Беларусь можа страціць

cтратэгічны кантроль над сваёй эканомікай

Што за пагадненьні былі падпісаныя ў Маскве ў часе візыту Лукашэнкі й Навіцкага?

 

Замест заплянаванага падпісаньня чатырох міжурадавых пагадненьняў, прэм’еры Міхаіл Касьянаў і Генадзь Навіцкі падпісалі толькі два. Першае — “Пра стварэньне роўных умоваў у галіне цэнавай палітыкі”. У адпаведнасьці зь ім, з 1 траўня на Беларусь пачынаюць распаўсюджвацца заходнерасейскія тарыфы на газ, пастаўлены “Газпромам”, а з 1 ліпеня — на чыгуначныя перавозкі. Напрыклад, калі цяпер Беларусь плаціць Расеі за тысячу кубамэтраў газу 30 даляраў, то з траўня будзе плаціць толькі 22 даляры.

Аднак, па-першае, розьніца ў тарыфах на гэты момант невялікая, затое ўзамен Расея дабілася згоды Беларусі на ўдзел “Газпрому” ў прыватызацыі магістральных газаправодаў нашай краіны. Па-другое, беларускія прадпрыемствы вялікай выгады з гэтага пагадненьня не адчуюць, бо “Газпром” — не адзіны экспартэр газу ў Беларусь. Ёсьць яшчэ “Ітэра”, якая цэны зьніжаць не зьбіраецца… Таму ў рэальнасьці цана газу для прадпрыемстваў зьнізіцца ўсяго з 59 да 56—57 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Другое падпісанае прэм’ерамі пагадненьне “Пра разьвіцьцё супрацоўніцтва ў газавай галіне” можа прынесьці Беларусі прыбытак. Згодна зь ім, колькасьць транспартаванага на Захад празь Беларусь расейскага газу павялічыцца ўдвая. Аднак адбудзецца такое павелічэньне толькі ў пэрспэктыве, бо пакуль здабыча газу ў Расеі штогод зьмяншаецца з-за адсутнасьці інвэстыцый у распрацоўку новых радовішчаў.
Узамен Беларусь абавязалася з 1 траўня скасаваць мытныя і падатковыя льготы для ўсіх прадпрыемстваў, якія імі карысталіся. Згода на гэта — вялікая параза беларускага ўраду. Лабісты расейскіх канкурэнтаў нашага “Гарызонту” і інш. навязалі свае правілы гульні, што можа выклікаць хвалю беспрацоўя ў краіне.

Затое так і не ўдалося беларускаму боку падпісаць пагадненьні пра прынцыпы спагнаньня ўскосных падаткаў і пра мэханізм кампэнсацыі стратаў беларускага бюджэту. Расея не пайшла на саступкі “саюзьнікам”. Дакумэнты “адправілі на дапрацоўку”.

 

Падпісаньне пагадненьняў адбылося на фоне прыватызацыйных захадаў расейскага капіталу што да нашых “Паліміру”, “Нафтану”, “Азоту”, “Хімвалакна”, “Белшыны”. “Хімвалакно” прывабіла кампанію “Сібур”.

 

На ўдзел у акцыянаваньні “Азоту”, “Нафтану” і “Паліміру” прэтэндуюць некалькі расейскіх кампаніяў, аб’яднаных у два альянсы: “Ітэра” і “ЛУКойл” — “Сургутнафтагаз” і “Слаўнафта”.

Між тым, кошт акцыяў усіх названых беларускіх прадпрыемстваў яшчэ ня вызначаныя. Так, на “Нафтане” зрабілі толькі балянсавую ацэнку прадпрыемства, неўзабаве будзе ацэнены і ягоны статутны фонд. На першым этапе прыватызацыі беларуская дзяржава абяцае захаваць за сабою кантрольныя пакеты акцыяў прадпрыемстваў. Лукашэнка, магчыма з папулісцкіх мэтаў, патрабуе ад расейскага капіталу “сацыяльных гарантыяў для працоўных”.

Ужо само настойлівае імкненьне расейскіх бізнэсмэнаў укласьці грошы ў краіну, дзе інвэстыцыйныя рызыкі надзвычай высокія, выклікае падазрэньне. Гаворка для іх ідзе нават не пра пошук прыбытку, а пра атрыманьне стратэгічнага кантролю над беларускай эканомікай. Расейскія нафтагазавыя магнаты будуць інвэставаць не ў заводы, а ва ўладу.

Калі прыватызацыя адбудзецца па заплянаванай схеме, беларуская эканоміка пяройдзе пад стратэгічны кантроль расейскіх кампаній. Іх уплыў ня будзе ўраўнаважвацца заходнім капіталам. Гэта, у сваю чаргу, выкліча новую расстаноўку сілаў у палітычнай прасторы краіны. Лукашэнка страціць цяперашнюю неабмежаваную ўладу. Сувэрэнітэт краіны таксама будзе звужаны. У сытуацыі міжнароднай ізаляцыі і непрызнаньня лукашэнкаўскае адміністрацыі Расея, як аказваецца, можа навязваць сваю волю быццам бы “саюзнай” дзяржаве.

Лукашэнка трапіў у складаную сытуацыю. Прыватызацыя на расейскіх умовах нявыгадная для Беларусі. Аднак пры адмове ад яе расейская палітычная эліта пагражае зьмяніць сваё стаўленьне да яго. І, хоць на сёньня ў Беларусі няма ніводнае ўплывовае палітычнае сілы, на якую магла б абаперціся Масква ў барацьбе з Лукашэнкам, трапіць у сытуацыю супрацьстаяньня з Масквой для “гаранта канстытуцыі” ня звыкла. Нягледзячы на прамаруджваньне Лукашэнкі, расейскае кіраўніцтва няўхільна й пасьлядоўна прыціскае яго да сьценкі, прымушаючы адно за адным прымаць патрэбныя Расеі рашэньні.

У гэтых умовах беларуская апазыцыя захоўвае нэўтралітэт, апраўдваючы свае дзеяньні (ці, хутчэй, бяздзеяньне) тым, што прыход замежнага капіталу жыцьцёва неабходны беларускай прамысловасьці. Таму Лукашэнка застаецца сам-насам зь небясьпекай страты Беларусяй часткі сувэрэнітэту. Воляй лёсу ён можа зрабіцца галоўным ягоным абаронцам.

Алег Тачоны

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0