у падвале дому вёскі Умба Мурманскай вобласьці, пакуль ня здолеў выбрацца і зьвярнуцца ў міліцыю. Ён заявіў, што яго пасадзілі пад замок два незнаёмыя, якія дапамагалі яму збыць закуплены на радзіме тавар. Пераканаўшы пацярпелага, што Умба — вялікае багатае паселішча, ашуканцы прывезьлі яго ў закінутую вёску на беразе Белага мора, адабралі грошы і зачынілі ў лёху.
Запрашаюць студэнтаў з СНД
Расея хоча прыцягваць больш грамадзян СНД у расейскія ВНУ. Пачынаючы з 2003 г. плянуецца выдзяляць 1000 дзяржаўных стыпэндый для грамадзян краін СНД, якія хочуць вучыцца ў расейскіх унівэрсытэтах.
Замерзлыя ў красавіку
За мінулыя выхадныя ў Маскве насьмерць замерзьлі два чалавекі. Такім чынам, колькасьць ахвяраў холаду ў Маскве з канца верасьня 2001 г. дасягнула 397 чалавек.
Паводле Інтэрнэту