літаратура і жыцьцё

Ідэалёгія і свабода

Многія творы беларускай літаратуры апошняга часу iнтэлектуальна нiшчымныя i прымiтыўныя. Быццам увайшоў у палац, а там столь працякла, падлога правалiлася ды замест бамонду атабарылiся бамжы. І не прыкметы панылага побыту вiнаватыя ў расчараваньнi, а сьцiпласьць (асьцярожна сказаўшы) аўтарскай канцэпцыi.

 

З аднаго боку, сьмешна патрабаваць ад мастацкага твору адказаў на пытаньнi, з другога — хiба не зьяўляецца чытаньне нейкай формай рады? Хiба не шукае чытач у аўтару разумнага чалавека, гатовага паразважаць пра цiкавую для яго, чытача, справу? З майстроў пяра мала хто думае падобным чынам. У iхнай шкале каштоўнасьцяў лiрыка стаіць вышэй за эпiку.

Лiрычны твор займаецца пачуцьцямi i перажываньнямi, а эпiчны — падзеямi i ўчынкамi. Учынкi й падзеi маюць тэндэнцыю драбнець, а эмацыйны камэнтар буяе, як пустазельле, i шырыцца, як паводка. Заняпад эпiкi выклiканы нясьпеласьцю нацыянальнай iдэалёгii, зь якой вынiкае нясталасьць аўтарскага сьветапогляду. Ствараючы твор, аўтар мусiць парадкаваць матэрыял. Пiсьменьнiк павiнен вызначыцца адносна ўсяго, што ён проста цi ўскосна закранае, i чым больш складаныя гэта справы, тым больш дасканала распрацаваным мусiць быць аўтарскi сьветапогляд.

Аўтары актыўна спрабуюць замянiць ідэалёгiю маральлю, але надта прымiтыўны гэта інструмэнт, каб непасрэдна спарадкаваць усю рэчаiснасьць. Як, прыкладам, вывесьцi з маралi iдэi нацыянальнага вызначэньня цi правоў чалавека ў iхным сучасным выглядзе? Адказ адзiн: шляхам пабудовы iдэалёгii. Адсюль праблемы з апiсаньнем складаных грамадзкiх зьяваў, iмкненьне абмежавацца больш зразумелымi дачыненьнямi чалавека з найблiжэйшым колам родзiчаў, сяброў, суседзяў, калегаў у будзённым побыце, спроба зачынiцца ва ўнутраным сьвеце, адпрэчыцца ад учынкаў, пакiнуўшы толькi пачуцьцi.

Гэта паглыбляе расколiну мiж жыцьцём i лiтаратурай. Уявiце, што да вас прыйшоў сябра пагаварыць пра свае праблемы. Выслухаўшы ягоныя эмацыйныя фiлiпiкi, вы рана цi позна запатрабуеце выкласьцi факты. Натуральная рэакцыя чалавека на складаную задачу — шукаць факты, каб на iх падставе зрабiць высновы. Пачуцьцi — субстанцыя нетрывалая. Акрамя патрэбы ў суперажываньнi, якая мае хутчэй функцыю псыхалягiчнай палёгкi, у чалавека ёсьць патрэба выкарыстоўваць здабытую (у тым лiку падчас чытаньня) iнфармацыю ў практычнай дзейнасьцi.

Занядбаньне фактуры прыцягальнае тым, што часам стварае ўражаньне абагульненьня, унiвэрсальнасьцi. Згадваецца матэматычны жарт: “прапанаваны мэтад настолькi ўнiвэрсальны, што нiякае дастасаваньне яго да канкрэтнага выпадку немагчымае”. Калi мы не пазнаём сытуацыi, якая нам карысьць ад апiсаньня пасьлядоўнасьцi невядома чым народжаных эмоцыяў?

* * *

Уцёкi ў мiкракосм маюць дадатны бок. Пiсьменьнiк разумее свае магчымасьцi i вызначае сабе межы. У магiчным коле ён можа ператварыць героя ў казурку i нават паспрабаваць зрабiць гэта з чытачом, калi апошнi пагодзiцца ў ягонае кола ўвайсьцi. Але ўсю некранутую рэчаiснасьць ён пакiдае канкурэнтам.

Хто сёньня адважваецца пiсаць панараму нашага грамадзтва? Старая гвардыя — Марчук, Шамякiн — з трывалым сьветапоглядам, iмпартаваным “зь вякоў мiнулых”. Зрэшты, iм цяпер прасьцей: крытыкуй сабе заўзята, усё адно не сваё, пабудаванае “на чужых нам” прынцыпах.

Калi ж казаць пра аўтараў, якiя стаяць на процілеглых і, адпаведна, менш зручных пазыцыях, але асьмельваюцца “дзейнiчаць у рэальным сьвеце”, то небясьпека iнтэлектуальнай i iнфармацыйнай нiшчымнасьцi для iх надзвычай актуальная. Вельмi цяжка працаваць без патрэбнага iнструмэнтару. Адсюль павярхоўнасьць, асьцярожнасьць, непераканаўчасьць, схiльнасьць да клiшэ. Гэта добра вiдаць на прыкладзе аднаго досыць папулярнага вобразу: мужчыны год пад сорак, высокага, вусатага, лысаватага, спартовага, энэргiчнага. Гаворыць на трасянцы, дэмагог, хiтрун, учэпiсты. Апошняе па часе ўвасабленьне — апавяданьне Лявона Вольскага “Папараць-кветка”. Ён вам падабаецца? Лёгка падабацца — адна зь ягоных рысаў.

Увага да такога маляўнiчага пэрсанажа зразумелая, але аўтары ставяцца да яго даволi легкадумна. Электрызуючая аўра небясьпекi маскуе казачную схематычнасьць. Звычайна гэта простая апазыцыя таго, што было, i таго, што атрымалася, канстатацыя незаслужанага ўзвышэньня аднаго i расчараваньне другога пэрсанажа, якi пэрсанiфiкуе падманутыя ў надзеях масы. Такая канструкцыя мiжволi апраўдвае ўзвышэньне героя бездапаможнасьцю расчараваных i непранiкнёнай таямнiчасьцю мэханiзму гэтага здарэньня. (У апавяданьнi Вольскага ва ўсiм “вiнаватая” папараць-кветка.)

Такiя гiсторыi маюць права на iснаваньне, але iхны сатырычны зарад збольшага бутафорскi. Яны праводзяць вонкавую паралель, адначасова падмяняючы сутнасьць.

Людзi, якiя сёньня чытаюць беларускую лiтаратуру, дастаткова арыентуюцца ў найноўшай гiсторыi краiны, каб заўважыць гэтую розьнiцу. Аддаўшы належнае спрытнай аўтарскай прыдумцы, кожны раз задумваешся над аднымi й тымi ж пытаньнямi. Па-першае, няўжо няма ў нас iншых цiкавых прататыпаў, маляўнiчых i нават гратэскных? На тым самым палiтычным полi, але зь іншага боку. Баiмся, чытач не пазнае, не ацэнiць? Тыя, хто чытае беларускiя незалежныя выданьнi, пазнаюць безумоўна. Дарэчы, цi ўсе, хто сьмяецца са “Сказу пра Лысую гару”, ведаюць усiх памянёных там пiсьменьнiкаў?

Па-другое, чаму заўсёды для ўзвышэньня выклiкаецца deus ex machina? Чаму гэтае здарэньне ахутана такiм шчыльным вэлюмам таямнiцы? Мо аўтар яго не разумее?

Феномэн, якi жывiць увагу да разгляданага лiтаратурнага вобразу (хай сабе вобраз вельмi мала нагадвае прататып), трывае ўжо восьмы год, каранi ягоныя сягаюць яшчэ глыбей, а разгляд па-ранейшаму адбываецца на ўзроўнi анэкдоту. Ня трэба пiсьменьнiку браць на сябе функцыi палiтоляга, але варта зьвярнуць увагу i на магчымыя альтэрнатывы, i на матывацыi выбару: выбар жа быў.

* * *

Добра, што такiя апавяданьнi абуджаюць прагу праўды, змушаюць задумацца: а як жа яно было на самай справе? У рэшце рэшт, ня толькi пiсьменьнiкi вiнаватыя, што адказ гэткi няпэўны. Яны цяжэй за iншых пакутуюць ад таго, што не дарабiла грамадзтва. Дзiвiцца можна хiба таму, што яны маўчаць пра свае патрэбы.

Зразумела, адкуль паходзiць усеагульная абыякавасьць да iдэалёгii. Праблема ў тым, што такая абыякавасьць няшкодная толькi ва ўмовах татальнага панаваньня апошняй. Прыкладам тут ня толькi СССР, але й ЗША. Наўрад цi можна аспрэчыць росквiт фантастычнае літаратуры ў гэтай краiне ў XX ст. Краiна сфармавалася, узмацнела, узбагацiлася ў першую сусьветную вайну, пераадолела Вялiкую дэпрэсiю, i вось ужо колькi год амэрыканцы ганарацца трываласьцю i магутнасьцю ды высокiм узроўнем дабрабыту. З гэтай нагоды дарэчы згадаць выказваньне Толкiена: “Фантазiя засноўваецца на цьвёрдым перакананьнi, што ўсе рэчы сьвету менавiта такiя, якiя яны ёсьць; фантазiя перакананая ў гэтым — але не падпарадкоўваецца”. Менавiта ўпэўненасьцю ў слушнасьцi й непарушнасьцi амэрыканскага ладу жыцьця, гiстарычным аптымiзмам жывiцца заакiянская фантастыка.

Цьвёрдае перакананьне дорыць свабоду, сьмеласьць i шчырасьць. Нiхто не разбураў Амэрыкі гэтулькi разоў, як амэрыканскiя фантасты. I нiхто ў СССР нават у думках не адважваўся пiсаць пра тое, як на папялiшчы атамнай вайны адбудоўваюцца саветы народных дэпутатаў.

У беларусаў за апошнюю чвэрць стагодзьдзя быў адзiн цьвёрда перакананы пiсьменьнiк i, адпаведна, адзiн пасьпяховы фантаст. Бясконцае перакананьне Караткевiча ў несьмяротнасьцi нацыi падаравала яму свабоду апэраваць мiнулым, сучасным i будучым, якая магнэтызуе чытача. Думаю, яму па сiлах было пiсаць i традыцыйную фантастыку.

А Леанiд Дайнека пацярпеў паразу, спрабуючы стварыць вобраз будучынi ў аповесьцi “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”. Грамадзтва, намаляванае iм, неапраўдана iнфантыльнае ў справах гiстарычнае памяцi. Памятаючы па волi аўтара пра Радзiвiла Сiротку, яно, як вынiкае зь фiналу, забылася пра падзеi вялiкай айчыннай. Цi можна ў такое паверыць? Мiну пад аповесьць падвяла менавiта звычка да павярхоўнасьцi. Маўляў, мастак ставiць праблему, а грамадзтва хай разгадвае i разьвязвае. Гэткi фокус не праходзiць у фантастыцы, дзе ўсё залежыць ад таго, наколькi аўтар пераканаўчы. Твор без вычарпальных тлумачэньняў у гэтым жанры — цела без душы.

Даніла Жукоўскi, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0