Калёнка Алеся Бяляцкага

 

Дзеі

Мы жывём у сьвеце інфармацыі. Яна з усіх бакоў захутвае нас у свае цянёты. Чалавек — цікаўнае стварэньне. І да скону ён хоча ўведваць штосьці новае. Заўсёды дзівілі бабулькі на лаўках у вёсцы. Сустракалі нас, дзяцей, пільнымі поглядамі і камэнтавалі: гэты таго, гэты таго, а гэты чый? а таго... Мы былі для іх як слабыя адбіткі іхных аднагодкаў. А цяпер ужо мы, трохі пажыўшы на сьвеце, калі атрымліваем новую інфармацыю, таксама прымерваем яе да нейкіх сваіх успамінаў і адчуваньняў.

Вось цёткі мае па маці прыехалі на ўгодкі па дзядзьку, які жыў у Мазыры. Адна зь іх жыве пад Чэлябінскам, а другая — у Арэнбургу, бо павыходзілі замуж за расейца і марыйца. З Мазыра яны езьдзілі на магілку да бабулі ў Красноўскую Буду: там яшчэ жыве іхная цётка, а мая стрыечная бабуля. А ў суседнім Двары, вёсцы бабулі і некалі іхнай роднай, з 18-ці хатаў толькі ў адной калоцяцца нейкія прыблудныя турэмныя людзі.

Я не магу паверыць. Як так, яшчэ 20 гадоў таму там жыло болей за 40 чалавек. А ўлетку, калі прыяжджалі дзеці, людзей было яшчэ больш. Але старыя паўміралі, маладыя разьехаліся, ратуючыся ад радыяцыі, па лепшае жыцьцё ў Мазыр і далей. Зьнік цэлы сьвет са сваімі ўзаемаадносінамі, успамінамі, легендамі і мовай.

Гэта была вёска, якая ня ведала расейскай мовы! У вёсцы жыла сям’я “рускіх” і сям’я “кацапаў”, але і яны размаўлялі па-беларуску. Для мяне гэта была ўзорная Беларусь, у адрозьненьне ад гарадоў, засьмечаных адкідамі расейскай субкультуры, — тая Беларусь, якая мусіла быць на самай справе. І вось яе няма...

Па тэлевізары паказваюць ізраільска-арабскую тузаніну. Карэспандэнт па-расейску пытаецца ў пэнсіянэрак, якія сядзяць на лавачцы каля пад’езду на ўскрайку Ерусаліму: “Страляюць?” Тыя тыкаюць кійкамі ў бок суседняй арабскай вёскі, што віднеецца мэтраў за дзьвесьце, і па-расейску яму адказваюць: “Страляюць, вунь адтуль і страляюць”. А я згадваю Соф’ю Навумаўну Зэльцэр, папярэднюю гаспадыню кватэры, у якой я цяпер жыву. Яшчэ і дасюль прыходзяць ёй калядныя віншаваньні з праектнага інстытуту, у якім яна некалі працавала, а яна вось ужо трэці год як выехала ў Ізраіль, лічы, “на вайну”...

У панядзелак па БТ нейкі зялёненькі хлопчык з нованабраных “Казіяткаў” радасна нахвальвае “канструктыўную пазыцыю” Сяргея Дубаўца. А тыдзень таму ў “СаўБеліі” сам пан рэдактар энтузіястычна разьліваўся салаўём у падтрымку свайго былога “баявога таварыша”. Мэта простая — раскалоць дэмакратаў у іх стаўленьні да рэжыму. І чыста па-чалавечаму гэта зразумела: муляюць ім у кішэнях юдавы трыццаць срэбранікаў. Так “апушчаныя” радасна махаюць рукамі стомленым і зьнявераным: давайце да нас! Дубавец не прызнаецца, што спудлаваў, спрабуе знайсьці і паказаць розныя падтэксты, блішчыць розумам і інтэлектам, каламуціць пустую ваду. Але марна шукаць чорную котку ў цёмным пакоі. Як кажуць некаторыя бывалыя кліенты ПЦ “Вясна”, за базар трэба адказваць, а перад тым — думаць, што кажаш.

Я памятаю іншага Дубаўца, у 80-я аднаго з ініцыятараў самвыдатаўскага часопісу “Бурачок” і аднаго з ідэолягаў моладзевага “нефармальнага” адраджэнскага руху. Штосьці тады пра супрацоўніцтва з камуністамі і камсамольцамі размоваў мы не вялі.

З раніцы ў аўторак спрабаваў адгаварыць Юрася Хадыку ад галадоўкі. 62-гадоваму прафэсару, намесьніку старшыні БНФ “Адраджэньне”, які толькі прыехаў з Прагі, дзе чытаў лекцыі ў Карлавым унівэрсытэце, за ўдзел у мітынгу ў Горадні на Дзень Волі далі максымум — 10 сутак зьняволеньня. Хадыка настроены галадаць. Вызначыўся судзьдзя Дзьмітры Дземчанка, які пасадзіў “на суткі” 6 журналістаў, а яшчэ перад гэтым — лідэраў гарадзенскага БНФ Мальчыка і “Маладога фронту” Саранчукова. Запомнім гэтае прозьвішча — Дзьмітры Дземчанка! Журналісты пікетавалі, пратэстуючы супраць суду над рэдактарам “Пагоні” Міколам Маркевічам і журналістам Паўлам Мажэйкам. Суды, суды, адны суды.

Алесь Бяляцкі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0