Славамір Адамовіч
Калі доўга няма дажджу
Калі доўга няма дажджу,
Радасьць прагне вечнасьці.
А вечны толькі боль –
ён сівізной расквечаны,
сьляза яго пароль.
Праская вясна
Зьвязу беларусаў замежжа
…Твой сок зьбіраючы па кроплях,
я піў нагбом, як Барадулін,
кідаў жбанок, ішоў у поле
і гінуў там ад звонкіх куляў
сваёй паэзіі прыўкраснай;
я быў тады сьвяты і ясны,
і братчыкі ішлі за мною,
і я змываў зь іх душ каросту
духоўнай збытнасьці і плягі;
я словам біў, як пасам дзягі,
але не пакідаў ні знаку;
зь сябрамі піў на Гавэлаку
ў гасподах піва розных смакаў;
дзяўчаты чэскія надрыўна
чэхалі ў белыя насоўкі;
праз Карлаў мост ліліся крокі;
хлапцы малюнкі прадавалі,
вясну пад Бэхера гукалі
і плакалі цішком, і зубы
сьціскалі ў ярасьці бязмоцнай,
і рвалі на шматкі эмоцый
сваю любоў да Беларусі,
курылі “Старт”, і дым
дыскусій
плыў па-над залатою
Прагай
у накірунку Ost.
Правапіс лічэбнікаў
Пішу ў тры словы:
шэсьць сот дваццаць.
Разумнагаловы
гатовы
сьмяяцца.
Разумнагаловы дае купюры,
а я расьпяты жахам і юрам.
Баюся, “зялёныя” стануць
мне колам,
спыніўшы фальцэтам
нэрвовае сола.
* * *
Пакуль што набрыдзь і віжы
руйнуюць нашыя крыжы,
але ня век ім тут сіпець
і ў нашым прыску жор свой
грэць!