Нямеччына—Польшча—Ўкраіна

Уцёкі стагодзьдзя

Тры злачынцы, якія ў мінулы аўторак абрабавалі банк у нямецкім мястэчку Ўрэштат каля Гамбургу, уцякалі ад пагоні 1500 кілямэтраў празь Нямеччыну, Польшчу і Ўкраіну. Гэта найвялікшыя ў паваеннай гісторыі тых краінаў уцёкі з закладнікамі.

 

А 18.30 у аўторак трое злачынцаў у масках, захапіўшы каля 300 тыс. эўра і дзьвюх жанчынаў — супрацоўніц банку, на срэбным “Сэаце” рушылі праз Бэрлін у бок мяжы з Польшчай.

Баючыся за жыцьцё закладніц, нямецкія паліцыянты не спрабавалі спыніць злачынцаў. Мытнікі на пераходзе ў Сьвецка адкрылі шлягбаўм, і аўтамабіль з хуткасьцю каля 100 км/г уляцеў на тэрыторыю Польшчы ў 0.20 серады.

У суправаджэньні польскіх паліцэйскіх машынаў і гелікоптэраў злачынцы з хуткасьцю 150 км/г праехалі празь Петрыкаў-Трыбунальскі, Пулавы, Люблін і ўжо ў 10.40 былі ў Дарагуску на польска-ўкраінскай мяжы. За паўгадзіны да гэтага каля Любліна адна з закладніц, якой злачынцы загадалі заправіць машыну, уцякла. Апынуўшыся ва Ўкраіне, злачынцы рушылі ў бок Луцку. Аднак каля Роўна яны, пасьля перамоваў з украінскімі міліцыянтамі і спробы заплаціць 50 тыс. эўра за магчымасьць праехаць у Ялту, нечакана выпусьцілі другую закладніцу і здаліся (14.00, серада).

Усе злачынцы маюць нямецкія пашпарты, аднак паходзяць зь сем’яў эмігрантаў з былога СССР — двое з Расеі і адзін з Малдовы. Ім ад 24 да 27 гадоў. Маладзёны плянавалі даехаць да Расеі, каб там захапіць самалёт. “Нягледзячы на тое, што канчатковая мэта не дасягнутая, мы задаволеныя тым, што зрабілі. Будзе што ўспамінаць у старыя гады”, — сказаў адзін з затрыманых.

Цяпер злачынцаў дапытвае ўкраінская паліцыя, якая ўзбудзіла супраць іх крымінальную справу. У хуткім часе рабаўнікі будуць дэпартаваныя ў Нямеччыну, дзе ім пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Паведамленьні ў польскай тэлевізіі пра гэтыя падзеі здаваліся нечым сюррэалістычным. Ад пачатку большасьць палякаў меркавала, што гэта жарт: немагчыма было паверыць, што злачынцаў ніхто не спыніў. За ўвесь час уцёкаў на такой хуткасьці рабаўнікі ніводнага разу ня трапілі нават у дробную аварыю. Палякі пыталіся, чаму іхная паліцыя не змагла спыніць злачынцаў і такім чынам расьпісалася ў сваёй бездапаможнасьці. “Як і немцы ці ўкраінцы, мы не спрабавалі блякаваць дарогу ці страляць, бо галоўнае — гэта жыцьцё закладнікаў. Нават калі б снайпэр і патрапіў у кіроўцу, дык пры хуткасьці 150 км/г з машыны атрымаўся б блін і ніхто б ня выжыў”, — патлумачыў польскі міністар унутраных справаў Кшыштаф Янік.

З гэтай нагоды ў адной з тэлевізійных сатырычных праграмаў зьявіўся жарт: калі хочаш за гадзіну заехаць з Кракава ў Варшаву, трэба пасадзіць у машыне ляльку з прыстаўленым да галавы пісталетам — тады паліцыя ня спыніць цябе, незалежна ад хуткасьці.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0